СЛУ́ЦКІС (Sluckis) Мікалас (н. 20.10.1928, г. Паневяжыс, Літва),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. мастацтваў Літвы (1978). Нар. пісьменнік Літвы (1984). Скончыў Вільнюскі ун-т (1951). Друкуецца з 1945. Раннія апавяданні ў зб-ках «Я зноў бачу сцяг» (1948), «На ветры» (1958), «Няхай мы лепш не сустрэнемся» (1961), «Усмешкі і лёсы» (1964), «Крокі» (1965, Дзярж. прэмія Літвы 1966) адметныя лірычнасцю, дакладнасцю псіхал. аналізу. Раман «Лесвіца ў неба» (1963, экранізаваны ў 1967) пра складаныя драм. падзеі пасляваен. Літвы. У раманах «Адамаў яблык» (1966), «Смага» (1968), «На зыходзе дня» (1976, тэлефільм 1985), «Паездка ў горы і назад» (1981), «Дрэва свету» (1985), зб. аповесцей і апавяд. «Вяртанне прыгажуні» (1998) і інш. жыццё сучаснай інтэлігенцыі, маральныя і псіхал. канфлікты, праблемы адчужэння бацькоў і дзяцей і інш. Для яго прозы характэрна выкарыстанне ўнутр. маналога, шматпланавасць, метафарычнасць. Аўтар п’ес, у т. л. «Ці не шалёны твой сабака» (паст. 1974), казак і казачных аповесцей, крытычных артыкулаў. На бел. мову асобныя апавяданні С. перакладалі А.​Асташонак, В.​Грыгалюнас, Я.​Каршукоў, А.​Кудравец.

Тв.:

Бел. пер. — Буслы. Мн., 1955;

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1980.

Літ.:

Теракопян Л. Миколас Слуцкис. М., 1976.

А.​П.​Лапінскене.

т. 15, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)