БРАДЫТЭЛІ́Я (ад грэч. bradys павольны + telos ажыццяўленне),

адносна павольны тэмп эвалюцыі. Тэрмін «брадытэлія» ўвёў амер. палеантолаг Дж.​Г.​Сімпсан (1944). Характэрна для філагенетычнага развіцця некаторых арганізмаў, напр. для асобных родаў пласціністашчэлепных малюскаў, якія спазналі за апошнія 400 млн. гадоў настолькі нязначныя змены, што сучасныя і выкапнёвыя формы могуць быць аднесены да адных і тых жа родаў. Брадытэлія забяспечваецца стабілізавальнай формай натуральнага адбору.

т. 3, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУСАРЫ́», «Гусарыкі»,

бел. нар. танец. Блізкі да карагода. Муз. памер 24 або 44. Тэмп павольны. Выканаўцы ходзяць, узяўшыся за рукі і спяваючы песню, ствараюць розныя фігуры: круг, вароты, запляценні і інш. Зафіксаваны ў Магілёўскай вобл. На нар. першааснове ў харэаграфічным ансамблі «Харошкі» створаны арыгінальны канцэртны танец.

Ю.​М.​Чурко.

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУСАЧО́К»,

бел. нар. танец. Блізкі да карагода. Муз. памер 24. Тэмп павольны. Танцоры імітуюць рухі гусей за важаком: нетаропкі, з боку ў бок крок, звілістыя лініі, спіралі ў малюнку. Часта суправаджаецца прыпеўкамі: «Гэй, гэй, гусачок, // Ці харошы касначок? // Гэр, гэр, гуска, // Ці хароша хустка?». Зафіксаваны ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАБА́НДА (ісп. zarabanda),

1) старадаўні танец ісп. паходжання. Вядомы з 16 ст. як хуткі, свавольны, тэмпераментны песня-танец любоўнага характару. З 17 ст. пашырыўся ў Англіі і Францыі і ператварыўся ў павольны прыдворны танец урачыстага характару.

2) З сярэдзіны 17 ст. — частка інстр. сюіты. Жанравыя прыкметы: тэмп павольны, памер ​3/4 або ​3/2 з акцэнтам на 2-й долі такта, развітае гарманічнае суправаджэнне, шырокае выкарыстанне арнаментыкі; характар урачысты або журботна-засяроджаны, часам жалобны. Лепшыя ўзоры створаны І.​С.​Бахам і Г.​Ф.​Гендэлем. У 20 ст. кампазітары выкарыстоўваюць С. ў творах неакласічнай арыентацыі (сюіта «Для фартэпіяна» і фп. «Вобразы» К.​Дэбюсі, балет «Агон» І.​Стравінскага). У бел. музыцы выкарыстана Я.​Глебавым для стварэння вобраза Філіпа ў балеце «Тыль Уленшпігель», У.​Дарохіным у сімф. сюіце «Мемарыял», у якой кампазітар пераасэнсоўвае прынцыпы будовы класічнай сюіты, В.​Войцікам як частка «Сюіты ў старадаўнім стылі».

А.​У.​Валадковіч.

т. 14, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВУ́ТАЧКА», «Утачка-лябёдачка»,

бел. нар. гульнёвы танец-карагод. Муз. памер 24. Тэмп павольны. Зафіксаваны ў 19 ст. на Магілёўшчыне, Віцебшчыне і інш. Выконваўся пад песню («Вутачка шэра, лябёдачка бела...»). Вылучаецца разнастайнасцю харэаграфічнага малюнка і фігур: выканаўцы імітуюць рухі і звычкі качак. Харэаграфічна апрацаваны танец увайшоў у рэпертуар прафес. і самадз. калектываў.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́ЖЫО (італьян. adagio літар. спакойна, павольна). У музыцы: 1) павольны тэмп; 2) назва п’есы або часткі (звычайна 2-й) цыклічнага твора ў тэмпе адажыо. У балеце: 1) павольная сольная або дуэтная кампазіцыя; 2) асн. частка складаных танц. формаў (па-дэ-дэ, гран па і інш.); 3) комплекс рухаў каля станка і на сярэдзіне залы, які выпрацоўвае ўстойлівасць, уменне спалучаць рухі ног, рук, корпуса.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГНЯВА́Ш», «Гнеўка», «Загневаны»,

бел. нар. танец. Муз. памер 38. Тэмп павольны. Выканаўцы (дзяўчына і хлопец) у тэатралізаванай форме паказваюць сварку і прымірэнне закаханых, часта ў суправаджэнні песні («Дзяўчына мая заручоная, чаго так ходзіш засмучоная...»). Больш пашыраны ў зах. абласцях Беларусі. На Магілёўшчыне бытаваў варыянт «Гняваша», які выконвалі толькі мужчыны.

Літ.:

Народные песни местечка Селец Пружанского уезда Полесского воеводства (Западная Белоруссия) / Сост. И.​К.​Зданович. М., 1931.

Ю.​М.​Чурко.

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААГЕНЕ́З (ад аа... + ...генез),

паслядоўны працэс развіцця жаночай гаметы ад першаснай палавой клеткі да спелага яйца. Ахоплівае стадыі: размнажэння (павелічэнне колькасці дыплоідных палавых клетак — аагоніяў), росту аацытаў (павольны ў першай фазе, якая ў чалавека і жывёл можа працягвацца гадамі, у другой фазе — хуткі, з інтэнсіўным павелічэннем аб’ёмаў клетак) і іх выспявання (меятычнае дзяленне з утварэннем гаплоідных яйцаклетак, здольных да апладнення). У губак, некаторых кішачнаполасцевых і чарвей аагенез адбываецца ў любой частцы цела, у астатніх жывёл і чалавека лакалізаваны ў яечніках, у раслін — у аагоніях, архегоніях або зародкавым мяшку.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́БЕЛІК ((Kubelík) Ян) (5.7.1880, Міхле каля Прагі — 5.12.1940),

чэшскі скрыпач, кампазітар. Чл. Чэш. Акадэміі навук і мастацтваў (1932). Ігры на скрыпцы вучыўся ў бацькі І.​М.​Кубеліка, К.М.Вебера і інш. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1898). Музыкант-віртуоз, адзін з лепшых выканаўцаў найб. складаных твораў Н.​Паганіні. Увёў у выканальніцкую практыку больш павольны тэмп ігры тэхн. пасажаў. Аўтар сімфоніі (1937), 6 канцэртаў для скрыпкі з аркестрам (1916—24), скрыпічных п’ес, віртуозных канцэртных кадэнцый і інш. У 1947 і 1949 прайшлі Міжнар. конкурсы скрыпачоў імя К. (у рамках муз. фестывалю «Пражская вясна»).

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЭКА́ТР (франц. pas de quatre),

1) у балеце танец 4 выканаўцаў. Муз.-танц. форма можа мець розную структуру. Найб. пашыраны кампазіцыя, у якой аб’яднаны 2 па-дэ-дэ (у партытуры «Спячай прыгажуні» П.​Чайкоўскага), або танец 4 танцоўшчыкаў (танец 4 кавалераў у «Раймондзе» А.​Глазунова, балетмайстар М.​Петыпа) ці 4 танцоўшчыц (балет «Падэкатр» Ц.​Пуні, балетмайстар Ж.​Ж.​Перо).

2) Бальны танец англ. паходжання. Вядомы з 19 ст. Муз. памер ​12/8. Тэмп павольны. Пашыраны ў еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі і ў Расіі.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)