ВАНЬКО́ВІЧ (Валенцій Мельхіёравіч) (12.5.1800, в. Калюжыца Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 12.5.1842),
бел. жывапісец; прадстаўнік рамантызму. З родуВаньковічаў, пляменнік паэта А.Гарэцкага. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1811), на ф-це вольных навук Полацкай акадэміі (1813—17), у Віленскім ун-це ў Я.Дамеля і Я.Рустэма (1818—24), Пецярбургскай АМ (1825—28). За малюнкі з натуры адзначаны 2-м (1825) і 1-м (1826) сярэбранымі медалямі, за твор «Подзвіг маладога кіяўляніна...» (1827) — залатым медалём і правам вучыцца за мяжой за кошт акадэміі. Найб. вядомы як партрэтыст: партрэты Адама Міцкевіча («Міцкевіч на скале Аюдаг», 1828), Э.Ромера, Ю.Корсака, А.Адынца, М.Шыманоўскай, А.Пушкіна, К.Ліпінскага, В.Жукоўскага і інш. З 1829 жыў у Мінску, меў майстэрню ў Вял. Сляпянцы і Мінску (разам з Ч.Манюшкам). Тут стварыў партрэты бацькі, сястры С.Гарноўскай, Д.Манюшкі, жонкі з дзецьмі (мініяцюры), А.Гарэцкага, В.Пуслоўскага і членаў яго сям’і, С. і К.Пясецкіх, К. і А.Тавянскіх і інш. Пад уплывам Тавянскага захапіўся тэорыяй містыцызму, асобай Напалеона, біблейскімі сюжэтамі: «Маці Божая Вастрабрамская», «Мадонна з Ісусам Хрыстом і Іаанам Хрысціцелем», «Напалеон каля вогнішча» (1834). У канцы 1830-х г. пакінуў Мінск; працаваў у Дрэздэне, Берліне, Мюнхене; з 1841 у Парыжы, жыў у сям’і Міцкевічаў. Напісаў манум. палотны «Апафеоз Напалеона», «Напалеон плача над картай Еўропы», абразы «Евангеліст Іаан», «Святая Клара». Твораў Ваньковіча захавалася вельмі мала. Яны знаходзяцца пераважна ў Англіі, Францыі, Італіі, Польшчы, Літве, Расіі.
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX стагоддзя. Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Паньшына І. Ісціна вымалёўваецца: Валенцій Ваньковіч: Новыя факты біяграфіі // Мастацтва. 1994. № 1;
Ciechanowka Z. Malarz sprawy Walenty Wańkowicz: (Źyciorys) // Pamiętnik literacki. 1948. R. 38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕФРАСІ́ННЯ ПО́ЛАЦКАЯ [Еўфрасіння Полацкая, свецкае імя Прадслава; каля 1101 (не пазней 1104), Полацк — 23 або 25.5.1167],
полацкая князёўна, асветніца, ігумення манастыра св. Спаса ў Полацку, бел. святая. Дачка малодшага сына кн.Усяслава Брачыславіча Святаслава-Георгія і Сафіі (?), дачкі Уладзіміра Манамаха. Калі дасягнула паўналецця (12 гадоў), адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пайшла ў манастыр (пасля 1113). Пасля 1116 пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора, дзе ў храмавым скрыпторыі перапісвала і, магчыма, перакладала кнігі, вяла актыўную міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала на свае сродкі 2 царквы ў Полацку, заснавала пад Полацкам жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкам асветы ў Полацкім княстве (працавалі вучыльні, бібліятэкі, скрыпторыі, багадзельня, верагодна, іканапісная і ювелірная майстэрні). Па яе заказе Лазар Богша зрабіў крыж (гл.Крыж Ефрасінні Полацкай). Мужчынскаму манастыру падаравала выдатны твор візант. мастацтва — абраз «Маці боская Адзігітрыя Эфеская». Паломнічала па святых мясцінах у Іерусалім (1167), дзе памерла і была пахавана ў манастыры св. Феадосія (недалёка ад Іерусаліма). У 1187 перапахавана ў Феадосіеву пячору Кіеўскай лаўры, у 1910 — у Полацк (у 1871 сюды была перанесена частка яе мошчаў). Першая жанчына, кананізаваная рус.правасл. царквой (1547). У спісах 16—18 ст. захаваліся царк. спевы пра Е.П. Адзіная крыніца біягр. звестак пра ігуменню — «Жыціе Ефрасінні Полацкай», дзе ўслаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. у строгай храналагічнай паслядоўнасці перадаюцца сапраўдныя гіст. факты (звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і). Е.П. прылічана да Сабора Бел. Святых (1984). Яе імя носяць цэрквы ў г. Саўт-Рывер (ЗША) і Таронта (Канада).
Літ.:
Титов Ф. Преподобная Ефросиния, княжна Полоцкая // Тр. Киевской духовной академии 1910. Кн. 4;
Арлоў У. Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая. Мн., 1989;
Яго ж. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992.
А.А.Мельнікаў.
