такт 1, ‑а, М ‑кце, м.

1. Метрычная музычлая адзінка — кожная з роўных па працягласці долей, на якія дзеліцца музычны твор па ліку метрычных націскаў у ім. Трохдольны такт. Трымаць ноту тры такты. // Графічнае абазначэнне мяжы такой долі ў выглядзе вертыкальнай лініі.

2. Разм. Рытм якога‑н. руху, дзеяння. Залатыя цапы Выбівалі прыглушана такт: — Так-так-так! Блатун. Танцоры ўсё павялічваюць тэмп, ногі ўсё хутчэй і хутчэй адбіваюць такт. «Полымя».

3. Спец. Частка рабочага цыкла якога‑н. механізма. Такт поршня паравой машыны.

•••

У такт — у адпаведнасці з рытмам чаго‑н. Андрэй ужо думаў, што з яго ніколі не выйдзе сявец, як раптам адчуў, што ногі яго ступаюць у такт руцэ, а рука сыпле зярняты ў такт крокам. Чарнышэвіч.

[Ням. Takt ад лац. tactus — дакрананне, дотык.]

такт 2, ‑у, М ‑кце, м.

Пачуццё меры, якое падказвае найбольш правільны падыход, найбольш далікатную лінію паводзін у адносінах да каго‑, чаго‑н.; захаванне правіл прыстойнасці. Трымаць сябе з тактам. Адсутнасць такту. Педагагічны такт. □ [Марынчук:] — Дзе б такт праявіць, вытрымку, калі ўжо так атрымалася, а ты [Дробаў], бач, напіўся, рукі ў ход пусціў. Ракітны. Дунін-Марцінкевіч праявіў вялікі такт пісьменніка, каб, у адпаведнасці з жыццёвай праўдай, прымусіць сваіх дваран дзейнічаць «у сферы свайго побыту, свайго характару і тых абставін, пад уплывам якіх яны знаходзяцца». «Полымя».

[Фр. tact ад лац. tactus — дакрананне, дотык.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ува́рвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да уварыцца.

2. Зал. да ува́рваць.

уварва́цца, ‑рву́ся, ‑рве́шся, ‑рве́цца; ‑рвёмся, ‑рвяце́ся; зак.

1. Увайсці сілай, пераадольваючы перашкоды. Пад вечар рота прабіла абарону і ўварвалася ў сярэдзіну варожага апорнага пункта. Мележ. Дзверы, зашчэпленыя на кручок, з сілай былі расчынены, і ў магазін уварваўся мужчына. «Звязда». На станцыю мы ўварваліся з поўнага ходу і ўсім агнём абрушыліся на ворага. Ракітны. // Бесцырымонна пранікнуць куды‑н., вельмі хутка ўвайсці, убегчы, уехаць куды‑н. Мімаходзь кінула [Ліза] на стол папку і ветрам уварвалася ў бацькаў кабінет. Сачанка. // перан. Умяшацца ў што‑н. Якая яна, гэтая жанчына, што так нахабна ўварвалася ў .. асабістае жыццё [Люсі]? Шашкоў.

2. перан. Хутка пранікнуць куды‑н. (пра гукі, пахі і пад.). У зямлянку разам з марозным паветрам уварваўся напружаны і цяжкі гул матораў. Паслядовіч. Цёплае красавіцкае паветра ўварвалася ў пакой, напоўніла яго веснавой свежасцю. Васілевіч. Павольна наблізіўся вялікі, ярка асветлены будынак. Яго святло ўварвалася праз акно ў адзін кут купэ. Васілёнак. // Імкліва напоўніць сабою, пранікнуць (пра думкі, пачуцці, здарэнні і пад.). У галаве [Несцера] бліснула думка, што патрэбна хата новая і інакшая. Нават неяк спалохаўся стары такое думкі, але што зробіш, калі яна ўварвалася так неспадзявана. Пестрак. Гаравала бабка Наста. Гэткае ж ліха ўварвалася ў іх жыццё! Колас. Вайна ўварвалася ў лёс Акіліны, як урывалася яна ў тысячы другіх жаночых лёсаў. Шкраба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усплы́сці і усплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. усплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.

