СТРАМАТАПАРАІДЭ́І (Stromatoporoidea),
група выкапнёвых каланіяльных беспазваночных. Умоўна адносяць да кішачнаполасцевых або гідроідных паліпаў. Некалькі сям., каля 70 родаў. Жылі з ранняга палеазою да канца мезазою ў мелкаводнай зоне мораў. Рыфаўтваральнікі. На Беларусі рэшткі выяўлены ў адкладах сілуру і дэвону.
Памеры ад некалькіх міліметраў да 2 і больш метраў у папярочніку. Шкілет вапняковы, рознай формы (коркападобнай, сфераідальнай, конусападобнай і інш.), складаўся з гарыз. пласцін (ламін) і верт. элементаў (слупкоў), на паверхні — сістэма каналаў (астрарыз), якія складаліся з 1 верт. і адыходзячых ад яго на розных узроўнях гарыз. галінастых каналаў. Па рэштках С. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
т. 15, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)