СЦЮ́АРТЫ (Stuart, Stewart),

каралеўская дынастыя ў Шатландыі (з 1371) і ў Англіі (1603—49, 1660—1714). Паходзілі са стараж. шатл. роду, прадстаўнікі якога ў 12 ст. займалі пасаду каралеўскага кіраўніка Шатландыі («сцюарта», адсюль назва). Дзякуючы шлюбу Уолтэра С. з дачкой шатл. караля, іх сын Роберт II у 1371 стаў шатл. каралём. Якаў IV С. [1488—1513] парадніўся з англ. каралеўскім родам, яго ўнучка Марыя Сцюарт прэтэндавала на англ. трон, але была пакарана смерцю. Якаў I [1603—25] і яго сын Карл I [1625—49] праводзілі палітыку ўмацавання абсалютызму, але не здолелі прадухіліць англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя, у час першай з іх Карл I пакараны смерцю, а Англія абвешчана рэспублікай. Пасля рэстаўрацыі манархіі С. (1660; Карл II, кароль у 1660—85) зноў занялі трон. Пераемнік Карла II Якаў II [1685—88] скінуты ў выніку дзярж. перавароту. Трон заняў Вільгельм III Аранскі [1689—1702], які правіў разам са сваёй жонкай — дачкой Якава II Марыяй II (каралева ў 1689—94). Пасля смерці Ганны С. [1702—14] трон перайшоў да Гановерскай дынастыі. Род С. знік пасля смерці ўнука Якава II, кардынала Генрыха Бенядзікта (1807).

т. 15, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)