ПАСТАРНА́К (Барыс Леанідавіч) (10.2.1890, Масква — 30.5.1960),
рускі пісьменнік. Сын Л.В.Пастарнака. Вучыўся ў Марбургскім ун-це (1912) у Т.Когена. Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). Друкаваўся з 1913. Першы зб. вершаў — «Блізня ў хмарах» (1914). Уваходзіў у літ. групу «ўмераных» футурыстаў «Цэнтрыфуга», у ЛЕФ (да 1927). У ’паэт. зб-ках «Паверх бар’ераў» (1917), «Сястра мая — жыццё» (1922), «Тэмы і варыяцыі» (1923), «Другое нараджэнне» (1932), «На ранніх цягніках» (1943), цыкле вершаў «Калі разгуляецца» (нагі. 1956—59) філас. роздум пра «вечныя» тэмы: жыццё і смерць, сэнс чалавечага існавання, вера і нявер’е, прырода, каханне, лёс паэта, мастацтва, культура. Паэзіі П. ўласцівы метафарычнасць, асацыятыўнасць, парушэнне звыклых сінтакс. сувязей, дынамічнасць, жывапіснасць, музычнасць. Раман «Доктар Жывага» (апубл. за мяжой 1957, у Расіі 1988; Нобелеўская прэмія 1958, ад якой П. пад пагрозай высылкі з СССР адмовіўся; дыплом уручаны яго сыну ў 1990; экранізаваны ў 1965, рэж. Д.Лін) пра лёс рас. інтэлігенцыі ў пераломную эпоху. У цыкле «Вершы Юрыя Жывага», змешчаным у канцы рамана, асэнсаванне гісторыі чалавецтва ў святле хрысціянскага ідэалу. Аўтар паэм «Дзевяцьсот пяты год» (1925—26, цалкам апубл. 1927), рамана ў вершах «Спектарскі» (1931), кн. прозы «Паветраныя пуцявіны» (1933), аўтабіягр.кн. «Ахоўная грамата» (1931), п’есы «Сляпая прыгажуня» (апубл. 1969, незавершана), рэцэнзій на кнігі М.Асеева, Г.Ахматавай, У.Маякоўскага, артыкулаў па праблемах перакладу і інш. Майстар паэт. перакладу (трагедыі У.Шэкспіра, 2 часткі «Фауста» І.В.Гётэ, вершы Дж.Байрана, П.Верлена, Р.М.Рыльке, Р.Тагора, Т.Шаўчэнкі, груз. паэтаў і інш.). У 1936 выступіў на 3-м пленуме Саюза сав. пісьменнікаў у Мінску. Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, А.Александровічам, высока ацэньваў іх творчасць. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі В.Аколава, Р.Барадулін, Ю.Свірка, апавяданне «Паветраныя пуцявіны» М.Стральцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ (ад лац. memorialis памятны),
творы архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтва, якія ствараюцца для ўвекавечання памяці адной ці групы асоб, знамянальных дат у гісторыі краіны, пэўнай мясцовасці, для ўслаўлення баявых, рэв., працоўных і інш. подзвігаў; належаць да твораў манументальнага мастацтва. Да М.з. належаць: абеліскі, помнікі, піраміды, маўзалеі, пахавальні, надмагіллі, брамы, аркі трыумфальныя, калоны, курганы, грабніцы, капліцы, кенатафы і інш.
Першапачатковыя формы М.з. набліжаліся да прыродных утварэнняў, арганічна ўключаліся ў наваколле (курганы, мегаліты), уздзейнічалі грандыёзнасцю памераў і магутнай масай (піраміды). У ант. эпоху склаліся арх.-скульпт. комплексы маўзалеяў, мэтай іх стварэння было ўслаўленне ваен. правадыроў, манархаў, мужных герояў. У сярэднія вякі будавалі пахавальні, маўзалеі, помнікі ў гонар святых, прарокаў, пакутнікаў. У 18—19 ст. узводзілі арх. манументы, часцей звязаныя з прыродным наваколлем ці пейзажным паркам, яны ўшаноўвалі памяць герояў, што загінулі. У 20 ст. ў памяць рэвалюцый і войнаў створаны мемар. ансамблі: Марсава пале (1917—23) і Піскароўскія могілкі (1956—60) у Пецярбургу, Брацкія могілкі ў Рызе (1924—36, арх. А.Бірзеніек, скульпт. К.Зале), у Бухенвальдзе (Германія; 1952—58, скульпт. Ф.Крэмер), Ясенавацы (Сербія, 1960—66, арх. Б.Багдановіч), на в-ве Сітэ ў Парыжы (1961, арх, А.Пенлосон), у Саласпілсе (Латвія; 1961—67, скульпт. Л.Букоўскі і інш.), на Мамаевым кургане ў г. Валгаград (Расія; 1963—67, скульпт. Я.Вучэціч і інш., арх. Я.Белалольскі і інш.) і інш.
