Прыстасаванне (біял.) 1/193, 309

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛІКО́ВАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ вымяральнай прылады,

частка прылады, прызначаная для адліку яе паказанняў. Адліковае прыстасаванне аналогавай прылады складаецца са шкалы і паказальніка (стрэлка, прамень святла), пры гэтым рухомымі могуць быць паказальнік або шкала. Адліковае прыстасаванне лікавай прылады дае паказанні непасрэдна ў лікавай форме з дапамогай мех., эл. і электрамех. індыкатараў.

Светлавое адліковае прыстасаванне: 1 — крыніца святла; 2 — аптычнае прыстасаванне з ніткай або кап’ём (3); 4 — люстэрка, замацаванае на рухомай частцы вымяральнага механізма; 5 — шкала з спраектаваным на яе відарысам ніткі.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦАВА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ, дыферэнцыятар,

прыстасаванне для пераўтварэння ўваходнага ўздзеяння ў сігнал, які характарызуе скорасць змянення ўваходнай велічыні (з’яўляецца яе вытворнай). Напр., калі ўваходная велічыня — вугал павароту вала, то выхадная — частата яго вярчэння. У аналагавых выліч. машынах і прыладах кіравання выкарыстоўваюць схемы, з дапамогай якіх аперацыя дыферэнцавання выконваецца набліжана. Бываюць мех. (фрыкцыйныя, цэнтрабежныя і інш.), эл. (дыферэнцавальныя ланцугі, трансфарматары, актыўныя электронныя дыферэнцавальныя элементы), эл.-мех. (тахагенератары пастаяннага і пераменнага току і інш.). Выкарыстоўваюцца ў выліч. прыстасаваннях, сістэмах аўтам. рэгулявання і інш.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРАВА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ, інтэгратар,

вылічальная прылада для вызначэння інтэграла па дзвюх уваходных велічынях. Бывае аналагавае і лічбавае; мех. (гл. Планіметр), гідраўл., эл. і інш. Выкарыстоўваецца пры рашэнні матэм. задач, мадэліраванні фіз. працэсаў і інш. як самастойная прылада і як састаўная частка інтэрпалятараў, выліч. машын, сістэм аўтам. рэгулявання.

Уваходнымі пераменнымі І.п. бываюць мех. перамяшчэнне, ціск, эл. ток (ці напружанне), колькасць імпульсаў, т-ра і інш. У гідраўлічных І.п. (выкарыстоўваюцца пры вывучэнні неўсталяваных працэсаў цеплаперадачы, фільтрацыі, дыфузіі) даследаваныя пераменныя велічыні (у т. л. выходныя) адлюстроўваюцца ўзроўнямі вадкасці ў пасудзінах, злучаных паміж сабою трубкамі з зададзенымі гідраўл. супраціўленнямі. Асн. элементам электронных І.п. неперарыўнага дзеяння (аналагавых) з’яўляецца эл. кандэнсатар, напружанне на якім прапарцыянальнае інтэгралу ад сілы току праз яго. Такія І.п. ўваходзяць у склад аналагавых выліч. машын. Інфармацыя ў лічбавых І.п. выяўляецца ў выглядзе пэўнага ліку эл. імпульсаў, і інтэграванне выконваецца як падсумаванне гэтых імпульсаў.

М.​П.​Савік.

т. 7, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАМІНА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ,

сукупнасць тэхн. сродкаў для запісу, захоўвання і ўзнаўлення інфармацыі. Выкарыстоўваюцца ў выліч. тэхніцы, сувязі, аўтаматыцы, станках з лікава-праграмным кіраваннем, вымяральных прыладах і інш. Асн. параметры: ёмістасць (найб. колькасць інфармацыі, якую можна адначасова захоўваць), хуткадзеянне (характарызуе скорасць уводу-вываду інфармацыі і інш.) і энергаспажыванне.

Паводле функцыянальнага прызначэння адрозніваюць З.п. звышаператыўныя (ЗАЗП), аператыўныя (АЗП), пастаянныя (ПЗП, у т. л. перапраграмавальныя) і знешнія (ЗЗП); паводле характару звароту — адрасныя, бязадрасныя, асацыятыўныя (пошук і выбарка інфармацыі па пэўных прыкметах); паводле спосабу выбаркі інфармацыі — з паслядоўным (цыклічным) зваротам, з паралельным зваротам (адвольнай выбаркай). Запіс інфармацыі ў З.п. ажыццяўляецца пераўтварэннем яе ў эл., аптычныя, акустычныя ці інш. сігналы для змены стану, формы або цэласнасці пэўнага фіз. асяроддзя (гл. Накапляльнік, Носьбіт інфармацыі). ЗАЗП і АЗП прызначаны для захоўвання інфармацыі, неабходнай для аперацый, якія выконвае працэсар ЭВМ; у ПЗП захоўваюцца пастаянныя каэфіцыенты, даведачныя табліцы, падпраграмы, мікрапраграмы, знакагенератары і інш. ЗЗП і архіўная памяць прызначаны для захоўвання вял. масіваў інфармацыі для наступнай перадачы іх у АЗП; маюць накапляльнікі на магнітных дысках, барабанах, стужках, а таксама на магн.-аптычных і аптычных дысках. Гл. таксама Памяць ЭВМ.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ФЕРНАЕ ЗАПАМІНА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ,

блок узгаднення (у часе) абмену інфармацыяй паміж вузламі ЭВМ з розным хуткадзеяннем. Гл. ў арт. Запамінальнае прыстасаванне ЭВМ.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭ́ГРА-ДЫФЕРЭНЦАВА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ,

прылада для атрымання камбінацый вытворных розных парадкаў і інтэгралаў ад уваходных велічынь. Выкарыстоўваецца ў аналагавых выліч. машынах (рашэнне дыферэнцыяльных, інтэгральных і інтэградыферэнцыяльных ураўненняў), аўтам. сістэмах кіравання і інш.

Выконвае камбінаваныя інтэгра-дыферэнцавальныя пераўтварэнні сігналаў з выкарыстаннем замкнутых дынамічных сістэм, якія маюць адпаведную перадатачную функцыю. Звёны такой сістэмы бываюць гідраўл., пнеўматычныя, мех., эл.-мех. і электронныя. Асн. элемент І.-д.п. ў аналагавых ЭВМвырашальны ўзмацняльнік з адпаведнымі ланцугамі адваротнай сувязі. Гл. таксама Дыферэнцавальнае прыстасаванне, Інтэгравальнае прыстасаванне.

Г.​В.​Рымскі.

т. 7, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

уводу-вываду прыстасаванне

т. 16, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫФМЕТЫ́ЧНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ ЭВМ,

асноўная частка працэсара ЭВМ, якая выконвае аперацыі па апрацоўцы інфармацыі.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Увод» (прыстасаванне ЭВМ) 1/601

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)