Ефрасіння Полацкая. Фрэска на сцяне Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. 12 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ СТРО́І,
традыцыйныя комплексы бел.нар.адзення, характэрныя для пэўнай мясцовасці. Адрозніваюцца асаблівасцямі крою, кампазіцыйна-пластычным вырашэннем, фактурай і каларытам тканіны, характарам аздаблення (тэхнікай выканання арнаменту, яго матывамі), а таксама спосабамі нашэння асобных частак касцюма (здымных упрыгожанняў, галаўных убораў, абутку і інш.). Н.с. развіваліся ў цеснай сувязі з характарам эстэт. ідэалаў, утылітарных і маст. запатрабаванняў насельніцтва пэўных рэгіёнаў. Іх фарміраванне залежала ад узроўню сац.-эканам. развіцця пэўнай мясцовасці, прыродна-кліматычных умоў, родутрадыц. заняткаў, гасп. дзейнасці, рэліг. прыналежнасці, узаемасувязей з культурай суседніх народаў і інш.Найб. выразна выяўляюцца ў жаночым абрадавым і святочным касцюме 19—1-й пал. 20 ст. і ўвасабляюць стылявыя прынцыпы нар. творчасці гіст.-этнагр. рэгіёнаў Беларусі. Характэрныя рысы нар. адзення зах. Палесся яскрава праяўляюцца ў дамачаўскім строі, кобрынскім строі, маларыцкім строі, мотальскім строі, пінска-івацэвіцкім строі. Народнае адзенне ўсх. Палесся вылучаецца багаццем сродкаў і прыёмаў маст. аздаблення святочнага касцюма брагінскага строю, давыд-гарадоцка-тураўскага строю, калінкавіцкага строю, турава-мазырскага строю. Разнастайнымі комплексамі адзення вылучаецца Падняпроўе: буда-кашалёўскі строй, дубровенскі строй, краснапольскі строй, магілёўскі строй, неглюбскі строй. На цэнтральнай Беларусі найб. яскрава праяўляюцца ўласцівыя бел.нар. адзенню стрыманасць і паэтычнасць вобраза ў вілейскім строі, капыльска-клецкім строі, ляхавіцкім строі, пухавіцкім строі, слуцкім строі. Віртуозным майстэрствам аздаблення верхняга адзення, стылістычнай непаўторнасцю вылучаюцца строі Панямоння: ваўкавыскі-камянецкі строй, мастоўскі строй, навагрудскі строй. На каларыстычна-арнаментальны лад касцюма Паазер’я значна паўплывала набіванка (гл.Лепельскі строй). Паступова на змену традыц.нар. адзенню прыйшоў больш прыдатны для сучаснага жыцця агульнаеўрап. касцюм. У наш час матывы Н.с. выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы новых сучасных мадэлей адзення, на тэатр. сцэне.
Літ.:
Раманюк М. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ДУЯ (Padova),
горад на Пн Італіі. Адм. цэнтр прав. Падуя. Каля 220 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог, суднаходным каналам злучаны з Адрыятычным м.Прам-сць: машынабудаванне (вытв-сць станкоў, прылад, веласіпедаў, с.-г. машын, матораў і інш.), эл.-тэхн., металургічная, хім., абутковая, швейная, мэблевая, дрэваапр., папяровая, харч., паліграфічная. Падуанскі універсітэт, у якім працавалі Г.Галілей, А.Везалій і інш., вучыўся Ф.Скарына. Бат. сад (з 1545, найстарэйшы ў Еўропе). Штогадовы міжнар. кірмаш.
Згадваецца ў 4 ст. да н.э. (лац. Patavium) Цітам Лівіем. У 49 да н.э. атрымала правы рым. муніцыпіі. У 601 н.э. разбурана лангабардамі. З пач. 12 ст.гар. камуна. У 13 ст. рамесніцкі і гандл. цэнтр (штогадовыя кірмашы агульна-італьян. значэння). У 1318 у П. ўсталявалася сіньёрыя роду Карара, пазней дэла Скала і Вісконці. У 1405—1797 у складзе Венецыянскай рэспублікі. У 15—17 ст. П. — буйны культ. цэнтр: у 1222 засн.ун-т, у 1545 — першы ў свеце бат. сад. Пасля 1797 П. па чарзе валодалі Аўстрыя і Францыя. У 1813 падпарадкавана аўстр. Габсбургамі. З 1866 у складзе Італьян. каралеўства.
Захаваліся рэшткі стараж.-рым. грабніц, мастоў, амфітэатра і форума. Сярод арх. помнікаў: Палацца дэла Раджоне (1215—1306), базіліка Сант-Антоніо (1232; побач з ёй конны помнік кандацьеру Гатамелату, 1447—53, скульпт. Данатэла), Капэла дэль Арэна (Скравены; пач. 14 ст., фрэскі Джота ды Бандоне), араторый Сант-Джорджо (1384, фрэскі Альтык’ера і Аванца), будынак ун-та (1493), сабор Санта-Марыя Асунта (16 ст., арх. Андрэа да Вале). Музеі: гарадскі (пераважна жывапіс і скульптура 15—19 ст.), Сант-Антоніо (творы з царквы і манастыра Сант-Антоніо), Батачын (нумізматычныя і археал. калекцыі).
Літ.:
Акты Падуи конца XIII — XIV в. в собрании Академии наук СССР. Л., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКЕ́ВІЧ (Іван Фёдаравіч) (19.5Л782, г. Палтава, Украіна — 1.2Л856),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Граф Эрыванскі (1828), святлейшы кн. Варшаўскі (1831), ген.-фельдмаршал (1829). Яго маці Г.В.Карабаноўская паходзіла са стараж. шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Пажскі корпус (1800). У рас.-тур. вайну 1806—12 камандаваў у 1810—11 Віцебскім пяхотным палком. Са студз. 1812 нач. 26-й пяхотнай дывізіі. У вайну 1812 вызначыўся ў баях пад Салтанаўкай (каля Магілёва, 23 ліп.), Смаленскам (16—18 жн.), Барадзіном (7 вер.), Малаяраслаўцам (24 кастр.) і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14. У 1821—25 нач. 1-й гвардз. дывізіі, з 1825 камандзір 1-га пяхотнага корпуса. У гэты перыяд зблізіўся з будучым імператарам Мікалаем I, які служыў пад яго камандаваннем. З 1826 камандуючы рас. войскамі ў Закаўказзі, з 1827 намеснік на Каўказе. У час.рас.-іранскай 1826—28 і рас.-тур. 1828—29 войнаў кіраваў войскамі пры ўзяцці крэпасцей Эрывань (Ерэван), Карс, Эрзурум. З чэрв. 1831 камандаваў рас. войскамі пры задушэнні паўстання 1830—31, 7.9.1831 штурмам авалодаў Варшавай. У 1832—56 намеснік цара ў Каралеўстве Польскім, дзе жорстка праводзіў вялікадзярж. палітыку. Камандаваў рас. войскамі пры задушэнні рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі. У Крымскую вайну 1853—56 камандаваў рас. войскамі на зах. межах і (1853—54) на Дунаі. У маі 1854 пацярпеў няўдачу каля Сілістры (Балгарыя) і выехаў у Гомель, якім валодаў з сярэдзіны 1830-х г., потым у Варшаву. Пры П. атрымаў далейшае развіццё Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.
