Ме́сяц, ме́сіц, ме́сец, ме́січык, ме́сячка, ме́сячак, ме́сячко, ме́сечык, ме́січак, ме́сечок, ме́сячык, ветк. ме́сячка, стол. мі́сац, драг. мі́сяц(ь) ’планета, найбліжэйшая да Зямлі’, ’12‑я частка астранамічнага года’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ, Кліх, Янк. 1, Бяльк.; бых., Янк. Мат.), ’рагалік на вясельным караваі’ (Маш.). Укр. мі́сяць, рус. ме́сяц, польск. miesiąc, н.-луж. mjasec, в.-луж. měsac, чэш. měsíc, славац. mesiac, славен. mẹ̑sec, серб.-харв. мје̏сец, макед., балг. месец, ст.-слав. мѣсѧць. Прасл. měsęcь, якое, паводле Махэка₂ (360), мела значэнне як ’месяц-свяціла’, так і ’месяц (30 дзён)’. І.‑е. *mēs‑ (< *mēns‑): літ. mė́nuo, mė́nesis, лат. mēnesis ’месяц’, mēness ’30 дзён’, ст.-прус. menins ’свяціла’, гоц. mēna ’тс’, mēnōþs ’30 дзён’, лац. mēnsis ’тс’, ст.-грэч. μήν ’тс’, іян., ат. μείς < *μενς < μηνς, дар. μής ’тс’, μήνη ’свяціла’; алб. muai, ірл. , ст.-інд. mās‑ (mā́sas) ’месяц’, авест. , новаперс. māh, тах. A mañ, тах. B meñe, арм. amis ’месяц’. Слав. měsęcь разглядалася этымолагамі як аснова mē‑, пашыраная элементамі ‑n‑ і ‑es‑ (як у балт. мовах), якая прысутнічае ў лексеме мера (měra): месяц мерае час. Суфікс *‑ko‑ (> ‑ьcь) у *měsenьcь той жа, што і ў лексемы sъlnьce, і ўся лексема носіць табуістычны характар (задобрыванне). Гл. Бернекер, 2, 51; Траўтман, 179; Шпехт, KZ, 66. 53; Мее, 336; Фасмер, 2, 608–609; Скок, 2, 437–438; Бязлай, 2, 179; БЕР, 3, 755–756. Развадоўскі (Rozprawy, 25, 425) прапануе прыняць першапачатковае значэнне ’які мяняецца’ і выводзіць лексему měsecь з і.-е. асновы *mei̯‑/*moi̯‑ ’мена’. Непераканаўча. Як і Трубачоў (ВЯ, 1980, 3, 5), які выводзіць з і.-е. *menyos ’менш’. Атрэмбскі (Балто-слав. сб., 186–192) лічыць, што слав. měsęcь і балт. mė́nuo з’яўляюцца варыянтамі аднаго і таго ж славяна-балтыйскага слова (< і.-е. *mē(n)s).

Ме́сяц2 ’від танца’ (кап., Жыв. сл.; Інстр. III). З рус. ме́сяц з назвы песні «Чудный месяц», на матыў якой танец выконваўся.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жабра́к, жабрава́ць. Укр. жебра́к, же́брати, жебрув́ати ’тс’, же́бри ’жабраванне’, рус. пск., прыбалт. жебра́к, жеброва́ть (відаць, з бел.), польск. żebrak, żebrać, чэш. žebrák, žebrati, славац. žobrák, žobrať, в.-луж. žebrjak, žebrić, н.-луж. žebrak, žebriś, славен. žebrâvec, zebráti, серб.-харв. же̏брак, жебрачити, џе́брак, џе̏брати ’тс’. Літ. žebrõkas, žebravoti, лат. žabravât ’тс’ з бел. або польск. (Фрэнкель, 1294); венг. zsebrák (з 1456 г.) ’тс’ са слав. (MESz, 3, 1212). У ст.