РУСТАВЕ́ЛІ Шата, грузінскі паэт 12 ст. Служыў пры двары царыцы Тамары. Трапіў у выгнанне і да смерці жыў у Іерусаліме, дзе ў груз. кляштары знойдзены (1960) яго партрэт і памінальны запіс. Аўтар паэмы «Віцязь у тыгравай шкуры». Паэма пазбаўлена рэліг.-містычнай асновы, характэрнай для л-ры сярэдневякоўя. Апярэдзіўшы гуманіст. ідэалы Рэнесансу, Р. славіць чалавека як носьбіта дабра, справядлівасці, мужнасці, любові да сваёй радзімы. Абвяшчаў свабоду думак і пачуццяў, услаўляў каханне і паэзію, прадэманстраваў глыбокае пранікненне ва ўнутр. сутнасць з’яў і псіхалогію чалавека. Паэма напісана 16-стопным памерам шаіры. Багатая лексіка, метафарычнасць, афарыстычнасць, трапнасць апісанняў і параўнанняў, народнасць паэт. мовы зрабілі Р. заснавальнікам новай груз. літ. мовы. На бел. мову паэму пераклалі А.​Звонак і М.​Хведаровіч.

Тв.:

Бел. пер. — Віцязь у тыгравай шкуры. Мн., 1996;

Рус. пер. — Витязь в тигровой шкуре. М., 1969.

Літ.:

Марр Н.Я. Об истоках творчества Руставели и его поэме. Тбилиси, 1964;

Нуцубидзе Ш.И. Творчество Руставели. Тбилиси, 1958.

П.​Б.​Звонак.

Ш.Руставелі.

т. 13, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)