СТАПА́,

група складоў з адным націскным (доўгім) і адным або двума ненаціскнымі (кароткімі) складамі, раўнамернае паўтарэнне якіх вызначае метр сілаба-танічнай і ант. сістэм вершаскладання. С. — метрычная адзінка верша, у той час як вершаваны радок — рытмічная.

У слове можа быць адна або некалькі С.: «Вучэб/ную /стральбу /прахо/дзіла /пяхота» (К.​Крапіва). Часам С. ўключае 2 словы ці заканчэнне аднаго і пачатак другога: «Бага/та, род/ная/ ты мова» (П.​Броўка). У залежнасці ад колькасці складоў С. сілаба-танічнага верша бываюць 2-складовыя (ямб, харэй) і 3-складовыя (дактыль, амфібрахій, анапест).

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)