-бел. з канца XV ст. фіксуецца жебракъ (Булыка, Запазыч., 113), зафіксаваны дзеяслоў жебрати (Гіст. лекс., 116). Прынята этымалогія бел. слова з польск. мовы, дзе, паводле Брукнера (663), з XV ст. з ням. seffr ’бадзяга’ (Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1970, 7, 150; Булыка, Запазыч., 113). Калі так, відаць, праз чэш., бо іначай незразумела пашырэнне ў серб.-харв. і славен. Скок (1, 471) лічыць адпаведныя словы гэтых моў запазычанымі з чэш. < ням. і далей турцызіраванымі ў серб.-харв. ž > . Махэк₂ (724) лічыць польск. і ўкр. запазычанымі з чэш., а для чэш. і славац. прыводзіць (як Голуб-Копечны, 443) шэраг дыялектных і экспрэсіўных варыянтаў, напр. škebrati, škemrati, žebronit (гл. жабанець), žgamrat ’жабраваць’ і г. д. Як і Міклашыч (406), Голуб-Копечны (443), Махэк₂ (724) не даюць, уласна кажучы, этымалогіі, на ням. паходжанне не ўказваюць, што можна расцэньваць як прызнанне слав. паходжання. Тады ці не трэба параўнаць з бел. кубрак ’чалавек, які просіць на царкву’ (Нас.), кубрыць ’кпіць’ (Нас.), укр. дыял. кубрак ’бедны чалавек’ (Жэлях.), кубрячити ’п’янстваваць’, рус. наўг. кубра ’свавольнік’. Параўн., аднак, польск. kubrak ’куртка’, якое тлумачаць, хаця і мала верагодна, у сувязі з укр. кубрак ’бядняк’ з цюрк. kubur ’адзенне’ (SWO, 405) або як запазычанне з лац. ці ням. (Слаўскі, 3, 299). Калі ўлічыць магчымую сувязь з жабанець (гл.) і формамі тыпу škomořiti/žemořiti, ці не трэба да гэтай групы аднесці і скамарох?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаць1, жну ’убіраць расліны, зразаючы сцёблы’. Рус. жать, укр. жа́ти, польск. żąc, ’в.-луж. уст. žęć, žnyć, н.-луж. žeś ’тс’, палаб. zanai ’жатва’, чэш. žíti, žnouti, славац. žať, балг. жъ̀на, макед. жнее, серб.-харв. же̏ти, славен. žéti ’жаць’. Ст.-сл. жѧти, ст.-рус., ст.-бел. жати ’тс’. Прасл. *žęti, *žьną ’тс’ мае ў адрозненне ад іншых і.-е. моў спецыялізаванае значэнне. І.‑е. корань *g​hen‑(ə)‑ меў, паводле Покарнага (1, 491), значэнне ’біць’ і суадносіцца са слав. словам гнаць (гл.), а таксама з літ. genė́ti ’ачышчаць голле са ствала’ (Траўтман, 85), ст.-іран. ǰain‑ti ’ўбіваць’, нарв. дыял. gana ’ссякаць галлё з дрэва’ і інш. Фасмер, 2, 60; Скок, 3, 678; Махэк₂, 728; БЕР, 1, 565; Шанскі, 1, Ж, 279; Ваян, RÉS, 41, 1962, 59–60. У бел. прадстаўлены вытворныя жатва, жнец, жняя, жніво, вядомыя, відаць, яшчэ ў праславянскі перыяд, і шэраг іншых. Пра ст.-бел. значэнні і вытворныя гл. Шадурскі, дыс., 315–319.

