захава́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Не прапасці, не знікнуць; застацца ў наяўнасці. Цяпер жа дрэвы парадзелі, і ўвесь парк прасвечваўся з аднаго канца ў другі... Захаваўся толькі барок на адным з узгоркаў. Хадкевіч. Аб жыцці і творчасці Паўлюка Багрыма захавалася мала дакументальных звестак, нічога пэўнага не могуць сказаць яго землякі. С. Александровіч. // Не змяніцца, застацца ў ранейшым стане. — Дзіўна, як голас .. у чалавека захаваўся. Чорны. // Застацца ў каго‑н., пры кім‑н.; не страціцца. Я ля брамкі стаю. Прыглядаюся пільна і строга. Штосьці ўсё ж захавалася, штось пазнаю Ад таго птушаняці малога. Гілевіч. // перан. Утрымацца ў памяці, запомніцца. У галаве цьмяна захаваліся толькі некаторыя эпізоды [сустрэчы з Данутай]. Карпюк. У мяне трывала захаваліся ў памяці вялікі луг з густой і высокай травой і дубы на беразе Сажа. Шамякін.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не папсавацца, не пашкодзіцца. Бульба ў склепе добра захавалася.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не прайсці, не страціцца (пра пачуцці, настрой). І хоць часу прайшло багата і абое яны сталі не такія, якімі былі шмат гадоў назад, але ж колішняя прыязнасць захавалася. Новікаў. Ваяўнічы, прыўзняты настрой захаваўся ў Міхала і назаўтра. Карпаў.
4. Разм. Размясціцца так, каб другія не маглі ўбачыць, знайсці; схавацца. Па бацькавых старых плячах Гуляў бізун белапаляка... Са страхам жудасным у вачах Сын захаваўся й горка плакаў. Чарот. // Стаць нябачным або малапрыметным сярод чаго‑н., у чым‑н. Рады бярозавых крыжоў.. амаль што захаваліся ў густых зялёных травах. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.
1. Рэзкім рухам, рыўком (рыўкамі) раздзяліць на часткі; разадраць. Я .. зняў кашулю, разарваў яе і пачаў ладаваць перавязку. Якімовіч. Дзядзька яшчэ гаварыў, што сена трэба браць цэлым ахапкам, бо калі яго разарвеш, дык, бывае, і рублём не паспееш прыціснуць, як увесь воз рассунецца... Дайліда. // Прарваць што‑н. у адным або некалькіх месцах. [Аксане] мог на ўвесь дзень сапсаваць настрой няўдала звараны боршч ці тое, што Галя ўпала і разарвала сукенку. Васілевіч. // Парваўшы, распячатаць. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка. // перан. Раптоўна і рэзка парушыць (цішыню, змрок і пад. — пра рэзкія гукі, яркае святло і пад.). Трэск матацыклаў разарваў хвілінную цішыню на паляне. Лынькоў. Слупы агню і дыму разарвалі начную цемру... «Маладосць». // Утварыць разрыў або разрывы ў чым‑н., паміж чым‑н. Прыляцелі ветры, разарвалі хмары, разагналі іх па небе. Галавач.
2. Парваўшы на часткі, кавалкі, забіць; задраць. Рэдка сюды [у лес] хто заглядаў.. Магчыма, прычынаю гэтаму было тое, што ўсяго тры гады назад ваўкі сярод дня разарвалі тут лесніка. Шамякін. Жанчыны накінуліся на .. [паліцая] з усіх бакоў і, каб не партызаны, разарвалі б па месцы. Мележ.
3. звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр. Узрывам разнесці на часткі, асколкі. Жалезнымі аскабалкамі прасвісталі ў паветры часткі разарванага катла і платформы. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Снарадам разарвала чалавека.
4. перан. Спыніць, парваць (адносіны, сувязь і пад.). Разарваць дыпламатычныя адносіны. □ Няўжо нельга зрабіць так, каб не разарваць дружбы? Шамякін.
•••
Каб цябе (яго, яе) разарвала (лаянк.) — ужываецца як нежаданне непрыемнасці, няшчасця каму‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́яць, сею, сееш, сее; незак., што.
