Не́цікі (нецеки) ’нечаканасць’: «Въ нецекахъ спужався. Ты усе нецёками подходзишъь (Нас.), нёцёкомъ ’нечакана, неспадзявана’ (там жа). Меркаванне пра зыходнае *нецівак < *ne‑сеи‑ък ’беспамяцтва’ (ад *čbvati, tujo, паводле Мяркулавай, Этимология–1977, 91), гл. знецікі, здаецца недастаткова пераканальным, параўн. думку Карскага (2–3, 69–70) пра адсутнасць формы на ‑къ, якая дала б магчымасць вытлумачыць віц. з(с) нетцийку ’ненарокам’. Можна параўнаць з польск. wnet, wnetki, у XVI ст. hnet, hnetki ’хутка, раптоўна’, якое Брукнер (627) выводзіць праз чэш. hnet з *inbgbdъ, гл. таксама Махэк₂, 213. Не выключана таксама мясцовае ўтварэнне ад цік ’памяць’ (параўн. слонім. na cik ’на памяць’: tabie na cik nie prychodzić Арх. Федар.), што добра ўзгадняецца з іншымі падобнымі ўтварэннямі са значэннем ’бяспамяцтва’ тыпу нячывіль (гл.), рус. нецевенье і інш. (параўн. Мяркулава, Этимология–1977, 90); тады зыходная форма была б + нецік або4*неціка. Відаць, не маюць да разгледжаных слоў непасрэдных адносін балг. нетеки/нетики ’ніж, чым’, пра якія пісала Ажахоўска (Prace Lingwistyczne, 32, 247–253: < тикъ/тикʼе ’толькі’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Краса́1 ’хараство, прыгажосць’ (ТСБМ, Шат., ТС). Укр. краса, ст.-рус. краса ’тс’, ст.-слав. краса ’тс’, ст.-польск. krasa, чэш. krasa, славац. krasa, в.-луж. krasa, н.-луж. krasa ’тс’. На ўнутраную форму прасл. krasa пралівае святло этымалогія, якая звязвае гэту лексему з прасл. krěsъ (Ваян, Зб. Младэнаву, 284–285). Прасл. krasa на падставе пашыранага пераважна абстрактнага значэння ’прыгажосць’ і канкрэтнага ’чырвоны колер’ рэканструявалася ў гэтым значэнні. Пры параўнанні з прасл. krěsъ (рус. крес ’ажыванне, адраджэнне’, серб.-харв. кре̏с ’Іванаў дзень’) была звернута ўвага на тое, што krasa (параўн. лац. cresco ’вырошчваю’) магло першапачаткова абазначаць ’колер жыцця, ажыўленне’. Канкрэтнае значэнне для краса і краска1 (гл.) не захавалася на беларускай глебе таму, што прасл. krěsъ было выцеснена ўсходне-славянскай інавацыяй Купала (гл.). Прасл. krasa страціла ў гэтым рэгіёне сакральнае значэнне (Мартынаў, Лекс. Палесся, 29–30). Параўн. агляд іншых этымалогій у Трубачова, Эт. сл., 12, 95–97.

