Лут1, луток ’маладая ліпа, сук з ліпы, парастак, лазовы дубец, з якіх можна зняць кару на лыкі’, лу́цік, лу́цце ’скрутак лыка’, ’маладыя тонкія ліпы’, ’кара ліпы’ (Сержп. Грам., Нас., Нік. Очерки, Мікуц., Мядзв., Маш., Янк. БП, Шат., Шн. 1, Шн. 2, Дразд., Гарэц., Бяльк., Касп., Сцяшк. Сл., Шатал., Дэмб. 2, Янк. 1, ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; КЭС, лаг.; рэч., Нар. сл.; маз., З нар. сл.), тураў. лут і «гіперправільнае» лыт (у гэтых гаворках звычайна ы > у: мы́ла > му́ло) ’тс’ (ТС), луце́ц ’закручаны лут’ (КЭС, лаг.), лях. луток, лу́цік, віл. луце́ц ’ручка ў касе’ (Сл. ПЗБ). Укр. лут, лу́ття́ ’луцце’, закарп. лути́на ’дубец’, рус. лут, луть ’лыка, кара ліпы’, лута́ ’ліпа’, лутьё ’маладыя ліпкі’, польск. łęt ’дубец’, łęty, каш. łęta, łątë ’бульбоўнік’, славін. łąt ’кій’, мар. lut ’лыка’, loutka, серб.-харв. lȕtka ’лялька’. Прасл. паўн. lǫtъ, lǫta ’лыка’, ’маладая ліпа’ (Слаўскі, 5, 116–117; Фасмер, 2, 536; Урбуціс, Etiudai, 15), роднаснымі да якіх з’яўляюцца літ. lánta ’венік для лазні’, lentà ’дошка (спачатку ліпавая)’, ст.-в.-ням. linta, linda ’ліпа’, новав.-ням. lind ’лыка’, лац. lentus ’гнуткі, павольны’, алб. landë, lëndë ’лес — будаўнічы матэрыял’. Сюды ж лутовы ’лыкавы’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Гл. яшчэ луці́ца.

Лут2, лу́цік, лу́тка, лу́ткі ’вушак, бакавы стаяк асады дзвярэй і акон’ (Касп., Бяльк., Растарг., Мядзв., Нар. Гом., Юрч. Вытв., Мат. Гом., Мат. Маг.; рас., талач., Шатал.), ’шырокая дошка ў ніжняй частцы аконнага праёма’ (Яшкін, Бел. лекс., 166). Укр. лу́тка, рус. бран., смал., кур., калуж. лу́тка ’вяршнік’, ’бакавая частка шуфляды акна’. Да лут1. Утварылася ў выніку пераносу значэння ’лут’ > ’друк’ > ’дошка’ > ’стаяк асады, вяршнік’ (параўн. паморск. łąt ’кій, друк’, літ. lentà ’дошка’. Гл. таксама луці́ца.

Лут3 ’укормлены, але не тлусты чалавек’ (полац., Нар. лекс.), як лу́т ’тоўсты, укормлены’ (пух., Сл. ПЗБ; Ян.), ’гультай, лежань’ (Дразд., Гарэц., ТС), луця́ро ’тс’ (ТС), мазыр. лу́цік ’добра дагледжанае парася’, лу́тковуй ’тлусты’ (З нар. сл.); укр. харк. луца́к, луца́н ’таўстатвары чалавек’. Балтызм. Параўн. літ. lùtis ’тоўсты, на кароткіх нагах’, ’няўклюда’, паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 2, 690), яшчэ і ’ўкормлены’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́ўкі1 (пла́вкый) ’пакаты, спадзісты’ (драг., Клім.; в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), ’пакаты (аб страсе)’ (ЛА, 4), укр. плавки́й, рус. арханг., кур. пла́вкий ’плаўны’. Адназоўнікавае ўтварэнне з суф. ‑к‑i са значэннем ’мае ў сабе тое, што названа ўтваральным словам’ ад *plavъ, параўн. польск. pław — пра цякучую ваду. Спачатку прыметнік меў суф. ‑ьn‑ъ*plavьnъ: пла́ўны ’пакаты (аб страсе)’ (полац., чэш., круп., чавус., ЛА, 4), плы́ўны ’тс’ (барыс., тамсама), пла́ўныпавольны, без ветру (пра дождж)’ (Сл. ПЗБ), пазней у некаторых дыялектах адбылася мена суф. ‑ьn‑ъ на больш характэрны ‑ъk‑ъ, як у гнуткі, грузкі, даўкі, коўзкі, мулкі.

Пла́ўкі2 мн. л. ’паплаўкі (з бярозавай кары)’ (рас., навагр., Сл. ПЗБ), рус. прыбалт. плавки́ ’змацаваныя паміж сабой дзве вязкі саломы ці чароту, на якіх дзеці вучацца плаваць’. Семантычнае ўтварэнне ад плаваць, гл. плыць, або з польск. pław, pławik ’паплавок’, ’кавалкі кары, коркі, дрэва, прымацаваныя да аднаго края рыбацкай сеткі’, параўн. аднак яшчэ ст.-рус. плавокъ ’паплавок’ (1608 г.).

Пла́ўкі3 ’кароткія, шчыльныя мужчынскія трусы для плавання’ (ТСБМ). З рус. пла́вки ’тс’.

