СЯНІ́ЦКІ (Siennicki) Людвік (2.2.1677—24.1.1757),
падарожнік і мемуарыст, даследчык Сібіры. З бел. шляхецкага роду герба «Бонча». Вучыўся ў Віленскай евангелісцкай школе. У пач. 18 ст. адміністратар Магілёўскай эканоміі, віцэ-губернатар Быхава, падстолі ВКЛ. У Паўночную вайну 1700—21 палкоўнік, камандзір Бел. дывізіі. У 1707 разам са стрыечным братам ген. К.Сяніцкім здрадзіў каралю Аўгусту II — саюзніку Расіі і перайшоў на бок прашвед. групоўкі кн. Сапегаў. Адзін з кіраўнікоў Быхава абароны 1707; узяты ў рас. палон і ў 1709 сасланы ў Сібір (Табольск, потым Якуцк), адкуль вярнуўся на радзіму ў 1722. У сваіх мемуарах «Дакумент асаблівай міласэрнасці божай...» (Вільня, 1754) даў заснаваныя на ўласных назіраннях каштоўныя этнагр. апісанні якутаў і інш. сібірскіх народаў — хантаў, чукчаў, эвенкаў, юкагіраў, звесткі пра Японію (са слоў яп. палонных, што пацярпелі караблекрушэнне ў Ахоцкім м.).
Літ.:
Кучинский А. Описание Сибири XVIII в.: (Материалы Л.Сеницкого о сибирских аборигенах и их культуре) // Сов. этнография. 1972. № 1;
Могилевская хроника Т.Р.Сурты и Ю.Трубницкого // Полн. собр. рус. летописей. М., 1980. Т. 35.
В.А.Ярмоленка.
т. 15, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)