Краса́2 ’цвіценне злакавых раслін’ (Сл. паўн.-зах., ТС, КЭС, лаг., Клім.). Гл. краса1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зе́рне ’семя; крупінка’. Рус. зерно́, укр. зерно́, зе́рня́, польск. ziarno, н.-луж. zerno ’зерне’, ’збожжа’, в.-луж. zorno, палаб. źornü ’зерне’, чэш., славац. zrno ’зерне’, ’збожжа’, чэш. zrní, славац. zrnie зборн. ’зерне’, славен. zrnọ, zrne, zrnje зборн. ’зерне’, ’зерне (асобнае)’, серб.-харв. зр̏но, зборн. зрње, балг. зъ̀рно, макед. зрно ’зерне (асобнае)’. Ст.-слав. зръно ’зерне’. Ст.-рус. зерно (XI ст.). Форма зерне першапачаткова была зборнай на ‑ьje ад zьrn‑o: zьrn‑ьje ці памянш. формай на ‑ęt‑: zьrn‑ę (параўн. другасныя памянш. зе́рнетка і зярня́тка). Аснова zьrn‑ роднасная літ. žìrnis ’гарошына’, лат. zir̂ns, ст.-прус. syrne, ням. Korn, лац. grānum ’зерне’. Фасмер, 2, 95–96, Шанскі, 2, З, 90; Махэк₂, 719; Скок, 3, 662–663. Zьrn‑ ўтворана з суфіксам ‑n‑ ад і.-е. кораня *gʼṛ‑ (гл. Покарны, 1, 390–391, дзе, аднак, слав. форм з ‑n‑ няма), які прадстаўлены ў рус. зреть ’спець’ (гл. зары́ць). Траўтман, 372, Фартунатаў, AfslPh, 4, 587; Мейе, Études, 447.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́жны ’кожны’ (лаг., КЭС; мал., драг., Нар. словатв.), кажный ’тс’ (Бяльк., Грыг., Нас.), кажан ’тс’ (лаг., КЭС), кажен ’усякі’ (Нас.), кажэнь ’кожны’ (жытк., браг., Мат. Гом.), кажон (драг., Нар. словатв.), кажын ’тс’ (Мат. Маг., Сцяшк.), кажынный ’тс’ (віц., Нар. сл.; вілен., Нас.), кажнюткі ’кожны’ (ваўк., Сцяшк.). Укр. дыял. кажний (і памянш. формы), кажінний, рус. смал. кажан, дыял. кажинный, кажиный, кажин, кажней, кажний, кажный. Як паказваюць рус. (паўдн., паводле Даля, — укр.?) каждный, польск. każden, каш. kazdulny, пам.-славін. kouždèrï і інш., існавала тэндэнцыя да ўзмацнення абагульнення або ўдакладнення прасл. kažьdъjь суфіксальным спосабам. Паводле ESSJ, 2, 398, суф. ‑n(ъ)‑ быў устаўлены паміж асновай слова і суф. ‑jь. Калі ў групе зычных пасля заняпаду «ераў» знік галосны, група спрасцілася. Нягледзячы на тое што суфіксальна ўскладненыя формы зафіксаваны ў некалькіх паўн.-слав. мовах, можна думаць, што сепаратных сувязей не было і рэалізавана была агульная тэндэнцыя, якая і прывяла да вялікай колькасці варыянтаў ускладненага kažьdъjь. Адносна дублетнасці кажны/кожны былі розныя меркаванні, падрабязней гл. кожны. Аб прасл. kažьdъjь гл. кажды.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыдзе́лаць ’прырабіць, прыбудаваць’ (Бяльк.), прыдзе́лаць, прыдзя́лаць ’прымацаваць, прымацоўваць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Усходнебеларускі арэал фіксацыі гэтых дзеясловаў, а таксама шырокая распаўсюджанасць карэляту прырабі́ць (гл.) сведчаць, хутчэй, на карысць запазычання з рус. приде́лать. Падаецца, аднак, што гэта другасная, больш позняя з’ява, таму што наяўнасць добра вядомых у жывой народнай мове аддзеяслоўных субстантываў з коранем ‑дзел‑ немагчыма трактаваць інакш, як на карысць спрадвечнасці ўласнай дзеяслоўнай пары дзе́лаць/прыдзе́лаць (< прасл. *dělati, гл. ЭССЯ, 4, 231–232), якая была паступова выціснута семантычна ідэнтычнай рабі́ць/прырабі́ць, параўн. прыдзе́л ’прыбудова да хаты’ (Бяльк., Мат. Маг.), прыдзе́лак ’тс’ (Мат. Маг.) ’унутраная перагародка ў хаце, канявая сцяна’, ’сенцы (частка хаты, якая не абаграваецца)’ (калінк., чавус., ЛА, 4), прыдзе́лок ’жылое памяшканне, прыбудаванае да хаты’ (Шушк.), ’прыбудова (да хаты, хлява)’ (Ян.), прыдзе́лак ’скрынка ў куфры’ (баран., Сл. ПЗБ). Параўн. ст.-рус. придѣлъ ’частка праваслаўнага храма з самастойным прастолам’, рус. дыял. приде́л ’асобнае памяшканне ў доме’, ’пярэдні пакой у хаце, святліца’, приде́лок ’жылая прыбудова да хаты’, ’прыбудова да двара, хлява’, укр. палес. придєл, придє́лок ’прыбудова да асноўнай будовы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пусці́ць ’дазволіць рухацца; кінуць; пакінуць у спакоі; адпусціць, адлажыць’ (Сл. ПЗБ, Сержп., ТС, Яруш., Бяльк.), ’даць, вызваліць месца, праход, дарогу’ (кір., Нар. сл.) у спалучэннях: пусці́ць го́лас ’падаць голас’ (Гарэц.), пусці́ць на вецер ’зачараваць, праклясці, выкарыстоўваючы вецер як сродак пераносу пракляцця’ (мін., Жыв. сл.), сюды ж пусці́цца ’пайсці; дазволіць сабе нешта; пачаць расці’ (Сл. ПЗБ), пусці́цца ў абу́зу ’пайсці ў блуд’ (Бяльк.), пусці́цца сарама́ ’згубіць сорам’ (Шат.), параўн. укр. пусти́ти, рус. пусти́ть, польск. puścić, чэш. pustiti, славац. pustiť, в.-луж. pusćić, н.-луж. pušćiś, славен. pústiti, серб.-харв. пу̀стити, балг. пу́сна, макед. пушти, ст.-слав. поустити. Прасл. *pustiti ад *pustъ (гл. пусты), гл. Фасмер, 3, 405; Бязлай, 3, 138; Шустар-Шэўц, 2, 1194; першапачатковае значэнне ’зрабіць вольным, вызваліць’ (Чарных, 2, 84) або ’кінуць, пакінуць без людзей’, што, на думку Сноя (516), адлюстроўвае качавы спосаб жыцця; апошняе можна аднесці і да прымітыўнага (падсечна-агнявога) спосабу апрацоўкі зямлі, якую пакідалі без увагі пасля выкарыстання, бо яна ўжо была пустая, неўраджайная (Махэк₂, 501). Гл. таксама пуска́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

