БРАДЫТЭЛІ́Я (ад грэч. bradys павольны + telos ажыццяўленне),

адносна павольны тэмп эвалюцыі. Тэрмін «брадытэлія» ўвёў амер. палеантолаг Дж.​Г.​Сімпсан (1944). Характэрна для філагенетычнага развіцця некаторых арганізмаў, напр. для асобных родаў пласціністашчэлепных малюскаў, якія спазналі за апошнія 400 млн. гадоў настолькі нязначныя змены, што сучасныя і выкапнёвыя формы могуць быць аднесены да адных і тых жа родаў. Брадытэлія забяспечваецца стабілізавальнай формай натуральнага адбору.

т. 3, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)