Лан ’старажытная мера зямлі (ад 10 да 30 дзесяцін)’ (Гарб., Гарэц.), кобр. ’вялікае поле’ (Выг.), ’панскае поле’ (Бес.), ’поле’ (Федар. 1, КТС), ’мера зямлі ў тры валокі’ (Бяльк.). Ст.-бел. ланъ (з XIV ст.) ’мера зямлі’, укр. лан ’мера раллі да 30 дзесяцін’, ’поле, ніва’, рус. лан ’ніва’, ’участак поля’. Запазычана з польск. łan ’тс’ — пераважна (каля 17 га) у малапольскіх гаворках; чэш., славац. lȧn, ст.-чэш. lán, н.-луж., в.-луж. łan ’мера поля, зямлі’ — усе з с.-в.-ням. lehen, lein ’тс’ (параўн. лен ’спадчыннае зямельнае ўладанне ў эпоху феадалізму’) (Міклашыч, 160; Голуб-Копечны, 129; Праабражэнскі, 1, 433; Брукнер, 306; Фасмер, 2, 456; Слаўскі, 4, 457). Нельга прыняць меркаванне Бернекера (1, 689) і Бугі (РФВ, 71, 56) аб запазычанні і роднасці з лат. lāns ’пушча’, lāma ’лагчына’. Таксама наўрад ці слав. lanъ (?) з’яўляецца роднасным да ланита, як мяркуе Ягіч (AfslPh, 3, 751). Недакладна ў Юрэвіч–Яновіч (Зб. Крапіве, 291). С.-лац. laneus (Праабражэнскі, 1, 433; Карскі, Труды, 378) утворана са слав. lán/lan.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)