уся́кі, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.

1. Кожны, любы. Усякі раз адно і тое ж. □ — Вы спачатку, таварыш Бялоў, разбярыцеся, у чым справа, — спакойна заўважыў Ладынін. — Я разабраўся. Дзяўчына прыйшла да мяне са слязамі. — Не ўсякім слязам трэба верыць, — уставіў Васіль... Шамякін. Усякая птушка сваё гняздо бараніць. Прыказка. // у знач. наз. уся́кі, ‑ага, м.; уся́кая, ‑ай, ж. Кожны, любы чалавек. [Бацька:] — Не ўсякі любіць горыч і кіслату, не ўсякі мае моц, сілу. Баранавых.

2. Розны, усялякі. Вокны забіты, заложаны лучынаю, усякім рыззём. Колас. Усякія наведванні страшэнна стамлялі нашага хворага і нават больш — чамусьці раздражнялі. Васілевіч. / у знач. наз. уся́кае, ‑ага, н. — Глупства! — засмяяўся Гамрэкелі і дакрануўся да пляча Арцёма. — Між суседзямі ўсякае здараецца. Самуйлёнак.

3. (звычайна ў спалучэнні з прыназ. «без»). Які-небудзь, які б то ні быў. Без усякай мэты. Без усякіх цяжкасцей.

•••

Без усякай задняй думкі гл. думка.

Без усякіх; без (усяго) усякага — адразу, прама; безагаворачна.

Ва ўсякім выпадку гл. выпадак.

Ва ўсякім разе гл. раз ​1.

На ўсякі выпадак гл. выпадак.

Усякая ўсячына гл. усячына.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Гак1 ’гак, кручок’ (БРС, Шат., Нас.), ’шып у падкове, загнутыя канцы подковы’ (Шат., Касп., Нас.), ’збытак, адлегласць’ (Шат., Касп., Бяльк.), ’каса’ (Касп.). Таксама ўжываецца як геаграфічны тэрмін (’намыты вадой паўвостраў’, ’неглыбокае месца ў рацэ, дзе намыта пясчаная каса’, ’прырэчны роўны заліўны луг’, гл. Яшкін). Ст.-бел. гакъ (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Слова гэта вядома ў многіх слав. мовах і лічыцца запазычаннем з ням. мовы (с.-в.-ням. hāke(n)). Гл. Махэк₂, 156; Брукнер, 167. Рус. гак ’жалезны крук, гак’. Фасмер (1, 384) выводзіць прама з гал. haak (Слаўскі, 1, 393) і лічыць бясспрэчным, што бел. і ўкр. гак запазычан праз пасрэдніцтва польск. мовы (так і Булыка, там жа, 77).

Гак2 ’гака, капачка для копкі бульбы’. Гл. га́ка.