Літ.:
Борисенок Ю. Хозяин мятежного края: Штрихи к образу фельдмаршала Паскевича // Родина, 1994. № 12;
Памяць: Гіст. дак. хроніка Гомеля. Мн., 1998. Кн. 1. С. 152—162;
Виноградов В.Н. Венгерский поход И.Ф.Паскевича 1849 г.: легенда и действительность // Новая и новейшая история. 2000. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЕ́І,
шляхецкі род герба «Вага» ў ВКЛ. Родапачынальнік Ходзька Каранеўскі, сын якога Тышка за службу ў вял.кн. Казіміра [1440—92] атрымаў некалькі вёсак у Камянецкай вол. Ад імя яго сына Пацея Тышковіча пайшло родавае прозвішча. Валодалі маёнткамі ў Берасцейскім, Трокскім і інш. ваяводствах. Найб. вядомыя:
Адам Львовіч (Іпацій; 1541—1613), уніяцкі мітрапаліт, гл.Пацей I. Леанард Габрыэль (6.11.1632—1.2.1695), ваявода віцебскі з 1686, староста рагачоўскі, суражскі і жыжморскі. Людвік Канстанцін (1664—3.1.1730), пісар польны ВКЛ з 1697, стражнік вялікі з 1698, падскарбі вялікі з 1703, гетман польны ў 1709, гетман вялікі з 1709, адначасова кашталян віленскі з 1709, ваявода віленскі з 1722. Адзін з кіраўнікоў шляхецкага руху супраць усеўладдзя Сапегаў у ВКЛ. У час Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў. Пры падтрымцы Пятра I фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу на Беларусі і ў Літве. Адзін з арганізатараў Віленскай канфедэрацыі 1716. Казімір Аляксандр (14.5.1666—10.6.1728), кашталян віцебскі з 1700 і трокскі з 1703, ваявода віцебскі з 1705, староста рагачоўскі, суражскі і жыжморскі. Антоні (?—16.2.1749), абозны вялікі ВКЛ з 1715, стражнік вялікі ў 1729—48. Аляксандр (? — сак. 1770), падчашы ВКЛ з 1724, кашталян віцебскі з 1739 і трокскі з 1740, ваявода трокскі з 1742, староста рагачоўскі, Людвік (каля 1726 — студз. 1771), абозны вялікі ВКЛ з 1744, стражнік вялікі з 1748, староста рагачоўскі і алькеніцкі. Леанард (каля 1730—14.7.1774), абозны вялікі ВКЛ з 1752, стражнік вялікі з 1771, староста рагачоўскі і алькеніцкі. Аляксандр Міхал (1774 — да 13.6.1846), абозны вялікі ВКЛ з 1794, удзельнік паўстання 1794. У вайну 1812 чл. Вайсковага к-таВКЛ у Вільні. Чл.Патрыятычнага таварыства, у 1826—27 зняволены. Тэадор (1798—1852), удзельнік паўстання 1830—31, памёр у эміграцыі ў Парыжы. Апошні з роду П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕН-СІМО́Н (Saint-Simon) Клод Анры дэ Руўруа
(de Rouvroy; 17.10.1760, Парыж — 19.5.1825),
французскі мысліцель, сацыёлаг, адзін з заснавальнікаў утапічнага сацыялізму. Са стараж.родуфранц. арыстакратаў. Вучань Ж.Л.Д’Аламбера. Удзельнік вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83. У гады франц. рэвалюцыі 1789—94 далучыўся да якабінцаў, але потым адышоў ад іх. З 1797 займаўся навук. дзейнасцю. Асн. творы: «Пісьмы жэнеўскага жыхара да сучаснікаў» (1803), «Аб прамысловай сістэме» (1821), «Катэхізіс прамыслоўцаў» (1823—24), «Новае хрысціянства» (1832), «Нарыс навукі пра чалавека», «Праца пра сусветнае прыцяжэнне» (абодва 1859). Паводле С.-С., грамадства ў сваім развіцці праходзіць шэраг ступеняў — ад першабытнай праз рабства да феад.-саслоўнага ладу. Рухаючай сілай яго выступаюць ідэі (рэліг., метафіз., навук.) і «індустрыя» (эканам. дзейнасць людзей). Кожная ступень грамадства характарызуецца стваральнай («арганічнай») і разбуральнай («крытычнай») стадыямі. На «крытычнай» стадыі феад.-саслоўная сістэма замяняецца новай, т.зв. «прамысловай сістэмай», якая грунтуецца на навук. ведах, планаванні гаспадаркі, размеркаванні па здольнасцях, абавязковай для ўсіх грамадзян працы і г.д. У якасці базавых прынцыпаў функцыянавання ідэальнага грамадства С.-С. прапанаваў навук. арг-цыю працы, адмену права на спадчыну, грамадскую лесвіцу, як строгую «іерархію здольнасцей». Лічыў, што ў выніку радыкальных пераўтварэнняў у паліт. і эканам. сферах мірным шляхам будуць створаны неабходныя ўмовы для развіцця індывід. здольнасцей кожнага чалавека ў адпаведнасці з яго прыродай, будзе выключана магчымасць эксплуатацыі чалавека чалавекам, сфарміруецца адзіны клас — «індустрыялаў»; важную ролю ў пераадольванні сац. супярэчнасцей, кансалідацыі розных сац. слаёў будзе адыгрываць новая рэлігія — «новае хрысціянства».
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. М.;
Пг., 1923;
Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1948.
