Пачы́нак 1 ’пачатак’ (светлаг., Мат. Гом.), ’новае поле на месцы ляда’, ’закладка новага поля на лядзе, а пасля і пасялення’, ’расцяроба гушчэвіны, падсека’, ’булачка з хлебнага цеста’ (навагр., Сцяшк. Сл.). Укр., рус. почи́нок ’пачатак’, пск. ’першы кавалак хлеба, адрэзаны ад буханкі’, ст.-рус. починъкъ ’пачатак’, ’навасёлак’, польск. poczynek ’учынак’, н.-луж. pocynk ’тс’, ’справа, дзеянне’, pocynki ’звычкі’, в.-луж. počink ’паводзіны’, ’дзеянне’, чэш. počinek ’пачатак’, ’першая купленая рэч’, ст.-слав. починъкъ ’пачатак’. Да прасл. po‑čęti, бел. пача́ць, пачына́ць (гл.).
Пачы́нак 2, драг. почы́нок, астр., браг., пачы́нка ’пража, наматаная на верацяно або знятая з яго’ (ТСБМ, Мядзв., Серб., Бір., Бес., Маш., Варл., Дэмб. 2; гродз., Шн. 2), ’дзве ручайкі, перавітыя на адно верацяно’ (лях., карэліц., Янк. Мат.; слуц., Нар. словатв., дзярж., ст.-дар., Нар. сл.; Уладз., Федар. 6, Др.-Падб., Янк. 1, Сцяшк., Гарэц., Чач., Сл. Брэс.), ’вялікае верацяно, на якое перамотваюць пражу з малых верацёнаў’ (Нас., Шат., Сл. ПЗБ; браг., навагр., З нар. сл.), ’верацяно з пражай’ (Касп., Мат. Гом., Ян., ТС), ’клубок нітак, наматаны з адной вітушкі’ (дзярж., Нар. сл.). Укр. почи́нок ’поўнасцю запоўненае верацяно’, рус. кур. почи́нок ’тс’, польск. паморск., сілез. poczynek ’вялікае верацяно з пражай’, ’звітая пража з аднаго або з некалькіх верацён’. Усходнеславянска-польскае. Да пача́ць > пачына́ць (гл.): напрадзеная пража была нібыта асноваю будучага палатна, пачаткам — для асновы яе з пачынкаў звівалі ў клубкі, а для ўтоку — у маткі на матавіле. Аб суфіксе ‑ак гл. Сцяцко, Афікс. наз., 23.