Астало́п ’дурань, тупіца, невук’ (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Бір. дыс.). Рус. остоло́п ’тс’. Параўн. яшчэ стаяць асталопам ’стаяць аслупянеўшы’ (Нас., Бяльк.), асталопіна (Нас., Бяльк., Касп.). Ужо Даль слушна звязваў гэта слова з стоўб/стоўп ’слуп’, што прынялі Міклашыч, 321; Гараеў, 242. Пісаў пра гэта слова Сабалеўскі (РФВ, 64, 124; ЖМНП, 1897, № 7). Праабражэнскі (1, 665), Шахматаў (Очерк, 281) паяснялі другім паўнагалоссем рускую форму, а Карскі (1, 257) — беларускую, прыводзячы і бел. столап. Неадназначна рашаецца пытанне пра паходжанне a‑, а разам з тым і пра канкрэтную этымалогію слова. Праабражэнскі, Шанскі, (КЭСРЯ, 316) лічаць, што зыходнай была дзеяслоўная форма остол(о)пѣти ’аслупець’, адкуль бяссуфіксны назоўнік асталоп. Булахоўскі (Тр. ИРЯ, 1, 160) убачыў тут кантамінацыю стол(о)п і олух. Улічваючы наяўнасць у смаленскіх гаворках (Мат. Смал.) слова остолоп ’драўляны слуп у ёўні’, трэба, відаць, пагадзіцца з Фасмерам, 3, 165, які тлумачыў асталоп ’дурань’ як пераноснае ўжыванне слова, што азначала ’слуп’, і параўноўваў яго з полено, дубина, чурбан. У карысць такога тлумачэння сведчыць, відаць, і выраз асталопам, дзе творцы склон тлумачыцца як параўнальны (як асталоп). А‑ ў гэтым выпадку пратэтычнае, або прэфіксальнае (параўн. рус. остолпие ’капітэль’, ст.-рус. остълпление ’каланада’). Гл. стоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Балва́н1 ’балван’ (Касп., Шат., Сержп.), ст.-бел. болван (Гіст. лекс., 140), болван, балван (Бярында). Параўн. яшчэ балва́н ’драўляны слуп пры печы; слуп наогул’ (Нас.). Рус. болва́н, укр. бовв́ан, серб.-харв. ба̀лван і г. д. Прасл. bъlvanъ, bal(ъ)vanъ. Слова няяснага паходжання. Падрабязны агляд шматлікіх версій гл. Фасмер, 1, 186–187. Не пераконвае Шанскі, 1, Б, 154–155. Не выключаецца, што ёсць сувязь з ням. дыял. (альпійскім) Balwe, Balme ’скала’ (так Мацэнаўэр, Cizí sl., 18). Бел. форма не можа паходзіць непасрэдна ад *bъlvanъ (іначай было б *баўван, параўн. укр. бовва́н). Гэта запазычанне з рус. або хутчэй польск. (bałwan; параўн. і ст.-бел. балван). Гл. яшчэ Мартынаў, Зб. Крапіве, 211.

Балва́н2 ’дурань’ (Нас., Касп., Шат., Сцяц.). Рус. болва́н, укр. бовва́н. Старая метафара ’балван, статуй’ → ’дурань’, што мае месца, як здаецца, толькі ва ўсх.-слав. мовах. Форма ба́лван (Нас.), мабыць, адлюстроўвае польск. bałwan.

Балва́н3 ’снежная баба’ (Сцяц.). Запазычанне з польск. bałwan ’тс’. Акрамя геаграфіі слова (зах. бел. гаворкі), да гэтага меркавання вядзе і тое, што прасл. слова ў зах.паўд.) слав. мовах азначае ’скала, камень, глыба, снежная баба, воблака і да т. п.’

