БІФО́РЫУМ, біфора (ад лац. biforis скразны, на абодва бакі),
двухчасткавы арачны праём або элемент аркады, падзелены на 2 часткі па восі слупам (калонкай). Біфорыум перакрываецца цыркульнай (раманская і візант. архітэктура), спічастай (готыка), лучковай (барока, эклектыка) аркамі. Прамежак паміж малымі (унутранымі) і вял. (знешняй) аркамі можа быць глухі, аздоблены дэкар.-пластычным элементам і ажурны. У бел. архітэктуры біфорыум выкарыстаны ў Сар’еўскім касцёле, Каменкаўскім Антоніеўскім касцёле, у царкве ў в. Азерцы Гродзенскага р-на (пач. 20 ст.) і інш.
Г.А.Лаўрэцкі.
Біфорыум вежы касцёла ў в. Каменка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́ЗАН,
1) прыбліжаны манарха ці феадала, які павінен быў весяліць гаспадара і гасцей. Паявіліся ў Зах. Еўропе ў 15 ст. У Рэчы Паспалітай вядомы з канца 15 ст., у Расіі — з пач. 18 ст. 2) Дзейная асоба, камічны персанаж стараж. спектакляў школьнага і нар. (гульні-паказы, батлейка) т-раў, нар. драмы. Выканаўца ролі блазна меў звычайна яркі, стракаты касцюм, у руках трымаў ляльку з бразготкамі.
3) Персанаж у творах У.Шэкспіра, П.Кальдэрона і інш., у бел. драматургіі — К.Марашэўскага, Е.Міровіча і інш.
У.Уладамірскі ў ролі Блазна ў спектаклі «Каваль-ваявода» Е.Міровіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАХІ́Н (Аляксандр Паўлавіч) (н. 1.8.1951, г. Бабруйск),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1991). Скончыў БДУ. У 1975—91 у Ін-це фізікі, з 1992 вучоны сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, з 1995 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі АН Беларусі. Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі. Прадказаў існаванне і распрацаваў тэорыю палярызаванай люмінесцэнцыі шмататамных малекул у газавай фазе.
Тв.:
Ориентационная корреляционная функция классического ансамбля свободных асимметричных волчков // Доклады АНБССР, 1979. Т. 23, № 11;
Поляризация флуоресценции свободных многоатомных молекул (разам з В.А.Таўкачовым) // Оптика и спектроскопия, 1981. Т. 51, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮМЕНТА́ЛЬ-ТАМА́РЫНА (дзявочае Клімава) Марыя Міхайлаўна
(16.7.1859, С.-Пецярбург — 16.10.1938),
руская актрыса. Нар.арт.СССР (1936). Сцэнічную дзейнасць пачала ў 1887. У 1901—14, 1921—32 у Маскоўскім т-ры Корша, з 1933 у Малым т-ры. Выконвала пераважна ролі старых: Галчыха, Анфуса («Без віны вінаватыя», «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Матрона («Улада цемры» Л.Талстога), Матылькова («Слава» В.Гусева) і інш. Мастацтва Блюменталь-Тамарынай вызначалі шчырасць, мяккі гумар, адметная акцёрская тэхніка, здольнасць унутр. пераўвасаблення. З 1915 здымалася ў кіно, у т. л. ў бел. фільмах «Шукальнікі шчасця» (1936), «Дачка Радзімы» (1937).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ХВІЦ (Фларыян) (4.5.1799, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 9.8.1856),
бел. філосаф. Прадстаўнік хрысціянскага кірунку філас. думкі. Вучыўся ў Нясвіжы, вывучаў права ва ун-тах Кіева і Вільні. Быў чл. Навагрудскай карпарацыі адвакатаў. У 1838 адмовіўся ад дзейнасці адваката і заняўся навук.-літ. працай. Аўтар прац (на польск. мове) «Сутнасць маёй думкі...» (ч. 1—3, 1838—41), «Асновы маіх думак і пачуццяў» (1842), «Думкі пра выхаванне чалавека» (1847). Імкнуўся прымірыць рэліг. ідэі з навукай. Гал. мэтай выхавання лічыў удасканаленне розуму і пачуццяў, выказваўся за неабходнасць такой сістэмы выхавання, якая б рыхтавала людзей, карысных для грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДНІ́К,