1. і без дап. Раскідваць насенне па падрыхтаваную для сяўбы глебу. Сеяць жыта. Сеяць лён. □ Хлопцы сеялі, касілі, Як паспее жыта, жалі, Адным словам — не ляжалі. Крапіва. Ухадзіўся з работаю дзядзька Марцін. Яшчэ на тым тыдні скончыў сеяць грэчку. Колас. // Спец. Змяшчаць (мікраарганізмы) у пажыўнае асяроддзе для вырошчвання.
2. перан.; Распаўсюджваць сярод людзей (асвету, ідэі, чуткі і пад.). Сеяць добрае. □ К. Каліноўскі.. хадзіў ад вёскі да вёскі, сеяў у народзе веру ў лепшую будучыню. С. Александровіч.
3. перан. Раскідваць, распыляць, што‑н. Цяжкія хмары нізка валакуцца над.. [зямлёю] і прабуюць сеяць на яе цёплую імглу. Чорны. Неба сеяла цяпло, Цёплы дожджык церушыў, Ў думках радасна было, Беглі песні ад душы. Купала. Вецер, мабыць, разагнаў хмары, і пухлячок-маладзік сеяў на зямлю кволы россып сіняватага агню. Асіпенка. // без дап. Ісці, падаць (пра дождж, снег). На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж. Шамякін.
4. Разм. Засяваць (якую‑н. плошчу зямлі). Сеяць загон.
5. Прасейваць. Сеяць муку.
•••
Сеяць смерць — несці смерць каму‑н., забіваць каго‑н. Проста з неба ляцяць на дзяцей [самалёты], Сеюць смерць кулямёты. Куляшоў.
Сеяць смуту — распаўсюджваць трывожныя чуткі, падбухторваць на бунт, выклікаць хваляванні.
Хоць мак сёй — і не зварухнецца.
Хоць рэпу сёй — а) пра што‑н. вельмі бруднае. Бацька не раз гаварыў [Міхасю]: «Ну, брат, у цябе і вушы: хоць рэпу сёй!» Колас; б) як і не было нічога. — І ўвесь двор згарэў? — Увесь, пане: чыста, гладка, хоць рэпу сёй. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упе́рці, упру, упрэш, упрэ; упром, упраце; пр. упёр, уперла; заг. упры; зак., каго-што.
1. Разм. З цяжкасцю ўпхнуць, уціснуць куды‑н. Уперці рэчы ў чамадан. // перан. Груб. З’есці многа. Закупіў бы рыбы, мяса, Кіло кракаўскай каўбасы, Хлеба белага з паўгорбы І, дальбог, адзін упёр бы! Васілёк.
2. Разм. Унесці, уцягнуць куды‑н. што‑н. цяжкае, грувасткае. Уперці раяль у хату.
3. Шчыльна прыціснуць што‑н. да чаго‑н. канцом, краем, робячы ўпор. Сотнікаў пацягнуўся рукамі з вінтоўкай, каб уперці прыклад у плячо. Быкаў. Генерал упёр бараду ў грудзі і гэтак, з апушчаным тварам, хацеў падацца назад у вагон. Чорны. [Сузон] высек тоўсты дубовы кол, каб падперці клець. Упёр кол канцом адным у зямлю, а другім у шула. Галавач. // Узяцца ў бокі, прыняць ганарлівую паставу. — Ну, што скажаш? — Цаліна ўзяла.. [Сароку] за падбародак, прымусіла ўзняць галаву, адпусціла. Рукі ўперла ў бокі і чакала адказу. Ваданосаў. // перан. Утаропіць вочы на каго‑, што‑н. Я нешта прамычаў, а ксёндз упёр у мяне вочы і наўмысна трымаў мяне некалькі хвілін у такім разгубленым стане. Карпюк.