Балва́н4 ’воблака’ (Янук.). Запазычанне з польск. bałwan ’тс’ (да аргументацыі гл. балван3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ані́с ’Pimpinella anisum; Anisum Gaertn.’, аныш, ганыш (Кіс.), га́нус, гэ́нус (Касп.), га́нуш, га́нусовый, га́нусовка (Нас.). Рус. ани́с, дыял. га́нус ’кмен’, ани́ст ’тс’, ганы́ш ’Chaerophyllum bulbosum L.’, укр. ані́с, дыял. а́нис, а́ниж, а́ниш, о́ниж, га́нус, га́ниж ’аніс’. Польск. anyż з чэш. anýz, дыял. hanýz, haníž, ст.-чэш. anež, anez, славац. aníz, onajs, anajs, в.-луж. anis, славен. jánež, серб.-харв. а́нис, а́ниш, а́нижевица, балг., мак. анасон ’тс’. Крыніца ўсіх гэтых форм с.-грэч. ἄνισον (раней ἄννησον) невядомага (міжземнаморскага?) паходжання. Грэч. > тур. > балг., мак. (БЕР, 1, 11), магчыма, грэч. > серб.-харв.; грэч. > лац. ці грэч.//лац. anisum, anesum > ст.-чэш. anez; лац. > с.-в.-ням. > ст.-чэш. anež, славен. janež, магчыма, польск. anyż, серб.-харв. аниж‑. Бел., укр. ганыш, аныш (з XVII ст.) < польск. anyż (Рудніцкі, 1, 25). Бел. аніс < рус. анис. Рус. форма, паводле Фасмера (1, 78), з н.-в.-ням. ці па версіі Гараева з французскай, што малаверагодна. У рускай пісьменнасці слова вядома з 1560 г., што дае магчымасць лічыць яго запазычаным непасрэдна з грэч. (Шанскі, 1, 4, 109), але супраць гэтага націск, які супадае з нямецкім. Назва яблыка аніс, анісаўка з рускай: анисовые яблоки — паволжскі гатунак яблык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жгаць1 ’паліць’ (Нас.). Рус. дыял. арханг., алан., наўг., смал., кастр., вяцк., перм., свярдл., с.-урал., кіраўск. жгать ’тс’, чэш., арх. žhati ’тс’, серб.-харв. жга̏ти ’пячы’, славен. žgáti ’паліць’. Параўн. рус. жечь, жгу. Ст.-слав. жещи, жьгѫ. Прасл. *žьg‑ (з тэмай ‑a‑, у той час як у жещи яна адсутнічае, а на месцы ‑ь‑ выступае ‑е‑). Лічаць, што з і.-е. *dheg​h‑ ’гарэць’: літ. degù, ст.-інд. dāha‑h ’пажар, спёка’, авест. daχša ’пажар’ і інш. Покарны, 1, 240–241; Фасмер, 2, 38; Траўтман, 49; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 289; Махэк₂, 727; Брукнер, 663–664. Скок (3, 674–675) тлумачыць узнікненне слав. *geg‑ з *deg‑ асіміляцыяй. Корань *deg‑ адлюстраваны ў дзёгаць (магчыма, з балт.) гл. Фасмер (2, 38) лічыць менш верагодным зробленае Шэфтэловіцам (ZfIndIr, 2, 271) супастаўленне са ст.-інд. jañj ’асвятляць, гарэць’, ст.-ісл. kvekva ’запальваць’ і зробленае Зубатым (Studie, I, 1, 127) дапушчэнне, што *geg‑ звязана з лат. dzedzite ’поле пад папар’. Але Зубаты (Studie, 1, 2, 142) імкнуўся растлумачыць форму *žeg‑ паралеллю з *žegrati. Так ці іначай паходжанне кораня *žeg‑, *žьg‑ не можа лічыцца вырашаным канчаткова. Параўн. жага, жыгаць, жэгаць.

Жгаць2 (Нас.). Гл. джгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жо́луд ’плод дуба’, жолудзі, жалу́дка ’картачная масць’ (Нас.). Рус. желудь ’плод дуба’, дыял. с.-урал. ’плод бульбы’, уст. ’картачная масць’, укр. жолудь ’плод дуба’, уст. ’картачная масць’ (Жэлях.), польск. żołądź ’плод дуба’, уст. ’картачная масць’, палаб. zelǫd, в.-луж. žoldz ’тс’, н.-луж. zołz̀, чэш. žalud, славац. žaluď, славен. želod ’тс’, серб.-харв. же̏луд ’плод дуба’, балг. желъд, ’тс’, макед. желадʼ ’плод дуба, картачная масць’. Ст.-слав. желждь. Ст.-рус. желудь ’каштаны, арэхі, жалуды’. Лац. glans, glandis, грэч. βαλανος, арм. kalin, ст.-прус. gile, літ. gile, лат. dzile ’жолуд’. І.