Пла́ўкі4 ’тлустае сала, якое выдзяляе шмат тлушчу’ (пін., стол., ЛА, 4), пло́вкэ (сало) ’тс’ (стол., тамсама), пла́ўкі ’багаты тлушчам’ (ТС), ’слізкі’, ’слабкі (нітка, вяроўка)’ (Сл. ПЗБ); плаўкі́ ’слізкі, гладкі’ (саліг., Нар. словатв.), пла́вко ’гладка, лёгка’ (ТС). Укр. плавки́й ’роўны, гладкі, слізкі’, рус. валаг. пла́вкий ’які лёгка плыве’. Да пла́віць, якое з плыць, плы́сці (гл.). Семантыка развівалася ў напрамку: ’здольны плавіцца’ > ’багаты тлушчам’ > ’слізкі, гладкі’.

Пла́ўкі5 ’жоўты плывунец, Utricularia L. (?)’ (Сцяшк. Сл.). Да пла́ваць < плыць, плы́сці (гл.). Расліны не маюць каранёў і нібыта “плаваюць” у стаячых водах зарослых вадаёмаў і балот.

Плаўкі́ ’раска, Lemna minor L.’ (лельч., ЛА, 1). Да пла́ваць < плыць, плысці (гл.). Матывацыя: плоскія лісткі “плаваюць” — знаходзяцца на паверхні стаячых ці павольна плывучых вод. Параўн. іншыя роднасныя назвы раскі: в.-дзв. плаў, бабр. пла́ўня, саліг. плавунец, слон. плаву́чка, плаву́шка, круп. пуплаве́нь (тамсама). Знаходжанне раскі на паверхні вады атаясамлівае яе з паплаўком — гл. пла́ўкі2. Значэнне ’майнік’ (ТС), відаць, вызначана недакладна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спор1 ‘удача, поспех у чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘карысць, пажытак’ (Ласт.), ‘прыбытак; поспех’ (Нас., Гарэц.), спор (спорь) ‘ураджай’ (Пятк. 2), параўн.: “wiedźmy… łopatą do pieczenia chleba biorą spór z żyta” (Маш., 221), спор, спара́ ‘памнажэнне, павелічэнне’: “Спор табе ў дзяжу! Спор вам на хлеб” — прыгаваруюць, каб не мінаўся хлеб” (мін., чэрв., рагач., Сл. ПЗБ), ‘дастатак’: въ гумнѣ спора ‘пажаданне пры ўлазінах’ (мазыр., Яшк. Мясц.), ‘пажаданне ў рабоце’ (ЛА, 5), спо́рны ‘выніковы, паспяховы’, ‘эканомны, шчодры’, ‘густы (пра дождж, снег)’ (Нас., ТСБМ, Шат., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спо́рий ‘выніковы, паспяховы’, спориня́ ‘поспех, прыбытак, рост’, рус. спо́рый ‘тс’, спорынья́, спорина́ ‘прыбытак, рост’, стараж.-рус. споръ ‘багаты’, польск. spory ‘не малы, дастаткова вялікі’, в.-луж., н.-луж. spóry ‘багаты, шчодры’, чэш. sporý ‘выніковы, моцны’, славац. sporý, серб.-харв. спо̏рпавольны, працяглы’, славен. spòr ‘багаты, пажыўны’, балг., макед. спор ‘прыбытак; ураджай’. Прасл. *sporъ ‘выдатны; багаты; пажыўны’ з’яўляецца прыметнікам ад прасл. *spěti ‘спець’ (гл.) з суф. ‑r‑. Мае адпаведнікі ў ст.-інд. sphirás ‘сыты; багаты’, лац. prosper (*prosparos) ‘шчаслівы; спрыяльны’, ст.-ісл. sparr ‘ашчадны; пашкадаваны’. Іншая апафанічная ступень у прасл. *spěti (гл. спець). Гл. Фасмер, 3, 737 з іншай літ-рай; Скок, 3, 313; Махэк₂, 570–571. Шустар-Шэўц (1343–1344) узнаўляе прасл. наз. *sporъ ‘прыбытак, ураджай’ і прым. *sporъ‑jь ‘спорны, паспяховы’. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1965, 120; Тапароў, Этимология–1980, 652; ЕСУМ, 5, 380.

Спор2 ‘сварка, спрэчка’ (Бяльк.), спор, спо́рка ‘супраціўленне’ (Нас.), спор, спо́рка ‘сварка, спрэчка’ (ТС), спо́рыць ‘спрачацца’ (паст., смарг., Сл. ПЗБ; ТС), спо́раць ‘ісці ў заклад’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), спо́рыцца ‘спрачацца’ (Шат.; віц., Сл. ПЗБ; Бяльк.), спо́роваць ‘тс’ (Нас.), спо́рываць ‘тс’ (Касп.). Укр. спір, спо́ритися ‘спрачацца’, рус. спор, спо́рить, стараж.-рус. съпоръ, польск. spór, чэш., славац. spor, серб.-харв. спо́р ‘спор; судовы працэс’, славен. spór ‘спрэчка’. Прасл. *sъporъ аддзеяслоўны назоўнік ад прасл. прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑perti sę < прасл. *perti (гл. перці) (Борысь, 570–571; Фасмер, 3, 737). Параўн. спіраць, гл.

