ЭКРА́Н (ад франц. écran заслона, шырма),

прыстасаванне з паверхняй, якая пераўтварае, адбівае ці паглынае выпрамяненне розных відаў энергіі для выкарыстання гэтых выпрамяненняў або аховы ад іх уздзеяння (гл. Экранаванне). 1) Э. топачны — радыяцыйная паверхня нагрэву катла, уключаная ў агульную сістэму цыркуляцыі вады, якая ўспрымае цеплату гарэння паліва і топачных газаў. Ахоўвае сценкі топачнай камеры ад шлакавання і разбурэння пад уздзеяннем цеплавога выпрамянення і змяншае т-ру газаў, што выходзяць з топкі.

2) Э. электронна-прамянёвай прылады (ЭПП) — слой люмінафору ці інш. рэчыва на ўнутр. паверхні балона ЭПП, на якім у выніку пераўтварэння энергіі электроннага пучка ў светлавую ствараецца бачны відарыс. Выкарыстоўваецца ў кінескопах, электронна-прамянёвых трубках, індыкатарах і інш. ЭПП.

3) Э. рэнтгенаўскай устаноўкі — прыстасаванне, якое пераўтварае рэнтгенаўскія прамяні ў бачны відарыс (флуарэсцэнтны Э.) або ахоўвае ад шкоднага ўздзеяння гэтых прамянёў (свінцовы Э.).

4) Э. светлавы — прыстасаванне, якое адбівае светлавыя прамяні, што ўтвараюць на ім аптычны відарыс (напр., кінаэкран).

5) Э. плаціны — проціфільтрацыйны слой, размешчаны на верхнім адкосе грунтавой ці каменна-земляной плаціны. Гл. таксама Геліяканцэнтратар, Экранаплан.

т. 18, кн. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)