КО́ШЫБА (Koshiba) Масатошы (н. 19.9.1926, г. Таёхасі, Японія),
японскі фізік; адзін са стваральнікаў нейтрыннай астраноміі. Чл. Японскай акадэміі. Замежны чл.Рас.АН (2003). Скончыў Такійскі (1951) і Рочэстэрскі (ЗША, 1955) ун-ты. З 1970 праф. Такійскага, у 1987—97 Такайскага ун-таў. Навук. працы па эксперым. фізіцы высокіх энергій і касм. прамянёў. Разам з інш. сканструяваў і пабудаваў падземны 3000-тонны вадзяны дэтэктар нейтрына «Каміёкандэ», на якім упершыню зарэгістраваў касм. нейтрына ад выбуху звышновай зоркі ў Вялікім Магеланавым Воблаку (1987) і пацвердзіў вынікі эксперыментаў Р.Дэвіса (гл. Дадатак) па рэгістрацыі сонечных нейтрына (1988). Медаль Б.Франкліна (2003). Нобелеўская прэмія 2002 (з Дэвісам, Р.Джаконі; гл. Дадатак).