4. Разм. Навязаць каго‑, што‑н. каму‑н. — Працуе тут у домакіраўніцтве адна. У інстытут не прайшла, дык да нас упёрлі. Даніленка. [Яніна] праклінае бацьку, як самага благога свайго ворага, за тое, што ўпёр яе ў гэтую сям’ю. Мурашка. // перан. Патраціць, выдаткаваць (грошы). [Якаў:] — А хіба Халуста здольны на такое, калі ён свайго Мікалая поедам жарэ кожны дзень, што грошы за яго ўпёр. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Прасунуцца ўнутр чаго‑н. Дзверы нясмела адчыніліся, і ў пакой усунулася кепачка з пакамечаным брылём, а потым худы хлапечы твар. Арабей. Мала, зусім мала часу спатрэбілася Крукаву на тое, каб праз адчыненыя дзверцы ўсунуцца ў топку, паставіць на сваё месца каласнік. Васілёнак. // Улезці, паказацца ў чым‑н. Час ад часу ў вокны ўсунецца твар, як крэйда, збялелы, паглядзіць і расплывецца дзесьці ў цемені камеры. Нікановіч.
2. Разм. Уваліцца, праваліцца куды‑н. Бацька сказаў, нібы адгадаўшы маю думку: — Мабыць, усунуўся нехта ў багну.. І чорт яго пагнаў, не праведаўшы дарогі!.. Кулакоўскі. // Трапіць, папасці ў што‑н. А Якава збракавалі!.. Па вачах не падышоў і руку некалі зламаў. .. Мабыць, у машыну ўсунуўся, калі ў дэпо рабіў. Чарнышэвіч. Міша сігануў праз канаву, усунуўся адным ботам у глыбокую гразь, потым ускраем балацявіны абагнуў Нятрэсеў хутар з тыльнага боку. Арочка. // Утапіцца. Было іх, рэчак, часамі на ноч і па дзве, і па тры. Але такой шырокай не было. І так яны, хлопцы, яшчэ не сядзелі. — Я паплыву прыганю [лодкі], — сказаў Алесь. — Усунешся яшчэ. Брыль.
3. Разм. Увайсці куды‑н. павольна, ледзь перастаўляючы ногі. У карчму не ўвайшоў, а неяк цішком, прыгнуўшыся, усунуўся Апанас Хмель. Пестрак. Рыпнулі дзверы, і ў адрыну ўсунуўся Мікіта, Ігнасёў аднагодак. Чарнышэвіч. З гэтымі словамі ў пакой усунулася.. мажная кабеціна, пудоў на дзесяць вагою. Дубоўка.
4. Разм. Умяшацца, ублытацца ў што‑н. Справа магла наблізіцца да нейкага кампрамісу, але ў аркестроўку ўсунуўся Ядловец і.. перарваў дыспут. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цёмны, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены святла, асвятлення. Ночка цёмная глядзела Ды цямнейшай стала, Адна зорка мігацела, І тая прапала. Купала. Па адным, па двое, прабіраючыся цёмнымі завулкамі, дабраліся-такі дамоў. Мядзёлка.
2. Які па колеру блізкі да чорнага; проціл. светлы. Тут было глыбока, і вада мела цёмны колер ад гэтай глыбіні. Колас. — У мяне сёння другі шчаслівы дзень у жыцці... — загадкава ўсміхнулася Волька, ускінуўшы на мужа вялікія цёмныя вочы. Васілевіч.
3. перан. Невясёлы, змрочны, пануры. [Зося:] Цёмныя думкі не пакідаюць мяне ні на хвіл[іну]. Гартны.
4. перан. Які не адпавядае маралі, нормам паводзін, што ўстаноўлены грамадствам. Пасля ўчарашніх панібрацкіх адносін Яшкі з шайкай Мішкі Малыша Максім усё больш пераконваўся, што Яшка — цёмная асоба. Машара. Перш за ўсё Саўка Мільгун размашысты чалавек, шырокая натура і гультай. Гаспадаркаю ён не займаўся, гуляў, выпіваў, трохі краў і прыставаў да розных цёмных людзей. Колас. [Назарэўскі:] — Як адбылася ўся гэтая цёмная справа, я сам папрасіўся сюды паехаць. Чорны.
