раслінныя арганізмы, прыстасаваныя для жыцця ў вадзе, незалежна ад іх арганізацыі і сістэматычнага становішча. Растуць у вадаёмах, утвараюць палосы ўздоўж берагоў, вакол астравоў, падводных меляў. Існуе некалькі класіфікацый М. (біял., марфал., экалагічная, жыццёвых форм і інш.), іх аснова — падзел водных раслін на 3 катэгорыі: паглыбленыя ў ваду (напр., харавыя водарасці, імхі), плаваючыя (наводныя, напр., гарлачыкі, рдзест) і што ўзвышаюцца над вадой (надводныя, напр., стрэлкаліст, трыснёг, чарот). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (напр., касач сібірскі, лабелія Дортмана, палушнік азёрны). М. садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў, добра растуць у забруджаных водах, акумулююць мінер., баластныя і таксічныя рэчывы, выкарыстоўваюцца для ачысткі сцёкавых вод, у меліярацыі, як лек. расліны і інш. У зоне прыбярэжных М. кормяцца і нерастуюць рыбы, селяцца птушкі, млекакормячыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАХО́ЎСКІ (Уладзіслаў Юльянавіч) (1830?, б. маёнтак, цяпер в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.10.1900),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў ін-т інжынераў шляхоў зносін. Адзін з кіраўнікоў партыі «чырвоных», найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага. З чэрв. 1863 уваходзіў у склад Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, потым Выканаўчага аддзела Літвы. У лют.—сак., чэрв.—жн. 1863 паўстанцкі начальнік Вільні. Са жн. 1863 за мяжой, з 1866 у Англіі. У 1875 сканструяваў фотаапарат са скручанай касетай, які спецыялісты лічаць прататыпам «Кодака». У 1880-я г.некалькі разоў пабываў у Расіі, у т. л. ў Маскве і Пецярбургу, удзельнічаў у фотавыстаўках, у заснаванні секцыі фатаграфіі Рас. імператарскага тэхн.т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРОЗАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬраслін,
здольнасць раслін пераносіць уздзеянне адмоўных т-р; адна з форм зімаўстойлівасці раслін. Абумоўліваецца структурна-функцыян. перабудовамі, якія перашкаджаюць замярзанню ўнутрыклетачнай вады і павышаюць устойлівасць клетак да моцнага абязводжвання і пашкоджанняў пазаклетачным лёдам: спыненне росту, назапашванне ў клетках вугляводаў, амінакіслот, алею, бялкоў, адцяканне вады ў міжклетнікі, пераход унутрыклетачнай вады ў аморфны стан і інш. Развіваецца кожны год у выніку асенняга загартоўвання раслін у некалькі этапаў пры паступовым паніжэнні т-ры. Залежыць ад віду, сорту, узросту, фізіял. стану раслін, пары года, глебава-кліматычных умоў, ураджайнасці і інш. У маладым узросце і ў перыяд летняй вегетацыі М. мінім., у насення і ў час зімовых маразоў — максімальная. Павышаюць М. штучным загартоўваннем раслін, вывядзеннем марозаўстойлівых сартоў, правільным іх раянаваннем, агратэхн. прыёмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХЕ́НДЖА-ДА́РА (на мове сіндхі — узгорак мёртвых),
руіны адной з дзвюх сталіц цывілізацыі даліны Інда, за 643 км на ПдЗ ад Харапы (Індыя). Горад існаваў у 2300—1750 да н.э. (пл. каля 260 га), уяўляў сабою сетку кварталаў, падзеленых шырокімі вуліцамі з развітай дрэнажнай сістэмай і забудаваных дамамі з абпаленай цэглы. Выяўлены рэшткі цагляных умацаванняў, у т. л. цытадэль выш. каля 11 м, у якой знаходзіліся зала сходаў, «навучальная ўстанова», вял. грамадская лазня і сховішча, на вяршыні размяшчаўся храм. Некалькі разоў горад спусташаўся паводкамі. Каля 1750 да н.э. знішчаны ў выніку катастрофы. Помнік адкрыты ў 1922 інд. археолагам Р.Банерджы, даследавалі Дж.Маршал, Э.Макей, М.Уілер і Дж.Дэйлс. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫНО́СЫ (ісп. merinos),
пароды танкарунных авечак з вельмі тонкай белай воўнаю найвышэйшай якасці. Радзіма — Зах. Азія (вядомы за некалькі стагоддзяў да н.э). Гадуюць у большасці краін свету, найб. у Аўстраліі. На Беларусь завезены ў канцы 18 ст.
