Рамо́нак ’расліна з кветкамі з белымі пялёсткамі і жоўтай сярэдзінай’, ’кветка гэтай расліны’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ). Гл. рамо́н ’расліна Matricaria chamomilla L.’ і шматлікія трансфармацыі: рамо́нька, раму́ль, рымо́нак (Сл. ПЗБ), руме́нка (Стан.), ромо́н, ро́ма́н, ромо́нок, рамёнок (ТС), румя́нок, румне́нок (Сл. Брэс.). Параўн. укр. рома́н, роме́н, румʼя́нок ’рамонак’, рус. дыял. раме́н, роме́н, рома́нник ’тс’, польск. rumianek ’тс’ (але romanek ’малачай’), чэш. rmen ’рамонак’, славац. ruman, rumanček ’тс’, славен. rmȃn, roman ’тысячалістнік, Achillea millefolium L.’, серб. ра̏менак, ра̀ман ’рамонак’, харв. román, ráman, балг. рамо́н, макед. рамон. Прынятая этымалогія ад лац. Anthemis rōmāna, Chamaemēlum rōmānum з непасрэднай перадачай у кожнай з моў другой часткі лацінскай назвы без адэкватнай перадачы значэння ’рымская трава’, параўн. да гэтага ням. römische Kamille, што даслоўна ’рымскі рамонак’. Зыходнай назвай для семантычнай кандэнсацыі магла быць назва тыпу рус. романова трава ці няправільнае рамонова трава ’рамонак’, што фіксуецца ў рускіх аптэкарскіх даведніках (з 1782 г.). Іншыя змяненні ў карнявой марфеме могуць быць выкліканы падабенствам з румяны, што ў шэрагу славянскіх моў азначае ’жоўты’, напрыклад, славен. rumen ’жоўты’, альбо звужэннем о, як польск. rumianek. Гл. Фасмер, 3, 500 (мяркуе пра польскае пасярэдніцтва для ўсходнеславянскіх назваў), БЕР, 6, 178; Бязлай, 3, 187.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Табу́н ’статак жывёл, гурт’, ’чарада (птушак)’, ’натоўп’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Сцяшк., Цых., Сл. ПЗБ), ’гайня, зграя ваўкоў’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ’статак кароў і авечак на пашы’ (Жыв. св.), таўбу́н ’тс’ (Жд. 2), табуні́ць ’збіраць у адно месца’ (Сцяшк. Сл.), табуні́цца ’збірацца разам, збівацца ў табун, статак’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.), ’збірацца ў чараду (пра птушак)’ (ТС), ’гайняваць, знаходзіцца ў стане цечкі (пра ваўкоў)’ (валож., бялын., бых., Жыв. св.), табу́ніцца (пра кароў) (полац., ЛА, 1), ’збірацца ў чароды (пра птушак)’ (івац., ЖНС). Укр. табу́н, рус. табу́н, стараж.-рус. табун, польск. tabun ’статак коней або (радзей) быдла’, балг. табу́н, серб. та̀бӯн ’статак коней (жарабцоў)’. Польскае і паўднёваславянскія словы лічацца запазычаннямі з усходнеславянскіх моў. У апошніх — з цюркскіх; звычайна параўноўваюць з адзначанымі Радлавым (Опыт, 3, 1, 978) тат., чагат. табун ’статак (коней)’ і дададзеным Фасмерам (4, 7) крым.-тат. табым ’табун; натоўп’, якія далей супастаўляюцца з манг. tabun ’пяць’, што звязваецца з пяццю відамі жывёл у статках манголаў (Анікін, 520). Чарных (2, 223), аднак, зазначае, што ў сучасных цюркскіх мовах гэта вельмі рэдкія словы, у старажытнацюркскіх тэкстах яны не знойдзены, таму не маюць надзейнай этымалогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туркі́-баркі́ — пра вялікі шлях, вялікую адлегласць (Нар. лекс., Вушац. сл., Рэг. сл. Віц.): туркі́‑баркі́ выхадзілі і нічога не знайшлі (Гіл.), туркі́ ‘тс’ (дзісн., Бел. дыял. 3), туркі́‑буркі́ ‘тс’: туркі́‑буркі́ прайшла, а дом найшла (брасл., Ліцв.), сюды ж ту́ркі‑ба‑ту́ркі ‘тс’: ту́ркі‑бату́ркі прайшоў і нічога не знайшоў (пра грыбы) (глыб., Бабін, вусн. паведамл.), з турко́ў барко́ў ‘невядома адкуль’ (полац., Волк.). Сюды ж арэальна блізкае рус. пск. вы́ходить турки́ и борки́ ‘многа хадзіць па лясах, па палях’. Параўн. польск. Turki Mazurki obejść — абысці частку свету (Варш. сл.). Рыфмаванае спалучэнне, у скарочаным варыянце толькі туркі́. Няясна. Польскае спалучэнне падаецца пад Turek ‘турак’, у мн. л. Turcy, аналагічна рус. ту́рка ‘Турэччына’: я поеду в дальню турку (СРНГ), тады ту́ркі ‘тс’, што магло ўспрымацца як ‘далёкая краіна’, а другія часткі — або як бары́ (гл. бор, баро́к) ці ўласныя назвы. Канцавы націск у часткі першых слоў не выключае сувязь з туро́к2 ‘закавулак’ (гл.). Беразовіч (Язык и традиционная культура, 172) звязвае з *turiti «с семантикой толчка, касания» і варыянтнай агаласоўкай тур‑/тыр‑, параўн. рус. дыял. на закатурках ‘у баку ад чаго-небудзь’, бутырки ‘сялянскі двор па-за сялом’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дыва́н1 ’дыван, пакрывала на ложак’ (Сцяшк., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах., Шатал.), ’дыван’ (БРС). Укр. дыял. диван ’дыван’. Запазычанне з польск. dywan ’тс’. У польск. мове гэта значэнне тыпова польскае (Слаўскі, 1, 187), таму і можна меркаваць аб запазычанні іменна з польск. мовы. Зыходным для гэтай групы слоў з’яўляецца тур. divan ’двор, рада, сход’ (< перс. divān; гл. Локач, 42). У польск. мове ’дыван’ < ’пакой, засланы дыванамі’ (Слаўскі, там жа, са спасылкай на Карловіча, Wyr. obce, 141). Рус. диван ’канапа’, чэш. divan ’нізкая канапа’ маюць некалькі іншую семантыку. Рус. слова, паводле Фасмера (1, 512–513) і Шанскага (1, Д, Е, Ж, 113), запазычана непасрэдна з франц. divan ’тс’ (< араб. < тур.-перс.). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 52.

Дыва́н2 ’мяккая мэбля на спружынах’ (Сцяшк.). Зыходзячы са значэння (параўн. дыва́н1), трэба лічыць гэта слова запазычаннем адносна новага часу з рус. дива́н ’канапа’ (аб рус. слове гл. пад дыва́н1).

Дыва́н3 ’дыван, дзяржаўная рада ў Турцыі; месца пасяджэнняў; збор арыентальных твораў’ (ТСБМ). Рус. дива́н, польск. dywan, чэш. divan, балг. дива́н і г. д. Зыходным з’яўляецца тур.-перс. divan (divān). Па паходжанню гэта слова ідэнтычнае з дыва́н1 (гл. там падрабязна аб гісторыі лексемы). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 112–113.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́хва ’ножны’, ’футарал’, ’vulva’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Гарб., Мік., Гарэц., Яруш., Касп.; маст., смарг., беласт., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’навалочка’ (Сцяшк. МГ; маст., Сл. ПЗБ), по́хвы ’пахавыя часткі цела ў жывёл’ (віц., Шн. 3; Нік. Очерки), ст.-бел. пахва, похвы ’ножны’, укр. пі́хви ’ножны’, рус. дыял. пахва́, пахвы ’падхвосныя рамяні ў збруі’, польск. pochwa, poszwa ’ножны’, ’рэмень-падхвостнік’, ст.-польск. pochwa, pochew ’ножны’ (XV–XVII стст.), ст.-чэш. pochvy ’тс’, чэш. pochva, pošva ’ножны’, pochvy ’збруя’, славац. pošva ’ножны’, серб.