ІМХАТЭ́П старажытнаегіпецкі архітэктар, вучоны, вярхоўны саноўнік (каля 28 ст. да н.э.). Жыў у г. Мемфіс. Кіраўнік усіх буд. работ пры фараоне Джосеры. Стварыў новы тып велічнай царскай грабніцы — ступеньчатую піраміду (выш. 60 м) і памінальны храм Джосера ў Сакары. Першы дэкарыраваў пабудовы паўкалонамі развітых маст. форм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІНА́ННЕ,
сшытак (спіс) з імёнамі памерлых або жывых, якіх святар павінен памянуць у час набажэнства; таксама царкоўны рытуал, у час якога святар памінае імёны, уключаныя ў памінальны сшытак (спіс). У правасл. царкве П. памерлых робіцца на 3-і, 9-ы, 40-ы дзень і ў гадавіну смерці. Існуюць агульныя дні П. памерлых: дзяды (2 лістапада), бацькоўская субота, субота напярэдадні Сёмухі і інш.Гл. таксама Культ продкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯДЫ́,
народны памінальны абрад у беларусаў, рытуальная вячэра ў памяць памерлых родзічаў. Дзядамі называлі таксама дзень, калі адбываўся абрад, і нябожчыкаў, якіх ушаноўвалі. Паходзяць ад дахрысц. ўсх.-слав. звычаю трызны; звязаны з культам продкаў. Пазней абрад ускладніўся напластаваннем хрысц. культу. Дз. спраўлялі ў пэўныя дні 3—4 і больш разоў на год (у залежнасці ад мясцовасці) вясною і ўвосень. Галоўнымі былі змітраўскія Дз. (асяніны) — у суботу перад Змітравым днём (26 кастр.с. ст.), на радаўніцу, а таксама перад масленіцай, сёмухай. На Дз. гатавалі святочныя і абрадавыя стравы (абавязковымі былі куцця, бліны, клёцкі, яечня, мяса). Паводле звычаю ад кожнай з іх сімвалічна адкладвалі ў асобны посуд нябожчыкам. У наш час Дз. (Дзень памяці) адзначаюць 2 лістапада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАЎНІЦА,
радуніца, радуніцкія дзяды, ва ўсх.-славянскіх народаў, у т. л. ў беларусаў, веснавое свята язычніцкага паходжання, звязанае з культам продкаў, дзень памінання памерлых. Паходжанне слова «Р.» выводзяць ад розных слоў: ад ведыйскага radanh (ахвярадаўства), літ. rauda (галашэнне), ад агульнаслав. слоў «род», «радзіцца», ад імя міфалагічнага бога Рады (Рода) і інш.Памінальны абрад адбываецца ў аўторак пасля велікоднага тыдня. Родзічаў памінаюць спачатку ў царкве, потым на могілках, дзе прыбіраюць магілы блізкіх, рассцілаюць на насыпах абрусы для памінальнай трапезы, якая нагадвае стараж. язычніцкую трызну. Крыху стравы (фарбаваныя яйкі, куцця, мяса, цукеркі) і гарэлкі пакідаюць на магіле. Раней часта гучалі галашэнні. У некат. мясцінах Палесся Р. падмяняліся т.зв. «наўскім вялікаднем» або «вялікаднем мёртвых», які адбываўся ў чацвер велікоднага тыдня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́НІН-МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 4.2.1808, фальварак Панюшкавічы, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.12.1884),
паэт, драматург, класік бел. л-ры 19 ст. Лічыцца, што ў 1824 скончыў Бабруйскае пав. вучылішча, працягваў вучобу ў Пецярбургу пад апекай сваяка С.І.Богуш-Сестранцэвіча. З 1828 каморнік Мінскага межавога суда, служачы палаты крымінальнага суда, перакладчык пры каталіцкай духоўнай кансісторыі. У 1840 набыў маёнтак Люцынка (Люцінка, Валожынскі р-н) і пакінуў дзярж. службу. У час паўстання 1863—64 паліцыя прыпісвала Д.-М. аўтарства антыўрадавых выданняў (напр., «Гутаркі старога дзеда»). З кастр. 1864 да снеж. 1865 зняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зняты ў 1872—74, зноў устаноўлены ў 1876), яго дачка Каміла з 1863 адбывала ссылку ў Салікамску. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з гал. роляў. У 1846 апубл.муз.-драм. твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была паст. 9.2.1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатр. калектывам (гл.Дуніна-Марцінкевіча тэатр; паўторна паст. ў Мінску ў 1994). Д.-М. выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім). Першыя вядомыя паэт. творы Д.-М. на польск. мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэліг. матывамі. У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдакт. духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1855, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамант. цікавасць да нар. звычаяў, традыцый і рэаліст. імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы нар. легенд, казак, паданняў. У творчасці Д.