Спор3 ‘чорнае зерне ў коласе’ (ТС, Выг., ЛА, 5). Этымалагічна тое ж, што і спор1. Параўн. спарыння, спарыш3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тупы́ ‘недастаткова навостраны, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць, нявостры’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Ян., ТС, Сл. ПЗБ): хочацца хлеба, ды нож туп (Юрч. Крыл.), ‘шырокі, круглы (пра галаву, морду)’, ‘які прыйшоў у стан атупення, абыякавы, бяссэнсавы’, ‘не востры, глухі, ныючы (пра боль)’, ‘глухі, не звонкі (пра гукі)’ (ТСБМ), ‘нячуйны (пра сабаку)’ (Ян.), ‘някемлівы, разумова абмежаваны, неразвіты’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; астрав., Сл. ПЗБ, Нас., Вруб., Байк. і Некр.), ‘павольны, гультаяваты’ (паст., лід., брасл., Сл. ПЗБ), тупу́ ‘лянівы, ціхі’ (ТС), ст.-бел. тупый ‘якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць’, ‘разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы’, ‘бяссэнсавы (пра погляд, твар)’ (ГСБМ). Укр. тупи́й, рус. тупо́й, стараж.-рус. тупъ, польск. tępy, н.-, в.-луж. tupy, чэш., славац. tupý, славен. tȍp, харв. tûp, серб. ту̂п, балг. тъп, макед. тап. Прасл. tǫpъ ‘нявостры, вышчарблены’, відаць, развілося з і.-е. *tompo‑, параўн. літ. tampýti ‘цягнуць, расцягваць’, tem̃pti ‘тс’, лат. tiept ‘нацягваць, рабіць тугім’, ст.-ісл. þambr ‘тоўсты, надуты’, ‘нацягнуты (пра цеціву)’, ст.-грэч. τέμνω ‘рэжу’ ўзыходзіць да і.-е. асновы *ste(m)p‑/*ste(m)b‑ і роднаснага і.-е. *stm̥bo‑ ці *(s)tomp‑, *stomb‑ (Фасмер, 4, 122), рэалізаванага ў ст.-в.-ням., ням. stumpf ‘тупы’, ‘без бляску’, ‘някемлівы’; і.-е. *stm̥bo‑ першапачаткова абазначала ‘пакалечыць, урэзаць, вышчарбіць, укараціць, пабіць, прыціснуць’ (Сной₂, 772) і адлюстравалася яшчэ ў ст.-грэч. στέμβω ‘б’ю, таўку, цісну’, ст.-в.-ням. stampf ‘таўкач’, ст.-в.-ням. stumbal ‘абрубак, абрэзак’. Мяркуецца, што значэнні ‘нявостры’ і ‘няздольны, дурны’ ўзыходзяць да праславянскага перыяду (Якубовіч, Drogi słów, 295). Гл. яшчэ Брукнер, 570; Махэк₂, 661; Скок, 3, 524; ЕСУМ, 5, 677; Арол, 4, 117. Сюды ж ту́па ‘павольна’ (гл.), тупава́то ‘туга, дрэнна’ (Зайка Кос.), тупі́ца ‘тупая (затупленая) сякера, каса’ (гл.), тупы́ця ‘тс’ (кам., ЛА, 2), тупі́чка ‘тс’ (Юрч. СНЛ), тупі́ць ‘рабіць тупым’ (ТСБМ, Байк. і Некр.); ту́пянькі ‘тупы (носік у яйку)’ (маладз., Сл. ПЗБ), тупава́ты ‘не зусім востры’ (лід., там жа), тупʼё ‘тупая частка нажа’ (шчуч., там жа), тупі́ла ‘тупы нож, сякера’ (Юрч. Вытв.), ‘тупы, няздольны чалавек’ (там жа; слонім., Сл. рэг. лекс.), тупе́нь ‘няздатны да навукі’ (Нас., Байк. і Некр.), тупа́к ‘тс’ (маладз., Янк. Мат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

салі́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, добра зроблены. Салідная пабудова. □ Слухаючы гаворку пра зямельныя ўчасткі, салідныя катэджы і плантацыі агрэсту альбо трускалак, Кірыла з’едліва ўсміхаўся. Паслядовіч.

2. Які вылучаецца грунтоўнасцю, глыбінёй, сур’ёзнасцю. Салідная адукацыя. Салідны вопыт работы. □ Работа выглядала саліднай, усё гучала ў ёй пераканаўча і па-навуковаму. Арабей. Адным словам, я [Генадзь Залужны] зрабіўся сапраўдным патрыётам Поўначы і меў намер зноў вярнуцца туды, але затым, каб паступіць у інстытут, набрацца ведаў, атрымаць салідную спецыяльнасць і толькі тады, ну, можа, на апошніх курсах інстытута, ажаніцца. Радкевіч.