Літ.:
Плеханов Г.В. Французский утопический социализм XIX в. // Избр. филос. произв. М., 1957. Т. 3;
Волгин В.П. Сен-Симон и сен-симонизм. М., 1961;
Кучеренко Г.С. Сен-симонизм в общественной мысли XIX в. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГІ,
буйны магнацкі род герба «Ліс» у ВКЛ, прадстаўнікі якога ў 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. і вайсковыя пасады; буйныя землеўладальнікі. Лічыўся другім па значэнні (пасля Радзівілаў) магнацкім родам ВКЛ. Беларусы па паходжанні, напачатку былі праваслаўнымі, у 2-й пал. 16 ст. частка іх далучылася да пратэстанцтва, аднак ужо ў канцы 16 ст. С. прынялі каталіцтва. У 17—18 ст. складаліся радаводы С., дзе сцвярджалася пра іх быццам бы княжацкае паходжанне ад Нарымонта, сына Гедзіміна. У 18—19 ст. некат. даследчыкі выводзілі С. ад трокскага кашталяна Сунігайлы, нібыта праўнука Нарымонта. А.Банецкі, Ю.Вольф і У.Сямковіч у сваіх даследаваннях даказалі, што С. паходзяць ад Сямёна Сапігі (Сапегі), велікакняжацкага пісара ў 1440-х г. з полацкіх баяр. Першапачаткова вял. маёнткі С. знаходзіліся ў Смаленскай зямлі: Ельня, Гарадзішча, Апакоў. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 С. страцілі Гарадзішча і Апакоў, якія адышлі да Масквы, а ў выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 страцілі і Ельню. У родапачынальніка Сямёна былі 4 сыны, з якіх Багдан і Іван сталі пачынальнікамі 2 гал. ліній роду — чарэйска-ружанскай і коданскай. Багдан (да 1450—пасля 1512) у выніку шлюбу з князёўнай Фядорай Друцкай-Сакалінскай атрымаў Чарэю і інш. маёнткі — ядро ўладанняў С. у Полацкім і Віцебскім ваяв. Іван (каля 1450—1517) атрымаў за службу маёнткі на Браслаўшчыне (Друю, Іказнь, Пагост), Кодань каля Брэста і інш. Старэйшая, чарэйска-ружанская лінія роду займала больш трывалыя пазіцыі ў дзярж. колах, малодшая мела меншае паліт. значэнне. У апошняй чвэрці 17 ст. род яшчэ больш узвысіўся. Кароль Ян III Сабескі, каб супрацьдзейнічаць магутнаму роду Пацаў, даваў вышэйшыя дзярж. пасады С., якія, умацаваўшы сваё становішча, выступілі супраць караля. У гэты час пашырылася незадаволенасць усеўладствам і злоўжываннямі С. У 1696 супраць іх пачалася адкрытая барацьба большай часткі шляхты ВКЛ. На сойме 1696 ёй удалося правесці канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты («каэквацыя»), у т. л. ў кантролі над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. І хоць сойм 1697 пацвердзіў «каэквацыю» і прымірыў абодва бакі, канфлікт паміж С. і шляхтай працягваўся. У 1700 ён набыў характар грамадзянскай вайны. 18.11.1700 пад Алькенікамі (на Пд ад Вільні, цяпер г. Вільнюс) адбылася рашучая бітва паміж атрадамі С. і шляхты. Войска С. было разбіта, самі яны пазбаўлены пасад, некат. з іх пакінулі краіну. У час Паўночнай вайны 1700—21 С. сталі на бок шведскага караля Карла XII і падтрымлівалі шведскага стаўленіка караля Станіслава Ляшчынскага. Шляхта працягвала ваяваць супраць С. і заключыла з царом Пятром I дагавор аб рас. ваеннай і грашовай дапамозе. Тады С. пайшлі нават на стварэнне казацка-сялянскіх атрадаў на чале з Юрэвічам, Більдзюкевічам і Хмарай, якія дзейнічалі супраць шляхты ва ўсх. частцы Беларусі. У 1702 гэтыя атрады былі разбіты. У 1704 рас. армія ачысціла Беларусь ад шведскіх і сапегаўскіх атрадаў. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў С. паменшаў, аднак яны па-ранейшаму атрымлівалі гал. пасады ў цэнтр. і мясц. адміністрацыі ВКЛ. 14.9.1700 германскі імператар Леапольд I, каб узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, надаў прадстаўнікам чарэйска-ружанскай лініі роду С. тытул князёў «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Памылковымі з’яўляюцца звесткі пра наданне Івану Сямёнавічу С. графскага тытула ад германскага імператара Максіміляна II 6.1.1572 і пацвярджэнне гэтага тытула Жыгімонтам II Аўгустам 4.5.1572. Гэтыя фальсіфікаваныя дакументы былі ўпісаны ў Метрыку ВКЛ у 1744 канцлерам Янам Фрыдэрыкам С. і, такім чынам, сталі дзярж. дакументамі, на якія потым можна было спасылацца. У 1768 па патрабаванні С. сойм Рэчы Паспалітай на падставе гэтых запісаў прызнаў усіх С. князямі, нашчадкамі Нарымонта Гедзімінавіча. Княжацкі тытул С. быў пацверджаны ў Каралеўстве Польскім у 1822, у Аўстрыі ў 1840, у Расіі ў 1874. С. збіралі б-кі (гл.Сапегаў бібліятэкі), архівы, калекцыі твораў мастацтва, трымалі тэатры. За ўдзел некат. прадстаўнікоў роду С. у паўстанні 1830—31 іх маёнткі ў Беларусі былі канфіскаваны царскім урадам. У 1915—18 С. прэтэндавалі на трон ВКЛ, якое меркавалася адрадзіць пасля магчымай перамогі Германіі ў 1-й сусв. вайне; С. мелі кантакты з нац. арг-цыямі на акупіраванай ням. войскамі тэр. Літвы і Беларусі, у т. л. з беларускімі. У 1918—39 у Польшчы С. — землеўладальнікі, дыпламаты, службоўцы. Пасля 2-й сусв. вайны ў эміграцыі.
Найб. вядомыя:
Багдан Сямёнавіч (да 1450 — пасля 1512), старэйшы сын Сямёна, заснавальнік чарэйска-ружанскай галіны роду. У 1471—88 пісар гаспадарскі (велікакняжацкі) Казіміра IV Ягелончыка. У 1494—1500 намеснік і дзяржаўца мцэнскі і любецкі, пасля акольнічы смаленскі, з 1503 намеснік высакадворскі У 1504 і 1507 у складзе пасольстваў у Маскве, дзе ў 1507—08 быў зняволены як заложнік за сям’ю М.Глінскага.
