Гамёлка ’луста, кавалак’ (Сцяшк. МГ). Няяснае слова. Магчыма, першапачатковым значэннем было ’штосьці тоўстае, вялікае, нязграбнае’. Тады можна параўнаць з укр. дыял. гаме́ла ’тоўсты, непаваротлівы чалавек’ (Грынч.), чэш. дыял. gámeľa ’дурны, нехлямяжы’ (гл. Махэк₂, 149, дзе даецца вельмі няпэўная этымалогія). Для ўкр. слова Рудніцкі (554–555) прапануе з запытаннем сувязь з гам!, га́мати ’есці’. Што можа быць сувязь з ’есці’ і ’луста’ параўн. у Насовіча: га́мзаць, гамзі́ць ’есці’, гамзу́ля ’вялікая луста хлеба’. Да чэш. дыял. gámeľa і да магчымых сувязей гэтай групы слоў з лексемамі са значэннем ’есці’ параўн. яшчэ Слаўскі, 1, 253–254 (пад gamajda).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)