род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 80 (па інш. звестках каля 50) відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, у гарах трапічнай Паўд. Афрыкі, на Новай Гвінеі, у Аўстраліі і Новай Зеландыі, некат. — у Амерыцы. На Беларусі 7 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя Н.: балотная, нар. назвы жабіныя вочкі, палявая разета (M. palustris), дзірваністая (M. caespitosa), драбнакветная (M. micrantha), лясная (M. sylvatica), палявая (M. arvensis). Культывуецца Н. альпійская (M. alpestris). Трапляюцца ў лясах, балотах, на лугах.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 5—50 см. Сцёблы галінастыя, тонкія, звычайна апушаныя. Лісце чаргаванае. Кветкі дробныя, пераважна блакітныя ў прадаўгаватых завітках. Плод 4-арэшак. Меданосныя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.
В.В.Маўрышчаў.
Незабудка.
«НЕЗАБУ́ДКА» («Niezabudka»), літаратурны штогодні альманах. Выдаваўся ў 1840—44 у Пецярбургу на польск. мове Я.Баршчэўскім пры ўдзеле бел. і польск. студэнцкай моладзі. Выйшла 5 кніг. Меў сталае кола аўтараў — пераважна ўраджэнцаў Віцебскай губ. Публікаваў рамант. вершы Г.Шапялевіча, паэт. і празаічныя творы Г.Рэута, артыкулы С.Ляховіча, Л.Плашчынскага. Асн. месца ў «Н.» займалі творы Баршчэўскага: балады «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы» (1842, кн. 3), «Партрэт», «Зарослае возера», «Рыбак», «Помста» (1843, кн. 4), заснаваныя на бел. паданнях, санеты «Кветкі», «Пакута» (1842, кн. 3), «Ноч», «Дзень», «Развітанне», «Час усё знішчае» (1843, кн. 4), «Летняя ноч у Фінляндыі», «Нява», «Тры сонцы», «Жалезны век» (1844, кн. 5) і інш., аповесць з кн. «Шляхціц Завальня» — «Драўляны дзядок...» (1844, кн. 5), вершаваныя прысвячэнні, вершы. Шырока распаўсюджваўся на Беларусі. Сярод падпісчыкаў былі В.Дунін-Марцінкевіч, Р.Падбярэскі, І.Храпавіцкі.