-харв. pohve ’тс’. Відаць, вандроўны тэрмін не зусім яснага паходжання, асабліва ў значэнні вайсковай прылады. Паколькі польскае слова лічыцца запазычаннем са ст.-чэш. pochvy (Банькоўскі 2, 648–649), то, насуперак Кюнэ (Poln., 88) і Булыку (Булыка, Запазыч., 256), можна меркаваць, што ў беларускую мову слова магло трапіць непасрэдна са ст.-чэш. і было збліжана з утварэннямі ад хава́ць, пахава́ць ’схаваць’ (Нас., 486). Імаверным падаецца таксама меркаванне пра сувязь з прасл. *paxy (*paxъve) або з *poxy (*poxъve), гл. паха, што выводзяцца з *pax‑/*paz‑/*pag‑, варыянтнасць *pa‑/*po‑ тлумачыцца старажытным чаргаваннем галосных (Фасмер, 3, 221; Шустар-Шэўц, Etym. Brun., 1, 30). Нацягнутым здаецца збліжэнне з ням. Fachm ’паліца’, ’скрыня’, Fuge ’паз’, ’шво’, ’жалабок’, лац. pango ’ўганяць, убіваць’, ’засаджваць чым-небудзь’ і ўзвядзенне да і.-е. кораня *pāk‑/*pāg‑ ’замацаваць’ (Скок, 2, 695; Голуб-Копечны, 283–284).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Пу́ця1, дзіц. пу́тя ’курыца’ (Клім.), пу́тачка ’курачка’ (барыс., LKK, 17, 187), пу́ценькі ’кураняткі’ (Сцяц.), в.-луж., н.-луж. дзіц. puta ’курыца’, польск. вілен. putʼa ’курыца’, славен. pùta ’тс’. Паводле Турскай (Powstanie, 106), польскае слова ўтворана ад выгуку puť‑puť, якім клічуць курэй, тое ж датычыць беларускага (гл. пуць-пуць), лужыцкага і славенскага слоў (ад put‑put), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1194; Сной, 517. Грынавяцкене і інш. (LKK, 17, 187) выводзіць пу́тачка з літ. putùtė ’курачка’, што сумнеўна.

*Пу́ця2, пу́тя ’cunnus’ (драг., БЛ, 17, 67), польск. сейн. putʼa, putʼka ’pudmen muliebre’, дыял. puta, putka ’penis; cunnus’. Меркаванне пра балтыйскае паходжанне, параўн. літ. pùtė ’pudmen muliebre’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 83; Лучыц-Федарэц, БЛ, 17, 67), якое грунтуецца на фармальным атаясамліванні пу́ця1 і пуця2, недастаткова абгрунтаванае, бо табуізаванне назваў геніталій праз назвы хатніх птушак вядомае значна шырэй, параўн. ку́рыца2, пятух (гл.), балг. кур ’penis’, пу́тка ’cunnus’ і пад.; спасылка на вакалізм пачатку слова pu‑, прысутны ў літ. putýtis ’птушка’, лат. putns ’тс’ пры прасл. *pъta (Лучыц-Федарэц, там жа), не пераконвае, бо ў аснове назвы пуця1 ляжыць гукаперайманне; палаталізаваны варыянт канца слова характэрны для т. зв. дзіцячых слоў, параўн. ко́ця ад кот, ву́ця ад вутка і пад. Да пуця1 ў выніку табуізацыі ці эўфемізацыі зыходнай назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скро́мны ‘неганарысты’, ‘стрыманы, умераны, сціплы’ (ТСБМ), ‘скнарлівы’ (навагр., З нар. сл.), скрамі́ць ‘заспакойваць’ (Нас.), скрэ́мнічаць ‘быць сціплым’ (Ян.). Паходжанне слова не вызначанае. Як мяркуе Крукоўскі (Уплыў, 74), з рус. скро́мный, аднак у рускай мове слова фіксуецца адносна позна і лічыцца паланізмам (Брукнер, 496; Віткоўскі, Słownik 174 і інш.). Паводле Тапарова (Этимология–1994–1996, 158), значэнне слова можа трактавацца падвойным чынам — як ‘той, хто трымаецца ў пэўных рамках’ і ‘той, хто трымаецца з краю’, г. зн. знае сваё месца і не прэтэндуе на большае. У залежнасці ад гэтага прасл. *skromьnъ, рэфлексы якога яшчэ ў польск. дыял. skromny ‘скупы’, каш. skromn ‘скупы; бедны, худы’, в.