Сікляк ‘мурашка’ (Інстр. 2), сіклі́ўкі, сікля́хі, сікуны́, сіку́чкі ‘малыя рудыя мурашкі’ (чэрв., віл., паст., круп., лудз., Сл. ПЗБ), сіку́шкі ‘мурашкі’ (Сл. рэг. лекс.), сі́каўка ‘малая рудая мурашка’: сікаўка як сікнет ядам (барыс., Сл. ПЗБ). Ад сікаць і асновы прым. сікл‑, параўн. сіклі́вы ‘які выдзяляе пякучую вадкасць’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Тое ж рус. пск. сікля́ха ‘мурашка’, сікля́шнік ‘мурашнік’. Лаўчутэ (Балтизмы, 131) мяркуе, што разглядаемыя назвы мурашкі таго ж паходжання, што і назва рыбы сікла (гл.). Асноўны прызнак, што іх аб’ядноўвае — ‘невялікі, дробны’ — прадстаўлены лат. sîks ‘маленькі, дробны’. Аднак шырокае распаўсюджанне назваў мурашак з коранем сік‑ і наяўнасць такой матывацыі ў іх назвах далёка за межамі балтыйскага рэгіёна, параўн. ненец. javoroptsa ‘мурашка’ < jaw ‘мача’ і інш., цалкам адводзіць такую версію іх паходжання, гл. Анікін, Опыт, 277; Трубачоў, Труды, 1, 505–506.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)