3. Які заслугоўвае давер, з добрай рэпутацыяй, аўтарытэтам. Салідная ўстанова. □ Нізкі, тоўсты, з адрастаючым жывоцікам,.. [Сабалеўскі] хутчэй нагадваў прыказчыка ці коміваяжора саліднай гандлёвай фірмы, чым пасла беднага беларускага сялянства ў польскім Сейме. Машара. // Які карыстаецца аўтарытэтам, павагай; вядомы (пра чалавека). Салідны архітэктар. □ [Чарнавус:] А я вас, Аляксандр Пятровіч, цяпер ужо зусім разумею. Да гэтага дня я думаў, што маю справу калі не з салідным вучоным, дык, па крайняй меры, з сумленным чалавекам. Крапіва.

4. Важны, паважны, самастойны (пра чалавека). Тут сядзіць і пан Длугожыц. .. Усё яго аблічча паказвае на арыстакратычнасць яго рода. Ён салідны і павольны, ва ўсім захоўвае меру і пачуццё свае годнасці. Колас. // Уласцівы такому чалавеку, характэрны для яго. Салідны тон. // Які надае важнасць, мае значны памер (пра рэчы). Аранжавы непаседа паварочваецца да нас і, здаецца, вось-вось замурлыча і паварушыць даволі-такі саліднымі вусамі. Брыль. [Іне] падабаліся яго густыя чорныя бровы, чысты ружаваты твар і даволі салідны чуб. Ваданосаў.

5. Мажны, вялікі (пра фігуру чалавека). Завуч наш быў чалавек саліднай камплекцыі, і на ўсіх худых і тонкіх меў свой від. Ермаловіч. — А вы хто такі, уласна, будзеце? — пытаўся дырэктар, акідваючы позіркам салідную, міжвольна выклікаючую павагу, постаць Яўмена Фаміча. Краўчанка.

6. Не вельмі малады, сталы. Салідны ўзрост. □ З вамі на прадвесні Я, салідны дзядзя, Пеў бы, здэцца, песні, У піянератрадзе. Крапіва.

7. Значны па велічыні, памеру, сіле і пад. Салідны капітал. □ Праз тыдзень я [Мікола Бароніч] пад’ехаў да рэдакцыі амаль на новай машыне, а рэдактару аддаў рахунак на салідную суму. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ле́та, ле́то, ліэ́то, лі́то ’самая цёплая пара года’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Яруш., ТС; драг., стол., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.), лі́та (мн. л.) ’слаі ў драўніне, паводле якіх вызначаюць узрост дрэва’ (Клім.; бяроз., Шатал.), ’год’ (Касп., Яруш.), лета ў лета ’круглы год’ (ТСБМ), на ле́та ’на будучы год’ (Яруш., Бяльк.), лета ле́цкае ’на працягу ўсяго лета’ (Ян.), ліэто, літо ’цыкл летніх абрадавых песень’ (Бес., Клім.), драг. літа́ (мн. лік) у выразе: выхо́дытэ з літ ’перыяд заканчэння клімаксу ў жанчын’ (І. Лучыц-Федарэц), памянш. летка, летко, ле́цечка (Кл., Шат., Яруш., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг.), ле́тны, летні, літный, ле́тненькі (ле́тнянькі, летні́нькі) ’летні’, ’цёплы, цеплаваты, ледзь цёплы, трохі падагрэты’ (Сцяшк., Бяльк., Шат., ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах.; нясв., Жд. 2, Др.-Падб., Гарэц., Юрч.), лудз. ’яравы’ (Сл. паўн.-зах.), слуц. ле́ткі ’тс’ (Нар. словатв.), летавы ’летні’ (Федар. Дад.), ваўк. летні ’стары’ (БНТ, Лег. і пад.), ст.-бел. лѣтный, лѣтний ’які адбываецца летам, які прызначаны для выкарыстання летам’, ’аднагадовы, адналетні’, ’немалады’ (Булахаў, Гіст., 113). Укр. літо, рус. лето, польск. lato, палаб. lʼotü в.-луж. lěćo, н.-луж. і в.-луж. lěto, чэш. léto, славац. leto, славен. lę́to, серб. ле̏то, харв. ljȅto, макед. лето, lʼatu, балг. лято, ст.-слав. лѣто ’самая цёплая пара года’ > ’год (= час ад лета да лета)’, прасл. lěto. Найбольш пераканаўчай са шматлікіх версій пра паходжанне лексемы можна лічыць этымалогію Ваяна (BSL, 64 (2), 124–126), які супастаўляе прасл. lěto з літ. lė̃tasпавольны, ціхі, спакойны, лагодны’, лат. lę̄ts ’лёгкі’, лац. lēnis ’лагодны, памяркоўны’ і адносіць іх да і.-е. *lē‑ ’паслабіць, зрабіць больш лёгкім’. Махэк₂ (328) супастаўляе слав. lěto з лац. laetus, якое першапачаткова мела значэнне ’добры, прыемны, уцешлівы’, ’які добра выглядае’. Мартынаў (Балто-слав.-итал. изол., 21–22) адносіць прасл. lěto (vermę) да італ. інфільтратаў, супастаўляючы яго з лац. laetus ’багаты, плённы, квітнеючы, радасны, спрыяльны, прыемны, бліскучы, шыкоўны, тлусты’. Такім чынам, прасл. lěto (з суф. ‑to, як žito) азначала ’час, перыяд, калі палягчэла з холадам, калі ўсё цвіце, калі чалавеку прыемна, радасна, калі ўсяго ў дастатку’. Іншыя версіі гл. Слаўскі, 4, 70–71; Фасмер, 2, 488–489; Скок, 2, 336–337; Бязлай, 2, 137.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ра ’тое, што створана фантазіяй’, ’жаданне, імкненне’, ’нешта нерэальнае, неіснуючае’ (ТСБМ, Др.-Падб.). Укр. мара ’сон, мара; мары’, польск. mara ’сон з марамі’, ’тое, што мроіцца ў сне’, ’тое, аб чым марыцца’. Бел.-укр.-польск. ізалекса. Узнікла ў выніку абстрагавання аднаго са значэнняў мара́1 — ’сон, тое, што здаецца’. Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 127), ст.-бел. мара ’соннае відовішча’ (пач. XVII ст.) запазычана са ст.-польск. mara.

