САРАБА́НДА (ісп. zarabanda),
1) старадаўні танец ісп. паходжання. Вядомы з 16 ст. як хуткі, свавольны, тэмпераментны песня-танец любоўнага характару. З 17 ст. пашырыўся ў Англіі і Францыі і ператварыўся ў павольны прыдворны танец урачыстага характару.
2) З сярэдзіны 17 ст. — частка інстр. сюіты. Жанравыя прыкметы: тэмп павольны, памер 3/4 або 3/2 з акцэнтам на 2-й долі такта, развітае гарманічнае суправаджэнне, шырокае выкарыстанне арнаментыкі; характар урачысты або журботна-засяроджаны, часам жалобны. Лепшыя ўзоры створаны І.С.Бахам і Г.Ф.Гендэлем. У 20 ст. кампазітары выкарыстоўваюць С. ў творах неакласічнай арыентацыі (сюіта «Для фартэпіяна» і фп. «Вобразы» К.Дэбюсі, балет «Агон» І.Стравінскага). У бел. музыцы выкарыстана Я.Глебавым для стварэння вобраза Філіпа ў балеце «Тыль Уленшпігель», У.Дарохіным у сімф. сюіце «Мемарыял», у якой кампазітар пераасэнсоўвае прынцыпы будовы класічнай сюіты, В.Войцікам як частка «Сюіты ў старадаўнім стылі».
А.У.Валадковіч.
т. 14, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)