Жы́чка ’чырвоная стужка’ (абл., ТСБМ). Рус. дыял. жи́чка ’ваўняная пража’, ’суровая нітка’, тул. жи́ча ’кайма, падшыўка’, перм., сіб., кур., пенз. ’чырвоны гарус’, укр. жи́чка ’чырвоная шарсцяная нітка’, ’шарсцяная ці шаўковая тасьма’, польск. życzka ’чырвоная стужка ці тасёмка’, балг. жичка ’нітка’ (Гераў). Параўн. славен. žica ’дрот’, серб.-харв. жи̏ца ’пасма, нітка, дрот, жыла’, балг. жѝца ’дрот’, разм. ’нітка’, дыял. ’сцябло гарбуза, кавуна і г. д.’, макед. жица ’нітка, дрот’, ’слой зямлі’, ’наследнік’. Прасл. *žika > *žica ’стужка, пасма, нітка’. Літ. gijà ’нітка ў аснове тканіны’, лат. dzija ’тс’, а таксама ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’, вед. jiya ’цеціва’, ст.-іран. ǰiyā ’жыла’, грэч. βιός ’лук’. Узыходзіць да таго ж і.-е. кораня, што жыла (гл.): *gu̯heiə‑, *gu̯hī‑ ’жыла, стужка’. Покарны, 1, 489; Фасмер, 2, 57–58; БЕР, 1, 549; Брукнер, 669; Скок, 3, 679–680; Траўтман, 87. Корань gu̯hī‑ атрымаў у слав. ‑k‑ (Мейе, Études, 209) і трансфармаваўся ў *ži‑k‑; з памянш. суфіксам *‑ьk‑ атрымліваецца жычка (форм. žica мае ‑c‑ па бадуэнаўскай палаталізацыі). Аб прасл. *žica ў суч. слав. мовах гл. Чумакова, Совещание по ОЛА (Ужгород, 25–28 сентября 1973 г.). Тезисы докладов. М., 1973, 80–82. Значэнне ’чырвоная стужка’ ў бел., укр., польск. сфарміравана, відаць, не незалежна, не выключана, што распаўсюджана з польск.