Мара́1 ’прывід, страшыдла, нячыстая сіла, пачвара, здань, насланнё’ (Мал., Бес., Федар. 1, Багд., Яруш., Некр., Касп., Бяльк., Шат., ТС; слуц., мазыр., Сержп., Казкі; усх.-гом., паўн.-зах., КЭС; брэсц., пін., Нар. лекс.); ма́ра, марана ’тс’ (Клім., Др.-Падб.; Крывіч, 4; Нас., Растарг.), ’нешта брыдкае, неадчэпнае’ (Нікан.), ’нікчэмнасць’ (драг., Нар. лекс.); мара́ ’пагібель’ (Растарг.), ’прыгода, незразумелая перашкода’ (Нас.), ’чорная, страшэнная масіўная істота на кароткіх лапах, якой вельмі баяцца дзеці’, ’пудзіла з саломы, апранутае ў рыззё’ (Рам. 8), ’істота, якая давіць хлопцаў і дзяўчат у час іх сну’ (Кольб.), ’нячысцік, д’ябал’ (Ян.; нараўл., Мат. Гом.), стол. ’нягоднік, паганец’, драг. ’неахайная, непрычасаная жанчына’ (Нар. лекс.), ’жартаўнік, штукар’ (ТС), ма́рны ’дарэмны, бескарысны’ і дэрываты да яго (Нас., ТСБМ). Укр. мара́ ’прывід, здань’, ’нячысцік, які затуманьвае людзям розум, каб завесці іх у небяспечнае месца’, марний, марний ’дарэмны’; рус. ма́ра, мара́ ’прывід, мары, нячысцік, які дапрадае ноччу тое, што пакінута на ноч недапрадзеным, рве кудзелю і пражу’, кур. ’смерць’, ленінгр. ’неахайная жанчына’, урал., сіб. ’каханы’, ’дзяўчына’, рус. ц.-слав. мара ’страта свядомасці’; ст.-рус. мара ’зацямненне свядомасці’, ’забыццё’, ’сны’, ’насланнё’, ’прывід’. Польск. mara, marzydło ’прывід, цень нябожчыка, дух, страшыдла, вампір’; mara, mora ’начны дух, кашмар, які нападае на коней і сонных людзей’, ’начны матыль’, marzyć ’марыць’, marnować, marnotrawić ’марнатравіць’, marzanna ’саламянае чучала, якое сімвалізавала сонца’, н.- і в.-луж. marny ’марны’, в.-луж. marota ’капрыз, выдумка’, mara ’дух, прывід смерці’, чэш. marniti ’дарма траціць, марнатравіць’, mařiti ’псаваць, губіць, разбіваць (надзеі)’, чэш., славац. marný ’марны’, славац. mara ’хвароба’ slepa mara ’начны матыль’, mariť sa ’здавацца’, славен. márǝn ’марны’. Прасл. mara ’мары’, ’прывід, здань’ утворана ад асновы *ma‑ (гл. мані́ць) пры дапамозе суфікса ‑ra. (Бернекер, 2, 18; Фасмер, 2, 571; Брукнер, 322; Шустар-Шэўц, 12, 886; Голамб, Зб. Якабсону, 1, 779–780; Власт, Крывіч, 4, 1923, 30).

Мара́2 ’назола, дакучлівы’ (Нас., Шат.; Нар. лекс.). Да мара́1 (гл.). Насовіч (289), аднак, адносіць да мары́ць, якое ад прасл. mōra. Няма падстаў.

Мара́3павольны’ (Нас.). Рус. калуж., арл. мара́ ’слабы чалавек малога росту’, сіб. ’няўклюда’. Паводле Насовіча (289), запазычана з лац. mora ’запаволенасць’. Сюды ж марава́ты ’спакойны, вялы гон па следу звера’ (Інстр. II). Параўн. рус. вяц. морова́ть ’рабіць што-небудзь паволі, спакваля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мя́ккі, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўгінаецца пры націсканні, не робіць уражання цвёрдасці, шчыльнасці пры датыканні; няжорсткі, няцвёрды. Лёг Янка на мяккую пасцель і заснуў як забіты. Якімовіч. Сцежка была мяккая, тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Чорны. // Тонкі, шаўкавісты, эластычны (пра валасы, шэрсць, матэрыю і г. д.). Мяккая воўна. Мяккі лён. Мяккі хром. □ [Аксеня] апусцілася над.. [Янам] на калені, заглянула ў твар, ласкава пагладзіла яго мяккія валасы. Пестрак. // Далікатны, не грубы. Нечакана нечыя мяккія і цёплыя пальцы ласкава прыкрылі вочы. Шыцік.

2. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе форму пры сцісканні; проціл. цвёрды. Мяккая марка сталі. Мяккая гліна. □ Лясны грунт мяккі, падатлівы. Рыдлёўка ідзе ў зямлю добра. Ставер. Мароз адпаў, снег быў мяккі і не рыпеў пад нагамі. Паўлаў. // Свежы, нячэрствы. Мяккі пірог. Мяккі хлеб.

3. перан. Прыемны для ўспрымання; не рэзкі. Голас быў у Цярэшкі прыемны, мяккі і такі шчыры, што ішоў, здавалася, ад самога яго сэрца. Краўчанка. Лямпа з сінім абажурам залівала мяккім святлом стол і паперы. Карпюк. На дварэ дзьмуў мяккі вецер, ціха шумеў у лісцях клёнаў, што акружалі казармы. Дудо. // Плаўны, павольны. Мяккая хада. Мяккія рухі. □ Некаторыя [людзі] кінуліся адразу назад, ад штабеляў, ад берага, туды, .. дзе хадзілі пад сонцам мяккія, жытнія хвалі, дзе ўтульна зелянеў ускраек лесу. Лынькоў. // Ціхі, прыглушаны; ледзь чутны. Ад ракі даносіліся крыкі, смех, чуліся мяккія ўсплёскі вады. Дуброўскі. У калідоры пачуліся крокі. Асцярожныя, мяккія, як кашэчыя. Арабей.

4. перан. Некантрастны; не зусім выразны. Мяккія ружовыя цені калыхаліся між шэрых камяніц, раставалі ў зялёным змроку садоў. Лынькоў.

5. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву; хісткі, няўстойлівы. Мяккі «таварыш», проста як вата, Хоць куды хочаш яго запіхай. Крапіва. // Сардэчны, спагадлівы, чулы. Міхасёў бацька Лявон Архіпавіч быў чалавек мяккі, душэўны. Якімовіч. Калі .. [пісьменнік] пачаў гаварыць аб дзецях, аб якіх мала дбаюць бацькі, .. то некаторыя больш мяккія натуры ўцерлі слязу. Колас. // Які выражае сардэчную дабрату. Калі развіталіся за саўгасаўскім садам, Міша сказаў, і словы яго былі мяккія, добрыя: — Прыходзь часцяком, да нас. Баранавых.

6. Нястрогі, паблажлівы; проціл. суровы. Мяккі прыгавор. Мяккае абыходжанне.

7. перан. Пазбаўлены рэзкасці, грубасці; далікатны. У голасе разам з мяккім дакорам чулася зморанасць. Гарбук. Мяккі тон маёра адразу раззброіў.. [Пальчыка]. Дамашэвіч. [Панна Ядвіга] тварам была копіяй бацькі, толькі з болей мяккімі і дробнымі рысамі. Бядуля.

8. Цёплы, несуровы (пра клімат, пагоду і пад.). Мяккі клімат. □ Нават Клім Турок, самы стары ва Узлессі чалавек, не памятаў такой мяккай зімы. Шахавец.

9. Які вымаўляецца прыбліжэннем сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення (аб зычных гуках). Мяккія зычныя.

•••

Мяккая вада гл. вада.

Мяккая мэбля гл. мэбля.

Мяккая пасадка гл. пасадка.

Мяккі вагон гл. вагон.