збо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца месцам збору, збірання каго‑н. Зборны пункт. □ У воласці, у зборным пакоі, калі зайшоў туды Тарэнта, каля стала цэлым натоўпам стаялі сяляне. Галавач. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. У дарэвалюцыйнай вёсцы — памяшканне, плошча, дзе рабіліся сходы грамады. Настаўнікі пераступілі парог і апынуліся на зборнай. Зборная была прасторная, як абора. Колас.

2. Пабудаваны, сабраны з гатовых асобных частак, блокаў і пад. Зборныя канструкцыі. Зборны дом. // Які служыць для зборкі такіх збудаванняў, канструкцый. Зборныя дэталі. Зборны жалезабетон. // Заснаваны на прымяненні метаду зборкі асобных гатовых частак. Зборнае будаўніцтва.

3. Састаўлены з разнародных частак, прадметаў. Зборная мэбля. □ Вялікае селішча мела падабенства .. да зборных выселак. Чорны.

4. Які складаецца з асоб, сабраных з розных месц, арганізацыя. Зборная каманда. Зборны аркестр. □ Публіка была зборная і разнастайная, мяшчанская і абывацельская. Гартны. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. Спартыўная каманда, якая складаецца з лепшых спартсменаў розных каманд. Зборная СССР. Зборная Мінска па валейболу.

5. Які абагульняе характэрныя прыметы шэрагу аднародных прадметаў, з’яў і пад. Зборны літаратурны вобраз.

6. У граматыцы — які абазначае сукупнасць, колькасць прадметаў або асоб, што ўспрымаюцца як адзінае цэлае. Зборныя назоўнікі. Зборныя лічэбнікі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Варыцца ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары.

2. Мыцца ў гарачай лазні з парай. Лазня была прасторная і выгодная. Адна палавіна была адведзена для раздзявальн[і], а ў другой мыліся і парыліся. Колас. Цікава.. [Людвіку] было паглядзець, што за лазня ў беларускай вёсцы і як у ёй трэба парыцца. Кулакоўскі.

3. Разм. Знемагаць, знясільвацца ад духаты, ад спякоты. Баравінчане не надта горача выказваліся за пабудову і не надта горача супярэчылі, хоць гадзіны дзве парыліся ў кажухах. Сташэўскі. З усіх, хто ў зале, бадай адзін.. [Веньямін] парыцца ў чорным пінжаку з вялікімі адвіслымі лацканамі. Навуменка. // перан. Доўга і старанна працаваць над чым‑н., што не ўдаецца. Парыцца над задачай. // перан. Марнавацца, пакутаваць. [Калатухін:] У цябе б, Сізоў, павінна быць светла. Вырваўся так удала! Іншыя там парацца на губе! Мележ.