Гак3 ’калісьці мера або ўчастак зямлі ў Заходняй Беларусі і Ліфляндыі’ (Яшкін, Нас.). Параўн. рус. (з Пятроўскай эпохі) гак ’мера зямлі ў Остзейскіх правінцыях’, якое Фасмер, 1, 384 (услед за Міклашычам), выводзіць з ням. Haken, с.-в.-ням. hake. Параўн. таксама Слаўскі (1, 393), які, здаецца, дапускае магчымасць польскага пасрэдніцтва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прамы́ ’роўны, выцягнуты ў якім-небудзь напрамку, без выгібаў, некрывы; непасрэдны, без прамежкавых ступеней’; ’шчыры, праўдзівы, прынцыповы’ (ТСБМ). Рус. прямой, укр. прямій, ст.-рус. прямъ ’прамы, правільны; справядлівы, просты’, чэш. přímý ’прамы’, славац. priamy ’тс’, славен. prẹ̑m ’прамы’, ст.-слав. прѣмь ’прамы, правільны’; сюды ж польск. uprzejmy ’ветлівы, шчыры’ (< ’прамы, правільны’), серб.-харв. према ’насупраць’, прама, прам ’насупраць’. З прычыны наяўнасці ў корані галосных a і e прасл. форма вызначалася па-рознаму: або як *pręmъ (Зубаты, AfslPh 15, 496 і наст.), або як *prěmъ (Голуб-Копечны, 301). Фасмер (3, 395) абедзве рэканструкцыі лічыць спрэчнымі і дапускае кантамінацыю *prēmos і *prōmos (*pramъ). Славянскія словы роднасныя грэч. πρόμος ’пярэдні, той, хто стаіць на чале’, з інш. вакалізмам: πράμος ’тс’, окс. promom ’першы’, ст.-ісл. framr ’добры, смелы, прыдатны’, ст.-в.-ням. fruma ’карысць, выгада’ і інш. Гл. таксама Махэк₂, 493; Скок, 3, 33–35. У беларускай мове магло захавацца толькі на ўсходзе тэрыторыі, паколькі ў сучаснай літаратурнай мове ўспрымаецца як русізм (Станкевіч, Зб. тв., 1, 32; Пацюпа, Гармонія, 25). Тое ж адносна славенскай сцвярджае Сной₂ (566).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варката́ць ’мурлыкаць’ (БРС). Вытворныя ад яго: варкатня́, варкату́ння, варкату́н, варкату́ха, варко́цік (Нас.). Укр. воркота́ти, рус. дыял. воркота́ть, польск. warkotać ’бурчаць, мармытаць’, чэш. дыял. vrkotať ’буркаваць’. Прасл. *vъrkotati. Ад дзеяслоўнай асновы *vъrk‑ гукапераймальнага паходжання (гл. таксама пад ве́раск, верашча́ць) утвораны: прасл. *vъrkati, *vъrčati (< *vъrkēti) і далей *vъrkovati, ст.-рус. въркати, върчати, ц.-слав. връчати, рус. ворча́ть, воркова́ть, бел. варкава́ць, варча́ць, укр. воркува́ти, польск. warknąć ’забурчаць’, warczeć ’бурчаць, гыркаць’, чэш. vrkati ’варкаваць’, vrčeti ’бурчаць’, балг. връча ’шчабячу, шумлю’, серб. вр̏кати ’мурлыкаць’, вр́чати ’мурлыкаць; бурчаць’ і г. д. Ад дзеяслоўнай асновы *vъrk‑ быў утвораны прасл. назоўнік *vъrkotъ ’варкатанне, бурчанне, буркаванне’ (рус. дыял. во́ркот, чэш. vrkot і г. д.), ад якога ў сваю чаргу паходзіць новы дзеяслоў *vъrkotati: бел. варката́ць, укр. воркота́ти, рус. дыял. воркота́ть, польск. warkotać ’бурчаць, мармытаць’, чэш. дыял. vrkotať ’буркаваць’ і г. д. Не выключаецца, аднак, што *vъrk‑ot‑ati прама паходзіць ад *vъrk‑ati («узмацняльны» экспрэсіўны суфікс *‑ot‑ у дзеяслове). Параўн. падобныя гукапераймальныя ўтварэнні ў іншых мовах: літ. vẽrkti, ‑vìrkti ’плакаць’, ur̃kti ’гыркнуць’ (падрабязней гл. пад вераск). Гл. Фасмер, 1, 351, 356; Рудніцкі, 477; Брукнер, 602; Голуб-Копечны, 423; Махэк₂, 700; Траўтман, 353; Шанскі, 1, В, 163–164.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Судо́сіць1 ’сустрэць’ (Ласт., Кольб., Сцяшк.; івац., ЛА, 2), судасі́ць ’спаткаць’ (Арх. Федар.), судасі́ці ’сустрэць’ (пруж., ЛА, 2), судосы́ты ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ; кобр., Нар. лекс.), судосы́ты, судосэ́тэ ’тс’ (Сл. Брэс.), судаша́ць ’сустракаць’ (Ласт.), судоша́ты ’сустракаць’ (бяроз., Сл. ПЗБ), судоша́ці, судоша́ты ’тс’ (Сл. Брэс.). Бел.-укр. ізалекса: укр. дыял. судо́сити ’сустрэць’, судоща́ти ’сустракаць’; гл. Цыхун, Бел.-укр. ізал., 82. Прэфіксальны дэрыват (*су‑ < *sǫ‑) ад прасл. *dositi ’знайсці’, які ў ст.-слав. досити ’тс’, ст.-рус. досити ’знаходзіць’ (гл. ЭССЯ, 5, 82), звязанага чаргаваннем галосных з прасл. *desiti: ст.-слав. десити ’знайсці, сустрэць’, балг. дыял. де́сим ’стаяць прама доўгі час’, серб.-харв. дѐсити ’сустрэць’ (гл. ЭССЯ, 4, 217–218); Махэк₂ (115) адносіць сюды ж і чэш. poděsiti ’знайсці, застаць’. Роднаснымі лічацца грэч. δέκομαι ’прыймаю’, лац. decet ’падыходзіць’, авест. dāšta ’той, які атрыманы’; гл. Бернекер, 1, 188; Скок, 1, 395; ЕСУМ, 5, 468; аднак Фасмер (1, 505–506) заўважае, што розніца ў значэннях пазаславянскіх адпаведнікаў выклікае цяжкасці. Сюды ж судошʼа́ймацця ’сустракацца’ (Клім.), з судашаць і мець.

