ува́рвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да уварыцца.
2. Зал. да ува́рваць.
уварва́цца, ‑рву́ся, ‑рве́шся, ‑рве́цца; ‑рвёмся, ‑рвяце́ся; зак.
1. Увайсці сілай, пераадольваючы перашкоды. Пад вечар рота прабіла абарону і ўварвалася ў сярэдзіну варожага апорнага пункта. Мележ. Дзверы, зашчэпленыя на кручок, з сілай былі расчынены, і ў магазін уварваўся мужчына. «Звязда». На станцыю мы ўварваліся з поўнага ходу і ўсім агнём абрушыліся на ворага. Ракітны. // Бесцырымонна пранікнуць куды‑н., вельмі хутка ўвайсці, убегчы, уехаць куды‑н. Мімаходзь кінула [Ліза] на стол папку і ветрам уварвалася ў бацькаў кабінет. Сачанка. // перан. Умяшацца ў што‑н. Якая яна, гэтая жанчына, што так нахабна ўварвалася ў .. асабістае жыццё [Люсі]? Шашкоў.
2. перан. Хутка пранікнуць куды‑н. (пра гукі, пахі і пад.). У зямлянку разам з марозным паветрам уварваўся напружаны і цяжкі гул матораў. Паслядовіч. Цёплае красавіцкае паветра ўварвалася ў пакой, напоўніла яго веснавой свежасцю. Васілевіч. Павольна наблізіўся вялікі, ярка асветлены будынак. Яго святло ўварвалася праз акно ў адзін кут купэ. Васілёнак. // Імкліва напоўніць сабою, пранікнуць (пра думкі, пачуцці, здарэнні і пад.). У галаве [Несцера] бліснула думка, што патрэбна хата новая і інакшая. Нават неяк спалохаўся стары такое думкі, але што зробіш, калі яна ўварвалася так неспадзявана. Пестрак. Гаравала бабка Наста. Гэткае ж ліха ўварвалася ў іх жыццё! Колас. Вайна ўварвалася ў лёс Акіліны, як урывалася яна ў тысячы другіх жаночых лёсаў. Шкраба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)