5. перан. Непісьменны, некультурны; адсталы. Пайшоў Антось у армію цёмным хлопцам і вырас у барацьбе да камандзіра, навучыўся грамаце, стаў камуністам. Чарнышэвіч.
6. перан. Няясны, незразумелы. Цёмны сэнс выказвання. Цёмныя месцы старажытнага рукапісу.
7. у знач. наз. цёмная, ‑ай, ж. Уст. Памяшканне для арыштаваных, карцэр. Тады па загаду пана Снядэцкага нас [сялян] схапілі, пасадзілі ў цёмную. Праз тры дні вывелі нас на вуліцу. Каваль.
•••
Цёмная вада гл. вада.
Ад цёмнага да цёмнага — з ранку да вечара.
Цёмнае царства гл. царства.
Цёмны лес для каго гл. лес.
Цёмныя сілы гл. сіла.
Як у цёмным лесе гл. лес.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хлеб м.
1. хлеб, род. хле́ба м.;
2. (зерно) збо́жжа, -жжа ср.;
3. (хлебные злаки) збо́жжа, -жжа ср., збажына́, -ны́ ж.;
4. (каравай) бу́лка, -кі ж. (хле́ба); бо́хан, -на м., буха́нка, -кі ж.;
5. перен. (пропитание) хлеб, род. хле́ба м.;
◊
жить на чужи́х хлеба́х на ласка́вым хле́бе быць; жыць як у Бо́га за дзвяры́ма;
хлеб насу́щный хлеб надзённы;
перебива́ться с хле́ба на квас ты́дзень з але́ем, ты́дзень гале́ем; ча́сам з ква́сам, а паро́ю з вадо́ю; калі́ прасна́к, а калі́ і зусі́м так; адзі́н раз гу́ста, другі́ раз пу́ста;
хлеб-со́ль хлеб-со́ль;
хлеб да соль хлеб ды соль;
хле́бом не корми́ хле́бам не кармі́;
и то хлеб і гэ́та хлеб;
сухи́м хле́бом пита́ться аб адны́м хле́бе жыць;
без хле́ба сиде́ть без хле́ба сядзе́ць;
иска́ть лёгкого хле́ба шука́ць лёгкага хле́ба.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
Тачы́ць 1 ’вастрыць, завострываць’, ’вырабляць што-небудзь на такарным станку’, ’дзіравіць, пашкоджваць (пра насякомых, грызуноў; пра дзеянне вады, ветру)’; ’неадступна мучыць, пазбаўляць сіл (пра хваробу, думкі, пачуцці і пад.)’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’вастрыць’, ’рыць; грызці’ (Сл. ПЗБ), ’вастрыць’ (Бяльк.; ашм., Стан.; Сержп. Прык.), ’дзіравіць, прагрызаць’ (Нас.), ’наточваць’ (Ласт.), точы́ць ’грызці, рыць; усоўваць’ (ТС), точы́ть ’вастрыць’ (Вруб.); сюды ж тачы́цца ’лезці, рабіць хады’ (Федар. 4), точы́цца ’лезці, чапляцца’ (ТС). Укр. точи́ти ’вастрыць; апрацоўваць’, ’грызці, праядаць’; ’пазбаўляць сіл, здароўя’, рус. точи́тъ ’вастрыць; грызці’, стараж.-рус. точити ’праядаць’, польск. toczyć ’вастрыць’, в.-луж. točić ’вастрыць; грызці’, н.-луж. tocyś ’тс’, чэш. točit ’вастрыць, выточваць’, славац. točiť ’тс’, серб.-харв. то̀чити ’вастрыць; грызці’, балг. то́ча ’вастрыць’, макед. точи ’тс’. З прасл. *točiti ’вастрыць, абточваць’, якое звязана з *točiti ’гнаць, прымушаць бегчы’ > ’абточваць, паварочваючы’. З падобным развіццём семантыкі літ. tekė́ti ’бегчы’ і ’вастрыць’ (Брукнер, бі). Славянскія словы збліжалі з арм. tʼekʼem ’кручу, пляту, намотваю’, лац. texere ’ткаць, плесці’ (ЕСУМ, 5, бі 1; Фасмер, 4, 90; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 478; Махэк₂, 637–638).