Судо́сіць2 ’гудзіць; пляткарыць’ (Некр. і Байк.), прыводзіцца як адпаведнік рус. судачить (там жа). Няясна; магчыма, да судзіць (гл.) з экспрэсіўна?! суфіксацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

праглыну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. каго-што. Глытаючы, прапусціць праз глотку ў стрававод. Вера набірае ў рот вады і доўга сагравае яе, перш чым праглынуць. Асіпенка. З мядком і цвік праглынеш. Прыказка.

2. перан.; што. Разм. Выслухаць што‑н. непрыемнае, абразлівае без пратэсту. — Дзякуй трэба сказаць за падарунак, а не бурчаць, як старому дзеду, — паўшчувала бабуля ўнука. Слава моўчкі праглынуў гэты дакор. Шыловіч. Мікола Валюжынец моўчкі праглынуў абразу. Б. Стральцоў. // Не выказаць якога‑н. пачуцця, перажывання і пад. Налагея праглынула падрыхтаваныя для Таццяны калючыя словы і, нічога не сказаўшы, выйшла з хаты. Шамякін.

3. перан.; што. Разм. Сказаць што‑н. невыразна, не поўнасцю, не пагаварыць да канца.

4. перан.; каго-што. Зрабіць нябачным, схаваць. Праз хвіліну цемра і завіруха праглынула. [Максімаву] постаць. Шамякін. Багна, праглыні таго, хто будзе зноў кіравацца сюды ваяваць! Сачанка.

5. перан.; што. Разм. Вельмі хутка прачытаць. На самоце, застаўшыся адзін праводзіць вакацыі ў інтэрнаце, [Я. Колас] меўся праглынуць.. найменей паўсотні кніг. Лужанін.

•••

Жыўцом праглынуць — тое, што і жыўцом з’есці (гл. з’есці).

Праглынуць пілюлю — моўчкі перанесці абразу, крыўду.

Праглынуць язык — замаўчаць, перастаць гаварыць.

Як (быццам) аршын праглынуў — пра чалавека, які трымаецца ненатуральна прама.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́ма 1, ‑ы, ж.

1. Круты схіл, абрыў. На самай бязлеснай верасовай наддарожнай строме высілася на старасвецкім камені-пастаменце мускулістая, упартая і магутная фігура спалоханага лася — жыхара беларускіх лясоў. Пташнікаў. [Іван] толькі азіраўся на край стромы, дзе вось-вось павінны былі паказацца немцы. Быкаў. Няма на імшарах палескіх Скалістых аснежаных стром... Аўрамчык.

2. Месца ў рацэ, дзе цячэнне асабліва імклівае. Строма ракі блішчэла, як друз шкла. Ваданосаў. Згадалася Ганне, як калісьці школьная настаўніца вучыла плаваць яе, малую, бо яна ніяк не адважвалася плысці на строму. Дубоўка. Люблю лясоў зялёных гоман, Крыштальны звон тваіх крыніц, І плынных рэк віры і стромы, І сполахі начных зарніц. Валасевіч. / у перан. ужыв. Трапіўшы ў людскую строму, Краўчанка апынуўся ў канцэртнай зале. Мікуліч. Жанчына накіроўвала кіпучую строму рабочых слоў. Чорны.

стро́ма 2, прысл.

1. Прама ўверх, перпендыкулярна. Цёмнай стужкай дарога клалася ўзбоч лесу, выгіналася крукам на полі, потым строма паўзла ўгару. Савіцкі. Белыя кроны строма вырысоўваліся на фоне яшчэ не зусім сцямнелага неба, нагадвалі купал старажытнай вежы. Дуброўскі. [Вася] паставіў драбіны амаль строма, а збоку, каб лішне не ціснуць на дрэва, падпёр іх жардзінай з рагулькай на канцы. Навуменка.