1. Узняцца з глыбіні вады на паверхню. Бервяно з разгону ўдарылася ў човен і перакуліла яго. Захарка і Уладзік апынуліся ў бурлівай рацэ. Першым усплыў на паверхню Уладзік. Сіняўскі. Вось звер усплыў, але тут жа прагучаў стрэл, і морж знік з вачэй разам з паплаўком. Бяганская. // Паказацца, з’явіцца. Над морам, над цёплым узбярэжжам, над садам усплыў месяц — вялікі, белы, ясны. Лось. З-за лесу ўсё вышэй уставала сонца. Калючы, яшчэ халодны шар яго ўсплыў над вершалінамі і, нібы здзіўлены, на імгненне застыў на месцы. Хадановіч. / у перан. ужыв. З лагчыны ў туманным хмызе Усплыў нейкі дзіўны гук — Быццам там З-пад лядка прабіўся І забулькаў у лозах Раўчук... Арочка. Скора, скора з выраю, З цёплага паўдня, З песняй жураўлінаю Ўсплыве вясна. Кляшторны. // перан. Паўстаць, з’явіцца ў памяці, думках і пад. Нешта далёкае, даўно забытае ўсплыло і трывожна затрымцела ў маёй душы. Палтаран. Па дарозе зноў у думках усплыло мінулае. Дуброўскі.

2. перан. Стаць вядомым, выкрыцца, выявіцца. Зноў усплыло гэта пытанне. □ Нарэшце й Жору, акрамя Дачкі, Фаміч меў на прыкмеце. Вось так Супонькава імя Усплыло, вядомым стала ў свеце. Бачыла.

•••

Усплысці (усплыць) наверх (на паверхню) — тое, што і выйсці наверх (на паверхню) (гл. выйсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штат 1, ‑а, М штаце, м.

1. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў некаторых буржуазных і федэратыўных дзяржавах, якая карыстаецца пэўнай ступенню самакіравання. Аўстралійскія штаты. □ Працяглая барацьба рабочага класа за скарачэнне рабочага дня прывяла да таго, што ў ЗША ў многіх штатах былі выдадзены законы аб 8‑гадзінным рабочым дні. «Звязда».

2. толькі мн. (шта́ты, ‑аў). Назва саслоўна-прадстаўнічых устаноў, якія існавалі ў Нідэрландах і Францыі. Генеральныя штаты.

[Ад ням. Staat — дзяржава.]

штат 2, ‑у, М штаце, м.

1. звычайна мн. (шта́ты, ‑аў). Дакумент, які вызначае склад супрацоўнікаў якой‑н. установы і ўказвае іх пасаду і аклад. Зацвярджаць штаты. Рэгістраваць штаты. Пераглядаць штаты.

2. Пастаянны, зацверджаны, устаноўлены склад супрацоўнікаў якой‑н. установы. Штат гасцініцы невялікі. Адна дзяўчына — адміністратарка, яна ж і бухгалтар, і касір. В. Вольскі. [Зубараў:] — Вельмі рад мець у сваім штаце такую чароўную жанчыну. Новікаў. Намеснік старшыні Цяцера (Па штату ён — і аграном) Малюе табель — на фанеры Выводзіць лічбы за сталом. Калачынскі. // Разм. Колькасць, склад асоб, якія маюць дачыненне да каго‑н. — О, не, — прамовіў Лабановіч, — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас.

3. У ваенна-марскім флоце — нарукаўны знак адрознення матросаў па спецыяльнасці.

•••

Належыць па штату — пра тое, што адпавядае службоваму, грамадскаму становішчу, заслугам і пад. каго‑н.

[Ням. Staat.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вы́рай, вы́рый ’цёплыя краіны, куды птушкі адлятаюць восенню; чарада пералётных птушак (або адна птушка), якія першымі з’яўляюцца вясной’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Гарэц., Мал., Нікольскі, Федароўскі, 1), вы́ріі ’птушкі, якія прылятаюць вясной і адлятаюць восенню’ (КЭС), выро́я (Мядзв.), вы́рья, вы́рія ’тс’ (Яшк.). Рус. и́рей, и́рий, род. скл. и́рья ’паўднёвы цёплы край, куды птушкі адлятаюць на зіму; казачная краіна’, вы́рей ’жаваранак; усякая птушка, якая адлятае восенню’; ’казачная краіна’, ст.-рус. ирии, род. скл. ирьꙗ ’паўднёвыя краіны’, укр. ви́рей, ви́рій, польск. дыял. wyraj ’тс’. Па традыцыйнай версіі запазычанне з іран. *airyā (dahyu‑) ’арыйская краіна’; параўн. асец. ir ’асеціны’ (Фасмер, 2, 137 і наст.; там жа падрабязна і інш. літаратура). Гіпотэза Брукнера (195) аб прыстаўцы і‑ і сувязі з рай непераканаўчая. Ільінскі (РФВ, 74, 139) зыходзіць з *vyrojь, што тлумачыць укр. ви́рій, але па прычыне існавання ст.-рус. ирии укр. форма, відавочна, — вынік народнай этымалогіі. Паводле Мартынава, БЛ, 1975, 7, 69, крыніцай усходнеслав. слоў (польск. wyraj < бел. вырай) з’яўляецца заходнебалт. pluralia tantum *i̯uriai̯ (ст.-прус. iuriay ’мора’), якое адпавядае рус. ирей (i̯ū > i̯i). Бел. і ўкр. формы ўзніклі ў выніку пераўтварэння фразеалагізма *vъ irejь ’у вырай’. Апрача таго, на сучаснай Гродзеншчыне (старажытная заходнебалтыйская тэрыторыя) існуе паданне пра тое, як птушкі збіваюцца зімой у вялікі шар, які апускаецца ў мора. Аб сувязі славянскіх слоў з балт. формамі гл. таксама Безлай, ССл., 1976, 5, 65 і наст.