Тачы́ць 2 ’наліваць’ (Сл. ПЗБ), ’ліць, цадзіць’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. точити ’выдзяляць, раздаваць’, ’рассыпаць’, войну точити ’ваяваць’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж тачы́ць вайну́ ’сварыцца, вадзіцца’ (Сл. ПЗБ), тачы́цца ’ліцца, вылівацца’ (Байк. і Некр.), ’ліцца; сыпацца патрохі’ (Нас., Стан.), ’працякаць’ (Ян.), ’паўзці, імкліва пранікаць’: мухі ў хату точуцца (в.-дзв., Сл. ПЗБ), вада точыцца (ашм., Сл. ПЗБ), ’рухацца, перамяшчацца’: рак точыцца назат (гродз., Сл. ПЗБ), точы́цца ’сачыцца’ (ТС). Укр. точи́ти ’ліць, выпускаць (вадкасць), цадзіць’, точи́тися ’цячы, выцякаць’, рус. точи́ть ’выпускаць (вадкасць)’, стараж.-рус. точи́ти ’выдзяляць вільгаць; праліваць’, польск. toczyć ’разліваць’, чэш. točiti ’ліць, цадзіць’, славац. točiť ’цадзіць, наліваць’, славен. točiti ’ліць’, серб.-харв. то̀чити ’наліваць, ліць; цячы, ліцца’, балг. точа ’цадзіць, наліваць, разліваць’, макед. точи ’тс’, ст.-слав. точити ’выпускаць (вадкасць); гнаць, пераследаваць’. З прасл. *točiti ’пускаць, бегчы, цячы; гнаць’, каўзатыва ад *tekti ’цячы’ (ЕСУМ, 5, 610; Чарных, 2, 254; Фасмер, 4, 90; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 478; Махэк₂, 637–638). Паводле Борыся (637), аднаго паходжання з папярэднім словам (гл.), пры гэтым прасл. *točiti мела агульнае значэнне ’рабіць так, каб нешта цякло, плыло’, ’перамяшчаць нешта, надаючы яму вярчэнне’, ’апрацоўваць прадмет, верцячы яго’. Параўн. і тачаць, гл.
Тачы́ць 3 ’падаўжаць, сточваць адно з адным’ (калінк., Сл. ПЗБ), точы́ць ’тс’ (ТС). Гл. папярэдняе слова; у аснове значэнне ’круціць, віць’.
Тачы́ць 4 ’расціраць, церці’: тачылі ягады на машынку (рагач., Сл. ПЗБ). Гл. тачы́ць 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ту 1 — экспрэсіўнае слова ў выразах: ту, якій ты! ту на цябе! ту цябе! ‘цьфу’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.; полац., Нар. лекс.). У адным з першых літаратурных твораў: Ці не пісацель? / Ту! Не, паночак, /Я Тарас (К. Вераніцын, Тарас на Парнасе. Паэмы. Мінск, 2009, 18). Часта як выраз незадавальнення, нязгоды. Звычайна разглядаецца як варыянт выклічніка тфу (гл.) у сувязі з неарганічным характарам ф у беларускай народнай мове, параўн. яго замены на тпху, тху (гл.), цьху і пад. Параўн., аднак, рус. ту: ту, голова! ‘эх ты!’, серб. цімак. ту́ ‘выклічнік незадавальнення, раздражнення’, макед. ту што ми стори ‘ox, што ты нарабіў’, балг. дыял. а́ бре, ту́ бре! (раздражненне, гл. СбНУ, 38, 50), што сведчыць пра магчымае аднясенне выклічніка да т. зв. першасных інтэр’екцый (Смаль-Стоцкі, Приміт., 19), прадстаўленага ў складзе выклічнікаў тыпу агату, ату, туга (гл.) і інш. Дапускаецца дэістычнае паходжанне, гл. ESSJ SG, 2, 701.