На Беларусі ў 18—19 ст. будаваліся часовыя драўляныя трыумфальныя аркі (Нясвіж, Магілёў, Шклоў) і мемар. калоны. У 2-й пал. 19 ст. пабудаваны Гомельская капліца, капліца-пахавальня ў в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., у 1898 у гонар перамогі ў рус.-турэцкай вайне 1877—78 — Мінская царква Аляксандра Неўскага. У 1908—12 каля в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. пастаўлена мемар. капліца (гл.Ляснянскі мемарыяльны комплекс). У 1912 з нагоды 100-годдзя перамогі рас. войск у вайне 1812 пастаўлены помнік-абеліск у Віцебску (арх. І.Фамін), Полацку, помнік у г. Кобрын (арх. Д.Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца. У 1920-я г. ствараліся помнікі-бюсты на ўшанаванне памяці дзеячаў рэв. руху. У 1930—33 на месцы бітвы ўдзельнікаў паўстання 1863—64 пастаўлена Мілавідская мемарыяльная капліца. Пасля 1945 створаны шэраг М.з., прысвечаных падзеям Вял.Айч. вайны. Найб. пашыраныя іх тыпы: абеліскі (Манумент Перамогі, арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой» ў Мінску, на месцы лагера смерці каля в.Вял. Трасцянец Мінскага р-на, 1963, арх. Л.Каджар), стэлы (на месцы лагера смерці ў в. Масюкоўшчына Мінскага р-на, 1959, арх. В.Волчак), на брацкіх вайсковых могілках (Рыленкі, гарнізонныя могілкі ў Брэсце), помнікі на ўшанаванне памяці землякоў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну — курганы Славы, помнікі-танкі (у Барысаве, Мінску, Гомелі і інш.), помнік-катэр у Пінску (1964, арх. М.Заржэцкі, інж. М.Круглік), помнік-самалёт у Пружанах (1971); «Кацюша» ў Оршы; мемар. комплексы — на месцы спаленых вёсак (Хатынь, Дальва; Шунеўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., гл.«Праклён фашызму»), знішчэння ням.-фаш. захопнікамі бел. і замежных грамадзян (ахвярам фашызму каля в. Брыцалавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., 1975, скульпт. М.Андрэеў, А.Крохалеў, А.Салятыцкі; Урочышча Гай на ўскраіне г. Баранавічы; мінскага гета на пл. Юбілейнай у Мінску, 1998—99, арх. Л.Левін, скульпт. Э.Полак, А.Фінскі), партыз. стаянак (на в-ве Зыслаў Любанскага р-на Мінскай вобл.) і прарыву варожай блакады (гл.«Прарыў»), гераічнай абароны (Брэсцкая крэпасць-герой) і інш. Многія М.з. 1960—80-х г. створаны ў выглядзе арх. (Помнік вызваліцелям у Віцебску) і скульпт. (Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне) манументаў. М.з. 1970-х г. у выглядзе складаных комплексаў архітэктуры і арганізаванага ландшафту, пластыкі і манум.дэкар. мастацтва са складанай прасторавай структурай, спалучаюцца з асвятленнем, гукам, надпісамі. Сярод прыкладаў выкарыстання сінтэзу мастацтваў у сучасных М.з. — храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску (1996, аўтары Ю.Паўлаў, М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў). Ідэйна-маст. цэнтрам плошчаў і паркаў у гарадах з’яўляюцца помнікі: Я.Коласу (1972, скульпт. З.Азгур, арх. А.Градаў, Г.Заборскі, Левін), Я.Купалу (1972, скульпт. А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі; Дзярж.прэмія Беларусі 1974) у Мінску, Ф.Скарыну ў Полацку (1974, скульпт. А.Глебаў; Дзярж.прэмія Беларусі 1976) і інш.Іл.гл. да арт.Манументальнае мастацтва, Манументальна-дэкаратыўная скульптура, Помнікі гісторыі і культуры.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Мемарыяльныя збудаванні. Храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т. зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску. 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАЎ (Яўген Аляксандравіч) (н. 10.9.1929, г. Рослаў Смаленскай вобл., Расія),
