Таўсма́ты ’таўставаты; моцна складзены (пра чалавека)’ (ТСБМ), ’прысадзісты, моцны (пра асобу, жывёлу, дрэва)’ (Янк. 1), ’таўставаты’ (Сл. ПЗБ), ’тоўсты’ (Сцяшк.), ’пушысты’ (чырв., З нар. сл.), сюды ж таўсма́ны ’таўставаты’ (Сцяц. Сл.), таўсма́ч ’здаравяк’ (Янк. 3.). Трубачоў (Слав. языкозн. V, 183; Труды, 1, 284), побач з позняй кантамінацыяй (напрыклад, тоўсты і калматы, гл.), разглядае як праславянскі дыялектызм *tъlsmatъ(jь) ад назоўнікаў *tъlsmъ/*tъlsmo, параўн. лат. tulzums ’пухліна’. Ліуканен (Отглаг. сущ., 169–170) лічыць вытворным ад прасл. *tъlsmъ/*tъlsma < *tъlst‑mъ/*tъlst‑ma, старых дзеепрыметнікаў ад *tъlstiti ’рабіць тоўстым’ (гл. таўсціць), што, у сваю чаргу, утвораны ад прыметніка *tъlstъ (гл. тоўсты). Страчаны дзеяслоў з асновай *tъlz‑ меў дакладныя адпаведнікі ў літ. tulžti ’размакаць, разбухаць’, лат. tùlzt ’пухнуць’. На карысць апошняй версіі сведчыць і варыянтнасць фармантаў n/t. Кантамінацыя з тоўсты ў таўстама́ты ’таўставаты’ (карэліц., Нар. лекс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плю́шнік, плюшня ’аер трыснёгавы, Acorus calamiis L.’ (ТСБМ; ТС; Бейл.; брагін., Нар. словатв.; брагін., З нар. сл.), ’зараснік плюшчаю, Sparganitim simplex Mert. et Koch’ (брагін., Яшк.), ’зараснік аеру’ (БРС). Палескае (Карскі, Труды, 479). Сюды ж: плюшнік ’касач, Iris L.’ (ганц., Сл. ПЗБ), (буськова) плюшня ’тс’ (ТС), плюшня ’подсціл, балотная трава, падобная на аер; яе косяць, як замерзне балота’ (гродз., Сцяшк. Сл.), плюшняй ’чарот, Scirpus L.’ (карэліц., нясвіж., Весці, 4, 169), ’рагоз, Typha L.’ (ганц., Сл. ПЗБ). Адаптаваны балтызм. Параўн. літ. plušos, plušai ’рагоз’ (Атрэмбскі), pliūšė/pliūšė/pliūšis ’трыснёг’ (Арашонкава і інш., Весці, 4, 1969, 125), plūšė ’асака, Carex yracilis’. Сюды ж таксама плюсняг ’чарот’ (тамсама) — у выніку кантамінацыі лексем плюшняй і трыснёг (гл.), плюшнік ’месца на балоцістых лугах, дзе растуць асака, плюшчай, цыкута ядавітая’ (Яшк.). Гл. таксама плюшчай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маца — старажытная мера сыпучых цел, роўная 0,325 вядра, а паводле М. Гарбачэўскага (Словарь древ. акт. яз., 203), = 1 варшаўскаму гарцу, або 3,76 літра; ст.-бел. маца ’мера збожжа’ (1509 г.) запазычана са ст.-польск. maca, якое з с.-в.-ням. mëtze, суч. ням. Metze ’гарнец’ (Булыка, Лекс. запазыч., 153).

Ма́ца ’набітая конскім воласам скураная падушачка, якая ўжывалася друкарамі для набівання набору фарбай’ (ТСБМ). З рус. ма́ца ’валік для фарбы’, якое з італ. mazzo ’дубінка, дручок’ (Мацэнаўэр, Cizí sl., 247; Фасмер, 2, 585).