Жаць2, жму ’ціснуць, праць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. жать, укр. жа́ти, польск. żąc ’ціснуць’, в.-луж. žimać ’выціскаць’, н.-луж. žeś, žmeś, žḿuś, ’ціснуць’, чэш. žmoliti, славац. žmoliť ’ціскаць, церці’, славац. žmyknúť ’вылушчыць шляхам сціскання’, балг. жъмка, серб.-харв. же̑ти, же́ти ’сціскваць’, славен. žę̑ma ’прэс’, ožę̑mati, ę́ti ’ціснуць, сціскваць’. Ст.-сл. съжѧти ’сціскваць’, ст.-рус. жати ’тс’ (зафіксавана з XVII ст.). Прасл. *žęti, *žьmǫ ’ціснуць’ да і.-е. кораня *gem‑ ’хапаць, сціскваць’ (літ. gùmulas ’куля’, gãmalas ’снежная куля; кусок хлеба, мяса’, лат. gumt ’хапаць’, грэч. γέντο ’схапіў’, γέμω ’я поўны’, нарв. kams ’галушка’ і інш.). Роднаснае слав. утварэнне з іншым вакалізмам гамёлак, гамёлка ’вялікі кавалак (хлеба, сыру)’ (гл.). Фасмер, 2, 59; Шанскі, 1, Ж, 278; БЕР, 1, 565; Покарны, 1, 368–369; Скок, 3, 678–679; Траўтман, 88. Сцвярджэнне Крукоўскага (Уплыў, 33), быццам кораня ‑жм‑ няма ў бел. мове, неабгрунтаванае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жэнь ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’ (ельск., Анох.), ’прыстасаванне для гэтага ж’ (КСТ). Рус. жень ’прыстасаванне (вяровачная лесвіца) для пад’ёму бортніка на дрэва’ (Даль), ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’ (ніжнегар., кастрам.), укр. жень (Грынч.), палес. же̂нь, жінь, жинь (Ніканчук, Матеріали до лексичного атласу укр. мови. Київ, 1979, с. 214–215) ’прыстасаванне для пад’ёму бортніка на дрэва’, ст.-чэш. žině ’грубая нітка, матуз з воўны’ (Махэк), славац. žínka ’матуз’, славен. žínjica ’конскі волас, матуз з конскіх валасоў’, серб.-харв. žińica ’кайма’ (RJA). Рэканструкцыя прасл. формы выклікае пэўныя цяжкасці: галосны мог бы быць (укр. дыялекты ведаюць на яго месцы не толькі i, але і e; славен. дыялекты ведаюць i). Гэтаму не пярэчыць і балт. ei ў роднасных утварэннях: літ. geinỹs, лат. dzeinis ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’. Аднак > > *a (пасля ), а калі < *oi, перад ім не ўзнікае , а *dz > *z. Гэтаму адпавядае польск. dzieńić ’карыстацца дрэвам у бортніцтве’ (SJP, 2, 582: пад dzień II), dzianek ’дрэва, якім карыстаюцца бортнікі’, дыял. dzianka ’борць у старой сасне’ (Карловіч). У форме *žěnь, што адлюстравалася ў бел., рус., укр., чэш., славац., славен., узнікла, магчыма, пад уздзеяннем *žica; польск. dzień уступала ва ўзаемадзеянне з dziać (< *děti) ’рабіць’ (у тым ліку вуллі ў дрэве), што садзейнічала захаванню dz у dziany, якое страчвала сувязь з dzień і атрымлівала з dziać (гл. Bartnictwo ў Глогера, Encyklopedia staropolska, І, 121). На сувязь балт. слоў з рус. указана ўжо ў Мюленбаха–Эндзеліна (1, 540), а Махэк₂ (728) адзначыў роднаснасць ст.-чэш. і славац. з балт. і лац. funis ’канат, матуз’ (дзе можа быць з *oi, Эрну-Мейе, 262). Тады жэнь роднаснае жычка (гл.), прычым можа ўзыходзіць да і.-е. кораня *g​hei̯: g​ (Покарны, 1, 489) і рэканструявацца як *g​hoi̯n‑i‑s. Гл. яшчэ жыла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Збан, жбан ’гліняная пасудзіна’. Рус. жбан, укр. дзбан, збан, польск. dzban, чэш., славац. džban ’тс’, серб.-харв. жба̏н, жба̏њ ’драўляная пасудзіна’, балг. джиба́н, джуба́н ’тс’. Ст.-рус. жбанъ (XVII ст.). Ц.