Мяккі знак гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Калды́ба, колдыба ’крывы, кульгавы, які павольна ідзе’ (Нас.), калдыбаць ’кульгаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), калдыбыць і кылдыбаць (Юрч. З жыцця), колдыбаць (Нас.), кылдыбаць (Бяльк.), колдыбайло ’кульгавы’, ’павольны ў рабоце’ (Нас.), сюды ж калдыб ’пра цяжкую хадзьбу пры хворых нагах’ (мсцісл., Нар. лекс.: Нас.). Рус. зах. бран. калдыбать ’ісці павольна, кульгаць’, смал. колдыба ’кульгавы’, колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, колдыб ’дзеянне па дзеяслову колдыбать’, колдыбай ’кульгавы’, колдыбать ’кульгаць’, кур. колдыбать ’тс’, ’павольна ехаць, ледзь цягнуцца’, разан. ’не мець сталага месца’, колдыбащий ’няўстойлівы, непастаянны, які часта мяняецца’: «Моя жизнь колдыбащая…» (СРНГ, 14, 119). Паводле геаграфіі — інавацыя ў сумежных бел. і рус. гаворках. Што датычыць этымалогіі, рус. колдыбай, колдыбать Фасмер (2, 288) лічыў роднасным колдыка ’кульгавы, які ідзе перавальваючыся’, колдыкать, бел. колдыга (гл.), колдыгаць. Апошнюю групу слоў шматлікія этымолагі разглядаюць у сувязі з гоц. halts ’кульгавы’, грэч. κόλος ’абрублены, надламаны’, арм. kał ’кульгавы’, літ-pa ў Фасмера, там жа. Як відаць, і.-е. семантыцы адпавядае смал. колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, аднак гэта суфіксальнае ўтварэнне і няма ніякіх падстаў лічыць яго першасным у параўнанні з іншымі лексемамі гэтай групы. Славянскіх паралелей, якія б дазволілі рэканструяваць праславянскую форму, няма. Як здаецца, бел. і рус. словы ўтвораны не па мадэлі ’абрублены, абрэзаны’ → ’куксаты’ → ’кульгавы’. Параўн. рус. валаг. колдыбашить ’балбатаць, пустасловіць’ (< ’боўтаць’), цвяр. колдыбашиться ’калыхацца, вагацца’, разн. колдыбащий ’няўстойлівы’, колдыбацца ’качаваць, матацца’. Аналагічная версія была прапанавана Бернекерам (1, 660), які рус. колдыкать, колдыбашить і пад. уключыў у артыкул kъltajǫ, kъltati, дзе аб’яднаны лексемы са значэннямі ’кульгаць’, ’рухаць’, ’калыхаць; гайдаць’ і да т. п. Структура дазваляе меркаваць аб архетыпе *kl̥t‑ і яго звонкім адпаведніку *kl̥d‑. Статус гэтых форм не зусім ясны: шэраг рус. дыял. фактаў (пск., цвяр., асташк. колтовня ’чалавек, які таргуецца за кожную капейку’, колтыг ’жмінда’, ’шум, сварка’ і колтыга ў абодвух значэннях) сведчыць аб празрыстай сувязі з адпаведнымі вытворнымі ад колот‑ (развіццё семантыкі: ’хістаць’ → ’хістацца’, ’трэсціся’ або непасрэдна ’трэсці’ → ’трэсціся’ → ’дрыжаць’ → ’скупіцца’ і ў прынцыпе можна дапусціць, што разглядаемая лексіка паходзіць іменна ад гэтай асновы. Параўн. яшчэ колты ’плёткі’ (у Даля без геаграфіі). Што датычыць фанетыкі, можна прывесці як прыблізны адпаведнік бел. кальбель < калыбель. Аднак тое ж развіццё семантыкі магло быць цалкам самастойным; значэнне ’кульгаць’ не зафіксавана ў вытворных ад колотить. Такім чынам, прыведзеныя архетыпы цалкам магчымыя, хоць іх усх.-слав. характар відавочны. Параўн. яшчэ калдыга (гл.).

Калдыба́2 ’цвёрды выступ каля паглыблення на разбітай або мёрзлай дарозе’, ’няроўнае ворыва з ямкамі і выступамі’, ’скіба дзярновай зямлі на раллі’ (слаўг., Яшк.). Рус. разан. колдырь ’вялікі кавалак чаго-н.’, ’нарасць на дрэве’, колтырь ’вялікі кавалак (хлеба і да т. п.)’, да семантыкі параўн. скіба (хлеба) і скіба (зямлі). Аб архетыпе гл. пад калдыба1, семантыка намінацыі не вельмі зразумелая. Магчыма, неабходна суаднесці відавочна ўтвораныя ад асновы колот рус. дыял. колоть ’няроўная, узгорыстая, абледзянелая паверхня дарогі, якая замерзла пасля моцнай адлігі’, ’узгоркі замёрзлай восенню гразі, ледзь пакрытыя снегам’, ’няроўная, ухабістая паверхня дарогі, якая высахла ад летняга спёку’ і да т. п. Параўн. да гэтага пск., асташк., цвяр. колоть ’сумятня, сварка’, празрыстае вытворнае ад колотить ’сварыцца’. Што датычыць словаўтварэння рус. паралелі і семантыкі намінацыі, параўн. яшчэ пск., асташк., цвяр. колотьба ’няроўная, абледзянелая паверхня дарогі’, дыял. колоткой ’ухабісты, гразкі (аб дарозе)’, колотливый ’тс’, ’(пра сэрца), якое моцна калоціцца’. Параўн. яшчэ арханг., халмаг. колотовка ’глыба мёрзлай зямлі’ і назвы розных прылад, утвораных ад колот‑; ленінгр. колотушка ’палка, якой разбіваюць сухія камкі зямлі на ворыве’. У шэрагу рус. дыял., вытворных ад колб‑, адзначаны колдыбнуть ’моцна стукнуць’, колдыбахнуть ’кінуць што-небудзь з шумам у ваду; баўтнуць’, якія, магчыма, сведчаць на карысць апошняга варыянта тлумачэння. Разам з тым праблема з’яўляецца вельмі складанай, паколькі нельга не параўнаць разглядаемае слова і вялікую групу лексікі, якую рэпрэзентуюць такія рус. дыял. лексемы, як колдыбашина ’выбоіна, ухаба’ (параўн. колдыбашный ’ухабісты’), колдыбина, бел. калдыбіна і да т. п. Аднак відавочная розніца ў семантыцы дазваляе меркаваць, што бел. слова — рэгіянальны наватвор ад калдыбаць (?), наконт семантыкі параўн. нашы меркаванні вышэй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

праз, прыназ. з В.