Вы́рай2 ’новы населены пункт, новая асобная гаспадарка’ (Яшк., слаўг.). З *vyrojь?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лагожы, лаґожы, лагошы, лого́шы, лоґошы́, лаґошы, лагяшы́ ’сані-развалкі для перавозкі грузаў, розвальні’ (ТС, ТСБМ, Нар. сл., Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’вялікі воз для возкі сена, снапоў’ (Касп.), ’лёгкія сані’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), бярэз. ’выязныя сані’ (Сл. паўн.-зах.), ’сані з надбудаванай скрыняй або возам для перавозу тавараў’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), ’доўгія палкі, якія ўстаўляюцца ў драбіны воза, каб больш палажыць снапоў’ (Сіг.), ’прыстасаванне для пашырэння саней’ (Нар. сл., З нар. сл.), ’рама для воза, саней’ (Сл. паўн.-зах.), ’старыя, паламаныя сані’ (Нар. сл.), лагоша ’воз з бакавымі дошкамі замест драбін’, лаґажы́ ’драўлянае прыстасаванне з палазамі для транспарціроўкі сельскагаспадарчых прылад’ (Сл. паўн.-зах.). З такой семантыкай толькі беларускае. Pluralia tantum пад уплывам сані. Узыходзіць да венг. lógós ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’свабодны, які свабодна звісае’, lógó ’тс’, ’дышаль, да якога запрагаюць дадатковага каня’. З тымі ж значэннямі ўжываецца гэта слова ў серб.-харв. (ло́гов), балг. (ло́гой) і славац. (logoš) мовах. У ст.-польск. łogosz (з XVII ст.) азначае ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’лаўка ззаду воза, саней для гайдука’. Апошняе значэнне і ў ст.-бел. лагошъ, локгошъ. Паводле гэтага Булыка (Запазыч., 191) выводзіць бел. лексему са ст.-польск. Гл. таксама Міклашыч, 172; Бернекер, 727; Брукнер, 310; Скок, 2, 313; MNy, 2, 60, 370. Балтыйскі адпаведнікі, дадзеныя А. Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 604) да лагошы, а іменна літ. lùgės ’благія сані ці воз з кузавам’, lùgnios ’прыгожыя сані’, супадаюць толькі семантычна, таму што нельга растлумачыць агульнасць вакалізму кораня. Фрэнкель (1, 388) суадносіць іх з lubà ’стальнічына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мазоль ’патаўшчэнне скуры ці пухір з вадкасцю на руках або нагах’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), мазуль ’тс’ (Шат.; карэліц., Шатал., Нар. лекс.; жлоб., Мат. Гом.), мозу͡оль ’язва, рана’ (Бес.), кам. мозы́ль (Шатал.). Укр. мозі́ль, мозо́ля, м́озуль; рус. мозо́ль, мозго́ль, музо́ль; польск. mozół ’цяжкая праца’, mozoła, modzel; н.-луж. mózol, в.-луж. mozl; чэш. mozol, mozoul, mozour, усх.-чэш. hlomouz; славац. mozoľ, славен. mozólj ’пухір ад апёку’, серб.-харв. шток. мозо̏л ’мазоль’, макед. мозол, балг. мазол, ст.-слав. мозоль ’сіняк’. Прасл. mozolь. Цупіца (KZ, 37, 398); Сольмсен (IF, 13, 137) параўноўваюць прасл. mozolь са ст.-в.-ням. masar ’нарасць на дрэве’, mâsa ’рубец, шрам’, грэч. μώλωψ (< mōsl‑) ’мазоль, шышка’. Матцэнаўэр (LF, 10, 334) і Младэнаў (302) набліжаюць mozolь да новав.-ням. Maser ’пражылак, узор на дрэве’ і літ. mãzgas ’вузел’, mezgù, mégsti ’вязаць’. Ільінскі (RS, 6, 222) параўноўвае са ст.-інд. mahánt‑, авест. mazant‑, алб. math, madhi, грэч. μέγας, лац. magaus, гоц. mikilsвялікі’. Брукнер (346) дадае да літ. яшчэ ст.-в.-ням. masca, ням. Masche ’пятля’ (< і.-е. *mezg‑ ’плесці, вязаць’), гаворачы аб чаргаванні зычнай кораня ‑з‑ > ‑zg‑, ‑zd‑, ‑dz‑. Махэк₂ (377) сыходнай формай лічыць дзеяслоў mozgoliti ’ціснуць, рабіць мазалі’ (параўн. бел. мазголіць), якое ў выніку метатэзы паходзіць ад glomoziti (бел. гламаздзі́ць ’біць па галаве’ і інш.). Ад яго glomoz, glomuz (параўн. усх.-чэш. hlomouz, якое пасля адпадзення g‑ (> h‑) і метатэзы пераўтварылася ў mozol‑. Сюды ж бел. мазольны, мазолісты, мазалёвы ’набыты працай, намаганнямі’, ’які вымагае цяжкой працы’, ’які мае мазалі’ (Нас., ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́жка, ра́шка, ря́шка ’цэбар’; ’драўляная нізкая пасудзіна, у якой замешваюць есці свінням’ (докш., в.