Дыва́н 1 ’дыван, пакрывала на ложак’ (Сцяшк., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах., Шатал.), ’дыван’ (БРС). Укр. дыял. диван ’дыван’. Запазычанне з польск. dywan ’тс’. У польск. мове гэта значэнне тыпова польскае (Слаўскі, 1, 187), таму і можна меркаваць аб запазычанні іменна з польск. мовы. Зыходным для гэтай групы слоў з’яўляецца тур. divan ’двор, рада, сход’ (< перс. divān; гл. Локач, 42). У польск. мове ’дыван’ < ’пакой, засланы дыванамі’ (Слаўскі, там жа, са спасылкай на Карловіча, Wyr. obce, 141). Рус. диван ’канапа’, чэш. divan ’нізкая канапа’ маюць некалькі іншую семантыку. Рус. слова, паводле Фасмера (1, 512–513) і Шанскага (1, Д, Е, Ж, 113), запазычана непасрэдна з франц. divan ’тс’ (< араб. < тур.-перс.). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 52.
Дыва́н 2 ’мяккая мэбля на спружынах’ (Сцяшк.). Зыходзячы са значэння (параўн. дыва́н 1), трэба лічыць гэта слова запазычаннем адносна новага часу з рус. дива́н ’канапа’ (аб рус. слове гл. пад дыва́н 1).
Дыва́н 3 ’дыван, дзяржаўная рада ў Турцыі; месца пасяджэнняў; збор арыентальных твораў’ (ТСБМ). Рус. дива́н, польск. dywan, чэш. divan, балг. дива́н і г. д. Зыходным з’яўляецца тур.-перс. divan (divān). Па паходжанню гэта слова ідэнтычнае з дыва́н 1 (гл. там падрабязна аб гісторыі лексемы). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 112–113.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)