РА́СЕЛ (Russell) Бертран Артур Уільям, лорд (18.5.1872, Трэлек, Вялікабрытанія — 2.2.1970), англійскі матэматык, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін са стваральнікаў сучаснай матэматычнай логікі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1894). Прафесар шэрагу ун-таў Вялікабрытаніі і ЗША. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1908). Адкрыў лагічны парадокс (названы яго імем), які прывёў да пабудовы арыгінальнага варыянта аксіяматычнай тэорыі мностваў. Аўтар (з А.Уайтхедам) фундаментальнай працы «Асновы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13). Адзін са стваральнікаў канцэпцыі лагічнага атамізму і роданачальнік неапазітывізму. Прызнаваў рэальнасць толькі «пачуццёвых даных», тлумачыў іх у духу «нейтральнага манізму», зыходзячы з якога разглядаў паняцці «дух» і. «матэрыя» як лагічныя канструкцыі з «пачуццёвых даных». Дапускаў існаванне «атамарных фактаў», якія, у адрозненне ад «элементаў вопыту», аб’ектыўныя, але іх аб’ектыўнасць заснавана толькі на веры ў быццё знешняга свету. У галіне этыкі лічыў найвышэйшай мэтай жыццё, якое накіроўваецца пачуццёвай любоўю і зыходзіць з веры ў магутнасць розуму. У палітыцы выступаў супраць тэорый, якія падпарадкоўваюць асобу дзяржаве, асуджаў фашызм і камунізм. Быў адным з ініцыятараў Пагуашскага руху. Аўтар прац «Філасофія лагічнага атамізму» (1918), «Перспектывы індустрыяльнай цывілізацыі» (1923), «Улада і асоба» (1949), «Цвярозы розум і ядзерная вайна» (1960) і інш. Сааўтар «Маніфеста Расела—Эйнштэйна» (1955), прасякнутага ідэяй неабходнасці мысліць па-новаму ў ядзерны век. Нобелеўская прэмія па л-ры 1950.
Тв.:
Рус.пер. — Воздействие науки на общество. М., 1952;
Человеческое познание. Его сфера и границы. М., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМО́ЛЬСКІ Дзмітрый Браніслававіч (н. 25.7.1937, Мінск),
бел. кампазітар, педагог. Сын Б.С.Смольскага. Засл. дз. маст. Беларусі (1976). Нар.арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1960). Вучань М.Пяйко, Ю.Фартунатава, А.Эйгеса. З 1962 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1986 праф.). Творам уласцівы прыхільнасць да паглыбленай псіхалагічнасці вобразаў, экспрэсіўнасць, сістэмнасць кампазіцыйных сродкаў, што вылучае адметнасць яго творчасці ў сучасным муз. мастацтве. Значныя дасягненні ў розных жанрах (сімфонія, опера, араторыя і інш.) абумоўлены своеасаблівасцю творчай задумы і маст. дасканаласцю яе ўвасаблення з выкарыстаннем індывідуальна асэнсаваных сродкаў музыкі. Сярод твораў; оперы «Сівая легенда» (паст. 1978), «Францыск Скарына» (паст. 1980); араторыі «Мая Радзіма» (1970), «Паэт» (1980), камерная араторыя «Песні Хірасімы» (1966); вак.-сімф. цыкл «Бабін век», 10 сімфоній (1961—99), канцэрты для фп. (1995), цымбалаў (1961, 1974, 1983), канцэрціны для скрыпкі (1972) і віяланчэлі (1973), вак. цыклы, у т. л. на вершы Я.Купалы, Цёткі, Г.Ахматавай, А.Вазнясенскага, Я.Палонскага, Б.Пастарнака, М.Цвятаевай, Ф.Цютчава, Ф.Гарсія Лоркі; хар. цыкл на верш М.Танка, рамансы, песні, музыка да кінафільмаў, драм. спектакляў і інш. Сярод вучняў А.Бандарэнка, Г.Гарэлава, У.Дамарацкі, У.Кур’ян. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.