Ту 2 ‘тут, сюды’ фалькл.: Братовая золвы на ночь просить : / Ту ту ту! — Моя золвица, моя сястрыца, / Ту ту ту (Бяс., 40); Ту, цимболисты и скрипки играют… (С. Полацкі), ту-ту-ту — падзыўныя для гусей (ДАБМ, камент., 896); ст.-бел. ту ‘ў гэтым месцы; туды, сюды; тады; у даным выпадку’ (1388 г., ГСБМ). Параўн. укр. дыял. ту ‘тут’, рус. фалькл. ту ‘ў той час, тады’ (СРНГ), польск. tu ‘тут; цяпер, у гэтым месцы; дагэтуль, адсюль’, чэш., славац., в.-луж., н.-луж. tu ‘тс’, харв., серб. tû, славен. tù ‘тс’, ст.-слав. тоу ‘там, тут, тады, у тым месцы’. Прасл. *tu вытворнае ад займенніка *tъ (гл. той) з няясным па паходжанні ‑u (агляд праблематыкі ў літаратуры гл. ESSJ SG, 2, 697–701; ESJSt, 17, 996; пра ст.-бел. формы гл. Крамко, Мова бел. пісьм., 276). Сучаснае дыялектнае ўжыванне, напр., ту ‘тут’ (воран. Сл. ПЗБ), а таксама познія старабеларускія формы пад уплывам польскай мовы, гл. Булыка, Запазыч., 326. Паводле Шустар-Шэўца (1553), вакалізацыя, як у н.-луж. ku < прасл. *kъ, гл. к.
Ту 3 — размеркавальны злучнік то … то: ту чуеш у гэтай песні страшны голас дзікага звера, ту смех шалёнага, ту нудны крык нішчаснага, ту плач беднага чалавека (Я. Колас). Параўн. аналагічныя злучнікі: макед., балг. ту … ту, польск., чэш. tu … tu. Функцыянальна ідэнтычна займеннікавым утварэнням ад *tъ, у першую чаргу *to (гл. та, то), адносна паходжання гл. ESSJ SG, 2, 701. У беларускай літаратурнай мове выціснута пад уплывам рускай мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
хутка, скора, шпарка, быстра, спешна, паспешна, паспешліва, спехам, спяшаючыся, торапка, таропка, тарапліва, жвава, мігам, уміг, імкліва, імпэтна, імгненна, вокамгненна, увачавідкі, ураз, умомант, бегла, маланкава, кулём, стрымгалоў, наўскач, бягом, бегма, лёцьма, улёт; наскора, духам (разм.); шыбка, моцна, борзда, борздка, хапатліва, хапліва, упохапкі, хапаючыся, вобмельгам, вомегам, вобцас, кумільгом, кумільгна, наўскапыта, учвалам, угрунь, сугрунём (абл.); ліхаманкава, шалёна, ашалела, птушкай, каменем, куляй, стралой, ветрам, віхрам, агнём, перуном, маланкай, безаглядна (перан.) □ у хуткім тэмпе, на скорую руку, спешным парадкам, наспех, у той жа час, у адзін момант, як адзін момант, у хвіліну, за адну хвіліну, у мінуту, у імгненне, у адно імгненне, у імгненне вока, у міг вока, у два мігі, у вачах, на вачах, як бачыш, як відзіш, як на дражджах, не па днях, а па гадзінах, на ўвесь дух, ва ўвесь дух, у адзін дух, адным духам, што ёсць духу, адным дыхам, колькі сілы, што сілы, на ўсю сілу, як дуж, як мага, на ўсе жылы, адным махам, у абгонкі, на хаду, на ўвесь ход, на поўны ход, на ўвесь скач, на адной назе, ва ўсе ногі, з усіх ног, з усіх чатырох ног, не чуючы ног, у два скокі, ва ўсе лапаткі, на злом галавы, на злом шыі, з усіх капытоў, без аглядкі, як на пажар, высалапіўшы язык, як куля, як корак з бутэлькі, як птушка, на крылах, на крыллях, як маланка, як страла, як вецер, як віхор, на ляту, раз-раз, раз-два
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)