ТРАНЁЎ Канстанцін Андрэевіч (2.6.1876, с. Бакшэеўка Харкаўскай вобл., Украіна — 19.5.1945),

рускі пісьменнік, драматург. Скончыў пецярбургскія духоўную акадэмію і археалагічны ун-т (1903), Таўрыйскі ун-т (1921). У 1904—18 настаўнічаў. Друкаваўся з 1898. У апавяданнях, п’есе «Ад чаго парваліся струны?» (1910, пазнейшая назва «Дарогіны»), аповесці «Валадар» (1912) тэмы сял. жыцця, лёсу інтэлігенцыі. Пасля 1917 працаваў як драматург. Аўтар гіст. і гіст.-рэв. п’ес «Пугачоўшчына» (паст. 1925), «Ясны лог» (паст. 1931), «Гімназісты» (1936), «На беразе Нявы» (паст. 1937), «Насустрач» (1943), «Юнацтва Пятра» (няскончана; выд. 1946), «Палкаводзец» (паст. 1945), камедыі «Жонка» (паст. 1928), сац.-псіхал. «Ганна Лучыніна» (паст. 1946). Найб. вядома яго драма пра грамадз. вайну «Любоў Яравая» (паст. 1926; новая рэд. паст. 1936, Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм 1970), у якой сац. і індывідуальная псіхалогія герояў пададзена праз сямейна-быт. калізіі. На бел. сцэне пастаўлены «Любоў Яравая» (1936, БДТ-2, Дзярж. рус. драм. т-р), «Ганна Лучыніна» (1956, Бел. т-р імя Я.​Коласа).

Тв.:

Повести и рассказы. М., 1977;

Пьесы. Статьи. Речи. М., 1980.

Літ.:

Файнберг Р.И. К.​А.​Тренев. М.; Л., 1962;

Живой Тренев: Сб. воспоминаний. 2 изд. Ростов н/Д, 1976.

Л.​В.​Календа.

т. 15, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)