Іван Сямёнавіч (Івашка Сапежыч; каля 1450—1517), 2-і сын Сямёна, пачынальнік коданскай галіны роду С. Пісар гаспадарскі Казіміра IV Ягелончыка з 1488. Пасол у Маскву ў 1497, 1498, 1499, у Рым у 1501, дзе дамогся ад папы зацвярджэння мітрапаліта Іосіфа I Балгарыновіча, там далучыўся да Фларэнційскай царк. уніі. з 1501 канцлер вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1502 пасол да магістра Лівонскага ордэна, у 1503 — у Маскву, заключыў 6-гадовае перамір’е, якое скончыла вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03. Маршалак гаспадарскі з 1504. Пасля абрання на трон Жыгімонта I Старога (1506) тытулаваўся найвышэйшым сакратаром ВКЛ. У 1505 зноў пасол у Маскву, аднак прадоўжыць тэрмін перамір’я не ўдалося. Намеснік віцебскі ў 1508—14 (з 1511 ваявода). Пасол у Маскву ў 1508, заключыў мір, якім скончана вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08. У 1512 вёў перагаворы ў Польшчы з кароннаю радаю аб дапамозе ў вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. Удзельнічаў у кампаніі 1514 пад кіраўніцтвам гетмана К.Астрожскага. Ваявода падляшскі з 1514. Заклаў асновы латыфундыі коданскай лініі роду. У 1504 заснаваў мяст. Іказнь і Іказненскі замак, збудаваў мяст. Кодань з замкам (на левым беразе Буга каля Брэста).
Іван Багданавіч (каля 1480—1546), сын Багдана Сямёнавіча. Пісар гаспадарскі ў 1507—16, маршалак гаспадарскі ў 1515—41, ваявода віцебскі ў 1520—41 і падляшскі з 1529; староста драгічынскі ў 1529—41 і з 1545. Пасол у Маскву ў 1508, 1531—32, 1536, у Турцыю ў 1534.
Павел Іванавіч (каля 1490—1579), сын Івана Сямёнавіча. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Дзяржаўца браслаўскі ў 1517—47, маршалак гаспадарскі ў 1519—57, ваявода падляшскі ў 1556—58 і навагрудскі з 1558. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1534—37, Лівонскай вайне 1558—83 у 1561. Быў праціўнікам Люблінскай уніі 1569, але акт уніі падпісаў.
Мікалай Паўлавіч (каля 1525—1.11.1599), сын Паўла Іванавіча. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Кёнігсбергскім ун-тах. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, у пераможнай Ульскай бітве 1564. Маршалак гаспадарскі ў 1566—76, ваявода мінскі ў 1578—88, брэсцкі ў 1588 і віцебскі з 1588. Падпісаў акт Люблінскай уніі 1569.
Багдан Паўлавіч (каля 1530—1-я пал. 1593), сын Паўла Іванавіча. Падкаморы бельскі ў 1566—69, староста гомельскі ў 1572—82, кашталян брэсцкі ў 1579—85 і смаленскі ў 1585—88, ваявода мінскі з 1588.
Леў Іванавіч (4.4.1557—7.7.1633), канцлер ВКЛ, гл.Сапега Л.І.
Андрэй Іванавіч (каля 1565—1611), малодшы брат канцлера Л.І.Сапегі. Староста аршанскі з 1588, кашталян віцебскі ў 1600—05, ваявода мсціслаўскі з 1605. У 1596 удзельнічаў у задушэнні паўстання С.Налівайкі, у вайне з Расіяй 1609—18.
Андрэй Паўлавіч (каля 1560 — да 11.10.1621), сын Паўла Іванавіча. У 1590-я г. вучыўся ў Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83. Падчашы ВКЛ у 1588—92, кашталян мінскі ў 1592—97, ваявода полацкі ў 1597—1613 і смаленскі з 1621.
Павел Стафан (1565—19.7.1635), сын Багдана Паўлавіча. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. Выбіраўся паслом на соймы. Канюшы ВКЛ у 1593—1623, падканцлер ВКЛ з 1623.
Ян Пётр (1569—15.10.1611), сын Паўла. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у баях з крымскімі татарамі, у вайне са Швецыяй 1600—29. У жн. 1607 са згоды канцлера Л.А.Сапегі прапанаваў Ілжэдзмітрыю II сваю дапамогу ў авалоданні маскоўскім тронам. У ліп. 1608 з войскам перайшоў маскоўскую мяжу. 25.8.1608 заняў Вязьму, потым спаткаў Марыну Мнішак з яе бацькам і прывёз іх у Тушына да Лжэдзмітрыя II. 2.10.1608 разбіў войска І.Шуйскага пад Рахманавам, аблажыў Троіца-Сергіеў манастыр, падпарадкаваў Замаскварэцкі край. У лют. 1610 заняў Дзмітраў. 1.3.1610 пацярпеў паражэнне ад М.В.Скопіна-Шуйскага, у чэрв. 1610 далучыўся да Лжэдзмітрыя II у Калузе. У ліп. 1610 рушыў на Маскву. 27.7.1610, калі быў скінуты з трона цар Васіль Шуйскі і ўстанавілася сямібаяршчына, прыехаў у Маскву і вёў перагаворы пра перадачу ўлады Лжэдзмітрыю II. У ліп. 1611 заняў Аляксандраву Слабаду, аблажыў Пераяслаўль-Залескі, 15.8.1611 штурмам узяў Белы Горад у Маскве.
Мікалай (каля 1581—14.3.1644), сын Мікалая Паўлавіча. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу (Бранева), ун-тах Вены, Трыра, Майнца, Парыжа. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар, харунжы ВКЛ у 1627—38, ваявода мінскі ў 1638 і брэсцкі ў 1638—42, кашталян віленскі з 1642.
Аляксандр Дажбог (Багдан, Тэадат; 1585 — студз. 1635), сын Рыгора. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу. Падкаморы віцебскі з 1606, староста аршанскі з 1610, кашталян віцебскі ў 1613—15, староста прапойскі і чачэрскі з 1622, крычаўскі (да 1631), чашнік ВКЛ у 1631—32. Удзельнічаў у баях за Смаленск у час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, у вайне з туркамі ў 1621, са шведамі ў 1627.
