СЦЫПІЁНЫ (Scipiones),

у Старажытным Рыме адна з галін патрыцыянскага роду Карнеліяў. Адыгралі вял. ролю ў паліт. і грамадскім жыцці Стараж. Рыма, садзейнічалі ўмацаванню яго гегемоніі ў Міжземнамор’і. З іх найб. вядомыя: Луцый Карнелій С. Барадаты, паліт. дзеяч 3 ст. да н.э., консул 298 да н.э. Перамог самнітаў у Самніі, Луканіі і Этрурыі. Публій Карнелій С. (гл. Сцыпіён Афрыканскі Старэйшы). Яго брат Луцый Карнелій С. Азіяцкі, паліт. дзеяч канца 3 — пач. 2 ст. да н.э. Легат у Іспаніі 207—206 да н.э., Сіцыліі 205 да н.э., Афрыцы 204 да н.э. Консул 190 да н.э. Публій Карнелій С. Назіка Серапіён (?—132 да н.э.), консул 138 да н.э., узначальваў сенатараў, якія ў 133 да н.э. забілі Тыберыя Гракха (гл. Гракхі). Публій Карнелій С. Эміліян (гл. Сцыпіён Афрыканскі Малодшы). Карнелія, дачка С. Афрыканскага Старэйшага, маці Тыберыя і Гая Гракхаў. Яе дачка Семпронія стала жонкаю С. Афрыканскага Малодшага. Пасля смерці Гракхаў жыла ў Мізене (каля Неапаля), карысталася вял. павагай. Яе лічылі ўзорнай рымлянкай.

Літ.:

Трухина Н.Н. Политика и политики «золотого века» Римской республики (II в. до н.э.). М., 1986.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)