Па памерах належаць да сярэдніх і буйных парод. Маса бараноў 80—100 (да 180) кг, матак 40—60 (да 100) кг. Скура са складкамі на шыі. У самцоў большасці М. добра развітыя рогі. Руно штапельнай будовы. Воўна аднародная, з мяккіх пуховых валокнаў таўшчынёй 15—25 мкм (60—80-й якасці) з характэрнай звілістасцю. Кірункі прадукцыйнасці: воўнавы (сучасныя высокапрадукцыйныя пароды: азербайджанскі горны мерынос, грозненская парода, стаўрапольская парода, сальская і інш.) і воўнава-мясны (асканійская парода, савецкі мерынос, алтайская, каўказская, якіх абмежавана гадуюць на Беларусі, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЛУ́ХА-МАКЛА́Й (Мікалай Мікалаевіч) (17.7.1846, с. Раждзественскае Баравіцкага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 14.4.1888),
расійскі падарожнік, прыродазнавец, антраполаг, этнограф. У 1867—69 зрабіў падарожжы на Канарскія а-вы, у Марока, на ўзбярэжжа Чырвонага м. З 1871 ажыццявіў шэраг падарожжаў на Новую Гвінею, п-аў Малака, Філіпіны, Малайскі архіпелаг, у Зах. Мікранезію, Аўстралію, дзе некалькі гадоў жыў сярод карэннага насельніцтва, вывучаў яго побыт, культуру, збіраў разнастайныя калекцыі. На аснове сабранага матэрыялу даказваў відавое адзінства і роднасць усіх рас, першы падрабязна апісаў меланезійскі антрапал. тып і яго пашырэнне. Яго імем названы бераг у Новай Гвінеі, заліў у Антарктыдзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАФІЛІ́Я (ад мона... + ...філія),
паходжанне групы арганізмаў ад агульнага продка; адзін з асн. прынцыпаў эвалюцыі арган. свету. Ідэя М. складае аснову сучаснай сістэматыкі. Класічнае разуменне М.: узнікненне таксона любога рангу ад адзінага родапачынальнага віду на аснове дывергенцыі або адаптыўнай радыяцыі. Распаўсюджанне з’яў эвалюцыйнага паралелізму ў філагенезе розных груп арганізмаў ускладняе практычнае выкарыстанне класічнай канцэпцыі М. ў сістэматыцы, таму што мяжу паміж продкавым і нашчадкавым таксонамі часта перасякаюць некалькі філетычных ліній, што эвалюцыяніруюць паралельна, агульны продак якіх існаваў на больш ранніх этапах філагенезу. Гэты прыватны выпадак М. наз. парафіліяй. Амер. палеантолаг Дж.Сімпсан прапанаваў (1960) разглядаць таксон як монафілетычны, калі ён паходзіць адным або некалькімі каранямі ад аднаго таксона больш нізкага рангу (напр., тып — ад класа, клас — ад атрада і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РВЫ (лац. nervus ад грэч. neuron нерв, жыла),
цяжы нервовай тканкі, што звязваюць мозг і нервовыя вузлы з інш. тканкамі і органамі цела. Утвораны пучкамі нерв. валокнаў — адросткамі нейронаў (аксоны разам з іх абалонкамі), якія праводзяць нерв. імпульс. Звычайна Н. маюць 103—104 валокнаў. Па кожнаму валакну імпульс распаўсюджваецца ізалявана. Адрозніваюць Н. чуллівыя (аферэнтныя, цэнтраімклівыя), рухальныя (эферэнтныя, цэнтрабежныя) і змешаныя. У пазваночных жывёл і чалавека ад галаўнога мозга адыходзяць чэрапнамазгавыя нервы, ад спіннога — спіннамазгавыя нервы. Некалькі суседніх Н. утвараюць нерв. спляценні (сеткавыя злучэнні нерв. валокнаў, якія забяспечваюць чуллівую і рухальную інервацыю скуры, шкілетных мышцаў і ўнутр. органаў пазваночных жывёл і чалавека). Паводле характару інервацыі органаў Н. класіфікуюць на вегетатыўныя і саматычныя. Іх сукупнасць утварае перыферычную нерв. сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРЫ́ЛЫ,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць адну ці некалькі цыянагруп -C≡N, злучаных з атамам вугляроду; арган. вытворныя сінільнай кіслаты (неарган. вытворныя наз.цыянідамі). Агульная ф-ла Н. R-CN, дзе R — арган. радыкал; ізамерныя ізанітрылам (гл.Ізацыяніды).
Бясколерныя вадкасці (напр., акрыланітрыл) ці цвёрдыя рэчывы. Добра раствараюцца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе (за выключэннем ніжэйшых аліфатычных Н.). Лёгка ўступаюць у рэакцыі далучэння, аднаўлення і інш. Пры гідролізе Н. утвараюцца карбонавыя к-ты. У прам-сці атрымліваюць дэгідратацыяй амідаў кіслот у прысутнасці каталізатара ў атмасферы аміяку. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, сыравіну ў вытв-сці хім. валокнаў (гл.Поліакрыланітрыльныя валокны, Поліамідныя валокны), пластмас, пластыфікатараў, лек. сродкаў, пестыцыдаў. Атрутныя; атручэнне магчыма пры ўдыханні пары, пападанні ў страўнікава-кішачны тракт ці на скуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́БСКАЯ МО́ВА,
мёртвая мова; належыць да зах.-слав. моў (гл.Славянскія мовы). Была пашырана да 1-й пал. 18 ст. па левым беразе р. Лаба (Эльба; цяпер тэр. зямлі Ніжняя Саксонія, Германія). Адметныя рысы П.м.: захаванне насавых галосных, аорыста і імперфекта, рэшткаў парнага ліку, рухомы націск, спрашчэнне скланення, вял. колькасць ням. запазычанняў у лексіцы і інш. Пісьменства не мела, але ў 17—18 ст. было складзена некалькі слоўнікаў і запісаны некаторыя тэксты на П.м. Асн. помнікі палабскага пісьменства — нататкі палабскага селяніна Я.П.Шульцэ і ням.-палабскі слоўнік К.Хеніга на 5 тыс. слоў. Сярод даследчыкаў П.м. — Т.Лер-Сплавінскі, К.Палянскі (этымалагічны слоўнік П.м.), А.Я.Супрун і інш.