Спалучэнне з прыназоўнікам «праз» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры назвах прадмета, асяроддзя, прасторы, цераз якія хто‑, што‑н. праходзіць, пранікае. Глядзець праз акно. □ Праз вароты, праз тыя Уз’ехала елка на двор. Куляшоў. Праз дзіравы дах свіцілася зорнае неба. Чорны. А потым — зярняты ў зямлі Напоўняцца сілы вялізнай, Праз чорныя грудзі праб’юцца, Каб моцна пад сонцам Стаяць. Броўка. // Ужываецца пры ўказанні на адлегласць, якая пераадольваецца. Полька разгубіўся: праз квартал ім трэба разыходзіцца — Надзі направа, а маме налева — к самай Дзвіне. Грахоўскі. Яшчэ праз некалькі кіламетраў Андрэй убачыў такі цянёк, што мінуць яго было амаль немагчыма. Кулакоўскі. // Ужываецца пры ўказанні на акалічнасці, з’явы, падзеі, якія пераадольваюцца. Праз дажджы ляцяць, праз буры, быццам тыя галубкі, не залежацца на пошце нецярплівыя радкі. Куляшоў. Прабіцца праз рачны туман Патрэбна плытагонам... Кляўко. Праз пекла, праз люты боль Я б поўз, раздзіраючы рукі ў кроў, Праз смерць я б ішоў да сваёй зямлі. Кірэенка. // Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. на тых або іншых прамежках прасторы. Як чаруюць і вабяць да сябе акуратненька і клапатліва пастаўленыя праз пэўную адлегласць лаўкі каля дарогі! Колас.

2. Ужываецца пры абазначэнні месца або прадмета і інш., паверх якіх накіравана дзеянне, рух. [Дзед Талаш] надзеў праз плячо паляўнічую раменную торбу на шырокім пасе. Колас. Алёшка праз верх акуляраў зірнуў на.. [Кольку] доўгім дакорлівым поглядам. Грахоўскі.

Часавыя адносіны

3. Ужываецца пры ўказанні на адрэзак часу, на тэрмін, пасля якога што‑н. адбываецца або наступае. [Леў Раманавіч:] — Праз пяць год мы здолеем.. ператварыць усе малаўраджайныя сенакосы і пашы ў культурныя палі. Асіпенка. Праз месяц з дапамогай шэфаў Васіль набыў для калгаса трохтонку. Шамякін. // Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. у тыя або іншыя прамежкі часу. — Аўтобусы ідуць праз кожныя дзесяць хвілін. Грахоўскі. [Птушка] падавала свой голас не часцей, як праз паўгадзіны кожны раз. Чорны.

4. Ужываецца пры ўказанні на адрэзак часу, на працягу якога што‑н. існуе ці адбываецца. І хоць нейкае нечуванае багацце раптоўна і не прыйшло, але праз усе гады добра елася і пілося, добра працавалася і слаўна дыхалася цудоўным скіп’ёўскім паветрам. Чорны. Тою восенню рабочы Па краіне ўсёй паўстаў, Тою восенню праз ночы Мудры Ленін працаваў. Броўка.

Аб’ектныя адносіны

5. Ужываецца пры ўказанні на асобу або прадмет, з дапамогай якіх, пры пасрэдніцтве якіх што‑н. адбываецца. Пакуль гітлераўцы не пачалі абіраць нашы вёскі падрад, пагалоўна, — яны спрабавалі ўладжвацца спакайней: смактаць з народа пот і кроў праз сваіх памагатых. Брыль. І хоць твор гэты друкавацца не можа, аднак праз яго можна зацікавіцца аўтарам. Чорны. // Паказвае на выкарыстанне чаго‑н., якога‑н. спосабу. Пісаць праз злучок. □ — Насілу праз суд свайго дамагліся... Галавач.

Прычынныя адносіны

6. Ужываецца пры ўказанні на таго, хто з’яўляецца віноўнікам, прычынай чаго‑н. — Я два разы гарэў — усё праз суседз[яў] — два разы будаваўся. Брыль.

7. Ужываецца для ўказання на прычыну чаго‑н. Значна пазней прыйшла горкая думка, што вось і яшчэ адзін талент, праз беднасць і цемру, не стаў вядомы мільёнам людзей. Брыль. Пазняк, можа, праз свой узрост, а можа, і проста ад прыроды, быў больш павольны, нетаропка разважлівы. Шахавец. — Бабка! А твой Міхалка мог бы і памерці праз гэта? — Гэ, панічыку мілы: чуць-чуць не памёр! Насілу, насілу адхаялі! — І падумаць толькі: праз якое глупства можа памерці чалавек! Колас.

Акалічнасныя адносіны

8. Ужываецца для ўказання на акалічнасці, якія суправаджаюць якое‑н. дзеянне. Усміхнуцца праз слёзы. □ — А мне, думаеш... не шкада? — насілу выгаварыў.. [Якуб] праз плач. Крапіва. І мроіцца яму [рыбаку], нібы праз сон, Як ён спаймаў асілка-акуня. Броўка.

9. (у спалучэнні з наз. «мера», «сіла», «край» і інш.). Ужываецца пры абазначэнні перабольшання чаго‑н. (нормы, меры). [Люда] палівала з вялікай меднай конаўкі,.. а Толя праз меру доўга пырхаў і ўсё прасіў ліць цэлай конаўкай на галаву. Брыль. Усе надзеі за апошнія некалькі месяцаў, усе.. думкі [Зоські] раптам у адну ноч перарваліся, нібы праз меру нацягнутая струна. Бядуля. Ёй [Марыне] сумна ў хаце і няміла, І жаласць плёскае праз край. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)