бел. кампазітар і педагог. Нар.арт. Беларусі (1973). Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас А.Багатырова). Выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы (1953—63). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1983). Працуе пераважна ў буйных жанрах, увасабляючы значныя тэмы сучаснасці і гіст. мінулага. Музыцы Глебава ўласціва вял. сіла эмацыянальнага ўздзеяння, абумоўленая яскравасцю і інтанацыйным багаццем тэматызму, яго змястоўным напружаным развіццём, дасканаласцю муз. формы. Кампазітар самабытна пераўтварае бел. народнапесенны матэрыял. Знаўца аркестра, ён часта карыстаецца своеасаблівымі, нетрадыцыйнымі тэмбравымі спалучэннямі. Яго сімф. музыка насычана вострахарактарнымі вобразамі шырокага эмацыянальнага дыяпазону. Сімфоніі («Партызанская», 1958, 1963, 1964, 1968, «Да міру», 1983, 1993), «Альпійская сімфонія-балада» (1967), «Паэма-легенда» (1955) — творы складаных маст. канцэпцый, якія нясуць на сабе адбітак паглыбленага, шматбаковага светаўспрымання мастака. У балетах «Мара» (паст. 1961), «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969), «Тыль Уленшпігель» (1-я рэд. 1974; 2-я — 1977), «Маленькі прынц» і «Курган» (1982), оперы «Майстар і Маргарыта» (1991), аперэце «Мільянерка» (1986) паказаў сябе сталым драматургам, які валодае адметным адчуваннем т-ра, майстэрствам дасканалых муз. характарыстык, прынцыпамі сімфанізму як метаду муз. мыслення. Літ. першакрыніцы муз.-сцэн. твораў — узоры сусв. л-ры (В.Быкава, Я.Купалы, Ш. дэ Кастэра, А.Сент-Экзюперы, М.Булгакава, Б.Шоу). Патрыятычна-грамадзянская тэматыка аб’ядноўвае вак.-сімф. творы Глебава — араторыі «Званы» (1967), «Свяці, зара» (1970), «Мы славім Радзіму сваю» (1974), кантаты «За праўду ўстанем» (1956), «Ад вышыні да вышыні» (1976) і інш. Сярод інш. твораў: оперы «Твая вясна» (1963), аперэта «Рэпартаж з пекла» (1971), муз. камедыя «Калізей» (1995, лібрэта М.Матукоўскага), канцэрты «Покліч» для аркестра (1988), для віяланчэлі (1993) і скрыпкі (1995) з аркестрам, 3 балады для голасу з арк., араторыя «Запрашэнне ў краіну маленства» (1974), «Палеская сюіта» (1964), Харэаграфічныя навелы (1963, 1966), сюіты з балетнай музыкі, сімф. паэмы «Успаміны пра Тыля» (1977) і «Казка» (1979), Святочная уверцюра для аркестра бел.нар. інструментаў (1958), саната (1956) і «Фантастычныя танцы» (1957) для фп., п’есы для эстраднага аркестра (у т. л.найб. папулярныя «Залатая восень», «Начны дыліжанс»); музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж.прэмія Беларусі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТКА (Васіль) (сапр.Крысько Цімох Васілевіч; 16.5.1911, в. Еўлічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.7.1996),
бел.паэт.Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Слуцкую прафтэхшколу (1928). Працаваў у рэдакцыях газет і часопісаў, сакратаром Беластоцкага аддзялення СП Беларусі (1939—41). З 1948 нам., з 1951 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1957—74 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкаваўся з 1928. Першы зб. вершаў «Гартаванне» (1944). Паэзія Віткі вызначаецца грамадз. пафасам, асн. яе матывы — услаўленне подзвігу чалавека ў Вял.Айч. вайну, гіст. здзяйсненняў бел. народа, хараства роднай зямлі, роздум аб жыцці, прызначэнні паэзіі (зб. «Поўдзень», 1946; «Ружа і штык», 1958; «Праводзіны лета», 1972; «Вышыні святла», 1977). Значнае месца ў творчасці паэта займаюць сатыр. вершы, пародыі, эпіграмы («Для дома, для альбома і трохі для эпохі», 1983). Аўтар п’есы «Шчасце паэта», прысвечанай Я.Купалу (1950, паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы, 1952), апавяданняў, артыкулаў пра К.Чорнага, М.Лынькова, І.Мележа, М.Танка, Я.Брыля, Я.Маўра, У.Дубоўку, В.Сухамлінскага і інш. Для дзяцей напісаў вершаваныя казкі «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1957), «Казка пра цара Зубра» (1960), кнігі «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Мы будуем метро», «Мінскія балады» (1981), зб. апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962), зб.нар. пацешак «Ладачкі-ладкі» (1977). Даследаваў праблемы выхавання («Дзеці і мы», 1977; «Урокі», 1982; «Азбука душы», 1988). На бел. мову пераклаў раман М.Салтыкова-Шчадрына «Паны Галаўлёвы», асобныя творы Л.Талстога, А.Чэхава, У.Маякоўскага, Я.Райніса, М.Рыльскага, М.Стэльмаха, П.Варанько і інш. Сааўтар чытанак «Роднае слова» для 1-га (1969), 2-га (1970) і 3-га класаў. Дзярж.прэмія Беларусі 1972 за кн. «Чытанка-маляванка», «Казкі» (1968) і паэму «Беларуская калыханка» (1971). Ганаровы дыплом Міжнар. журы па прэміях Х.К.Андэрсена (1978) з занясеннем імя паэта ў ганаровы спіс дацкага пісьменніка.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;
Дзецям: Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1986;
Трэція пеўні. Мн., 1988.
