Жывіца ’смала’. Рус. живи́ца, укр. живи́ця, польск. żywica, в.-луж. žiwica, чэш. živice, славац. živica ’смала’, славен. živica ’корань’, ’жываплот’, ’крынічная вада’, ’насмарк’, серб.-харв. жи́ви́ца ’жываплот’, ’кастрыца’, ’палянка’, ’рубец тканіны’. Ст.-рус. живица ’смала’ (XVI ст.). Утворана ад кораня *živ‑ суфіксам *‑ic‑a ў прасл. мове, прычым у паўн. славян замацавалася значэнне ’смала’, а паўд. славяне замацавалі і іншыя значэнні. Гэта можа сведчыць ці аб адносна познім (паўн.-слав.) утварэнні, ці аб дыфузнай першапачатковай семантыцы. Корань жыв‑ у жывіца суадносіцца са значэннем ’гаіць’, паколькі жывіца мела лячэбнае значэнне. І.‑е. корань *gu̯ei‑ ’жыць, гаіць’. Плевачава, SR Brno, 13, 1964, 25–33; Махэк₂, 728. Параўн. Скок, 3, 681. Сцяцко (Афікс. наз., 45) не ўказвае час утварэння і не дае семантычнага абгрунтавання. Іначай: жывіца роднаснае з арм. kiv ’смала’ (Лідэн, Зб. Мікале, 119; Турнэйзен, Зб. Педэрсену, 301) з асобным і.-е. коранем *gu̯iu̯‑ (Покарны, 1, 482), суадносным з жаваць (Фасмер, 2, 51); апошняе, паводле Покарнага, няпэўна. Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 289. Гіпотэза Плевачавай–Махэка не адкідвае суадносіны з арм. kiv, аднак лічыць гэта слова паралельным утварэннем, што верагодна. Гл. жывіць, жывы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)