ПАКЛЕ́ЎСКІ-КО́ЗЕЛ Альфонс Фаміч (1809 або 1815, в. Быкаўшчына Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 9.9.1890),
расійскі прадпрымальнік, мецэнат. З роду Паклеўскіх-Козелаў. Скончыў школу дамініканцаў у мяст. Ушачы, калегіум піяраў, вучыўся ў Віленскім ун-це. У 1830-я г. на дзярж. службе ў Рас. імперыі, з 1838 губернскі сакратар, чыноўнік па асобых даручэннях пры ген.-губернатару Зах. Сібіры. У 1843 заснаваў першае ў Сібіры параходства. Валодаў залатымі і азбеставымі прыіскамі, жал., сярэбранымі і меднымі руднікамі, капальнямі ізумрудаў і александрытаў, заводамі па вытв-сці чыгуну, жалеза, свечак, хім. з-дам, гутамі і інш. прадпрыемствамі. Найбуйнейшы ў Сібіры вытворца гарэлкі, піва, прадуктаў харчавання. Ініцыятар будаўніцтва чыг. Екацярынбург—Цюмень, адзін са стваральнікаў у 1872 Сібірскага гандл. банка. Займаўся дабрачыннай дзейнасцю: будаваў бальніцы, дзіцячыя прытулкі, багадзельні, клубы, б-кі і фінансаваў іх; дапамагаў сасланым удзельнікам паўстання 1830—31 і 1863—64, пабудаваў у Сібіры і на Урале 5 касцёлаў. Пасля смерці П.-К. яго нашчадкі стварылі гандл. дом «Спадкаемцаў А.Ф.Паклеўскага-Козела».
У.У.Яцкевіч.
т. 18, кн. 1, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)