‑е. *g​el, g​ula‑ ’тс’ (Покарны, 1, 472–473). Брукнер (665) тлумачыў слав. ‑d‑ як паказчык зборнасці. Грэч. значэнне ’жолуд’ і ’падаль’ указвае на магчымасць сувязі з βαλλω ’кідаю’ і адпаведна тлумачыць семантычны бок паходжання. Іначай Махэк₂, 722: і -е. корань суадносіцца з g​ere ’жэрці’ і трактуецца як ’ежа вяпрукоў’. Фасмер, 2, 45; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 283; БЕР, 1, 533–534; Скок, 3, 675; Фрэнкель, 151; Тапароў, E–H, 234–235. Назва картачнай масці (гл. яшчэ жлудзь) — калька ням. Eichel праз чэш. і далей рус. ці польск. (Чарнышоў, Избр. тр., 2, 448–452).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жо́ўты. Рус. желтый, укр. жо́втий, польск. żółty, серб.-луж. žółty, чэш. žlutý, славац. žltý, балг. жълт, макед. жолт, серб.-харв. жу̑т, славен. žôlt ’тс’. Ст.-слав. жлътѣница ’гатунак салаты’, ц.-слав. жлътъ ’жоўты’. Ст.-рус. жьлтый ’тс’. Параўн. яшчэ вытворныя жаўток, жаўцець, жаўціна прасл. характару і шэраг пазнейшых. Прасл. *žьltъ, роднаснае літ. gel̃tas ’жоўты’, лат. dzęltęns, ст.-прус. gelatynan ’тс’, узыходзіць да і.-е. кораня *gʼhel‑ або *ghel‑. Покарны (1, 429–30) лічыць зыходным першы, які мае шэраг і.-е. адпаведнікаў (у тым ліку ст.-іран. zari ’жоўты’, лац. helvus ’мёдава-жоўты’, брэтонск. gell ’светла-карычневы’, ням. gelb ’жоўты’ і інш.), але на слав. грунце дае зялёны, залаты (гл.). Тады, паводле Покарнага (услед за Персанам і Крэчмерам), балта-слав. *gel‑ тлумачыцца запазычаннем з моў kentum. Іншае тлумачэнне балта-слав. форм: праз наяўнасць і.-е. *g​hel‑ (> *gel‑, *gil‑), якое давала слав. *žьl‑ і ўзаемадзейнічала з *gʼhel‑ (Тапароў, E–H, 199). Так ці іначай у жоўты адлюстравана балта-слав. суфіксацыя *‑t‑, прычым у слав. корані (у адрозненне ад балт.) ‑ĭ‑. Гл. Фасмер, 2, 43–44; Траўтман, 83–84; Шанскі, 1, Ж, 282; Булахаў, Прым., 3, 76; Махэк₂, 730. Гл. яшчэ жоўць1, жоўкнуць, жаўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жывіца ’смала’. Рус. живи́ца, укр. живи́ця, польск. żywica, в.-луж. žiwica, чэш. živice, славац. živica ’смала’, славен. živica ’корань’, ’жываплот’, ’крынічная вада’, ’насмарк’, серб.-харв. жи́ви́ца ’жываплот’, ’кастрыца’, ’палянка’, ’рубец тканіны’. Ст.-рус. живица ’смала’ (XVI ст.). Утворана ад кораня *živ‑ суфіксам *‑ic‑a ў прасл. мове, прычым у паўн. славян замацавалася значэнне ’смала’, а паўд. славяне замацавалі і іншыя значэнні. Гэта можа сведчыць ці аб адносна познім (паўн.-слав.) утварэнні, ці аб дыфузнай першапачатковай семантыцы. Корань жыв‑ у жывіца суадносіцца са значэннем ’гаіць’, паколькі жывіца мела лячэбнае значэнне. І.‑е. корань *g​ei‑ ’жыць, гаіць’. Плевачава, SR Brno, 13, 1964, 25–33; Махэк₂, 728. Параўн. Скок, 3, 681. Сцяцко (Афікс. наз., 45) не ўказвае час утварэння і не дае семантычнага абгрунтавання. Іначай: жывіца роднаснае з арм. kiv ’смала’ (Лідэн, Зб. Мікале, 119; Турнэйзен, Зб. Педэрсену, 301) з асобным і.-е. коранем *g​i​ (Покарны, 1, 482), суадносным з жаваць (Фасмер, 2, 51); апошняе, паводле Покарнага, няпэўна. Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 289. Гіпотэза Плевачавай–Махэка не адкідвае суадносіны з арм. kiv, аднак лічыць гэта слова паралельным утварэннем, што верагодна. Гл. жывіць, жывы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здаро́вы, здароўе. Рус. здоро́вый, здоро́вье, укр. здоро́вий, здоро́вʼя, польск. zdrowy, zdrowie, серб.-луж. strowy, в.-луж. strowjo, н.-луж. strowje, уст. zdrowy, чэш., славац. zdravý, чэш. zdraví, славац. zdravie, славен. zdrav̀, zdrȃvje, серб.-харв. здра̏в, здра̑вље, балг. здрав, здра̀ве, макед. здрав, здравје. Ст.-слав. съдравъ, съдравие. Ст.