Ян Станіслаў (25.10.1589, г. Маладзечна — 10.4.1635), сын канцлера Л.І.Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, Вюрцбургскім, Падуанскім, Балонскім ун-тах. Пасол на соймы. Староста слонімскі з 1605, падстолі ВКЛ у 1611—17, маршалак дворны ў 1617—21, маршалак вялікі з 1621.
Андрэй Станіслаў (1592—25.3.1646), сын Яна Пятра. Староста ўсвяцкі ў 1612—23 і ваўкавыскі з 1645, кашталян трокскі ў 1641—44 і віленскі з 1644. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Удзельнічаў у войнах з туркамі (1621), шведамі (1622—28).
Казімір Леў (15.7.1609, Вільня — 19.1.1656), сын канцлера Л.І.Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Мюнхене, Інгальштацкім, Лёвенскім, Балонскім ун-тах. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар і вял. пісар ВКЛ у 1631—37, маршалак дворны ў 1637—45, падканцлер з 1645. Адміністратар Брэсцкай эканоміі, староста рагачоўскі. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.
Павел Ян (1609—30.12.1665), сын Яна Пятра. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Абозны вялікі ВКЛ у 1638—45, падстолі ВКЛ у 1645—46, ваявода віцебскі ў 1646—56, ваявода віленскі і гетман вялікі з 1656. Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1649. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.
Казімір Ян Павел (1642—13.3.1720), сын Паўла Яна. Вучыўся ва ун-тах Граца і Лёвена. З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛ у 1659—61, падстолі ў 1661—63, падскарбі дворны ў 1663—70, ваявода полацкі у 1670—81, гетман польны ў 1681—83, гетман вялікі ў 1683—1703 і 1705—08, ваявода віленскі ў 1682—1703 і з 1705, староста брэсцкі. Падтрымліваў караля Міхала Вішнявецкага, стаў лідэрам апазіцыі да ўсемагутных у 1670-х г. Пацаў. Удзельнічаў у паходах супраць туркаў. Устанавіў рэжым улады С. ў ВКЛ. У паўн. вайне 1700—21 стаў на бок шведаў.
Бенядзікт Павел (каля 1643—12.8.1707), сын Паўла Яна. З 1657 вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Грацы (Аўстрыя), з 1664 — у Лёвенскім ун-це (Іспанскія Нідэрланды). З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛ у 1663—65, стольнік у 1665—70, крайчы ў 1670, падскарбі дворны ў 1670—76, падскарбі вялікі з 1676, староста слонімскі. На элекцыйным сойме 1674 быў маршалкам і садзейнічаў абранню на трон Яна III Сабескага, што спрыяла ўстанаўленню гегемоніі С. у ВКЛ. У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 яго армія разбіта. У сак. 1702 перайшоў на бок шведаў.
Казімір Уладзіслаў (1650—29.4.1703), сын Яна Фрыдэрыка. Вучыўся ў езуіцкіх навуч. установах у Львове і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на соймы. Падстолі ВКЛ у 1685—86, стольнік у 1686, падскарбі надворны ў 1686—89, трокскі кашталян у 1689—97 і ваявода з 1697.
Уладзіслаў Юзафат (5.11.1652, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 13.3.1733), сын Крыштофа Францішка. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Любліне і Брунсбергу, ун-тах Прагі і Вены. Удзельнічаў у вайне 1673—74 супраць туркаў. Чашнік ВКЛ у 1681—84, крайчы ў 1684—99, ваявода мінскі ў 1699—1709 і брэсцкі з 1709. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ.
Ежы Станіслаў (1668—12.10.1732), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў Вільні і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах супраць туркаў. Выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛ у 1686, стольнік ВКЛ у 1686—1703 і з 1709, ваявода мсціслаўскі ў 1732.
Міхал Францішак (1670—19.11.1700), сын Казіміра Яна. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Варшаве і Брунсбергу. У 1689 паступіў на службу ў аўстрыйскае войска, ўдзельнічаў у войнах супраць туркаў, ген.-маёр (1692). У 1696 вярнуўся ў ВКЛ. Канюшы ВКЛ з 1690, адначасова ген. артылерыі з 1698, староста ашмянскі з 1699. У 1700 атрымаў ад аўстр. імператара чын ген.-фельдмаршала-лейтэнанта і тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Камандаваў сапегаўскімі войскамі ў вайне супраць шляхты — «рэспубліканцаў». У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 капітуляваў і быў засечаны шляхтай.
Міхал Юзаф (1670—6.3.1738), сын Бенядзікта Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Варшаве. Выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛ у 1687—92, стражнік у 1692—98, пісар польны ў 1698—1730, ваявода падляшскі з 1728, ген.-маёр войска ВКЛ (1710), ген.-лейт. кавалерыі (1714), ген.-лейт. саксонскага войска (1733).
Аляксандр Павел (8.9.1672—4.1.1734), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, у 1685—89 у Парыжы. Чашнік ВКЛ у 1692, маршалак дворны ў 1692—98, маршалак вялікі ў 1698—1703, 1705—08 і з 1713.
Ежы Феліцыян (лют. 1680—3.9.1750), сын Францішка Стафана. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу і за мяжой. Ген.-маёр (1708). Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1717, ваявода мсціслаўскі з 1742.
Ян Фрыдэрык (18.10.1680, в. Дабратычы, Брэсцкі пав. — 6.7.1751), сын Казіміра Уладзіслава. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Брэсце, Любліне і Варшаве. Кашталян мінскі ў 1711—12, трокскі ў 1716—35, канцлер ВКЛ з 1735. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Напісаў гісторыю абраза Дзевы Марыі ў Кодані (Торунь, 1720), гіст.-генеалагічны нарыс роду С. (Варшава, 1730) і інш. У Кодані сабраў вял. б-ку, у Коданскім касцёле стварыў партрэтную галерэю С.
Ян Казімір (?—22.2.1730), дзярж. і ваенны дзеяч; гл.Сапега Я.К.