бел.нар. гульня. Удзельнічаюць ад 6 да 20 чал., гуляюць на пляцоўцы ці ў спарт. зале, перамяшчаюцца толькі павольна. Гульцы пры дапамозе лічылкі выбіраюць «рыбака» і завязваюць яму вочы. Пасля, пляскаючы ў далоні, ходзяць вакол «рыбака», які іх ловіць. Калі на шляху «рыбака» перашкода (сцяна, слуп, яма і г.д.), гульцы гавораць «глыбока», калі той абыходзіць перашкоду, кажуць «мялей», а калі абыдзе — «мелка» ці «чыстая вада». Злавіўшы гульца, «рыбак» павінен назваць яго імя, калі адгадае, злоўлены становіцца «рыбаком» і гульня пачынаецца спачатку. Калі ж імя не адгадана, дзеці крычаць «жабу злавіў», і «рыбак» адпускае гульца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗНАЧЭ́ННЕў граматыцы,
даданы член сказа, які паясняе словы з прадметнымі значэннямі, называючы прыкмету прадмета (яго якасць, форму, памер, матэрыял, адносіны да інш. прадметаў і г.д.). У бел. мове азначэнні падзяляюцца на дапасаваныя (сінтаксічная сувязь — дапасаванне, сродкі выражэння — прыметнік, дзеепрыметнік, займеннік, лічэбнік: «зялёная ялінка», «бацькава парада», «неадасланае пісьмо», «нашы сябры», «трэці год») і недапасаваныя (сінтаксічная сувязь — прымыканне, сродкі выражэння — назоўнік ва ўскосных склонах часам з прыназоўнікам, займеннік, інфінітыў, прыслоўе, а таксама словазлучэнні розных тыпаў: «дом восем», «дарога бацькоў», «дзяўчынка з бантам», «яе клопат», «імкненне вучыцца», «паварот налева», «стары высокага росту»). Асобная форма азначэнняў — прыдатак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯМБЛО́ЎСКІ (Юзаф) (каля 1804, Мінск — 27.8.1878),
мастак-графік. У пач. 1830-х г. вучыўся ў Я.Рустэма. У 1835 заснаваў у Вільні літаграфскую майстэрню, дзе ілюстравалі свае кнігі Ю.Крашэўскі, Т.Нарбут, Ф.Бохвіц, Ю.Струміла, Я.Шымлер і інш. Сярод твораў Азямблоўскага — пейзажы, віды Вільні, літ. і бел. гарадоў, жанравыя замалёўкі, партрэты Рустэма, Ю.Франка, вял. князёў ВКЛ Альгерда, Жыгімонта II Аўгуста і інш.; літаграфія «Славянскі нявольнік» («Беларускі раб», 1840-я г.), якую А.Міцкевіч выкарыстоўваў як ілюстрацыю ў лекцыях аб прыгонным праве ў Расіі.
В.Ф.Шматаў.
Ю.Азямблоўскі. Славянскі нявольнік (Беларускі раб). Літаграфія 1840-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А КАПЭ́ЛА (італьян. a cappella),
шматгалосыя харавыя спевы без інстр. суправаджэння. Пашыраны ў нар. творчасці. Як стыль прафес.хар. мастацтва склаліся ў культавай поліфаніі ў канцы сярэднявечча, дасягнулі росквіту ў майстроў Нідэрландскай школы і Дж.Палестрыны. Для правасл. царквы спевы а капэлы — адзіная форма хар. мастацтва. З эпохі Адраджэння развіваюцца і ў свецкай музыцы. На Беларусі ранні свецкі жанр спеваў а капэлы — кант. У стылі а капэлы працавалі кампазітары розных эпох. Сярод бел. — В.Залатароў, М.Равенскі, А.Багатыроў, Р.Пукст, У.Алоўнікаў, Ю.Семяняка, Э.Тырманд, А.Мдывані, Л.Захлеўны, А.Бандарэнка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́ЛАВА (Валянціна Валянцінаўна) (н. 25.7.1954, в. Мазуршчына Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла Полацкае муз.-пед. вучылішча імя Ф.Скарыны (1973), БДУ (1980). Настаўнічала, працавала журналісткай. Друкуецца з 1968. Аўтар зб. паэзіі «За тым лугам зеляненькім» (1987), «Вяртанне ў заўтра» (1990), «Я люблю сваю Белую Русь...» (1990), «Случарыны» (1994), фантаст. паэмы-п’есы «Палачанка Ігрэна, альбо Вяртанне Скарыны» (1990). Лірызм, выкарыстанне фалькл. матываў, вобразаў, стылістыкі — рысы лірыкі Аколавай. Апявае славутых жанчын Беларусі. Перакладае з рус. (зб. «Дзве песні» М.Цвятаевай, 1994), укр., славацкай моў. Паасобныя вершы Аколавай пакладзены на музыку.