СІНІ́ЦКІ (Іван Францавіч) (1856 або 1861, Смаргоншчына, Гродзенская вобл. — 2.5.1939),
бел. мемуарыст, падарожнік. Юнацтва правёў на Украіне. У 1893 вярнуўся ў г. Смаргонь, уключыўся ў рэв. барацьбу, арганізаваў б-ку, прапагандаваў творы Л.Талстога і М.Горкага, пісаў карэспандэнцыі ў віленскія газеты. З 1901 падарожнічаў за мяжою, напісаў кнігу «Новая Зеландыя — Еўропа» — першае на рус. мове апісанне Новай Зеландыі (забаронена цэнзурай, карэктурны адбітак зберагаецца ў Гродзенскім гіст.-археал. музеі). Перад рэвалюцыяй 1905—07 вярнуўся на радзіму. За актыўны ўдзел у рэв. падзеях арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ. У турме і ссылцы напісаў па просьбе М.Рубакіна ўспаміны «З майго жыцця ў вёсцы», прысвечаныя рэв. падзеям у Смаргоні ў канцы 19 — пач. 20 ст. (рукапіс зберагаецца ў Дзярж. б-цы Расіі, Масква). З ссылкі ўцёк у Фінляндыю. Вярнуўшыся на радзіму, устанавіў сувязі з газ. «Наша ніва», пісаў у яе карэспандэнцыі (магчыма, пад псеўданімам Смаргонец). У 1920—30-я г. падтрымліваў сувязь з Т-вам бел. школы.
Літ.:
Дридзо А. Путешественник из Сморгони // Нёман. 1984. №4;
Каранеўскі А. Па слядах рэвалюцыянера і публіцыста // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 2.
А.В.Мальдзіс.
т. 14, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)