Літ.:
Казека Я. Гартаванне слова. Мн., 1985. С. 75—95;
Юрэвіч У. Сейбіт дабра і справядлівасці // Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;
Брыль Я. Паэт і чалавек // Зб.тв.Мн., 1981. Т. 1;
Гілевіч Н. Талент, удзячны Бацькаўшчыне // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Гурэвіч Э.С. Васіль Вітка // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд.Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКАШЭ́НКА (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 30.8.1954, г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл.). Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Скончыў гіст.ф-т Магілёўскага пед. ін-та (1975),
Беларускую с.-г. акадэмію (1985). У 1975—77, 1980—82 праходзіў службу ў пагранічных войсках і ва Узбр. Сілах СССР. У 1977—78 на камсамольскай і сав. рабоце ў Магілёве. У 1978—80 адказны сакратар Шклоўскай раённай арг-цыі т-ва «Веды». З 1982 на адказных пасадах у аграпрамысловым комплексе. У 1990—94 дэпутат Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. Узначальваючы камісію Вярх. Савета па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур, створаных пры органах дзярж. кіравання (камісія па барацьбе з карупцыяй, крас. 1993 — ліп. 1994), зарэкамендаваў сябе як непрымірымы праціўнік карупцыі, як прадстаўнік новай генерацыі палітыкаў са сваёй цвёрдай і паслядоўнай пазіцыяй па галоўных кірунках рэфармавання і дэмакратызацыі бел. грамадства. 10.7.1994 абраны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Пачаў ажыццяўляць актыўную ўнутраную і знешнюю палітыку Рэспублікі Беларусь. Паслядоўна адстойвае курс на кансалідацыю грамадства, дзярж. ўздзеянне на эканам. і сац. пераўтварэнні, вывад краіны з эканам. і сац.-паліт. крызісу, развіццё нац. культуры і навукі, паляпшэнне дабрабыту народа, умацаванне бел. дзяржаўнасці. Яму належыць ініцыятыва выпрацоўкі новага стратэгічнага кірунку на развіццё сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі. Па яго ініцыятыве праведзены рэферэндум 14.5.1995, на якім большасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь адобрыла ідэю інтэграцыі з Расіяй, выказалася за новую дзярж. сімволіку, наданне рус. мове роўнага статуса з беларускай; на рэферэндуме 24.11.1996 — за стварэнне замест Вярх. Савета двухпалатнага парламента — Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, інш. змены ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994. Ініцыятар падпісання Дагавораў аб стварэнні Супольнасці (2.4.1996) і Саюза (2.4.1997) Беларусі і Расіі. Выбраны старшынёй Вышэйшага Савета Саюза Беларусі і Расіі. 8.12.1999 разам з Прэзідэнтам Рас. Федэрацыі падпісаў Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Разам з кіраўнікамі інш. дзяржаў на саміце АБСЕ у Стамбуле падпісаў Хартыю еўрапейскай бяспекі (19.11. 1999). Развіваючы інтэграцыю, Л. адначасова ўмацоўвае суверэнітэт, нац. незалежнасць Рэспублікі Беларусь, праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку ў развіцці сяброўскіх адносін і супрацоўніцтва з усімі краінамі свету, актывізуе ўдзел Рэспублікі Беларусь у міжнар. арг-цыях. Выступае за стварэнне бяз’ядзернай зоны ў Цэнтр. і Усх. Еўропе, супраць пашырэння НАТО на Усход. Л. з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узбр. Сіламі Рэспублікі Беларусь, узначальвае Савет Бяспекі. У 1995 абраны ганаровым акадэмікам Расійскай акадэміі сацыяльных навук, у маі 1997 — прэзідэнтам Нац. алімпійскага камітэта Беларусі. У 1997 яму прысуджана Міжнар.прэмія імя М.А.Шолахава.
Літ.:
Александр Лукашенко — Президент Республики Беларусь. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТКЕ́ВІЧ (Уладзімір Сямёнавіч) (26.11.1930, г. Орша Віцебскай вобл. — 25.7.1984),
бел. пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1954), Вышэйшыя літ. (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Настаўнічаў у в. Лесавічы Тарашчанскага р-на Кіеўскай вобл. (1954—56), у Оршы (1956—58). Дэбютаваў вершамі ў 1951. Найбольшую прыхільнасць выяўляў да гіст. тэматыкі, плённа развіваў адраджэнскія ідэі. Істотна ўзбагаціў бел. л-ру ў тэматычных і жанрава-стылявых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філас. зместам. Як паэт раскрыўся арыгінальна і непаўторна зб-камі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Паэзіі ўласцівы пранікнёны лірызм, эпічнасць, рытміка-інтанацыйная разнастайнасць, філасафічнасць, драматызм і жыццесцвярджальнае гучанне («Машэка», «Паўлюк Багрым», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля», «Беларуская песня», «Быў. Ёсць. Буду» і інш.). У прозе ўзняў шырокія пласты нац. гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Лірыка-рамант. талент К.-празаіка раскрыўся ўжо ў першым зборніку апавяданняў «Блакіт і золата дня» (1961). Для пісьменніка характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны, яе ўплыў на духоўнае жыццё народа і грамадскую свядомасць. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя і для сённяшняга дня. У гіст.-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964, аднайм. кінафільм 1979) праўдзіва адлюстроўваў тагачаснае грамадства з яго нац., культ. і гіст. адметнасцямі, сцвярджаў патрыят. ідэі, асуджаў рэнегацтва і зло. У сатыр.-гумарыстычнай аповесці «Цыганскі кароль» (1961) на прыкладзе цыганскага «каралеўства» 18 ст. закранаў важныя сац.-паліт. і нац. праблемы. У рамант. аповесці «Сівая легенда» (1961) праз карціны сял. паўстання на Магілёўшчыне асэнсоўваў лёс Бацькаўшчыны. У «Легендзе аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» (нап. 1961, апубл. 1994) на грунце бел. рэчаіснасці 16 ст. ў гратэскавай форме паказаў барацьбу дабра са злом. З задуманай ім трылогіі пра паўстанне 1863—64 ажыццёўлены толькі раман «Каласы пад сярпом тваім» (1965) — шырокая панарама нар. жыцця бел. народа ў 19 ст. Па сутнасці гэты твор паклаў пачатак бел.гіст. раманістыцы. Адгалінаваннем рамана стала аповесць «Зброя» (нап. 1964, апубл. 1981) — сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію 1860-х г. У героіка-рамант. драме «Кастусь Каліноўскі» (нап. 1963, паст. 1978) паказаны складанасць і супярэчлівасць паўстання, створаны паўнакроўны вобраз Каліноўскага як непрымірымага ворага самадзяржаўя і патрыёта роднага краю. Раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966, аднайм. кінафільм 1967) — філас. роздум аб прызначэнні чалавека. Гіст. аспект прысутнічае і ў творах пра сучаснасць: аповесцях «У снягах драмае вясна» (нап. 1957, апубл. 1989), «Чазенія» (1967), «Лісце каштанаў» (1973), рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць», 1962; Літ.прэмія імя І.Мележа 1983), п’есах «Млын на Сініх Вірах» (паст. 1959), «Трошкі далей ад Месяца» (нап. 1959—60). У сац.-псіхал. і філас. рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979—80; Дзярж.прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1984; аднайм. кінафільм 1984) роздум пра непарыўную повязь часоў, а прыёмы дэтэктыўнага жанру выкарыстаны з мэтай глыбей зразумець сэнс людскога існавання. Думкай пра няскоранасць і неўміручасць народа прасякнуты п’еса «Званы Віцебска» (паст. 1974). Сац.-гіст. драма «Калыска чатырох чараўніц» (паст. 1982) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы. Рамантычная панарамная трагедыя «Маці ўрагану» (паст. 1988, аднайм. кінафільм 1990) прысвечана Крычаўскаму паўстанню 1743. Пачуццём любові да Беларусі, гіст. мысленнем напоўнены яго нарысы «Зямля пад белымі крыламі» (1977), нарысы, эсэ і артыкулы, напісаныя да 1000-годдзя Віцебска і Турава («Тысячу стагоддзяў табе», 1974; «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён», 1980), прысвечаныя Бел. Палессю, Вільні, Кіеву, Ф.Скарыне, Я.Купалу, М.Багдановічу і інш. Пісаў творы для дзяцей («Казкі», 1975). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы Катула, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, І.Франка, М.Карыма, Р.Гамзатава, Махтумкулі і інш. (зб. «Галасы маіх сяброў», 1993). У творчай спадчыне К. захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Ён аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Чырвоны агат» (1973) і інш. Па яго творах паст.маст. фільмы, тэле- і радыёспектаклі, оперы «Сівая легенда» (1978, кампазітар Дз.Смольскі) і «Дзікае паляванне караля Стаха (1989, кампазітар У.Солтан). Творы К. перакладзены на многія мовы свету. Ён выступаў у абарону бел. мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У Оршы і Віцебску К. пастаўлены помнікі, яго імем названы вуліцы, школа ў Оршы (у ёй літ. музей К.). У Мінску на доме, дзе жыў апошнія гады, і ў Оршы на бацькоўскім доме — мемар. дошкі. У Оршы заснаваны музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1987—91;
У дарозе і дома: З зап. кніжак // Полымя. 1989. № 1—3;
З вякоў мінулых. Мн., 1990;
Творы. Мн., 1996.
Літ.:
Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі. Мн., 1997;
Быкаў В. Зб.тв.Мн., 1994. Т. 6. С. 408—412;
Верабей А. Абуджаная памяць. Мн., 1997;
Калеснік У. Усё чалавечае. Мн., 1993;
Локун В. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг.Мн., 1995;
Мальдзіс А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн., 1990;
Прашковіч Л. Услаўляючы гераічнае мінулае // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;
Русецкі А. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць. Мн., 1991;
Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;
Шынкарэнка В. Пад ветразем дабра і прыгажосці. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБОР ПАСТАНО́Ў УРА́ДА РЭСПУБЛІ́КІ БЕЛАРУ́СЬ»,
гл. ў арт.«Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў урада Рэспублікі Беларусь».