Антоні Казімір (1689—16.5.1739), сын Ежы Станіслава. Вучыўся ў Парыжы. Стольнік ВКЛ у 1706—09, кашталян трокскі з 1737. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Аўтар дыярыуша (не надрукаваны).
Ігнацы (?—15.4.1758), сын Уладзіслава Юзафата. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Чашнік ВКЛ у 1740—44, падскарбі надворны ў 1744—50, ваявода мсціслаўскі з 1750.
Кароль Юзаф (?—20.3.1768), сын Уладзіслава Юзафата. Выбіраўся паслом на соймы. Пісар польны ВКЛ у 1730—48, ваявода брэсцкі з 1748.
Пётр Павел (28.1.1701, г. Дрэздэн, Германія — 23.1.1771), сын Яна Казіміра. У 1726 з дапамогай імператрыцы Кацярыны I быў заручаны з дачкой А.Д.Меншыкава Марыяй, стаў царскім камергерам. У 1728 выехаў у Рэч Паспалітую, стольнік ВКЛ у 1732—44, ваявода смаленскі з 1744. Далучыўся да Барскай канфедэрацыі, у 1770 выехаў у Славакію.
Міхал Антоні [10 або 12.3.1711, г. Кралявец (Калінінград, Расія) — 11.10.1760], сын Аляксандра Паўла. З 1732 выбіраўся паслом на соймы. Лоўчы ВКЛ у 1739—46, ваявода падляшскі ў 1746—52, падканцлер ВКЛ з 1752. Староста мсціслаўскі з 1757.
Аляксандр Міхал (12.9.1730—28.5.1793), сын Казіміра Лявона. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Любартаве. З 1746 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. Абозны ВКЛ у 1748—50, ген.-маёр (1750), падскарбі дворны ў 1750—54, ваявода полацкі ў 1754—75, гетман польны ВКЛ у 1762—75, канцлер з 1775. У 1792 па прапанове караля далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі і быў абраны яе маршалкам у ВКЛ.
Казімір Нестар (14.2.1757, г. Брэст — 25.5.1798), сын Яна. У 1767—72 вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве, пазней у ваеннай акадэміі ў Турыне, у Парыжы, у Страсбургу. З 1772 палкоўнік артылерыі войска ВКЛ, у 1773—93 ген. артылерыі. З 1778 выбіраўся паслом на соймы. З 1778 чл. Пастаяннай Рады. Староста брэсцкі з 1783. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 абраны маршалкам канфедэрацыі ВКЛ, прыхільнік рэформ. Удзельнічаў у паўстанні 1794.
Францішак (28.8.1772, Варшава — 30.5.1829), сын Аляксандра Міхала. Вучыўся ў Віленскай гал. школе (ун-це). Ген. артылерыі ВКЛ у 1793—95, шэф карпусоў артылерыі і інжынераў. Удзельнік паўстання 1794. Атрымаў чын ген.-лейтэнанта, камандаваў дывізіяй. Пасля задушэння паўстання прысягнуў Кацярыне II.
Аляксандр Антоні (3.9.1773, г. Страсбург, Францыя — 8.91812), сын Юзафа. Атрымаў хатнюю адукацыю. Ажыццявіў мінералагічныя экспедыцыі ў Польшчы і Літве, а таксама ў Альпы, на Балканы і Валынь. Аўтар працы «Мінералогія» (1800—01), падручніка па неарган. хіміі, нарыса па крышталяграфіі. Вывучаў этнаграфію славенцаў, харватаў, баснійцаў, герцагавінцаў. Вынікі даследаванняў апублікаваў у працы «Падарожжа ў славянскіх краінах у 1802 і 1803 гг.» (1811) у форме лістоў да Ж.Э.Жылібера. У 1807 арганізаваў знаходжанне Напалеона ў Варшаве, стаў афіцэрам яго гвардыі, камергерам. 1.7.1812 увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага.
Яўстафій Каэтан (7.8.1797, Вільня — 16.11.1860), сын Францішка. Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, паручнік у штабе галоўнакамандуючага ген. Я.Скшынецкага, адзначаны залатым крыжам «Віртуці Мілітары». Пасля паражэння паўстання ў эміграцыі ў Францыі. Адхіліў прапанову Мікалая I прыняць канфіскаваныя маёнткі ўзамен за вернападданую прысягу, у выніку чаго музейныя зборы, б-кі і архівы С. вывезены ў С.-Пецярбург.
Адам Стафан (14.5.1867, г. Красічын, Польшча — 23.7.1951), сын Адама. Вучыўся ў Вене, Інсбруку. З 1911 біскуп кракаўскі. З 1925 мітрапаліт кракаўскі, з 1926 архібіскуп мітрапаліт. Утварыў арг-цыю католікаў «Акцыя каталіцка» і касцельную дабрачынную арг-цыю «Карытас». У час 2-й сусв. вайны звязаны з падп. рухам. З 1946 кардынал.
