*Нататое, натотое ’наўмысна, назло’ (драг., З нар. сл.). Вынік замены другой часткі слова тыпу на-зло займеннікавым спалучэннем татое ’тое самае’ (рэдуплікацыя ўказальнага займенніка, гл. той), магчыма, з-за танізацыі. Параўн. падобныя ўтварэнні ў іншых славянскіх мовах: рус. нарастото (на‑рас‑тото) з на распустинку ’асаблівы спосаб завязвання хусцінкі на галаве ў жанчын’ (Фасмер, 3, 446), польск. nietota ’расліна Lycopodium’ з *nie to ta, «бо чараўнічых раслін нельга называць па імені» (Брукнер, 362), чэш. toten ’расліна Sanguisorba’ са спалучэння to ten ’гэта той’, сапраўдная назва табуізуецца, каб расліна не страціла сваіх магічных здольнасцей (Махэк₂, 648). Бел. тол ’рагулькі’, відаць, з * мацер божэй то е ’што належыць божай мацеры’, параўн. мацер божое слёзкі ’дрыгучка’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ґа́шта ’гваздзік’ (Сл. паўн.-зах.), ’садовая кветка, гашта’ (Сцяшк.). Гл. ґа́рштва.

Ґа́шта ’густа зарослая лесам даліна’ (Яшкін), таксама го́шча ’тс’ (там жа). Няяснае слова. Наўрад ці звязана з гу́шча ’густы лес, зараснік, дзе цяжка прайсці; нетры’ (гл. Яшкін), якое < gǫšča < *gǫstja (да *gǫstъ ’густы’). Цяжка вытлумачыць і варыянт го́шча. Здаецца, націск тут быў спачатку на канцы слова: зыходнае *гашча́ ўспрымалася як *гошча (г. зн. пры перанясенні націску на першы склад нібы «аднавілася» «зыходнае» ‑о‑, якога тут ніколі не было). Што датычыць слова га́шча, то, магчыма, яно звязана з бел. хашч ’гушчар, зараснік, нетры’ (гл. у Яшкіна), укр. хащ, ха́ща (азванчэнне х > г?). Для варыянта гошча ўсё ж такі, здаецца, знаходзіцца паралель: укр. хо́щик ’куст’ (у Грынч. са знакам запытання).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дада́так ’дадатак’. Укр. дода́ток, польск. dodatek, чэш. dodatek, балг. дода́тък і г. д. Слав. *dodatъkъ — утварэнне суфіксам ‑ъkъ ад дзеепрыметніка на ‑t‑, ад дзеяслова *dodati (*do‑dati); параўн. бел. дада́ць, укр. дода́ти, польск. dodać, чэш. dodati, балг. дода́м і г. д. Як дзеяслоў *dodati, так і вытворнае *dodatъkъ, бясспрэчна, маюць прасл. характар, прынамсі, з’яўляюцца прасл. дыялектызмамі. Дзіўна, што ў праславянскім слоўніку Трубачова (Трубачоў, Эт. сл.) няма ні *dodati, ні *dodatъkъ. Іншае пытанне, ці не запазычаны бел. дадатак, укр. додаток з польск. мовы. На гэта пытанне адказаць пакуль што вельмі цяжка, таму што няма дакладных даных аб гісторыі гэтых слоў. Калі нават гэта і запазычанне, то застаецца пытанне аб зах.-слав. дыялектызмах прасл. характару тыпу *dodati, *dodatъkъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́сялка ’шнур для дзіцячай калыскі’ (брэсц., Нар. лекс.), ву́селкы ’почапкі’ (брэсц., З нар. сл.), гу́сялка ’адна з вяровачак, на якую падвешваецца калыска; вяроўка, якая прывязваецца абодвума канцамі да калыскі, служыць для калыхання нагою’ (драг., З нар. сл.), усялка ’тс’ (кобр., Нар. лекс.). Няясна; калі прыняць у якасці зыходнай форму з пачатковым в, то хутчэй за ўсё да во́сілка ’почапка, дужка (напр., у вядры)’, аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці ў адносінах вакалізму (пры тлумачэнні пераходу і або е ў я); пры зыходнай форме з г, магчыма, ад гу́сяць — «спешчанай» дзеяслоўнай формы да гу́шкаць ’калыхаць’; ’падкідаць’, тады формы з в у выніку змены ўспрынятага ў якасці пратэзы пачатковага г, параўн. вузы́р ’ніжняя частка снапа’ < гузы́р ’тс’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́паратак (БРС). Рус. дыял. вы́пороток ’неданосак’, таксама лаянка ў адносінах маленькіх, але дзёрзкіх дзяцей, укр. ви́пориток ’неданосак, мёртванароджаная жывёліна’, польск. wyprótek, wyporek ’тс’, чэш. spratek ’цялё-неданосак’. Ц.-слав. испрътъкъ ’infans exsectus’ (Міклашыч, Lex. paleosl., 267). Фасмер (1, 369) і інш. (Мацэнаўэр, LF, 13, 19 і наст.; Міклашыч, 258) лічаць расшырэннем дзеепрыметніка на ‑to‑ ад пароць, як, напрыклад, рус. взятка. Аднак паколькі існуе форма рус. за́порток ’тухлае яйцо’, то параўноўваюць і са ст.-інд. pr̥thukaḥ ’дзіця, хлопец’, асец. firtʼon ’жывёла’, грэч. πόρτις, πόρταξ, πόρις ’цялё, цялушка’, ст.-в.