ГІЛЬЯЦІ́НА (франц. guillotine),

прыстасаванне для абезгалоўлівання асуджаных на пакаранне смерцю, уведзенае ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99 па прапанове ўрача Ж.​Гіятэна.

т. 5, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́ТАР,

1) механічная прылада для вылічэння некаторых інтэгралаў (напр., момантаў інерцыі, плошчаў плоскіх фігур). Гл. таксама Планіметр.

2) Тое, што інтэгравальнае прыстасаванне.

т. 7, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́К,

1) прыстасаванне для запірання памяшканняў, ёмістасцей, скрынь, шафаў і інш. Вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Асірыя, Вавілон, Егіпет). Бываюць бессувальдныя (сакрэт забяспечваецца ў асн. профілем замочнай шчыліны), сувальдныя (з наборам рознафігурных рухомых пласцінак — сувальд, якім адпавядаюць выступы ключа), цыліндравыя (сувальды зроблены ў выглядзе штыфтоў), сакрэтныя (з літарным або лічбавым шыфрам); здымныя (у т. л. вісячыя) і нерухомыя (убудаваныя, уразныя, накладныя), а таксама спец. З. для ювелірных вырабаў.

2) Прыстасаванне, якое забяспечвае стопаранне рухомых частак машын і механізмаў. Напр., З. гаечны перашкаджае самаадкручванню гаек і інш. разьбовых дэталей пры рабоце машын.

3) Спец. злучэнне нерухомых частак драўляных канструкцый, зрубаў.

4) У агнястрэльнай зброі прыстасаванне для запальвання кідальнага снарада пры выстрале. Зброевыя З.: кнотавы (вядомы з 15 ст.), калясцовы (з вярчальным колам для высякання іскраў з крэменю, канец 15 — пач. 16 ст.), ударна-крамянёвы (16 ст.), ударнакапсульны (пач. 19 ст.).

т. 6, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ФЕР (англ. buffer ад buff змякчаць штуршкі),

прыстасаванне для паслаблення сілы ўдару на трансп. сродках (лакаматывах, вагонах і інш.). Аўтамабільны буфер наз. бамперам.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДУ́КТАР (позналац. conductor ад лац. conduco перавожу, збіраю) у тэхніцы, 1) прыстасаванне для накіроўвання металарэзнага інструменту і надання яму правільнай прасторавай арыентацыі адносна вырабу, што апрацоўваецца. Забяспечвае дакладнае ўзаемнае размяшчэнне, напр., групы апрацаваных адтулін без папярэдняй разметкі. Апрацоўка па К. дазваляе ажыццявіць узаемазамяняльнасць дэталей, вузлоў і агрэгатаў машыны.

2) Мантажнае прыстасаванне для часовага замацавання і выверкі зборных і зварных канструкцый, напр., секцый і блокаў корпуса судна, вагона.

3) Калона злучаных паміж сабой абсадных труб, якая надае зададзены напрамак буравой свідравіне. Акрамя таго, К. перакрывае верхнія няўстойлівыя пароды і ваданосныя гарызонты.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РАСТАК,

адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін; мае вось-сцябло, лісце і пупышкі. Рэпрадуктыўны П. мае яшчэ органы размнажэння — спарангіі, стробілы, кветкі. Узнік як прыстасаванне да наземнага спосабу жыцця. Адзіны орган: лісце і сцёблы фарміруюцца з агульнага масіву мерыстэмы і маюць адзіную праводзячую сістэму. Структурны элемент (метамер) П. — вузел з адыходзячым ад яго лістом, або кальчак лісця, міжвузелле, якое знаходзіцца ніжэй, і пупышка (зародкавы П.). Разнастайныя тыпы П. ўзніклі ў працэсе эвалюцыі як прыстасаванне да розных умоў жыцця, а ў культ. раслін — і пад уздзеяннем чалавека.

