род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 120 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, некалькі відаў у Паўд. Амерыцы і Еўразіі. На Беларусі 1 від — С. звычайны, або залатая розга (S. virgaurea). Трапляецца ў лясах, на ўзлесках, палянах. Інтрадукаваны С. канадскі (S. canadensis) і позні (S. serotina), якія часта дзічэюць.
Шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты. Сцёблы прамастойныя, густааблісцелыя. Лісце чаргаванае, ланцэтнае, сядзячае ці кароткачаранковае. Кветкі залаціста-жоўтыя ў дробных шматлікіх кошыках, сабраных у аднабокую мяцёлку або гронка- ці шчыткападобнае суквецце. Плод — сямянка. Лек., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.