Літ.:
Ауэрбах Л.Д. Д.Смольский // Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы. М., 1978;
Сергіенка Р.І. Восьмая сімфонія Дз.Смольскага: Погляд на кампазіцыю і драматургію // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1994. Вып. 13;
Аладова Р. Откровения Дмитрия Смольского // Муз. академия. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫЯЛЕ́ (Triolet) Эльза (12.9.1896, Масква — 16.6.1970),
французская пісьменніца. Жонка Л.Арагона. Па адукацыі архітэктар. З 1919 жыла ў Парыжы. Першыя кнігі на рус. мове — «На Таіці» (1925), на франц. — раман «Добры вечар, Тэрэза!» (1938). Найб. вядомы цыкл раманаў Т. — «Нейлонавае стагоддзе» («Ружы ў крэдыт», «Месяц-парк», абодва 1959; «Душа», 1963), у якіх праблемы шчасця і прызвання чалавека, рамантыкі і будзённасці, быцця і побыту, штучнасці і натуральнасці ў чалавечым існаванні. Аўтар зб-каў апавяд. на тэмы фашызму і вайны «Авіньёнскія палюбоўнікі» (падп.выд. 1943), «Івета» (1944), «За сапсаванае сукно штраф 200 франкаў» (1945). У раманах «Конь белы» (1943), «Ніхто мяне не любіць» (1946), «Узброеныя здані» (1947), «Інспектар руін» (1948), «Конь чырвоны» (1953), «Спатканне чужаземцаў» (1956), «Помнік» (1957), «Салавей змаўкае на світанні» (1970), дылогіі «Вялікае ніколі» (1965) і «Паслухайце, паглядзіце» (1968) тэмы неафаш. тэндэнцый у пасляваен. Францыі, небяспекі атамнай вайны, прызначэння мастака і мастацтва, адносін людзей розных нацыянальнасцей. Для яе твораў характэрны алегорыя, уяўна-фантаст. пачатак, парушэнне прасторава-часавых сувязей, прытчавасць. Аўтар кніг успамінаў, перакладаў рус. і франц. паэтаў, сцэнарыя фільма «Нармандыя—Нёман» (1959, з К.М.Сіманавым і Ш.Спаакам). На бел. мову асобныя творы Т. пераклаў Л.Казыра.
Тв.:
Бел.пер. — Івета // Французская навела XX ст.Мн., 1992;
Рус.пер. — Незваные гости. Рязань, 1960;
Нейлоновый век. М., 1960;
Анна-Мария. М., 1963;
Душа. М., 1967;
Розы в кредит. Луна-парк. СПб., 1994.
Літ.:
Евнина Е.М. Современный французский роман, 1940—1960. М, 1962;
Исбах А.А. Эльза Триоле // Писатели Франции. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАБУ́ДКА (Myosotis),
род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 80 (па інш. звестках каля 50) відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, у гарах трапічнай Паўд. Афрыкі, на Новай Гвінеі, у Аўстраліі і Новай Зеландыі, некат. — у Амерыцы. На Беларусі 7 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя Н.: балотная, нар. назвы жабіныя вочкі, палявая разета (M. palustris), дзірваністая (M. caespitosa), драбнакветная (M. micrantha), лясная (M. sylvatica), палявая (M. arvensis). Культывуецца Н. альпійская (M. alpestris). Трапляюцца ў лясах, балотах, на лугах.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 5—50 см. Сцёблы галінастыя, тонкія, звычайна апушаныя. Лісце чаргаванае. Кветкі дробныя, пераважна блакітныя ў прадаўгаватых завітках. Плод 4-арэшак. Меданосныя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.
В.В.Маўрышчаў.
Незабудка.
«НЕЗАБУ́ДКА» («Niezabudka»), літаратурны штогодні альманах. Выдаваўся ў 1840—44 у Пецярбургу на польск. мове Я.Баршчэўскім пры ўдзеле бел. і польск. студэнцкай моладзі. Выйшла 5 кніг. Меў сталае кола аўтараў — пераважна ўраджэнцаў Віцебскай губ. Публікаваў рамант. вершы Г.Шапялевіча, паэт. і празаічныя творы Г.Рэута, артыкулы С.Ляховіча, Л.Плашчынскага. Асн. месца ў «Н.» займалі творы Баршчэўскага: балады «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы» (1842, кн. 3), «Партрэт», «Зарослае возера», «Рыбак», «Помста» (1843, кн. 4), заснаваныя на бел. паданнях, санеты «Кветкі», «Пакута» (1842, кн. 3), «Ноч», «Дзень», «Развітанне», «Час усё знішчае» (1843, кн. 4), «Летняя ноч у Фінляндыі», «Нява», «Тры сонцы», «Жалезны век» (1844, кн. 5) і інш., аповесць з кн. «Шляхціц Завальня» — «Драўляны дзядок...» (1844, кн. 5), вершаваныя прысвячэнні, вершы. Шырока распаўсюджваўся на Беларусі. Сярод падпісчыкаў былі В.Дунін-Марцінкевіч, Р.Падбярэскі, І.Храпавіцкі.