Маца́ ’тонкія сухія праснакі з пшанічнай мукі, якія (паводле яўрэйскага абраду) выпякаліся да вялікадня’ (ТСБМ, Нас.). З ідыш maze, якое са ст.-яўр. maṣṣā ’праснак’ (Вінер, ЖСт, 1895, 1, 64; Карскі, Труды, 173; Фасмер, 2, 585). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 153) і Кюнэ (74), запазычана з польск. maca ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варапа́й ’фальклорны эпітэт мужа або жаніха; эпітэт каравая’ (КЭС). Рус. воропай, укр. воропай ’тс’, польск. nawropić ’злавацца’, серб.-харв. vŕpoljiti se ’круціцца, не сядзець на месцы’. Шэраг слоў з гэтым коранем падае Сразнеўскі (1, 303; 2, 271): воропъ ’нападзенне’, наворопити ’напасці’, наворопъ ’раз’езд (ваен.)’, наврапъ ’рабаванне, здабыча’. З ц.-слав. врапъ ’ён выводзіць’ ст.-рус. врапѣти ’ўзмацніцца’, съврапѣтисꙗ ’сціхаць’. Рудніцкі (1, 480) услед за Фасмерам (1, 354) лічыць варапай < во́ропъ. Прасл. *vorpъ ён супастаўляе са ст.-в.-ням. wērfan, англ. to warp, вытлумачваючы семантыку ў адпаведнасці з паданнем аб выкраданні нявесты. Гл. Праабражэнскі, 1, 97; Скок, 3, 629; Міклашыч, 395; Карскі, РФВ, 49, 18; Карскі, Труды, 395. Іншыя значэнні (у тым ліку і вытворных форм): варапай ’сляпец’ (Нас.), варопаўка ’жаба (лаянкавае слова)’ (КЭС), ворапень ’лодыр, абібок’ (Бяльк.) трэба лічыць другаснымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бры́ндаць ’хадзіць, шлёпаць’ (БРС), ’бадзяцца’ (Яўс., Нас., Бяльк.), брындацца ’боўтацца, таўчыся без толку’ (КЭС), параўн. яшчэ бры́нда ’валацуга’ (Нас., Бяльк., Янк. Мат.), ’гультай’ (Касп., Нас.), брынды біць ’хадзіць без справы, лодарнічаць’ (Янк. БП). Карскі (Труды, 394) бры́нда ’валацуга’ і бры́ндаць ’бадзяцца’ выводзіў з няпэўнай літ. крыніцы (адносна гэтага гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 50). Параўн. яшчэ ўкр. дыял. бре́ндати, брендо́лити ’бадзяцца’. Брукнер (43) зыходзіў з ст.-польск. bryndy ’дарагая жаночая вопратка’, bryndować się ’прыгожа апранацца’ (адсюль быццам бел. брынды біць, укр. бринди бити, далей бры́нда ’валацуга’). Фасмер (1, 222–223) прыводзіць рус. дыял. бры́нды ’шырокія рукавы’, бры́ндик ’гультай’, бринжиба́й ’тс’ і параўноўвае гэта з польск. brynda ’жарт, балаўство’, bryndzić się ’манернічаць’. Няясна. Укр. бре́ндати (resp. бел.?) Рудніцкі, 201 (услед за Шэрэхам, ZfslPh, 23, 146 і іншымі), выводзіць з брести́ з арго-суфіксам ‑н‑ (і пад уплывам пле́нтатися ’валачыцца, цягнуцца’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́лі-ты́лі — пра ігру на гармоніку (мсцісл., Нар. лекс.), пра ігру на скрыпцы (Шат.): тылі́‑тылі́ скрыпачка — прыпеўка ў казцы (Кліх, Пятк. 3), тылі́ ‘гулі, забавы’ (полац., Волк.), тылі́‑тылі́‑тылі‑лі́, каб