«ЗБОР ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ БЕЛАРУ́СІ»,
шматтомнае даведачнае выданне. Выдадзены ў 1984—88 у Мінску на бел. мове ў 7 т. (8 кнігах) як частка ўсесаюзнага шматтомнага выдання «Свод памятников истории и культуры народов СССР». Падрыхтаваны сектарам Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Аддзелам археалогіі Ін-та гісторыі АН Беларусі і выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. Уключае артыкулы (больш за 14 тыс.) пра нерухомыя помнікі (гісторыі, археалогіі, архітэктуры, манум. і манум.-дэкар. мастацтва), якія ўцалелі з часоў старажытнасці да сярэдзіны 19 ст., найб. характэрныя для 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., даваеннага сав. перыяду (1917—41), найлепшыя арх. збудаванні пасляваен. часу (1950—80-я г.) і знаходзяцца ці павінны знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Кожны з тамоў прысвечаны пэўнай вобласці, том, прысвечаны Мінскай вобласці, у дзвюх кнігах, асобны том складаюць помнікі горада Мінска. Матэрыялы ў тамах размешчаны па раёнах (у алфавітным парадку іх назваў); кожны том мае імянны, геагр. і храналагічны паказальнікі. Як самаст. тэрытарыяльная адзінка вылучаецца абл. цэнтр, звесткі пра які змешчаны ў пачатку тома. Унутры раёна першымі размяшчаюцца матэрыялы пра адм. цэнтр, а потым пра помнікі інш. населеных пунктаў (у алфавітным парадку). Артыкулы пра помнікі аднаго населенага пункта падаюцца ў алфавітным парадку іх назваў. Усяго ў выданні 457,6 улікова-выдавецкіх аркушаў, 131 карта, 6817 ілюстрацый, з іх 1420 каляровых. Дзярж.прэміяБССР 1990. У 1990 на рус. мове выдадзены дапоўнены і дапрацаваны том «Збору...» па Брэсцкай вобл.
С.П.Самуэль.
«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў: ВІ́ЛЬНІ, КО́ЎНА, ТРОК»
(«Собрание древних грамот и актов городов: Вильны, Ковна, Трок...»),
зборнік дакументаў 14—18 ст., выдадзены ў Вільні ў 1843. Складаецца з 2 частак, у 1-й змешчаны прывілеі Вільні, у 2-й — акты, што тычацца манастыроў, цэркваў і брацтваў. Матэрыялы адабраны з архіваў Гал. літоўскага трыбунала, цэркваў і манастыроў Вільні і Трок, скарыстаны архівы Віленскай і Ковенскай дум, Трокскай ратушы, павятовых судоў Браслаўскага і Расіенскага пав. У прадмове да зборніка сфармуляваны погляды на развіццё дачыненняў усх.слав. народаў з літоўцамі.
«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ»
(«Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии...»),
зборнік дакументаў пач. 16 ст. — 1748, выдадзены ў 1848 у Мінску. Змяшчае дакументы пераважна з архіваў мінскіх манастыроў, а таксама з Бабруйска, Навагрудка, Пінска, Рэчыцы і Слуцка. Матэрыялы асвятляюць у асн. гісторыю правасл. царквы, некаторыя з іх і сац.-эканам. пытанні. Дакументы надрукаваны па арыгіналах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЕ КІНО́,
від кінамастацтва, які папулярызуе навук., тэхн. і культуралагічныя веды. Як спалучэнне маст. і навук. якасцей арганічна аб’ядноўвае канкрэтна-пачуццёвыя і лагічныя формы пазнання.
Першыя фільмы Н.-п.к. былі відавыя («Вывяржэнне вулкана Этна», 1909, Францыя; «На Волзе», 1912, Расія) і вузка навук. («Жыццё матылькоў», 1911, Італія; «Інфузорыя», 1912, Расія). У 1925 у структуру фільма ўпершыню ўключаны навук. эксперымент («Механіка галаўнога мозга», рэж. У.Пудоўкін). Пазней сфарміравалася шырокая тэматычная структура, спецыфічныя пазнавальная і сац. функцыі Н.-п.к. Вылучыліся фільмы прыкладнога (навучальнае, н.-д. кіно) і папулярызатарскага (кіналекцыі, кінаманаграфіі і інш.) кірункаў, паводле тэматыкі — прыродазнаўчыя, мастацтвазнаўчыя, экалагічныя, фільмы-партрэты дзеячаў навукі і культуры і інш.Вял. ўклад у развіццё Н.-п.к. студый «Кіеўнавукфільм» (фільмы «Мова жывёл», 1967; «Сем крокаў за гарызонт», 1968; «Ці думаюць жывёлы?», 1970, Дзярж.прэміяСССР 1972; усе рэж. Ф.Собалеў) і «Цэнтрнавукфільм» («Альтэрнатыва», рэж. Б.Загражскі, 1975; «Генетыка і мы», 1978; «Хто пабудзіць аксалотля?» і «Мадэль», 1981; усе рэж. А.Саканян).