-луж. skromny ‘тс’, чэш. skromný, славен. skrómen, серб.-харв. скроман (< з чэш., Скок 3, 271), балг. скром ‘тс’, скро́мен ‘тс’, выводзіцца ад кораня *krom‑, параўн. рус. кро́мы ‘кросны; рама ў кроснах’, першапачаткова ‘той, хто трымаецца ў рамках’; гл. Сабалеўскі, РФВ, 70, 87; Фасмер, 3, 658; Бернекер, 1, 622. Аднак больш прымальным падаецца другое значэнне, захаванае ў рус. кро́мы ‘ўскраіна’, в.-луж. skromny, přikromny ‘які знаходзіцца з краю, крайні’, што дазваляе звязаць слова з скроміць, кром1 (гл.). Урбанчык (JP, 26, 6 і наст.) рускае слова лічыць запазычаннем з польск. skromny; ён мяркуе, што польскае з ст.-чэш. skrovný ‘тс’, якое да крыць (гл.), што адмаўляюць Басай і Сяткоўскі (Słownik, 317). Гл. таксама Глухак, 555 (першасна адносілася да жывёлы, якую вылегчалі, абрэзалі, “скрамілі”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пачы́нак1 ’пачатак’ (светлаг., Мат. Гом.), ’новае поле на месцы ляда’, ’закладка новага поля на лядзе, а пасля і пасялення’, ’расцяроба гушчэвіны, падсека’, ’булачка з хлебнага цеста’ (навагр., Сцяшк. Сл.). Укр., рус. почи́нок ’пачатак’, пск. ’першы кавалак хлеба, адрэзаны ад буханкі’, ст.-рус. починъкъ ’пачатак’, ’навасёлак’, польск. poczynek ’учынак’, н.-луж. pocynk ’тс’, ’справа, дзеянне’, pocynki ’звычкі’, в.-луж. počink ’паводзіны’, ’дзеянне’, чэш. počinek ’пачатак’, ’першая купленая рэч’, ст.-слав. починъкъ ’пачатак’. Да прасл. po‑čęti, бел. пача́ць, пачына́ць (гл.).

Пачы́нак2, драг. почы́нок, астр., браг., пачы́нка ’пража, наматаная на верацяно або знятая з яго’ (ТСБМ, Мядзв., Серб., Бір., Бес., Маш., Варл., Дэмб. 2; гродз., Шн. 2), ’дзве ручайкі, перавітыя на адно верацяно’ (лях., карэліц., Янк. Мат.; слуц., Нар. словатв., дзярж., ст.-дар., Нар. сл.; Уладз., Федар. 6, Др.-Падб., Янк. 1, Сцяшк., Гарэц., Чач., Сл. Брэс.), ’вялікае верацяно, на якое перамотваюць пражу з малых верацёнаў’ (Нас., Шат., Сл. ПЗБ; браг., навагр., З нар. сл.), ’верацяно з пражай’ (Касп., Мат. Гом., Ян., ТС), ’клубок нітак, наматаны з адной вітушкі’ (дзярж., Нар. сл.). Укр. почи́нок ’поўнасцю запоўненае верацяно’, рус. кур. почи́нок ’тс’, польск. паморск., сілез. poczynek ’вялікае верацяно з пражай’, ’звітая пража з аднаго або з некалькіх верацён’. Усходнеславянска-польскае. Да пача́ць > пачына́ць (гл.): напрадзеная пража была нібыта асноваю будучага палатна, пачаткам — для асновы яе з пачынкаў звівалі ў клубкі, а для ўтоку — у маткі на матавіле. Аб суфіксе ‑ак гл. Сцяцко, Афікс. наз., 23.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вал1 ’хваля’ (КТС, Мядзв., Яшк.), валам валіць (Некр.). Рус. вал, укр. вал, польск. wał, в.-луж. wała, н.-луж. wał, чэш. val, слав. val, балг. валям ’катаць, варочаць’, макед. вала ’валяць, катаць’, серб.-харв. ва̄л, ва̑ла, славен. val, ц.-слав. валъ. Прасл. *val‑, роднаснае з літ., võlioti ’катаць’, алб. vale ’хваля’, ст.-в.-ням. wuolên ’рыцца’, ст.-інд. válati ’кру́ціцца’ (Праабражэнскі, 1, 63–64; Фасмер, 1, 268; Шанскі, 1, В, 9; Рудніцкі, 1, 297; БЕР, 1, 116; Махэк₂, 676).

