ПА́РАСТАК,

адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін; мае вось-сцябло, лісце і пупышкі. Рэпрадуктыўны П. мае яшчэ органы размнажэння — спарангіі, стробілы, кветкі. Узнік як прыстасаванне да наземнага спосабу жыцця. Адзіны орган: лісце і сцёблы фарміруюцца з агульнага масіву мерыстэмы і маюць адзіную праводзячую сістэму. Структурны элемент (метамер) П. — вузел з адыходзячым ад яго лістом, або кальчак лісця, міжвузелле, якое знаходзіцца ніжэй, і пупышка (зародкавы П.). Разнастайныя тыпы П. ўзніклі ў працэсе эвалюцыі як прыстасаванне да розных умоў жыцця, а ў культ. раслін — і пад уздзеяннем чалавека.

т. 12, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)