4. Вылучаць пару пад уздзеяннем цяпла на што‑н. халоднае. Учора дождж.. прайшоў. Парыцца на сонцы вуліца. Колас. — Парыцца зямля, — неяк летуценна кажа Пятрок. — Самая пара сеяць. Хадановіч.

5. Зал. да па́рыць (у 1–5 знач.).

пары́цца, ‑ры́юся, ‑ры́ешся, ‑ры́ецца; зак.

Рыцца некаторы час. Падбяжыць [Бадзюля], адкіне дзверцы, прысядзе, парыецца на ніжняй паліцы, зноў устане і курыць. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сыры́, ‑ая, ‑ое.

1. Прасякнуты, насычаны вільгаццю; вільготны. Сырыя дровы. Сырое адзенне. □ Рыдлёўка была вельмі цяжкая. Відаць, наліпла зямля, сырая, непрасохлая гліна. Лынькоў. Досвітак быў халодны, і на ўсім ляжаў сыры малочны туман. Мыслівец. // З вялікай колькасцю дажджоў, ападкаў. Стаяла восеньская сырая пара. Дарогі зрабіліся што каша. Астрэйка. // Забалочаны, з вялікай колькасцю вільгаці ў глебе. Утульней развесілі голле Яліны ў нізінах сырых. Колас. Я спыніўся ў сырым рэдкім хмызняку і прыслухаўся. Нікановіч. / У народнай паэзіі — пастаянны эпітэт да слова «зямля». Абняўся з зямлёю сырой, Упаў ён [сын], ніколі не ўстане. Бялевіч.

2. Які не варыўся, не смажыўся, не кіпяціўся і пад. (аб прадуктах харчавання). Сырое мяса. Сырая вада. □ [Мікалай] слухаў радасна і прагна, смачна ядучы халодную бульбу з сырым салам. Шамякін. / у знач. наз. сыро́е, ‑ога, н. У мяшках наша начная здабыча. Мы з ёю маглі б даўно расправіцца, але баімся многа есці сырога. С. Александровіч.

3. Недавараны, недасмажаны, недапечаны. Сыры хлеб.

4. Неканчаткова выраблены. Сырое ліццё. // перан. Не да канца апрацаваны, не адшліфаваны як след (пра літаратурны твор. мову і пад.). У «Звяздзе» .. была надрукавана мая паэмка, праўда, сырая, расцягнутая. Лужанін.

•••

З зямлёю сырою ажаніцца гл. ажаніцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турма́, ‑ы; мн. турмы, ‑аў; ж.

1. Месца зняволення, будынак, дзе ўтрымліваюцца асобы, якія прыгавораны судом да пазбаўлення волі, або тыя, што знаходзяцца пад следствам. [Дзяўчыну] не пасадзілі ў турму, а паколькі яна была яшчэ вельмі маладая, суд вырашыў выслаць яе этапным парадкам у нейкі штат. Лынькоў. Машына спынілася каля турмы. Мележ. // Пакаранне зняволеннем. Відаць было Максіму, што Алесь вельмі ганарыцца сваімі чатырма і васьмю месяцамі турмы. Машара. Дзед не змоўчаў. — Мой след, — сказаў ён, — хоць і праз турмы прайшоў, але чысты, не тое, што другіх... Якімовіч. // Знаходжанне ў зняволенні. У турме [П. Пестрак] захапляўся літаратурай, шмат чытаў, пісаў вершы. Хромчанка. А Кірыл сваё паўтараў: — Так усім і скажы, рабочы я і аніякай турмы не адбываў. Кавалёў. Пайду ў турму і веру — будзе год, калі маю прамову дагаворыць натхнёны барыкадамі кулямёт! Таўлай.

2. перан. Месца, дзе цяжка жыць, дзе жывуць прыгнечана. Царская Расія была турмой народаў. □ Я старац, Фёдар Кузьміч... Пустэльнік, Які сам сябе тут, на заімцы, у келлю-турму запёр... Сіпакоў. // Заняволенне, прыгнечанне. Ф. Багушэвіч .. клікаў з цемры да святла, з турмы на свабоду. «Полымя».

•••

Турма плача па кім — пра таго, хто заслугоўвае пакарання, турэмнага зняволення.

[Ад ням. Turm.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)