Вал2 ’вал; штучныя земляныя ўзгоркі’ (КЭС); ’штучны земляны насып у выглядзе вялікага бурта з грэбнем’ (Пал.); ’узгорак’ (Яшк.); ’высокае месца, груд пасярод балота’ (Янк. II). Рус. вал, укр. вал, польск. wal, чэш. val, слав. val. Праз польскае з с.-в.-ням. wall ’тс’ (Праабражэнскі, 1, 63; Фасмер, 1, 268; Шанскі, 1, В, 8–9; Рудніцкі, 1, 298, 304; Махэк₂, 675).

Вал3 (тэхн.) ’вал’ (БРС); ’вал у калодзежы’ (Сцяшк.). Паводле Булыкі., Запазыч., 56, праз польск. wal < ст.-в.-ням. wal. Больш верагодна, што гэта ўсходнеславянскае ўтварэнне ад запазычанага з ням. мовы Walze ’вал, цыліндр’ (Шанскі, 1, В, 9). У спецыяльных значэннях (карданны вал, агнявы вал і пад.) — семантычнае запазычанне з рускай мовы.

Вал4 ’доўгія вузкія кучы сена’ (Шатал.); ’сена з некалькіх пакосаў, складзеных разам’ (Выг. дыс.). Да валіць і вал1.

Вал5 ’тоўстая пража з дрэннага валакна і само такое валакно’ (КЭС); ’адходы, якія астаюцца пры апрацоўцы льну мяліцай’ (Сцяшк. МГ); ’кудзеля, якая аддзяляецца ад кужалю пры трапанні льну’ (Янк. II); ’грубая пража’ (Шн., 3). Да валіць. Семантычны пераход няясны. Параўн. Рудніцкі, 1, 298.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэй займ. м. р. адз. л. Н. скл. ‘той’ (Нас., Шымк. Собр.; бялын., Янк. Мат., ПСл, Варл.; в.-дзв. Сл. ПЗБ, Бяльк., Мат. Гом.): тэй хозяин як жив, так и живе́ць (маг., Рам. 4); ‘замяняе назоўнік, ужыванне якога лічыцца непрыстойным’ (Нас.): тэй, што казали ‘чорт’ (Растарг.); займ. ж. р. адз. л. Р, Тв., М. скл. ‘той, тае’ (Нас., Некр. і Байк.): тэй каровы тут німа (Варл.). Форма тэй фіксуецца ў старабеларускай мове з канца XVI ст. (КГС), да прасл. *tъjь. Пра рэгіянальны рэфлекс э з ъ гл. у Карскага (Карскі 1, 154–157, 194, 235). Адносна фанетычнага развіцця выказваецца думка пра яго позні характар (там жа, 156) і сувязь з адпаведнымі з’явамі ў прыметнікавых формах, параўн. паўн.-ўсх. злэй, друге́й і інш. Параўн., аднак, факты, адзначаныя ў берасцяных граматах Залізняком (Сов. сл., X, 168), пра паралельнае існаванне рэфлексаў ‑ый, ‑эй і ‑ой на месцы *‑ъjь з некаторай перавагай заходняга рэфлекса ‑ый. Паралельнае ўжыванне формаў тэй, тып, ту͡ой у беларускіх гаворках канстатаваў Карскі (2–3, 194), як і ўзнікненне формаў ускосных склонаў ж. р. тэй па аналогіі з тае́й і формай м. р. тэй (там жа, 196). Марфалагічнае тлумачэнне для названай формы прапанаваў Ільінскі (Запіскі, 2, 280–281), гл. таксама Бузук, Sb. prací, 463; тое ж: Бел. мовазн. слав., 25–26. Меркаванне пра польскае запазычанне (Сабалеўскі, ЖМНП, 251, 137–143) не прымальнае з-за шырокага распаўсюджання названай формы на ўсходнеславянскай тэрыторыі. Сюды ж тэ́іць ‘тыя’ (гл.) тэ́е ‘тое’, тэ́й жэ ‘той жа’, тэй‑сей ‘хто-небудзь, хтосьці’ (Нас., Бяльк.), тей ‘той’ (Шымк. Собр.). Гл. той, тый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)