ТРАНСДУ́КЦЫЯ (ад лац. transductio перамяшчэнне),
перадача генет. матэрыялу ад адной бактэрыі (донара) да другой (рэцыпіента) з дапамогай бактэрыяфага. Існуе ў многіх бактэрый: сальманел, шыгел, бацыл, актынаміцэтаў і інш. Умераныя фагі (бактэрыяфагі) у працэсе вегетатыўнага размнажэння здольныя выпадкова захопліваць і пераносіць у інш. клеткі любы ўчастак ДНК бактэрый, што яны разбураюць. У гэтым выпадку ўласная ДНК фага замяняецца на аналагічны па памерах фрагмент бактэрыяльнай храмасомы, які можа мець некалькі генаў. Пры чарговым заражэнні фагам бактэрыі ўчастак храмасомы донара пераносіцца ў клетку рэцыпіента. Выкарыстоўваецца ў генетыцы бактэрый пры складанні генет. карт, для аналізу іх генет. структуры і функцыі.
т. 15, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)