-дзв., трак., вільн., рас., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), ’кубелец для сала’, ’вялікая міска, цэбар, у якім даюць есці свінням’ (Сцяшк. Сл., Бяльк.), ’банны посуд’ (Касп.), ’мерка для зерня, бульбы ў 1,5 пуда’ (ТС), ’начынне для памыяў’ (Бес.), ’цэбрык з адным вухам, перан. морда’ (ПСл), ’цэбар’, ’галава’ (Сцяшк. Сл., Ян., Мат. Гом.), ст.-бел. ряжка (1690 г.), ражка (1550 г.), сюды таксама ра́жа ’кубел’ (Мат. Гом.), рус. дыял. ря́жка, ря́шка ’памыйны посуд, таз’, ’банная шайка, вядзерца, чарпак’, ра́жка ’рагатка’, ’невялікая скаба, якая злучае клёпкі бочкі пры надзяванні абручоў’, ’падстаўка ў выглядзе рагаткі, стойкі’, ’карыта для кармлення свіней’, укр. ряжа, ряжка ’чан’. Сцяцко (Сцяц. Нар., 93–94) лічыць памяншальна-ласкальным утварэннем ад ра́га ’ражка’, зафіксаванага беларускімі слоўнікамі 20‑х гадоў XX ст., якое, у сваю чаргу, з’яўляецца лексіка-семантычным утварэннем ад ра́га ’струменьчык вады’: раг‑ьк‑а > ражка. Няпэўна, хутчэй наадварот. Некаторыя тлумачаць слова як утварэнне ад рад1 (гл.), параўн. абруд узводзячы яго да *ob‑rǫdъ (Праабражэнскі, 2, 241; Трубачоў, Слав. языкозн., V, 176; ЭССЯ, 29, 118). Фасмер (3, 537) лічыў такую этымалагізацыю недастаткова аргументаванай. Магчыма, мае сувязь з рэ́дкі, параўн. рус. ре́жа, ря́жа ’рыбалоўная сетка з рэдкім пляценнем’ (< *rědi̯a, гл. Фасмер, 3, 460), параўн. таксама ра́жанка (гл.). Значэнне ’шырокі твар, морда; вялікая галава’ хутчэй за ўсё, позняе запазычанне з рускай, параўн. ра́жесть ’прыгажосць’, ’паўната’, ’тлустасць’, ра́жийвялікі, буйны (пра рэчы, прадметы)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ні, се́нцы ‘памяшканне паміж жылой часткай дома і ганкам у вясковых хатах’ (ТСБМ, Касп., Др.-Падб., Сцяшк., Маш., ПСл, ЛА, 4; Тарн., Бес., Сл. ПЗБ), се́нцы ‘тс’ (Нас., Шат., Бяльк., Варл.), се́нкі ‘тс’ (Нас.), сенькі ‘тс’ (Сл. ПЗБ), дыял. ‘прылазнік’ (шальч., Сл. ПЗБ), ‘частка сушні, дзе мыюць лён’ (Сцяшк.). Укр. сі́ни, рус. се́ни, се́нцы ‘сені’, ст.-рус. сѣни, польск. sień ‘зала’, ‘пярэдняя’, в.-луж., н.-луж. seń ‘сень’, чэш. síň ‘пярэдняя, зала’, славац. sieň ‘зала’, серб.-харв. сје̏н ‘цень’, славен. sẹ̑nca ‘тс’, балг. ся́нка ‘цень; здань’, макед. сенка ‘цень’, ст.-слав. сѣнь ‘засень’, ‘памяшканне’. Прасл. *sěnь ‘цень’, ‘памяшканне’. Далей звязана з укр. ся́ти, ся́яти, рус. сия́ть ‘свяціцца’ (Фасмер, 3, 602; Сной₁, 561), гл. ззяць. Інакш Махэк₂ (543), які звязвае з і.-е. коранем *k​sei‑ < *k​soi‑n‑, як і ў слав. *sedlo (гл. сяло), г. зн. ‘селішча, месца знаходжання’, потым ‘вялікі пакой, у якім збіралася вялікая радавая сям’я’. Бліжэйшыя адпаведнікі ў лат. sajs ‘цень’, гоц. skeinan ‘ззяць, свяціць, блішчэць’, грэч. σκοιός ‘цяністы’, ст.-інд. chāyā ‘цень, бляск, адлюстраванне’; гл. Траўтман, 304; Персан, Beitr., 700. Брукнер (489) мяркуе аб сувязі з цень і сцяна; аналагічна Фурлан (гл. Бязлай, 3, 227), Борысь (546), якія параўноўваюць з літ. síena ‘сцяна, мур, мяжа’ ад і.-е. кораня *sej‑ ‘звязваць’. Аб праблемах адносін значэнняў ‘цень’ і ‘памяшканне’ гл. падрабязна LSJSt, 13, 805–806 (разглядаюцца як аманімічныя *sěnь1 і ‘цень і *sěnь2 ‘пакой, памяшканне’ ў выніку разыходжання першаснага значэння ‘цень, будан, альтанка і пад.’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спары́ш1 ‘два спараныя прадметы (пра плады, расліны і пад., якія зрасліся)’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Др.-Падб., Мядзв., Рам., 8, Жыв. сл., Сл. ПЗБ), ‘дзве-тры баразны бульбы (часцей пры мяжы), недастаткова аддаленыя адна ад другой, каб зрабіць радкі’ (Лекс. і грам., 15; Сцяшк.), ‘гліняныя гаршчочкі, злучаныя разам’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.; Сцяшк.), спарышы́ ‘зросткі (агуркоў)’ (Мат. Гом.), спары́шка ‘спараныя каласкі, дрэвы, агуркі і інш.’ (Сл. ПЗБ). Рус. споры́шка ‘арэх-двайчатка’, спорина́ ‘тс’. Да спор1, споры (гл.). З ад’ідэацыяй да па́ра2 (гл.), параўн. спарыкова́ць ‘аб’яднаць разам, злучыць’ (ТС).