2. перан. Рэзка, рашуча. Андрэй строма абарваў сваю гутарку і адвярнуўся ў акно. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пра́вы ’супрацьлеглы леваму; справядлівы, праўдзівы; невінаваты, маючы рацыю’ (ТСБМ, Ласт.), ’роўны’ (пін., Сл. ПЗБ), пра́ву ’прамы’ (ТС), ст.-бел. правы ’правы, неілжывы, невінаваты’ (Стан.), укр. пра́вий ’тс’, рус. пра́вый ’тс’, польск. prawy ’тс’, чэш., славац. pravý, в.-луж. prawy, н.-луж. pšawy ’тс’, славен. pravi ’правы, прамы; правільны’, серб.-харв. пра̏в, prȃvi ’прамы; невінаваты; правільны’, балг., макед. прав ’прамы, справядлівы, сапраўдны’, ст.-слав. правъ ’прамы; правільны, справядлівы’. Прасл. *pravъ(jь) звязваюць з *pьrvъ (гл. першы) і значэннем ’які стаіць наперадзе, першы’, корань той жа, што і ў *per (гл. перад) (Бязлай, 3, 105; Сной₂, 559); іншыя збліжэнні: лац. probus ’добры, сумленны, прыстойны’ (< *prō‑, гл. пра-), ст.-інд. prabhúh̥ ’выдатны; хто перавышае іншых’, ст.-англ. fram ’моцны, дзейны, смелы’, ст.-ісл. ’той, што стаіць наперадзе; хто імкнецца наперад’ (гл. Фасмер, 3, 352; ЕСУМ, 4, 551; БЕР, 5, 581). Паводле Мартынава (Балто-слав.-итал. изогл., 15–16; Язык, 61–62), роднаснае лац. pravus ’крывы, разбэшчаны, злавесны’, змяніўшаму значэнне ’прамы, спрыяльны’ на супрацьлеглае ў выніку семантычнай перабудовы. Першаснае значэнне ’прамы, просты’ лепш захавалася ў паўднёваславянскім арэале, аднак вядома і на іншых тэрыторыях, параўн. пра́вапрама’ (калінк., З нар. сл.). Згодна з Німчуком (Давньорус., 46), пераход ’прамы’ > ’правы’ звязаны са становішчам рук пры паказванні (“една випрямлена — prava, друга ненапружена — lěva”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; заг. заедзь; зак.

1. Прыехаць куды‑н., да каго‑н. ненадоўга, пабыць дзе‑н. праездам. Вэня раздумваў і меркаваў — ці ехаць проста ў вялікую вёску, ці заехаць на край лесу да чалавека, у якога ён часамі падначоўваў, бываючы тут. Чорны. // па каго-што, а таксама з інф. Прыехаць з якой‑н. мэтай. Заехаць па дзяцей. Заехаў развітацца. // Уехаць куды‑н., у што‑н. Заехалі ў двор разгрузіць воз. Заехаць у гумно.

2. Едучы, апынуцца далёка або не там, дзе трэба. Заехаць на край свету. Заехаць у роў. □ Стары расказаў мне, што мы ехалі няправільна, і, каб не ён, то заехалі б да немцаў. Шамякін.

3. Едучы, дасягнуць патрэбнага месца. Завідна заехаць дадому. // перан. Разм. Зрушыўшыся са свайго месца, апынуцца дзе‑н. Ад прыемных ціхіх смехаў Чуць не да вуха вус заехаў. Колас.

4. Пад’ехаць не прама, а збоку, аб’ездам. Заехаць з левага боку. Заехаць наперад.

5. Едучы, завярнуць за што‑н., апынуцца за чым‑н. Заехаць за гару. Заехаць за дом. Заехаць за лес.

6. у што, па чым і без дап. Разм. груб. Ударыць. Заехаць у вуха. □ Пабольвала толькі пераноссе, па якім добра заехаў адзін увішны трактарыст. Дамашэвіч.

•••

Далёка не заедзеш чым або на чым — не дасягнеш многага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пекану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., аднакр.

Разм.

1. каго, каму і без дап. Параніць, прычыніць боль чым‑н. распаленым, жыгучым. Пекануць агнём. Пекануць крапівой. □ Не паспеў я і вокам міргнуць, як адна аса пеканула мяне проста ў брыво. Якімовіч. // Абдаць жарам; прыпячы. У твар .. [Арсену] пеканула чырвань ці то ад злосці, ці то ад сораму. Сабаленка. // перан. Імгненна ўзрушыць чым‑н. Пекануць позіркам. □ [Леапольд Гушка] адвык думаць пра ватага чалавека, а цяпер гэтае аблічча пеканула яму ў сэрца. Чорны.

2. каго і без дап. Моцна выцяць, агрэць. Пекануць бізуном па спіне.

3. Востра, моцна пранізаць, адчуцца (пра боль). Паспрабаваў падняцца і не здолеў — у левай назе пекануў боль. Шамякін. // безас. Пра адчуванне вострага, нясцерпнага болю. — У левы локаць так пеканула, што думалася — рука адляцела. Алешка.

4. Выстраліць; пальнуць. Быццам па ваўках, дзед звыкла Пекануў з драбавіка. Астрэйка. Я спыніўся, паглядаючы на шарака і падумаў: а што калі зайсці з боку кустоў ды адтуль пекануць касому. Ляўданскі.

5. перан.; што і без дап. Сказаць рэзка, прама што‑н. непрыемнае, непажаданае; упікнуць; абразіць. — А захваліць мы не захвалім, старшыня. Заслужыце, і благое ў вочы пеканём. Пальчэўскі. А раўнаваў Косця Гену да справы. І гаварыў яму ў вочы, што думаў. Па праву партызанскай дэмакратыі. Сёння — там, у сямейным лагеры, — таксама пекануў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)