капустку улілі́ — рыфмаванка (барыс., Дзіц. фальклор). Параўн. укр. тілі́, тілілі́ ‘тс’. Гукапераймальныя імітатывы. Ад іх утвораны тылі́каць, тылілі́каць — пра ігру (часцей за ўсё няўмелую) на музычным інструменце (ТСБМ, Мат. Маг., Шат.), ‘тромкаць, дрынкаць’ (Мат. Гом.), тылілі́каць ‘спяваць песню без слоў’, ‘дакучаць спевамі’ (Янк. 2, Мат. Маг.). Сюды ж з нарашчэннямі тылілі́каць ‘спяваць без слоў’ (Сцяшк. Сл.), тылілі́мкаць ‘няўмела іграць, пілікаць’ (ТС). “Звонкі” варыянт ды́лі‑ды́лі: ды́лі‑ды́лі, скрыпачка (Федар. 2), які Карскі (Труды, 395) звязваў з літ. dilinti ‘церці, шараваць’, dilti ‘знішчаць трэннем’, што няпэўна. Відаць, незалежнае ўтварэнне тылі́‑тылі́ — падзыўныя для кароў (ДАБМ, камент., 895), магчыма, узыходзяць да дыялектнай назвы цяляці, параўн. тылюк, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здра́да ’пераход на бок ворага’. Рус. смал., варонеж., паўд., зах. зра́да, укр. зра́да ’здрада’, польск. zdrada, чэш., славац. zrada. Ст.-бел. здрада, зрада (з 1509 г.). У Насовіча здра́да ’здрада’, але зра́да ’агульная згода’, ’змова’, ’здрада’. Форма з устаўным ‑д‑ толькі ў бел. і польск., верагодна, бел. здрада < польск. zdrada ужо ў ст.-бел. (Булыка, Запазыч., 120). Форма ўключае корань rad‑ ’савет’ (гл. рада), прэфікс з‑ (< *jьz‑), відаць, гэта аддзеяслоўны (jьzraditi) назоўнік. Параўн. ням. з блізкай унутранай формай Ver‑rat ’здрада’ = ’раз + рада’. Значэнні ’згода’, ’змова’ звязаны з унутранай формай. У групе zr‑d устаўное (Карскі, 1, 353) у выніку уяўнай архаізацыі. Здрадца з суф. ‑ца (Гіст. лекс., 99), як і здрада, з польск. у ст.-бел. Меркаванне пра рад < *ręd (Крыўчык, Труды яз., 35) не адпавядае зах.-слав. фактам, дзе rad не можа быць з ręd. Брукнер, 650; Голуб-Копечны, 439; Махэк₂, 505; Фасмер, 2, 105.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сту́га ‘саламяная (або лазовая) бочка з накрыўкай’, ‘нешта падобнае на такую бочку’ (ТС), ‘кораб, сплецены з саломы і лазы’ (кам., Ск. нар. мовы), сту́жка ‘сплеценая з саломы пасудзіна для мукі’, памянш. сту́жэчка (брэсц., З нар. сл.), ‘посуд з саломы’ (Бес.). Укр. сту́га ‘лазовая каробка, абмазаная глінай для мукі, зерня’, ‘каробка з лубу’, памянш. сту́жка, сту́жечка, польск. stągiew ‘вялікая бочка для вады, шырэйшая ўнізе, на ножках’, якое лічыцца крыніцай запазычання ўсходнеславянскіх слоў, параўн. таксама чэш. štoudev ‘высокая пасудзіна’, што выводзяць з ст.-в.-ням. standa ‘высокая пасудзіна’ ад stantan ‘стаяць’ (Брукнер, 515; ЕСУМ, 5, 456), аднак гэта не вельмі пераконвае. У народнай мове звязваецца з сту́га, сту́жка ‘вузкая палоска (у прыватнасці, сплеценая з саломы)’, з якой, сшываючы лазой, выплятаюць бочкі. Параўн. таксама серб.