Спары́ш2 ‘аднагадовая расліна сямейства драсёнавых’ (ТСБМ), спары́шнік ‘расліна драсён, Polygonum L.’ (Кіс., Касп., ТСБМ), ‘канюшына раллявая, Trifolium arvense’ (Кіс.). Укр. спори́ш, рус. споры́ш ‘расліна Polygonum aviculare’, польск. sporysz ‘тс’, в.-луж. sporušk, н.-луж. spóriš ‘вярбена’, чэш., славац. sporyš ‘вярбена’, серб.-харв. спорѝш ‘крываўнік, Axillea L.’, славен. sporíš ‘вярбена’, балг. споре́ш ‘крываўнік’. Прасл. *sporyšъ, гл. спор1, споры; абазначала расліны, якія маюць вялікую колькасць насення або даюць вялікі прырост. Гл. Міклашыч, 318; Фасмер, 3, 738; Махэк₂, 571; Бязлай, 3, 300; Шустар-Шэўц, 1343; ЕСУМ, 5, 380.

Спары́ш3 ‘спарыння’ (Выг.; нараўл., Сл. ПЗБ). Гл. спарыння.

Спары́ш4 ‘міфічная істота ў выглядзе чорта ці птушкі, што прыносіць багацце або садзейнічае чараўнікам’ (Суднік, Диалекты, 199; кам., Жыв. НС), спарышка: taki klicz abo dumka (ад згадвання якіх справы папраўляюцца) (Пятк. 2). Да спор1 ‘прыбытак, удача, поспех’. Адносна семантыкі гл. Валодзіна, Бел. міф.₂, 485–486.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)