На Беларусі Н.-п.к. здымалі з сярэдзіны 1920-х г. («Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — здаровы дух», абодва рэж. М.Лявонцьеў). Фільмы 1940—50-х г. папулярызавалі веды аб родным краі, у 1960-я г. здымалі пераважна пазнавальныя стужкі, у 1970—80-я г. — фільмы пра нар. гаспадарку, ахову прыроды, тэхн. прагрэс і інш. Былі пашыраны тэхніка-прапагандысцкія фільмы, якія здымаліся па заказу і мелі прыкладны характар. Асобны кірунак склалі фільмы этнагр.-фалькл. тэматыкі (пераважна па сцэнарыях 3 Мажэйкі), якія знаёмілі з абрадамі беларусаў, У 1961—90 выходзіў кіначасопіс «Навука і тэхніка БССР». Н.-п.к. стваралі Мінская студыя кінахронікі, кінастудыя «Беларусьфільм» (1944—61), студыя «Летапіс». З сярэдзіны 1990-х г. Н.-п.к. здымаюць «Беларускі відэацэнтр» і студыя «Экафільм». У тэматыцы пераважаюць культуралагічныя і гіст. фільмы, сфарміравалася мадэль мастацтвазнаўчага фільма. Сярод лепшых бел.навук.-папулярных фільмаў: «Пра сонца, зямлю і хлеб надзённы» (рэж. Б.Сарахатунаў, В.Іванчанка), «Прытча пра кола і біясферу» (рэж. І.Пікман, абодва 1974), «Усё пачынаецца з зямлі» (1983), «Хто выправіць памылку Дземетры?» (1984, Гран-пры на 12-м Міжнар. фестывалі фільмаў і тэлевізійных праграм у г. Острава, Чэхаславакія, 1985), «Час сеяць» (1985), «Сцэны з жыцця эліты» (1987, усе рэж. А.Рударман), «Куфэрак старажытнасцей» (рэж. В.Моракава), «Цымбальныя званы» (рэж. А.Канеўскі, абодва 1988), «Аркадзь Смоліч» (1992), «Адвечныя званы» (1993, абодва рэж. Ю.Лысятаў), «Абразы Беларусі» (1993, рэж. Ю.Гарулёў), «Усяслаў Чарадзей» (рэж. У.Кавалёў), «Полацкія лабірынты» (рэж. С.Гайдук, абодва 1994), «Арганы Беларусі» (1995, рэж. М.Жданоўскі), «Ад прадзедаў спакон вякоў» (1996, рэж. Гарулёў), «Жыві ў свабодзе» (1998, рэж. С.Пятроўскі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЮ́ ((Camus) Альбер) (7.11.1913, г. Мандові, Алжыр — 4.1.1960),
французскі пісьменнік, філосаф, прадстаўнік экзістэнцыялізму. Скончыў Алжырскі ун-т (1937). З 1939 у Францыі. Займаўся журналістыкай, тэатр. дзейнасцю. Загінуў у аўтамаб. катастрофе. Творчасць умоўна падзяляюць на 3 перыяды: «абсурду» (зб-кіфілас.-лірычных эсэ «Ніцво і твар», 1937; «Шлюбны баль», 1938; філас. эсэ «Міф пра Сізіфа». 1942; раманы «Шчаслівая смерць», нап. 1938, выд. 1971; «Чужаніца», 1942; п’есы «Калігула», «Непаразуменне», абедзве 1944), «бунту» (раман «Чума», 1947; п’есы «Аблога», 1948; «Праведныя», 1950; філас.-гіст. трактат «Чалавек, які бунтуе», 1951), «выгнання» (раман «Падзенне», 1956; зб-кі эсэ і апавяданняў «Лета», 1954, «Выгнанне і царства», 1957). Аўтар кніг «Злабадзённыя нататкі» (т. 1—3, 1950—58), «Шведскія прамовы» (1958), інсцэніровак твораў Ф.Дастаеўскага, У.Фолкнера і інш. У творах пераважаюць тэмы абсурднасці існавання, адзіноты, закінутасці чалавека і адначасова яго адказнасці за свае паводзіны, непазбежнасці маральнага выбару. Філас. глыбіня спалучаецца ў іх з моўным лаканізмам, амаль поўнай адсутнасцю метафар, рэмінісцэнцый. Зыходны пункт філас. разважанняў К. — трагічнае перажыванне смерці Бога, абвешчанай у свой час Ф.Дастаеўскім і Ф.Ніцшэ. Для К. яна азначала страту метафізічнага сэнсу жыцця чалавека.
На яго думку, вопыт чалавечага існавання, якое непазбежна заканчваецца смерцю, прыводзіць мыслячую асобу да ўсведамлення абсурднасці зямнога быцця; аднак гэта не павінна абяззбройваць чалавека, і ён выбірае бунт супраць усіх багоў, які надае каштоўнасць індывідуальнаму жыццю. Чалавек мусіць жыць і дзейнічаць так, каб адчуць сябе шчаслівым у гэтым абсурдным свеце. Трагічны вопыт вайны і Супраціўлення прывёў К. да эстэтыкі бунту, якая адраджала колішняе, антычнае значэнне л-ры і мастацтва, усёй духоўнай культуры, значэнне адзінства прыгажосці, дабра і справядлівасці ў жыцці як асобнага чалавека, так і ўсяго грамадства. Менавіта яны надаюць сэнс і веліч чалавечаму жыццю, творчасці і самой смерці; усведамленне абсурду прыводзіць да бунту, а бунт — да свабоды, у якой чалавек знаходзіць сэнс жыцця. К. лічыў, што жыццё чалавека — гэта пастаянная і няспынная творчасць, магчымая толькі ва ўмовах свабоды; без свабоды няма творчасці і ўсяго таго, што складае асноўныя вымярэнні чалавечых каштоўнасцей.