-рус. здоровый, съдоровие, здоровье (1151 г.). Прасл. sъ‑dorv‑ъ, sъdorv‑ьje. У формах з пачатковым z‑ асіміляцыя па звонкасці пасля страты ъ; у формах з s‑, відаць, асіміляцыя па глухасці (магчыма, аднак, што тут іншы корань; гл. Фасмер, 3, 768). Элемент меў, паводле Бадуэна дэ Куртэнэ (Зб. Брукнеру, 221), суадносіны са ст.-інд. su ’добры’. Элемент dorv‑ < і.-е. *deru‑ ’дрэва’ (гл. дрэва), ’добры, здаровы, як дрэва’. Фасмер, 2, 91; Шанскі, 2, З, 82; Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1969, 12, 140; Скок, 3, 646; Покарны, 1, 216. Іншую этымалогію прапануе Ондруш, , 9 (1958), 147–148: zdorv‑ < storv‑ < sorv‑ < *sol‑v‑ (лац. salvus ’здаровы’ і інш.). Гэту этымалогію прыняў у другім выданні Махэк₂, 713. Супраць яе Ваян, RÉS, 41 (1962), 169; Трубачоў, Дополн., 2, 91. Іншыя тлумачэнні ў Фасмера. Булахаў (Прыметнік, 3, 77–80) прасочвае развіццё якасных адценняў слова здаровы ў бел. мове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Знібе́ць ’аднастайна, тупа балець’ (Юрч. Сін., Мат. Гом.), знібіла ’ныцік, плакса’ (Юрч. Вытв.), — у Юрчанкі без націску. Рус. знобить ’адчуваць холад’, смал. знобе́ть ’пакутаваць’, смал., паўд.-сіб., алан., ярасл., паўн. зноби́ть ’пакутаваць’, укр. зноби́ти ’прастуджваць’, польск. дыял. znobić ’халадзіць’, чэш. znobiti ’астуджаны, адчуваць холад’, славац. znobiť ’марозіць, халадзіць’. Ст.-рус. знобити ’марозіць, халадзіць’ (XII∼XVII стст.). Параўн. балг. дыял. зно̀ба ’хваравіты стан’. У бел. захавалася форма з дзеяслоўным вакалізмам у адрозненне ад адназоўнікавай формы тыпу рус. знобить, якая прадстаўлена ў зазноба (гл.). Бел. і рус. дыял. значэнне ’балець’ магчыма разглядаць як пашырэнне значэння ’адчуваць холад’, якое можа лічыцца першасным. Znobiti ’марозіць’ звязваюць з zęb (гл. зяб1). Міклашыч, 401; Фасмер, 2, 101, БЕР, 1, 650; тут магла быць метатэза *zenb‑ > *zneb‑ (?) У супастаўленне ўключаюць зіма (гл.). Праабражэнскі, 254, Махэк₂, 707–708. Выдзяляюць прасл. корань *zьn‑, да якога далучаецца суфікс ‑ob‑a (але як тады быць з бел. формай?). Шанскі, 2, З, 102; Скок, 3, 659. Параўноўваюць з і.-е. *gʼen‑ ’нарадзіць, нарадзіцца’. Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 90; Трубачоў, Ист. терм., 153–154. Не выключана энатыясемічная сувязь з znojь (гл. зноіць); гл. зазноба. Адзінцоў, Этимология, 1974, 117–120. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зуб1. Рус., укр. зуб, польск. ząb, луж., чэш., славац. zub, палаб. zǫb, славен. zȏb, серб.-харв. зу̑б, балг. зъб, макед. заб. Ст.-слав. зѫбъ, ст.-рус. зубъ (XI–XII стст.). Прасл. *zǫbъ ’зуб’ < і.-е. *gʼembh‑, gʼm̥bh‑, gʼombho‑s ’зуб’: ст.-інд. jámbhatē ’хапаць’, літ. žembiū ’разразаю’, ст.-інд. jámbha‑ḥ ’зуб’, грэч. γόμφος ’тс’, алб. dhëmb ’тс’, лат. zùobs ’тс’, літ. žam̃bas ’востры вугал’, ст.-в.-ням. kamb, суч. Kamm ’грэбень’, тах. A kam, B kerne ’зуб’. Роднаснае ст.-слав. зѧб‑сти ’прарастаць’, ’прадзіраць’, гл. зя́бліва. Трубачоў (ВЯ, 1957, 2, 90) узводзіць прасл. форму да і.-е. *gʼon‑bhos ’выступ, тое, што вырасла’ ад *gʼen‑ ’нарадзіцца’. Шанскі, 2, З, 111; Фасмер, 2, 106; БЕР, 1, 660–662; Скок, 3, 663; Траўтман, 369; Покарны, 369.

Зуб2 ’памылка пры тканні’ (чэрв., Нар. лекс.; Жд. 1). Рус. зуб смал. ’паласа каляровай тканіны’, краснаяр. ’прамежкі ў бёрдзе, скрозь якія працягваюць ніткі’, пск., цвяр. зубок ’тры ніткі ў ткацкай аснове’, польск. ząb ’нешта ў выглядзе кліна, зуба’. Такое ж значэнне, як у польск., вядома ў іншых слав. мовах. Бел. і рус. значэнні — фіксацыя аднаго з пераносных значэнняў зуб1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)