ЧА́ПСКІ, Гутэн-Чапскі Эмерык Карлавіч (Эмерык Захар’яш Мікалай Севярын; 17.11.1828, в. Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 23.7.1896), дзяржаўны дзеяч, калекцыянер. Чл. Рус. археал. т-ва (1851), Маскоўскага нумізматычнага т-ва (1890). З роду Чапскіх. Скончыў Маскоўскі ун-т. З 1851 у Мін-ве ўнутр. спраў, з 1863 наўгародскі губернатар, пасля дырэктар Ляснога дэпартамента Мін-ва дзярж. маёмасцей. З 1861 міравы пасрэднік Мінскага пав. У 1879 пакінуў дзярж. службу і жыў у Станькаве. Заснаваў Станькаўскі музей Эмерыка Чапскага, дзе зберагаліся манеты, медалі, зброя, творы мастацтва, гіст. дакументы, кнігі і інш. Аўтар кн. «Удзельныя, велікакняжацкія і царскія грошы Старажытнай Русі збору Э.​К.​Гутэн-Чапскага» (1875), «Каталог калекцыі польскіх медалёў і манет графа Э.​Гутэн-Чапскага» (т. 1—5, 1871—1916). Працы Ч. адзначаны вял. сярэбраным медалём Рус. археал. т-ва, у гонар 25-годдзя яго навук. працы ў 1896 выбіты медаль. У 1894 падзяліў свае маёнткі Станькава і Прылукі паміж сынамі і пераехаў у Кракаў, куды перавёз музейныя зборы (цяпер у складзе Нац. музея). Гл. таксама Станькаўскі сядзібна-паркавы ансамбль.

А.​І.​Валахановіч.

Э.К.Чапскі.

т. 17, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)