Літ.:
Sapiehowie: Materiały historycznogenealogiczne i majątkowe. T. 1—3. Pb., 1890—94;Labarre de Raillicourt D. Histoire des Sapieha, 1440—1970. Paryż, 1970; Polski słownik biograficzny. T. 34—35. Wrocław etc., 1993—94; Dom Sapieżyński. Warszawa, 1995; Dzieje rodu Sapiehów. Warszawa, 1999.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Сапегі. Багдан Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.Да арт.Сапегі. Іван Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.Да арт.Сапегі. Ян Пётр Сапега. Гравюра В.Гондзіуса. 17 ст.Да арт.Сапегі. Казімір Леў Сапега. Гравюра П.Ландры. 1663.Да арт.Сапегі. Павел Ян Сапега. Гравюра П.Ландры. 1663.Да арт.Сапегі. Ян Фрыдэрык Сапега. Партрэт невядомага мастака. Каля 1720.Да арт.Сапегі. Міхал Антоні Сапега. Партрэт сярэдзіны 18 ст.Да арт.Сапегі. Аляксандр Міхал Сапега. Партрэт 2-й пал. 18 ст.Да арт.Сапегі. Казімір Нестар Сапега. Партрэт Ю.Пічмана.Да арт.Сапегі. Францішак Сапега. Партрэт 19 ст.Да арт.Сапегі. Яўстафій Каэтан Сапега. Партрэт 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕ́ННЕВА (Наталля Аляксееўна) (н. 20.9.1903, г. Баку),
бел. паэтэса. З роду Арсенневых, па генеалогіі звязаных з М.Лермантавым. Дзяцінства і юнацтва правяла ў Вільні. Скончыла Віленскую Першую бел. гімназію (1921). Вучылася ў Віленскім ун-це (1921—22). Жыла з сям’ёй у Слоніме, затым у Польшчы. У 1939—40 супрацоўніца газ. «Вілейская праўда» (з 1940 «Сялянская газета»). Як жонка інтэрніраванага польск. афіцэра Ф.Кушаля адбывала з дзецьмі ссылку ў Казахстане (1940—41). У час Айч. вайны працавала ў «Беларускай газэце», якая выдавалася ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі Мінску пад кантролем герм.акупац. улад. З 1944 у Германіі. З 1949 жыве ў ЗША. Друкуецца з 1920. У творчасці Арсенневай пераважае пейзажная лірыка. Ёй уласцівы лірызм, эмац. выразнасць, сінтэз жывапісных і муз. слоўна-выяўл. сродкаў. Праблематыка творчасці паглыбляецца асэнсаваннем драмы беларусаў-эмігрантаў. У лірыцы амер. перыяду дамінуюць матывы настальгіі па Беларусі. У 1940-я г. напісала лібрэта да опер М.Шчаглова «Лясное возера», «Усяслаў Чарадзей». Пераклала на бел. мову драму Г.Гаўптмана «Патанулы звон», камедыю Г.Клейста «Разбіты збан», урыўкі з трагедыі У.Шэкспіра «Рамэо і Джульета» і паэмы А.Міцкевіча «Дзяды», вершы Міцкевіча і Гётэ, лібрэта опер В.А.Моцарта «Вяселле Фігера», «Чарадзейная флейта», К.М.Вебера «Вольны стралок», Ж.Бізэ «Кармэн», часткова оперы П.Чайкоўскага «Яўген Анегін», аперэты І.Штрауса «Цыганскі барон».
Тв.:
Пад сінім небам: Вершы (1921—1925 г.). Вільня, 1927 (факс. выд.Мн., 1991);
Сягоння: Вершы, 1941—1943. Мн., 1944;
Між берагамі: Выбар паэзіі, 1920—1970. Нью-Йорк;
Таронта, 1979;
У кн.: Туга па Радзіме: Паэзія бел. эміграцыі. Мн., 1992.
Літ.:
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990. С. 43—48;
Мішчанчук М. «Між берагамі» // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Ч. І;
Тарасюк Л. Праз акіян забыцця // ЛІМ. 1993. 5 лют.;
Яго ж. Пад небам паэзіі // Полымя. 1995. №6;
Сямёнава А. Лёс — і над лёсам // Голас Радзімы. 1993. 30 верас.;
Калеснік У. Наталля Арсеннева // ЛІМ. 1994. 9 снеж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЛЬКАВІЧЫ (Алелькі, Слуцкія),
княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ, адна з галін Гедзімінавічаў. Яго прадстаўнікі ў 15—16 ст. адыгрывалі значную ролю ў грамадскім і дзярж.-паліт. жыцці Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Найб. вядомыя Алелькавічы:
Аляксандр (Алелька, ? — 1454), заснавальнік роду, сын кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча. Князь капыльскі, слуцкі з 1394, кіеўскі з 1441. Вёў войны супраць татараў. Як военачальнік і дыпламат карыстаўся вял. аўтарытэтам у бел., літ. і ўкр. знаці, пасля смерці Вітаўта яго кандыдатура была вылучана на велікакняжацкі пасад. Удзельнічаў у міжусобнай барацьбе паміж прэтэндэнтамі на велікакняжацкі пасад Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам (напачатку падтрымліваў першага, потым другога). Жыгімонт Кейстутавіч, атрымаўшы перамогу, адабраў у Аляксандра Слуцкае княства, а яго самога зняволіў у астрог. Вял.кн. Казімір IV у 1441 вярнуў яму Слуцк і даў Кіеўскае княства. Сямён (1420—3.12.1470), старэйшы сын Аляксандра, князь кіеўскі. Прэтэндаваў на велікакняжацкі пасад у 1454 і 1456, шукаў падтрымкі ў Маскве. Яго ўдава Марыя Гаштольд атрымала ад вял.кн. Пінскае княства ўзамен за Кіеўскае. Міхал (каля 1425—30.8.1481), малодшы сын Аляксандра, князь слуцкі і капыльскі. У 1470—71 намеснік вял.кн.ВКЛ у Вял. Ноўгарадзе. З мэтай скінуць Ягелонаў і стаць вял.кн.ВКЛ стварыў групоўку магнацкіх родаў. Пры няўдачы намерваўся аддзяліць ад ВКЛусх. землі Беларусі і Украіны і перайсці з імі пад апеку вял. князя маскоўскага. За арганізацыю змовы супраць вял.кн. Казіміра IV пакараны смерцю. Васіль (каля 1425—4.6.1495), сын Сямёна, князь пінскі. Сямён (каля 1460—14.11.1505), сын Міхала, князь слуцкі. У 1502 і 1503 разбіў татараў у бітвах на р. Уза і Прыпяць. Юрый (1492—17.4.1542), сын Сямёна, князь слуцкі. Удзельнік абароны Слуцка ў час Глінскіх мяцяжу 1508, бітвы з татарамі ў 1511, Аршанскай бітвы 1514. Юрый (каля 1531—9.11.1578), сын Юрыя, князь слуцкі. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Юрый (17.8.1559 — 6.5.1586), сын Юрыя Юр’евіча, князь слуцкі, адзін з апошніх Алелькавічаў па мужчынскай лініі. Яго дачка Соф’я ў 1600 выйшла замуж за Я.Радзівіла. Пасля яе смерці (1612) Слуцкае і Капыльскае княствы перайшлі да Радзівілаў.