-ням. farro, far ’бык’, літ. periù ’выседжваю (птушанят)’ (Праабражэнскі, 2, 110; Клюге, 147). Махэк₂ (571) таксама ўказвае на другасны характар збліжэння слав. слоў з porjǫ, porti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галайстра́ ’галота’ (БРС). Бліжэйшыя адпаведнасці ва ўкр. мове. Параўн. укр. гала́йстра ’натоўп, гурт народу, дзяцей’, хала́йстра, хала́стра ’зброд’ (прыклады са слоўніка Жэляхоўскага), галайстра́ ’натоўп дзяцей’ (паўночнанадднястроўскае). Паколькі ва ўкр. мове гэтыя словы ў заходніх дыялектах, то можна меркаваць, што яны запазычаны з польск. мовы. Параўн. польск. chałastra, hałastra, hałajstra ’тс’. Гэта слова ёсць і ў чэш. мове (halastra, chalastra ’тс’, у ляшскіх гаворках) і ў славац. (hajstra, hajštra, hojštra ’грубая жанчына’). Лічыцца словам няяснага паходжання (Махэк₂, 157; Брукнер, 175, 676; апошні дае вельмі няпэўную этымалогію: магчыма, звязана з chátra, chasa, чэш. словамі для «зброду»). Адносна бел. слова можна толькі меркаваць, што яно, як і ўкр. слова, запазычана з польск. мовы. Падрабязны агляд этымалагічных версій гл. у Слаўскага, 1, 398.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Булд-. Аснова, якая выступае ў шматлікіх утварэннях (параўн., напр., булдава́, булды́р, булдо́ўка, булды́га і г. д.). Паколькі гукаспалучэнне булд‑ не можа быць спрадвечна славянскім (бо *buld‑ для прасл. мовы немагчымая рэч, а штосьці тыпу *bulьd‑, *bulъd‑ давесці таксама немагчыма; іначай, але непераканаўча, аб аснове булд‑ гл. Праабражэнскі, 1, 52–53; Фасмер, 1, 238: пад булды́га, булы́га), то, зыходзячы з паралеляў тыпу булдава́|булава́, трэба думаць пра яго другаснае паходжанне шляхам кантамінацыі: балд‑а × бул‑ава > булд‑ава і г. д. (дарэчы, пытанне аб слав. паходжанні асновы балд‑ ставіць Шанскі, 1, Б, 22–23). Варыянт бульд‑ (параўн., напр., бульды́р) узнік ужо на аснове булд‑ пад уплывам такіх слоў, як бу́лькаць і да т. п. (бульды́р ’бурбалка’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бага́тка ’адуванчык лячэбны, Taraxacum officinale Web.’ (да геаграфіі гл. Кіс., 128), назва расліны’ (Янк. Мат., 94: «Бага́ткамі на Купалля абразы́ аптыка́яць»). Мабыць, вытворнае ад багаты (кветка мае вялікую колькасць пялёсткаў). Аднак не выключаецца, што ў аснове назвы ляжыць уяўленне аб лячэбных або магічных (культавых) уласцівасцях расліны. Другая, «купальская», расліна, якую азначае бага́тка — гэта тое ж самае, што і рус. бога́тка, бога́тница ’Conyza; Erigeron’, укр. богатинка, богатниця, на якой гадаюць аб багацці (адсюль і назва, гл. СРНГ, 3, 44–45). Параўн. і польск. bogatka (XV ст., гл. Брукнер, 34). Паколькі бага́тка ’Erigeron’ мае і іншую назву: рус. пушки, бел. пушкі (Кіс., 50), то магчыма, што на адуванчык проста перанеслі назву багаткі (па падабенству).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

-тка — часціца ’ну, ану’: ну‑тка, нуце‑тка, купитка горѣлки (Нас.), ‑тко ’жа, ж’: хадзем‑тко на дзедзінец (Сержп. Казкі), пойды тко паслухай (пін., Жыв. сл.), ‑тку ’ну’: зірні‑тку ж ты (Полымя, 1998, 12, 22). Параўн. укр. ‑тка/‑тки (тутка, тутки), рус. ‑тко (тутко, пойдитко, натко), ‑тка (натка, нутка). Кантамінацыя ўзмацняльных часціц *‑to/*‑tá/*‑te (гл. то, ‑це) і *‑ka, *‑ko, параўн. ту́така (гл. тут), та́мка, та́мака (гл. там), на аснове чаго ўзнікае здвоеная ўзмацняльная часціца ‑t‑k‑, гл. ESSJ SG, 1, 330–331; там жа адмаўляюцца іншыя інтэрпрэтацыі паходжання названага спалучэння (з ты і ‑ко, ‑ка або з то́кмо, токма, гл. Фасмер, 4, 64; ці дзеяслоўнай флексіі з ‑ка, гл. Германовіч, Междом., 76). Параўн. тыке, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ім ’скупы’ (міёр., З нар. сл.), каімка, каіміна ’скупы і люты чалавек’ (міёр., З нар. сл.; Нар. словатв.). На думку Крыўко (З нар. сл.), ад уласнага біблейскага імя Каін. Гэта фармальна пацвярджаецца матэрыяламі слоўніка Насовіча. Рус. каін ’пракляты, які не раскаяўся, акаянны’. Народная этымалогія звязвае з каяцца. Трансфармацыі семантыкі і формы ў слове адбыліся ў выніку кантамінацыі зыходнай лексемы з гукава і сэнсава блізкай. Так, звяртае на сябе ўвагу ўжо разгледжанае намі каём, каёміна (гл.) ’шустры, бойкі’, рус. паўн., усх. окаём ’нягоднік, неслух, ашуканец’, ярасл. окоём ’хлус, нягоднік’, ’скнара, скупы’. Што датычыцца ўжывання ўласнага імя як апелятыва, то гэта з’ява добра вядомая, параўн. для той жа тэрыторыі адам ’скупы’. Апошняя паралель таксама сведчыць у карысць каім < Каін.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)