-харв. сту̏га ‘пустая калода’, якое, паводле Мяркулавай (Этимология–1983, 66–67), да і.-е. *(s)teug‑ ‘калода’. Яшчэ раней Трубачоў (Труды, 1, 293) параўноўваў серб.-харв. сту̏га ‘выдзеўбаная калода для захавання збожжа’ з літ. stũlgas ‘круглы, авальны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́сла ’брага на выраб піва і квасу’, ’сок адціснутага вінаграду’ (ТСБМ), ’самаробная соска з жаванага з цукрам хлеба, загорнутага ў анучку’, ’папяроса-самакрутка’ (Кал.), ’соска з перажаванага хлеба’ (ганц., Сл. ПЗБ), ’лядзяш; засохлыя соплі’ (Нас.), ’лядзяк’, ’соска з хлебнага мякішу’, ’зблытаны лён’ (ТС), сусла́, сусо́лка ’соска з засалоджанага хлебнага мякішу’ (Варл.), су́сла (су́сло) ’чалавек, які жыве за чужы кошт; п’яніца, які п’е толькі чужую гарэлку’ (Мядзв.), ’брага’, ’вялы флегматычны чалавек’ (Растарг.), су́слачка ’камяк чаго-небудзь, сціснуты ў руцэ’ (Сл. ПЗБ), сюды ж су́сліць ’мазаць супонямі або нечым тлустым’ (там жа). Параўн. укр. су́сло ’брага’ (< рус., ЕСУМ, 5, 483), рус. су́сло ’тс’. Несумненна, звязана з ссаць, гл. Паводле Трубачова (Труды, 1, 669), з *sut‑slo (< *sъpǫ, *suti ’сыпаць, ліць’) як *čit‑slo, *vez‑slo, *maz‑slo. Гл. таксама Фасмер, 3, 810 (сумняваецца ў этымалогіі, якую прапанаваў яшчэ Жалтоў, ФЗ, 1876, 1, 51). Улічыўшы шырокае распаўсюджанне ў народнай мове, не можа разглядацца як запазычанне, да чаго схіляецца Фасмер (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тлум1 ’адурэнне, замарачэнне’, ’шум, гоман, сумятня’, ’шумлівы натоўп людзей’ (ТСБМ), ’шум, гоман’ (Нас., Касп., Мядзв., Некр. і Байк., Шымк. Собр.), клум ’шум, галас’ (Гарэц.), сюды ж тлумі́ць ’дурыць галаву; празмерна дакучаць гаворкай, шумам’ (ТСБМ, Касп.), ’дурыць’ (Жд. 2), ’жартаваць, гаварыць лухту’ (Нас.), ’пустасловіць’ (Шымк. Собр.). З польск. tłum ’тс’, якое лічыцца выключна польскім утварэннем (Трубачоў, Труды, 1, 162), інакш Ліўканен (Отглаг. сущ., 172), які далучае сюды рус. смален. талмата́ ’шум, мітусня’ (< *tolmota, параўн. тлумата, гл.); выводзіцца з прасл. *tъlpmъ, звязанага з прасл. *tъlpa ’натоўп’ (Брукнер, 572), гл. таўпа. Борысь (635) дапускае мажлівасць аддзеяслоўнага паходжання ад tłumić ’прыгнятаць, глушыць, прыціскаць’. Ст.-бел. тлумъ ’зборышча, зброд’ вядома з XVII ст., як і тлумити ’супакойваць, стрымліваць’, вядомае з XVI ст., запазычаны са старапольскай мовы (Булыка, Лекс. запазыч., 38, 196).

Тлум2 ’нерастаропны чалавек’ (Сл. рэг. лекс.). Канверсійнае ўтварэнне ад тлумава́ты ’дурнаваты’ (там жа), тлу́мны ’бесталковы’ (Некр. і Байк.), што ад тлум1, тлуміць ’заблытваць, збіваць з панталыку’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)