На бел. мову прозу К. перакладаў З.Колас. У Бел. т-ры імя Я.Коласа пастаўлена п’еса К. «Непаразуменне». Нобелеўская прэмія 1957.
Калігула // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;
Рус.пер. — Избранное. Мн., 1989;
Сочинения. М., 1989;
Избр. произв.М., 1993;
Бунтующий человек. М., 1990;
Творчество и свобода: Статьи, эссе, зап. книжки. М., 1990.
Літ.:
Великовский С.И. Грани «несчастного сознания»: Театр, проза, филос. эстетика, эстетика А.Камю. М., 1973: Яго ж. В поисках утраченного смысла. М., 1979;
Кушкин Е.П. Альбер Камю: Ранние годы. Л., 1982;
Акудовіч В. Камень Сізіфа;
Білацэрківец Н. Ганебная «чалавечнасць» гісторыі;
Лявонава Е. Дастаеўскі і Камю // Крыніца. 1994. № 11(5);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЙКА (Алег Антонавіч) (н. 1.5.1931, г. Слонім Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, крытык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1989). Д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Скончыў БДУ (1953), працуе ў ім (з 1985 заг. кафедры бел. л-ры). З 1996 адначасова выкладае ва ун-це ў г. Седльцы (Польшча). Друкуецца з 1943. Паэзіі Л. ўласцівы рамантычна-ўзнёслае светабачанне, мяккі гумар, сувязь з фальклорам, сцвярджэнне маральных прынцыпаў народа, роздум над складанымі праблемамі часу (зб-кі «На юначым шляху», 1959; «Блакітнае азерца», 1965; «Дзівасіл», 1969; «Шчырасць», 1973; «Няроўныя даты», 1983; «Грайна», 1986; «Талая вясна», 1990; «Трэці золак», 1993, і інш.). Распрацоўвае гіст. тэматыку: паэмы «Белая вежа» (1969), «Лясун» (1971) і інш. Тэме Вял.Айч. вайны прысвечаны паэмы «Хлопец над вогненным плёсам» (1963), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1985), драматызаваная паэма «Вяселле — заўтра» (1993) і інш. Развівае жанр балады (зб. «Балады вайны і міру», 1988). У дакумент.-маст. рамане «Як агонь, як вада...» (1984, 2-я рэд. 1992; пад назваю «Янка Купала» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1982) стварыў рамантызаваны, псіхалагічна праўдзівы вобраз нар. песняра. Жыццю і дзейнасці бел. першадрукара прысвечаны інтэлектуальна-філас. раман-эсэ «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае» (1990; пад назваю «Скарына» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1989, Дзярж.прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1990), аповесць «Скарына на Градчанах» (1990). Аўтар аповесці «Кельты не ўміраюць...» (1997). Даследуе сучасную паэзію («Сустрэчы з днём сённяшнім», 1968; «Паэзія і час», 1981), праблемы рэалізму і рамантызму, фалькларызму паэзіі, заканамернасці развіцця бел. лірыкі і эпасу, літ. сувязі. Выдаў дапаможнік для ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (ч. 1—2, 1977——80, 2-е выд. 1989), адзін са складальнікаў хрэстаматыі «Беларуская літаратура XIX ст.» (1971, 2-е выд. 1988). Піша для дзяцей (зб-кі «Як Тоня рэха шукала», 1962; «Каля млына», 1972; «Дзе хто начуе?», 1977; «Кніжка Надзейкі», 1987, і інш.). Пераклаў на бел. мову творы П.Верлена (зб. «У месяцавым ззянні», 1974), І.В.Гётэ (зб. «Спатканне і ростань», 1981), Ф.Шылера (зб. «Улада песняспеву», 1997), рус., укр., польск., літ. і інш. паэтаў.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1992;
Калі ў дарозе ты...: Выбранае. Мн., 1971;
Скрыжалі: Выбранае. Мн., 1981;
Пралескі ў акопах. Мн., 1987;
Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.Мн., 1963 (разам з Н.Перкіным);
«Новая зямля» Якуба Коласа. Мн., 1961;
Максім Багдановіч. Мн., 1966;
Беларуская паэзія пачатку XX ст.Мн., 1972;
Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд.Мн., 1982 (разам з В.Чамярыцкім, А.Коршунавым).
Літ.:
Кароткая Л. Жывое, роднае... Мн., 1989. С. 61—84;
Сіненка Г. Насуперак канону. Мн., 1997;
Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 141—152;
Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982. С. 187—205;
Саламевіч Я. У славу Янкі Купалы // Маладосць. 1985. № 4.