французскі скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму ў скульптуры. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы, карыстаўся парадамі Ж.Б.Карпо і А.Бары. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Данатэла, франц. гатычнай скульптуры. Працаваў у Парыжы і Мёдоне, Бельгіі (1871—77) і Італіі (1875). Раннім творам уласцівы смеласць вобразных і пластычных пошукаў, філас. глыбіня задумы, жыццёвасць перадачы складаных рухаў, энергічная мадэліроўка аб’ёмаў: «Чалавек са зламаным носам» (1864), «Бронзавы век» (1876), «Іаан Хрысціцель» (1878) і інш. З 1880 працаваў над гарэльефнай кампазіцыяй «Вароты пекла», асобныя часткі якой сталі самаст. творамі: «Ева» (1881), «Пацалунак» (1886), «Мысліцель» (1889), «Вечная вясна» (1880-я г.). У 1884—88 стварыў для г. Кале скульпт. групу «Грамадзяне Кале» (устаноўлена ў 1895), якая вызначаецца суровым героіка-драм. гучаннем, складанай эмац. атмасферай, унутр. напружанасцю герояў, што перадаецца праз неспакойны рытм кампазіцыі, экспрэсіі поз і жэстаў, кантрасты статычных і дынамічных фігур. З сярэдзіны 1880-х г. Р. у творчасці схіляўся да ўскладненых сімвалічных вобразаў, выяўлення гамы эмоцый чалавека — ад яснай гармоніі да змрочнага самапаглыблення і адчаю. Творы набылі эскізны, знешне як бы незавершаны характар, святлоценявую кантрастнасць, падкрэслена жывапісную мадэліроўку абцякальных форм, пластычнасць і фактурную адчувальнасць: помнік А.Бальзаку ў Парыжы (1893—97; устаноўлены ў 1939) і інш. Партрэты Р. вызначаюцца вастрынёй і цэласнасцю перадачы характару: бюсты В.Гюго, Ж.Далу (1883), В.А.Рашфора (1897), П.Бертло (1906) і інш.
Літ.:
Вейс Д. Огюст Роден: Пер. с англ.М., 1969;
Аркин Д.Е. «Граждане Кале» Родена // Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКАНЮ́К Вадзім Лявонцьевіч (н. 22.3.1946, г. Гродна),
бел. вучоны ў галіне педагогікі, музыказнавец. Д-рпед.н. (1995), праф. (1992). Акад.Бел. акадэміі адукацыі (1998) і Міжнар.АН вышэйшай школы (1997). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969). З 1969 у Мазырскім муз. вучылішчы. З 1972 у Мінскім пед. ін-це імя М.Горкага (у 1975—83 заг. кафедры фартэпіяна). З 1983 прарэктар Бел. акадэміі музыкі, адначасова ў 1986—96 заг. кафедры муз. педагогікі, гісторыі і тэорыі выканальніцкага мастацтва. Навук. працы па праблемах метадалогіі прафес.муз. дзейнасці, рэформы муз. адукацыі ў кантэксце еўрап. інтэграцыі, методыкі выкладання муз. дысцыплін. Аўтар нотных выданняў «Я іграю на раялі. Альбом 1—2» (1994, 1996; з Г.М.Вагнерам), «Спадчына: 100 урокаў піяніста-пачаткоўца. Сш. 1—2» (1994). Распрацаваў канцэпцыю прафес. адукацыі ў галіне мастацтва ў Рэспубліцы Беларусь (1999). Навук. кіраўнік Дзярж.навук.-тэхн. праграмы «Культура» (з 1997). Прэзідэнт Бел. і віцэ-прэзідэнт Еўрап. асацыяцыі педагогаў фартэпіяна. Гал.рэд.час. «Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі» (з 2001). Ген. дырэктар 1-га міжнар. конкурсу піяністаў «Мінск-96», чл. журы міжнар. конкурсаў выканаўцаў у Мінску, Рызе, Кішынёве, Варшаве, Нікасіі і інш. Аўтар тэле- і радыёперадач пра бел. кампазітараў М.Аладава, Г.Вагнера, Я.Глебава, Г.Лукшу, П.Падкавырава, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш., сцэнарыя мюзікла «Мес-Менд» паводле аднайм. рамана М.Шагінян (муз. А.Мдывані).