-слав. жбаньць, чбанъ, чванъ (Міклашыч, Lex. palaeosl.). Ст.-бел. (1582 г.) збанокъ (< збанъ). Параўн. ст.-рус. чьванъ (1119 г.), чьбанъ (1144 г.), ст.-чэш. čbán, dčbán, žban, ст.-польск. czban, dzban, zban. Прасл., верагодна, *čьbanъ. Зыходная форма пацвярджаецца венг. czóban ’драўляная пасудзіна для піцця’, якое лічаць запазычаным са слав. (Бернекер, 1, 165; Скок, 3, 672; параўн. MESz, 1, 545). *Čьbanъ нельга адрываць ад групы слав. слоў, прадстаўленых бел. цабэрак (гл.). *Čьbanъ пры выпадзенні ь і азванчэнні č перайшло ў džbanъ, адкуль жбан. Форму dzban Слаўскі (1, 188) лічыць вынікам мазурэння. Тады бел. і ўкр. збан з польск. Для *čьbanъ Фасмер (2, 3–37) схільны прыняць сувязь з літ. kìbti ’вісець’ (збан быццам бы ’пасудзіна для вісення’), што адкідваў Бернекер, 1, 165. Младэнаў (РФВ, 62, 261) параўноўваў з грэч. κύμβη ’чаша, човен’, лац. cumba ’човен’, ст.-інд. kumbhás ’гаршчок’ і інш. (і.-е. *kum‑bh, варыянт *keu‑bh, да якога кубак, Покарны, 1, 591). Гэта асцярожна прымаюць Шанскі, 1, Ж, 278–279; Праабражэнскі, 1, 223; БЕР, 1, 361–362. Слаўскі (1, 187–188) параўноўвае з літ. kibìris ’вядро’, лат. ciba ’драўляная пасудзіна’, што прымае Шанскі. Махэк₂ (138) параўноўвае з грэч. ἴβανος ’збан’. Голуб-Копечны (112) параўноўваюць (наўрад ці абгрунтавана) з карчмаст.-рус. назвай пасудзіны корчага) і пішуць пра манг. крыніцу (якую?). Этымалогія Ільінскага (AfslPh, 34, 4) čьbanъ < *bъčьvanъ аднадушна адкінута. Думка Аткупшчыкова (Из истории, 174–175) ст.-рус. чь‑б‑анъ суадносіцца з і.-е. коранем *(s)ker‑ ’рэзаць’, цікавая семантычна, патрабуе абгрунтавання і тлумачэння ‑b‑. Іншую літ-py гл. у Фасмера, Скока. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́ста1 ’дзіцё, якое песціцца’ (ТСБМ, Мядзв., Касп., Мат. Гом.; пух., лаг., Сл. ПЗБ; зэльв., Жыв. сл.), ’свавольніца’ (Сцяшк. МГ), ’выпеставаны хлапчук, дзяўчынка’ (навагр., Нар. словатв.), пе́сты ’пяшчотныя, ласкавыя адносіны’ (ТСБМ), пе́стун ’пястун’ (Бяльк.), ’збалаванае дзіцё’ (Мядзв.), пе́стак ’малады воўк’ (глыб., Сл. ПЗБ); пе́стаць ’пеставаць’ (брасл., Сл. ПЗБ), чач. пе́стацца ’песціцца’ (Жыв. сл.), пе́ставаць, пе́стываць ’песціць’ (ТСБМ, Касп., Бяльк.), пе́стовацца ’няньчыцца’ (ТС), пе́сціць, пэсьтіті ’любоўна даглядаць, гадаваць; праяўляць ласку; пялегаваць’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Бяльк.; парыц., Янк. Мат.), песціцца ’тс’ (Касп.), ’патакаць у прыхацях дзіцяці’ (Бір. Дзярж.). Укр. пести́ти, пе́стувати і пістовати (Фасмер, 3, 251), рус. пе́стать, пе́статься, польск. pieścić, piastować, в.-луж. pěsćić, чэш. pěstovati, pěstiti, славац. pestovať, славен. pẹ́stovati, старое харв. дуброўн. pjȅstovati, балг. пестя̀ ’ашчаджваць’, ц.-слав. пѣстовати. Прасл. *pěstati і *pěstiti, *pestovati. Шэраг этымолагаў (Міклашыч, 245; Мацэнаўэр, LF, 12, 344; Мее, MSL, 14, 353; Фасмер, 3, 251; БЕР, 5, 190) генетычна адносяць слова да *pitati ’карміць, выжываць’ (Бязлай, 3, 29) — гл. пітава́цца; Махэк₂ (446) разам з Міхалкам (LF, 84, 29) адмаўляе такую роднаснасць, мяркуючы, што трэба выходзіць з асновы *kep‑, якая ў выніку перастаноўкі дала *pek‑ (параўн. ст.-чэш. péči se čim ’клапаціцца аб кім’), і пасля далучыўся пашыральнік асновы суфікс ‑st‑ інтэнсіўнага характару.