-М. сфарміраваўся своеасаблівы метад рамант. этнаграфізму, які адпавядаў пач. этапу развіцця бел. л-ры 19 ст. Адыход ад сентыментальна-ідылічных форм і жанраў выявіўся ў структуры вершаваных твораў, іх вострай канфліктнасці, імкненні вылучыць на першы план маральна-бытавую праблематыку, у спробах асэнсаваць некат. надзённыя з’явы сац.-гіст. рэчаіснасці. У «Стаўроўскіх дзядах» (2-я ч. «Вечарніц») побач са звычаёвымі рэаліямі выразна гучаць агульнагуманіст. і сац. матывы. Ідэя маральнай чысціні народа выяўлена ў вершаванай аповесці «Купала». З пазіцый нар. этыкі зыходзіў аўтар і ў паэме «Гапон», паказаўшы барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сац.-псіхал. з’явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феад. грамадства. Этнагр.-бытавая праблематыка вызначальная і для вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі», вершаванага апавядання «Быліцы, расказы Навума», балады «Травіца брат-сястрыца» і інш. У іх асн. матывіроўкай паводзін і ўчынкаў сталі нар. крытэрыі працавітасці і сумленнасці чалавека. Паэтызацыя земляробчай працы, узвышэнне чалавека з народа — сведчанне сувязі творчасці пачынальніка бел. л-ры з перадавымі традыцыямі слав. л-р, глыбокага дэмакратызму яго эстэтыкі. У «Быліцах, расказах Навума» п’янства, маральная разбэшчанасць матывуюцца адмоўным уплывам феад. культуры. Ідэя абнаўлення жыцця на больш гуманных, дэмакр. прынцыпах выразна выяўлена ў «Халімоне на каранацыі» (нап. 1857, апубл. 1946). Твор праўдзіва адлюстраваў супярэчнасці ў свядомасці сял. масы напярэдадні рэформы 1861: нягледзячы на расчараванне спадарожнікаў Халімона пасля каранацыі, у іх усё ж застаецца вера ў «добрага» цара. У распрацоўцы жанру балады паэт апіраўся на багатыя традыцыі рамантызму слав. л-р, яе вытокі бачыў у нар. творчасці. Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў Д.-М. сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з’явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям’я», 1856), гіст. падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856, «Люцынка, або Шведы на Літве», нап. 1857). Пра арыентацыю на здабыткі А.Міцкевіча і яго рамант. школы сведчаць і творы на польск. мове, і пераклад Д.-М. на бел. моду «Пана Тадэвуша» (1859), забароненыя царскай цэнзурай (выйшлі толькі 2 «быліцы»). У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, нап. 1866, апубл. 1918) аўтар выкрывае паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Тут многа камедыйна-бытавых сцэн, дзеянне часта суправаджаецца песнямі і танцамі, але вядучыя прынцыпы — сатыр. выкрыццё «чыноўных п’явак». Высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Сатыр. камедыя «Залёты» (нап. 1870, апубл. 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі. У цэнтры п’есы вобраз вясковага гандляра Антона Сабковіча, асн. прынцыпы якога індывідуалізм, цынічны разлік, эгаізм. Творчае станаўленне Д.М. складанае. Ён паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэт. каштоўнасцей, што садзейнічала нараджэнню новых дэмакр. ідэй у бел. л-ры. Вял. заслуга Д.-М. ў развіцці бел.літ. мовы, сілабічнага вершаскладання, у выпрацоўцы новых жанрава-стылістычных форм (ідылія, вершаванае апавяданне і аповесць, балада, камедыя). Імя пісьменніка прысвоена Магілёўскаму абл. тэатру драмы і камедыі ў Бабруйску.
Тв.:
Творы. Мн., 1984.
Літ.:
Купала Я. Памяці Вінцука Марцінкевіча // Зб.тв.Мн., 1973. Т. 2;
Багдановіч М. Белорусское возрождение // Поўны зб.тв.Мн., 1995. Т. 2;
Семянов і ч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Яго ж. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: Спроба навук. сістэматызацыі дак. і матэрыялаў. Мн., 1988;
Грынчык М.М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн.. 1969;
Пачынальнікі: З гісторыка-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1981;
Янушкевіч Я.Я. Беларускі Дудар: Праблема слав. традыцый і ўплываў у творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1991;