Прамы́ ’роўны, выцягнуты ў якім-небудзь напрамку, без выгібаў, некрывы; непасрэдны, без прамежкавых ступеней’; ’шчыры, праўдзівы, прынцыповы’ (ТСБМ). Рус. прямой, укр. прямій, ст.-рус. прямъ ’прамы, правільны; справядлівы, просты’, чэш. přímý ’прамы’, славац. priamy ’тс’, славен. prẹ̑m ’прамы’, ст.-слав. прѣмь ’прамы, правільны’; сюды ж польск. uprzejmy ’ветлівы, шчыры’ (< ’прамы, правільны’), серб.-харв. према ’насупраць’, прама, прам ’насупраць’. З прычыны наяўнасці ў корані галосных a і e прасл. форма вызначалася па-рознаму: або як *pręmъ (Зубаты, AfslPh 15, 496 і наст.), або як *prěmъ (Голуб-Копечны, 301). Фасмер (3, 395) абедзве рэканструкцыі лічыць спрэчнымі і дапускае кантамінацыю *prēmos і *prōmos (*pramъ). Славянскія словы роднасныя грэч. πρόμος ’пярэдні, той, хто стаіць на чале’, з інш. вакалізмам: πράμος ’тс’, окс. promom ’першы’, ст.-ісл. framr ’добры, смелы, прыдатны’, ст.-в.-ням. fruma ’карысць, выгада’ і інш. Гл. таксама Махэк₂, 493; Скок, 3, 33–35. У беларускай мове магло захавацца толькі на ўсходзе тэрыторыі, паколькі ў сучаснай літаратурнай мове ўспрымаецца як русізм (Станкевіч, Зб. тв., 1, 32; Пацюпа, Гармонія, 25). Тое ж адносна славенскай сцвярджае Сной₂ (566).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)