Пе́ста2 ’ступа’ (гродз., Нар. сл.; Скарбы), рус. пест ’палка з патаўшчэннем на канцы; калатоўка для замешвання цеста’, ст.-рус. пест ’стрыжань з патоўшчаным круглым канцом’ (XIII ст.), польск. piasta, piazda, piauzda ’калодка кола, якая ахоплівае вось’, н.- і в.-луж. pešta ’тс’, ’песцік’, ’трамбоўка’, чэш. píst, písta ’поршань’, славац. piest ’пранік’, ’поршань’, славен. pẹ́šta, pẹ́sto, pẹ́st ’калодка кола’, харв. кайк. pešča, pešče. Прасл. *pěstъ ’прыстасаванне, якім таўкліся розныя рэчы, зерне, крупы, выбіваўся бруд з бялізны’, роднаснае літ. piestà ’ступа’, piestas ’пест’, лат. pìesta ’ступа’ (< і.-е. *poi̯s‑t‑o‑s), а таксама з літ. paisýti ’ачышчаць зерне ад мякіны’ > бел. пойсаваць (гл.). Дэрыватамі з’яўляюцца словы са значэннем ’абнімаць вакол’ — *pěstovati, *pěstiti > пе́сціць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плат1 ’намітка, галаўны ўбор у беларускіх жанчын накшталт рушніка’ (Малч.), ’хустка’ (пруж., Хрэст. дыял.; Касп.; пруж., Сл. ПЗБ; жлоб., Мат. Гом.; дзятл., Сцяшк. Сл.), ’тоўстая хустка, якою накрываюцца паверх верхняй вопраткі’ (кобр., ДАБМ, камент., 945), плато́к ’хустачка’ (Некр.), ’хустка’ (в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), пла́цік ’палатно, якое ужываецца шапаваламі: намочаны плацік рассцілаюць на стале і на ім раскладваюць слой воўны’ (Дэмб. 2), плату́шка ’хустка, у якую ўвязвалі ежу ў поле’ (паст., Сл. ПЗБ), плато́чак ’пялёнка’ (брагін., Мат. Гом.). Укр. палес. плат ’3–4 м тонкага белага палатна, якім абвіваюць галаву маладой на вяселлі’, зах.-валын. ’пакрывала для нябожчыка’, ’кавалак грубага палатна, у які загортвалі насенне лёну ў час выціскання з яго алею’, бойк. плат, пла́тка ’хустка’, плата́ти ’латаць’; рус. плат ’вялікая хустка’, ’рушнік’, ’абрус’, ’тканіна, павешаная на крыж’, плата́ть ’латаць’, запла́тка ’лапік’; польск. płat ’кавалак палатна, сукна, анучы; ануча, хустка, палотнішча, лата, лахман’; з XV ст. таксама ’кавалак скуры’, płatak ’стракаты конь’; в.-луж., н.-луж. płat ’палатно, тканіна’, płataś ’латаць’, балг. плат ’тканіна, матэрыял’, ст.-слав. плать ’тс’. Прасл. *platъ ’кавалак палатна як грашовая адзінка, тканіна’, якое адносяць да гнязда дзеяслова plesti, pletǫ (Варбат, Этимология–1970, 62–63), і.-е. *plōt‑o‑s ’прымітыўная тканіна, пляцёнка-мата’ (Банькоўскі, 2, 619) < *plet‑, роднаснымі ім можна лічыць літ. platùs ’шырокі’, лат. plats, ст.-грэч. πλατύς ’тс’. Пазней у прасл. *platъ з’явілася значэнне ’кавалак скуры’ (гл. пла́та2). Буга (Rinkt., 2, 516) для прасл. *platъ выводзіць і.-е. *plā‑to, даючы, такім чынам, магчымасць растлумачыць бел. дыял. платва < польск. płatwa ’бэлька’, płatewka ’аскепак, адколатае дрэва’, płatać ’расшчапляць’, укр. бойк. плата́ти ’адколваць’. З *platъ ’палатно як грашовая адзінка’ ўтварыўся дзеяслоў *platiti > плаці́ць (гл.), а са значэннем ’латка’ — дзеяслоў *platati ’латаць’ (Гаўлава, Etym. Brun., 39).