т. 12, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БКІ ВЫТВО́РЧЫ МО́ДУЛЬ (ГВМ),

структурны элемент гібкай аўтаматызаванай вытворчасці, які функцыянуе ў яе контуры аператыўна-тэхнал. кіравання. Бываюць апрацоўчыя і зборачныя. Апрацоўчыя ГВМ уключаюць станок з лікавым праграмным кіраваннем і прыстасаванне аўтам. загрузкі-выгрузкі. У зборачныя ГВМ уваходзяць прамысловы робат для маніпуліравання дэталямі пры зборцы, зборачная галоўка для злучэння дэталей у сістэму і блок лікавага праграмнага кіравання, часам і транспартна-назапашвальная сістэма. ГВМ для зборкі буйных вырабаў складаецца са зборачнага паста, падлогавых і падвесных робатаў для выгрузкі дэталей і інш. ГВМ уласціва хуткая пераналаджвальнасць і універсальнасць.

Літ.:

Сольницев Р.И., Кононюк А.Е., Кулаков Ф.М. Автоматизация проектирования ГПС. Л., 1990;

Римский Г.В. Теория систем автоматизированного проектирования: Интеллектуальные САПР на базе вычисл. комплексов и сетей. Мн., 1994.

Г.​В.​Рымскі.

Да арт. Гібкі вытворчы модуль. Аўтаматычны пераналаджвальны такарны модуль: 1 — такарны станок; 2 — індыкатарнае прыстасаванне для кантролю дакладнасці апрацоўкі загатоўкі; 3 — прыстасаванні аўтаматычнай змены інструменту; 4 — прыстасаванні для збору і выдалення стружкі; 5 — прыстасаванне лікавага праграмнага кіравання; 6 — прамысловы робат; 7 — транспартна-назапашвальнае абсталяванне.

т. 5, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАРЭЛЕ́ (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + рэле),

рэлейнае прыстасаванне, у якога адчувальным элементам з’яўляецца мембрана, сільфон, а пераўтваральнікам мех. перамяшчэння і змены ціску паветра — сапло-засланка.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́ЙМА,

1) прыстасаванне для размяшчэння некалькіх патронаў. Прызначана для больш спрошчанага і паскоранага зараджання (падрыхтоўкі магазінаў стралк. зброі — вінтовак, карабінаў, аўтаматаў, некаторых пісталетаў, кулямётаў і малакаліберных гармат). Абойма — метал. рамка, якая ўстаўляецца ў магазінную каробку агнястрэльнай зброі. У некаторых відаў зброі выкарыстоўваецца як дэталь, што ўтрымлівае і накіроўвае патроны пры іх дасылцы з магазіна ў патроннік.

2) Дэталь, прыстасаванне ў выглядзе скабы, абруча з паласавога жалеза, якія служаць для змацавання частак машын, збудаванняў і інш.

Абоймы: 1 — да вінтоўкі ўзору 1891/30; 2 — да самазараднага карабіна Сіманава; 3 — да вінтоўкі з пачкавым набіваннем; 4 — да аўтаматычнай пушкі.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМА́Т (ад грэч. automatos самадзеючы),

1) у тэхніцыпрыстасаванне (або сукупнасць прыстасаванняў), якое без непасрэднага ўдзелу чалавека выконвае ў адпаведнасці з закладзенай праграмай усе аперацыі ў працэсах атрымання, перапрацоўкі і перадачы энергіі, матэрыялаў або інфармацыі. Напрыклад, аўтамат для продажу чаго-н., станок-аўтамат, выліч. машына, аўтам. прыстасаванне для касм. даследаванняў, завод-аўтамат і інш. Аўтамат павышае прадукцыйнасць працы; выкарыстоўваецца таксама для работы ва ўмовах, небяспечных для чалавека.

2) У матэматыцы — адно з асн. паняццяў кібернетыкі, матэм. мадэль рэальна існуючых або прынцыпова магчымых прыстасаванняў, якія перарабляюць у дыскрэтныя (перапынныя) адрэзкі часу дыскрэтную інфармацыю (гл. Аўтаматаў тэорыя).

т. 2, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)