БА́РКЛА (Barkla) Чарлз Главер (7.6.1877, г. Уіднес, Вялікабрытанія — 23.10.1944),
англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1912). Скончыў Ліверпульскі ун-т (1898), дзе працаваў у 1905—09. З 1909 праф. Лонданскага, з 1913 Эдынбургскага ун-таў. Навук. працы па фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў. Упершыню эксперыментальна ажыццявіў палярызацыю рэнтгенаўскіх прамянёў, чым даказаў іх хвалевую прыроду (1904). Адкрыў характарыстычнае рэнтгенаўскае выпрамяненне з лінейчастым спектрам, якое выпрамяняецца рассейвальным рэчывам і характэрна для яго (1906; гл.Мозлі закон). Паказаў (1911), што характарыстычнае выпрамяненне цяжкіх хім. элементаў бывае двух тыпаў (K- і L-выпрамяненне). Нобелеўская прэмія 1917.
Літ.:
Forman P. Barkla, Charles Glover // Dictionary of Scientific Biography. New York, 1970. Vol. 1.