Плат2 ’плацеж’ (Нас.), рус. маск. плат ’плата’. Да плат1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры — прыназоўнік (з М. скл.) і прэфікс, параўн. ст.-слав. при, ст.-рус., ст.-бел. при, укр. при, рус. при, польск. przy, каш. přë (памор. přå̃/přä), палаб. prai‑ (прэфікс.), в.-луж. při, н.-луж. pśi (дыял. pśa), чэш. při, славац. pri, славен. pri, серб.-харв., макед., балг. при. Асноўныя значэнні, якія развіліся на зыходнай праславянскай семантычнай базе: прасторавае з указаннем на цесную блізкасць; указанне на адносіны падпарадкавальнасці, падобнасці, аднесенасці да чаго-небудзь; на наяўнасць чаго-небудзь у каго-небудзь; на час, абставіны, становішча. Найбліжэйшымі паралелямі да прасл. *pri лічацца літ. priẽ ’пры, каля, да’ (жамойц. pry, таксама з нарашчэннем ‑gi: príegi/priẽg) з Р. скл., ст.-прус. prei ’да, пры’ з Д. скл. (Фрэнкель, 652–653; Траўтман, 230; пра праблематыку ст.-літ. постпазіцыйнага ‑pi, які ідэнтыфікуецца з лат. прыназ. píe, прасл. і літ. прыназ. з ‑r‑ гл. Ваян, RÉS, 33, 109). Больш далёкія і.-е. адпаведнікі: ст.-лац. prī, грэч. πάραι ’пры’, ст.-інд. parḗ, таксама хец. pa‑ra‑a = parā ’ўперад, з (адкуль-небудзь)’. Аб іранскім інгрэдыенце ў семантыцы *pri (= *kъ, суадносным з сагдз. kw ’к’) гл. Мартынаў (Язык, 50–51). У якасці прэфікса, які працягвае прасл. *pri‑, утварае перш за ўсё дзеясловы са значэннямі: давядзення дзеяння да канчатковай мэты (прыйсці́, прыхілі́цца); дабаўлення, збліжэння, замацавання чаго-небудзь з чым-небудзь (прыдрукава́ць, прышы́ць); накіравання дзеяння да сябе, выканання дзеяння ў сваіх інтарэсах (прыва́біць, прысво́іць); накіравання дзеяння на прадмет зверху ўніз (прымя́ць, прыці́снуць); паўнаты, вычарпанасці дзеяння (прывучы́ць, прыахво́ціць); непаўнаты, слабой меры дзеяння (прыспа́ць, прыадчыні́ць); суправаджальнасці дзеяння (у дзеясловах на ‑(оў)ва: прыгаво́рваць, прытанцо́ўваць). Утварае назоўнікі і прыметнікі са значэннямі: непасрэднага прымыкання да чаго-небудзь (прыла́знік, прыбра́мнік); дадатковасці (прыпло́д, прыпёк). Большая частка гэтых значэнняў мае агульнаславянскі характар. Гл. таксама Фасмер, 3, 362; Скок, 3, 39; Махэк₂, 492; ESSJ, 2, 210–216 (з падрабязным аглядам літ-ры і версій); БЕР, 5, 690.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяро́ ’пяро птушкі; пяро для пісання; зялёны ліст цыбулі ці часнаку; лопасць у інструментах’ (ТСБМ), ’птушынае пяро’ (Шымк. Собр., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’плаўнік’ (свісл., Шатал.), перо́ ’пяро ў птушкі’ (Сержп., Каз.), ’лапатка ў вясле; перыстая трава; плаўнік у рыбы’ (ТС), ’лускавінка ў шышцы; сцябло цыбулі’ (ПСл), пэро́ ’шырокая частка вясла’ (Маслен.), ж. р. пяра́ ’птушынае пяро’ (даўг., Сл. ПЗБ), пяры́на ’адно птушынае пяро’ (ТСБМ), пяры́нка ’пёрка’ (Бяльк.), укр. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік’, піры́на ’адно пяро’, рус. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; шырокая частка вясла’, польск. pióro ’птушынае пяро; крыло; пяро для пісання; лопасць’, чэш. pero, péro ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, славац. pero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, палаб. perü ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, в.-луж. pjero ’пяро; плаўнік’, н.