Тв.:
Развитие интереса к профессии учителя музыки. Мн., 1979;
Развивающее обучение в классе фортепиано. Мн., 1985;
Музыкант. Потребность. Деятельность. Мн., 1993;
Рэформа вышэйшай музычнай адукацыі як навуковая праблема // Весці Бел.дзярж.пед. ун-та. 1995. № 1;
Проблемы глобализации музыкального образования: Взгляд в XXI век // Музычная і тэатральная адукацыя: Праблемы выкладання. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАЛІ́Т (ад палеа... + грэч. lithos камень), старажытнакаменны век,
самая ранняя і найб. працяглая эпоха каменнага веку. Пачаўся каля 2,2 млн.г. назад са з’яўлення стараж. людзей (архантрапаў) і прылад, доўжыўся на працягу большай часткі ледавіковага перыяду (плейстацэну) і да канчатковага адступання ледавікоў (каля 8,3 тыс.г. назад). Падзяляецца на ніжні (ранні, стараж., датуецца 2,2 млн.г. назад), сярэдні (мусцье, у Еўропе ахоплівае адрэзак ад 125/100 да 40 тыс.г. назад), верхні (позні, датуецца 40/35—10 тыс.г. назад). Апошнім часам прызнана існаванне асобай, завяршальнай стадыі позняга перыяду — фінальнага П. (14—11 тыс.г. назад ці 12—8,3 тыс.г. назад). У раннім П. пераважалі ядрышчавыя галечныя прылады на адшчэпах. У познім П. пашыраюцца неаантрапы, пласцініста-разцовая індустрыя і пячорнае мастацтва ў Еўропе. Неаантрапы (краманьёнцы) намнога пашырылі айкумену пражывання, значна ўдасканалілі тэхніку апрацоўкі каменю і косці, распаўсюдзілася прызматычная тэхніка расколвання каменю, яго свідраванне, пілаванне і шліхтаванне. Набор прылад працы складаў каля 100 тыпаў. Чалавек асвойваў практыку домабудаўніцтва — вядома вял. колькасць самых разнастайных відаў жылля. Асновай гаспадаркі было паляванне. Дзякуючы яму чалавек здабываў не толькі ежу, але і матэрыялы для адзення, будаўніцтва і паліва. Развіваліся спосабы палявання з дапамогаю загонаў, аблаў, лоўчых ям. У паляўнічае ўзбраенне ўваходзілі дзіды, дроцікі, боласы, лук і стрэлы. Запасы ежы істотна дапаўняліся ад збіральніцтва, а ў некат. выпадках — рыбалоўства. Складаны светапогляд тагачаснага чалавека адлюстраваны ў творах першабытнага мастацтва і пахавальным абрадзе. На Беларусі доўгачасовыя верхнепалеалітычныя паселішчы (26—24 тыс.г. назад) выяўлены ў Юравічах і Бердыжы. Асобныя крамянёвыя прылады працы мусцьерскага тыпу знойдзены каля Абідавіч і в. Чамярня Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.
Літ.:
История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. М., 1988;
Семенов Ю.И. На заре человеческой истории. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́БУЛА (лац. fibula),
шпілька для зашпільвання верхняга адзення ў стараж. народаў. Яе выраблялі з бронзы, жалеза, радзей з золата ці серабра. З’явілася ў бронзавым веку і была найб. пашырана ў кельцкіх (латэнскіх) плямён. Ад іх трапіла да германцаў, славян, балтаў. На тэр. Беларусі самыя стараж. Ф. раннелатэнскага тыпу з’явіліся ў 3 ст. да н.э., знойдзены на помніках мілаградскай культуры і паморскай культуры. У плямён зарубінецкай культуры пашыраны Ф. сярэднелатэнскага (3—2 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.) і позналатэнскага (1 ст. да н.э. — 1 ст.н. э.) тыпаў, запазычаныя ў кельтаў (Велямічы, Атвержычы, Чаплін і інш.). Плямёны зарубінецкай культуры выкарыстоўвалі і мясц. тыпы Ф. з трохвугольным шчытком. Акрамя латэнскіх на Беларусі ў невял. колькасці трапляюцца шматчасткавыя Ф. інш. тыпаў: воінскія (1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.; Велямічы, Малышкі, Мілаград, Чаплін і інш.), «вочкавыя» (1—2 ст.н.э.; Івань, Курадава, Слабодка), падвязныя (1—4 ст.н.э.; Банцараўшчына, Брэсцкі бескурганны могільнік, Лемяшэвічы, Навасёлкі, Чаплін), з грэбенем на спінцы (2-я пал. 2 — пач. 3 ст.н.э.; Брэсцкі бескурганны могільнік), пальцавыя (5—7 ст.; Нікольцы) і інш. З канца 1-га тыс. да н.э. ў плямён зарубінецкай, днепра-дзвінскай культуры, штрыхаванай керамікі культуры з’явіліся простыя па канструкцыі падковападобныя Ф. (Васількоўка, Загорцы, Кастрыца, Чаплін і інш.). Сустракаюцца Ф., упрыгожаныя эмалямі (Малышкі). Падковападобныя Ф. існавалі доўгі час, найб. пашыраны ў 10—13 ст., з ужытку выйшлі ў 14 ст. Знойдзены ў гарадах Ваўкавыск, Гомель, Лукомль, Мінск, Пінск, Полацк і інш. Некат. тыпы Ф. у старажытна-рускі час мелі кольца-, серпападобную і інш. формы. Сярод рэдкіх знаходак на Беларусі шкарлупінападобныя і роўнаплечуковыя Ф. (11—13 ст.; Маскавічы).
