СТАСЕ́ВІЧ Іван Нічыпаравіч (9.1.1929, в. Мядзведня Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 11.9.1998),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1958). У 1958—95 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (з 1980 праф.). Пісаў сюжэтна-тэматычныя карціны, пейзажы, нацюрморты. Творам характэрны стрыманасць каларыту, манументалізацыя вобразнага ладу. У палотнах «У беларускіх балотах» (1958), «Брэсцкая крэпасць» (1961), «Няскораныя» (1966), «Клятва» (1967), «Радасная сустрэча» (1968), «Суровае юнацтва» (1971), «Плачуць бярозы» (1975), «Вызваленне Барысаўшчыны» (1980), «За Беларусь. Аперацыя «Баграціён» (1984) і інш. увасоблена тэма Вял. Айч. вайны. Тэме працы прысвечаны карціны «Ангара-Ангара» (1960), «Шахцёры Салігорска» (1963), «Полацкі нафтазавод» (1975) і інш. Аўтар партрэтаў Героя Сац. Працы І.​М.​Сакольчыка (1972), Маршала Савецкага Саюза Г.​К.​Жукава (1973), «Сын палка. В.​Дончык» (1974), лётчыка Г.​Лі (1975), Г.​У.​Юшкевіча і Героя Сав. Саюза В.​З.​Каржа (1978), «Партызаны, партызаны... (партрэт Я.​Купалы)» (1980), мастака А.​Бембеля (1983) і інш. Стварыў цыклы краявідаў Мурманска (1955), Байкала (1956), Наўгародчыны (1971—75), Ленінграда (1973), Браслаўшчыны (1975), В’етнама (1985), шэраг нацюрмортаў.

Літ.:

Шныпаркоў А.М. І.​Н.​Стасевіч. Мн., 1985.

І.Стасевіч. Партрэт Маршала Савецкага Саюза Г.​К.​Жукава. 1973.

т. 15, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)