-луж. pjero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, славен. perȏ ’птушынае пяро; пружына гадзінніка; пяро для пісьма; вастрыё пілы; язычок ключа’, серб.-харв. пѐро ’птушынае пяро; плаўнік; ліст’, балг. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; ліст расліны; лопасць; зялёны ліст цыбулі’, макед. перо ’птушынае пяро; восць коласа; ліст кукурузы; пяро для пісання’. Праслав. *pero ’пяро’, роднаснае літ. spar̃nas ’крыло, лопасць’, лат. spàrns ’тс’, ст.-інд. parnám ’крыло, пяро’, авест. parəna‑ ’пяро, крыло’, перс. parr ’тс’, ням. Farn ’папараць’, што ўзыходзяць да і.-е. *per‑/*sper‑ гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання (перадае трымценне), параўн. Фасмер, 3, 243; Шустар-Шэўц, 2, 1081; Глухак, 475. Менш верагодная іншая версія, згодна з якой праславянская форма параўноўваецца з грэч. πτερόν ’пяро, крыло’, πέιομαι ’ляцець’, ст.-інд. pátram ’крыло, пяро’, лац. penna ’тс’, ст.-в.-ням. fedara ’пяро’, ням. Feder ’тс’, што да і.-е. *ptero < *pet‑ ’ляцець’, параўн. Бязлай, 3, 27; Сной₂, 507; БЕР, 5, 179, насуперак ESJSt, 11, 636, дзе па словаўтваральных крытэрыях аддаецца перавага апошняй версіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рой1 ’сям’я пчол або інш. насякомых, якія ўтвараюць адасобленую групу на чале з маткай’, ’мноства, вялікая колькасць насякомых, птушак, якія носяцца ў паветры’, ро́ем ’чарадой, гуртам, у вялікай колькасці’ (ТСБМ, Бяльк., Стан., ТС, Сцяшк., Сл. ПЗБ; воран., ашм., віл., З нар. сл.). Укр. рі́й, рус. рой, польск. rój, н.-луж. roj, в.-луж. rój, чэш., славац. roj, славен. rȍj, серб. ро̑ј, харв. rȏj, чак. rọ̑j, макед. рој, балг. рой, ро́ят ’рой’, ц.-слав. рои ’замяшанне, мітусня, беганіна, узбуджэнне, непарадак’; ’бунт, сварка’; ’натоўп’; ’чарада, куча’. Сюды далучаюць славац. zdrój, польск. zdrój ’крыніца’. Прасл. *rojь — першапачаткова ’плынь, струмень, паток’, потым — ’вылятанне пчол з мацярынскай сям’і’, — якому адпавядае ст.-інд. ráyas ’плынь, імкненне, бег, паспешнасць, раз’юшанасць’, riṇā́ti ’выпускае на волю’, лац. rīvus ’паток’ < і.-е. *h​3roi̯Ho‑ ’цячэнне, струмень, плынь; бег, ход’ (Траўтман, 243; Уленбек, 245; Фасмер, 3, 496; Брукнер, 461; Махэк₂, 515; Шустар-Шэўц, 2, 1232; Скок, 155–156; Бязлай, 3, 193; Сной₂, 627–628; БЕР, 6, 311–312; ESJSt, 13, 775–776). Роднаснымі да прасл. *rojь з’яўляюцца прасл. *rějati ’цячы’, *rěka ’рака’, *ristati ’спаборнічаць’, *riskati ’бегчы, імкнуцца хутка’, ’шныраць’, ’гойсаць’, *rinǫti ’рынуцца’. Сюды ж: ро́йніца, раёўня, ро́йнік ’посуд, у які збіраюць рой пчол’, ройі́льня, ройны́ця ’тс’ (Жыв. НС, Сл. Брэс., З нар. сл., Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Гл. таксама райнік.

Рой2 ’запаленне малочнай залозы’ (шальч., Сл. ПЗБ). Няясна.

Рой3 ’гайня ваўкоў’ (глыб., ЛА, 1; астрав., лельч., ЛА, 5) — пад уплывам народнай этымалогіі нібыта адносіцца да рой1 ’мноства, стада, стая’, таму і знешняе падабенства. Аднак лексема ўзыходзіць да руя́ ’тс’, ’зграя, стада ваўкоў у перыяд цечкі’ (Сл. ПЗБ), гл., магчыма, з польск. ruja ’цечка, гон’ < ст.-чэш. řújě, říjě ’перыяд цечкі ў аленяў’, суч. říje < прасл. *reuti/*rou‑ti ’раўці, рыкаць’ > бел. раўці (гл.). Параўн. лат. raunas laiks ’марцаванне катоў’. Не выключаецца ад’ідэацыя лексем юр, юра́ ’гайня ваўкоў’ (ЛА, 5).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)