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 2. Жалезны век і ранняе сярэднявечча. Мн., 1999.
Фібулы: 1 — ранняга жалезнага веку з археалагічнага комплексу Тайманава Быхаўскага раёна; 2 — з Гомеля (6—7 ст.); 3 — з могільніка каля в. Нісімкавічы Чачэрскага раёна (10—12 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́НА-У́ГРЫ,
група плямён, якія належалі да фіна-угорскай моўнай сям’і. Засялялі лясную зону Усх. Еўропы і Зауралля, бас. верхняй і сярэдняй Волгі, Акі і Камы. У выніку распаду іх агульнасці ў фіна-пермскі перыяд вылучыліся угры (продкі венграў, хантаў і мансі). Пазней ад паволжскіх фінаў аддзяліліся продкі прыбалтыйска-фінскіх плямён, якія рассяляліся на З. Ёсць падставы меркаваць, што яны звязаны з тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культурай. Рассяленне Ф.-у. на вял. абшарах і суседства з плямёнамі інш. моўных груп прывяло да іх дыферэнцыяцыі. Фарміраванне фіна-волжскай (продкі мардвы і марыйцаў) і пермскай (продкі комі, комі-пермякоў і удмуртаў) агульнасцяў адносіцца да ранняга жал. веку. Прыбалтыйска-фінская этнамоўная агульнасць сфарміравалася на той тэр. фіна-угорскага арэала, дзе мела месца ўзаемадзеянне балцкіх і фінскіх культ. кампанентаў. Большасць лінгвістаў падзяляе прыбалтыйскіх фінаў на заходнюю (продкі ліваў, паўн.эстаў, емі) і ўсходнюю (продкі паўд. эстаў, водзі, карэлы, весі, чудзі завалоцкай) групы, што адпаведна звязана з 1-й і 2-й хвалямі міграцыі з У. На Беларусі зафіксаваны шматлікія сляды ўплыву Ф.-у. З фіна-угорскім субстратам у значнай ступені звязана гідранімія бас.р.Зах. Дзвіна. Канцэнтрацыя такіх гідронімаў назіраецца ў паўд.-ўсх. і паўд. частках Бел. Падзвіння. На шматлікіх гарадзішчах Пн Беларусі выяўлена тэкстыльная кераміка і рэчы фіна-угорскага паходжання. Асаблівасці раннесярэдневяковых старажытнасцей тыпу Банцараўшчыны ў заходнядзвінскім рэгіёне звязаны з уплывам фіна-угорскіх культурных кампанентаў. На сярэдневяковых паселішчах Маскавічы, Пруднікі, курганных могільніках Заборныя Гумны (Браслаўскі р-н), Баркі, Янкавічы (Расонскі р-н), а таксама ў гарадах Полацк, Віцебск, Браслаў, Лукомль выяўлена шмат рэчаў, якія сведчаць пра фіна-угорскі ўплыў.
Літ.:
Седов В.В. Прибалтийские финны // Финны в Европе, VI—XV вв.: Прибалтийско-финские народы: Ист.-археол. исслед. М., 1990. Вып. 1;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987;
Шадыро В.И. Ранний железный век Северной Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),
адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.
С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш.зах.-еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.К.Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.Жукоўскі, А.Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.
У бел. паэзію С. увёў Я.Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.Труса («Над кубкам возера»), М.Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.Барадуліна, Э.Валасевіча, С.Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.Кірэенкі, Я.Сіпакова, М.Федзюковіча і інш.