шпілька для зашпільвання верхняга адзення ў стараж. народаў. Яе выраблялі з бронзы, жалеза, радзей з золата ці серабра. З’явілася ў бронзавым веку і была найб. пашырана ў кельцкіх (латэнскіх) плямён. Ад іх трапіла да германцаў, славян, балтаў. На тэр. Беларусі самыя стараж. Ф. раннелатэнскага тыпу з’явіліся ў 3 ст. да н.э., знойдзены на помніках мілаградскай культуры і паморскай культуры. У плямён зарубінецкай культуры пашыраны Ф. сярэднелатэнскага (3—2 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.) і позналатэнскага (1 ст. да н.э. — 1 ст.н. э.) тыпаў, запазычаныя ў кельтаў (Велямічы, Атвержычы, Чаплін і інш.). Плямёны зарубінецкай культуры выкарыстоўвалі і мясц. тыпы Ф. з трохвугольным шчытком. Акрамя латэнскіх на Беларусі ў невял. колькасці трапляюцца шматчасткавыя Ф. інш. тыпаў: воінскія (1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.; Велямічы, Малышкі, Мілаград, Чаплін і інш.), «вочкавыя» (1—2 ст.н.э.; Івань, Курадава, Слабодка), падвязныя (1—4 ст.н.э.; Банцараўшчына, Брэсцкі бескурганны могільнік, Лемяшэвічы, Навасёлкі, Чаплін), з грэбенем на спінцы (2-я пал. 2 — пач. 3 ст.н.э.; Брэсцкі бескурганны могільнік), пальцавыя (5—7 ст.; Нікольцы) і інш. З канца 1-га тыс. да н.э. ў плямён зарубінецкай, днепра-дзвінскай культуры, штрыхаванай керамікі культуры з’явіліся простыя па канструкцыі падковападобныя Ф. (Васількоўка, Загорцы, Кастрыца, Чаплін і інш.). Сустракаюцца Ф., упрыгожаныя эмалямі (Малышкі). Падковападобныя Ф. існавалі доўгі час, найб. пашыраны ў 10—13 ст., з ужытку выйшлі ў 14 ст. Знойдзены ў гарадах Ваўкавыск, Гомель, Лукомль, Мінск, Пінск, Полацк і інш. Некат. тыпы Ф. у старажытна-рускі час мелі кольца-, серпападобную і інш. формы. Сярод рэдкіх знаходак на Беларусі шкарлупінападобныя і роўнаплечуковыя Ф. (11—13 ст.; Маскавічы).
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 2. Жалезны век і ранняе сярэднявечча. Мн., 1999.
Фібулы: 1 — ранняга жалезнага веку з археалагічнага комплексу Тайманава Быхаўскага раёна; 2 — з Гомеля (6—7 ст.); 3 — з могільніка каля в. Нісімкавічы Чачэрскага раёна (10—12 ст.).